Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— Калі так,— сказаў Панса,— то я раз назаўсёды адмаўляюся ад кіравання востравам і ў якасці ўзнагароды за маю старанную і верную службу прашу аднаго: дайце мне, ваша міласць, рэцэпт гэтай незвычайнай вадкасці. Ручаюся, што за адну яе унцыю, дзе захочаш, дадуць не менш за два рэалы, а ўжо на гэтыя грошы я змагу пражыць свой век сумленна і без гора. Аднак спачатку трэба даведацца, ці дорага KamTye яго прыгатаванне.
— Тры асумбры* абыдуцца менш за тры рэалы,— сказаў Дон Кіхот.
— Бяда мне з вамі, ваша міласць! — усклікнуў Санча.— Чаго ж вы чакаеце, чаму ж вы самі яго не вырабляеце і мяне не навучыце?
— Маўчы, дружа мой,— сказаў Дон Кіхот.Я табе яшчэ і не такія тайны адкрыю і не такімі ласкамі асыплю. А цяпер давай лячыцца, бо вуха ў мяне баліць мацней, чым мне б хацелася.
Санча дастаў з торбы корпію і мазь. Але тут Дон Кіхот зірнуў на разбіты свой шлем і ледзь не страціў прытомнасць; затым паклаў руку на ручку мяча і, пазіраючы ў неба, прамовіў:
— Клянуся тварцом неба і зямлі і чатырма святымі евангеллямі, што з гэтага часу я буду весці такі спосаб жыцця, які вёў вялікі маркіз Мантуанскі пасля таго, як пакляўся адпомсціць за смерць свайго пляменніка Балдуіна, а менавіта: клянуся ў час трапезы абыходзіцца без абруса і яшчэ чагосьці не рабіць — дакладна не памятаю, але ўсё гэта ўваходзіць у маю клятву,да таго часу, пакуль не адпомшчу таму, хто мяне так зняважыў.
Санча ж яму на гэта сказаў:
— Прыміце пад увагу, сеньёр Дон Кіхот, што калі гэты рыцар выканаў ваш загад і з’явіўся да сеньёры Дульцынеі Табоскай, значыць ён выканаў свой абавя-
зак і не заслугоўвае новага пакарання, хіба толькі ўчыніць новае злачынства.
Твае разважанні і заўвагі цалкам справядлівыя,— сказаў Дон Кіхот,таму я адмяняю клятву зноў адпомсціць майму ворагу. Затое я зноў даю клятву і пацвярджаю, што буду весці той спосаб жыцця, аб якім я ўжо казаў, да таго часу, пакуль не адбяру ў каго-небудзь з рыцараў такі ж выдатны шлем, як гэты. I не думай, Санча, што я кідаю словы на вецер: мне ёсць з каго браць прыклад літаральна тое ж здарылася са шлемам Мамбрына*, які вельмі дорага абышоўся Сакрыпанту*.
— Ах, васпан мой, ды пашліце вы к чорту ўсе гэтыя клятвы! усклікнуў Санча.Ад іх толькі шкода здароўю і на душы грэх. Падумайце самі: а калі мы яшчэ не хутка сустрэнем чалавека ў шлеме — што нам тады рабіць? Няўжо вы застанецеся верным сваёй клятве, нягледзячы на ўсе нягоды і нязручнасці, звязаныя з ёю? Вам жа давядзецца спаць адзетым, начаваць пад адкрытым небам і прайсці праз шматлікія іншыя выпрабаванні, аб якіх гаворыць гэты звар’яцелы стары маркіз Мантуанскі, чые абавязацельствы вы зараз надумалі ўзяць на сябе! Ды што вы, сеньёр, па гэтых жа дарогах ездзяць не ўзброеныя людзі, а вазакі ды паганятыя, якія не толькі не носяць шлемаў, а бадай, і слова такога з роду не чулі.
Ты памыляешся,— запярэчыў Дон Кіхот.— He пройдзе і дзвюх гадзін, як дзе-небудзь на раздарожжы нам сустрэнецца вялікае мноства ўзброеных людзей.
— Ну добра, няхай будзе па-вашаму,— сказаў Санча.— Дай бог, каб усё шчасліва абышлося і каб хутчэй настаў час заваяваць гэты востраў, які мне вельмі дорага каштуе, а там можна і памерці.
— Я ўжо казаў табе, Санча, каб ты наконт гэтага не турбаваўся: не будзе вострава — знойдзем якую-небудзь дзяржаву накшталт Даніі ці Сабрадысы*, на тваю вялікую радасць, бо гэтыя дзяржавы мацерыковыя, і
таму ты будзеш адчуваць сябе цалкам у сваёй талерцы. А пакуль што пакінем гэту размову. Паглядзі лепш, ці няма ў тваёй торбе чаго-небудзь паесці: мы перакусім і адразу ж накіруемся на пошукі замка, дзе б нам можна было пераначаваць і прыгатаваць бальзам, аб якім я табе казаў,— клянуся богам, у мяне вельмі баліць вуха.
У мяне ёсць цыбуліна, крыху сыру і некалькі сухіх скарынак,аб’явіў Санча,— але такому доблеснаму рыцару, як вы, ваша міласць, такія стравы есці не падыходзіць.
— Як мала ў гэтым ты разумееш! — усклікнуў Дон Кіхот.— Дык ведай, Санча, што вандроўныя рыцары за асаблівы для сябе гонар лічаць цэлы месяц нічога не есці ці харчавацца чым давядзецца. І калі б ты прачытаў столькі кніг, колькі я, то для цябе гэта не было б навіной, а я хоць і шмат іх прачытаў, аднак жа ні ў адной з іх не знайшоў указанняў, каб вандроўныя рыцары што-небудзь елі, хіба выпадкова, у час шыкоўных банкетаў, якія наладжваліся для іх, у астатні ж час яны харчаваліся тым, што бог пашле. Само сабой зразумела, не маглі ж яны зусім нічога не есці, бо, па сутнасці кажучы, гэта былі такія ж людзі, як мы, але, з іншага боку, яны амаль усё жыццё праводзілі ў лясах і пустынях, а кухараў у іх не было — значыць, з такім жа поспехам можна меркаваць, што звычайнай іх ежай была ежа грубая, як тая, якую ты мне зараз прапаноўваеш. А таму няхай не засмучае цябе, дружа Санча, тое, што прыносіць задавальненне мне, не заводзь ты ў чужым манастыры свайго статута і не збівай вандроўнага рыцара з правільнага шляху.
Выбачайце, ваша міласць,сказаў Санча,— але я ўжо вам казаў, што я ні чытаць, ні пісаць не ўмею, і правілы рыцарскіх паводзін гэта для мяне цёмны лес. Аднак жа надалей, калі вы рыцар, я буду вас забяспечваць сушанымі пладамі, а сябе самога, калі я не рыцар,— усялякай жыўнасцю і ўвогуле сім-тым больш істотным.
— Я зусім не кажу, Санча,— запярэчыў Дон Кіхот,што вандроўныя рыцары абавязаны задавальняцца аднымі сушанымі пладамі, а толькі хачу сказаць, што яны складалі звычайна іх харчаванне ды яшчэ некаторыя палявыя травы, у якіх усе рыцары, як і я, разбіраліся.
— Разбірацца ў раслінах — гэта вялікая справа,— заўважыў Санча,— таму, мяркую я, калі-небудзь вашы веды нам вельмі спатрэбяцца!
Тут ён расклаў свае прыпасы, і абодва ў добрай згодзе пачалі есці. Але паколькі абодвум не цярпелася дабрацца да начлегу, то яны імгненна з’елі свае бедныя і чэрствыя прыпасы. Затым зноў селі вярхом і, каб завідна дабрацца да сяла, шпаркім крокам паехалі далей; аднак сонечныя промні неўзабаве згаслі, a разам з імі згасла і надзея нашых падарожнікаў дасягнуць жаданага,згаслі якраз калі яны ехалі міма буданоў казапасаў, і таму яны вырашылі тут заначаваць. І наколькі сумна было Санча Пансу з-за таго, што яны не дабраліся да сяла, настолькі ж радасна было Дон Кіхоту думаць, што ён правядзе гэту ноч пад адкрытым небам: такія выпадкі, здавалася яму, з’яўляюцца яшчэ адным доказам таго, што ён сапраўдны рыцар.
Р а з д з е л IX.
Аб тым, што адбылося паміж Дон Кіхотам і казапасамі
Казапасы сустрэлі яго гасцінна. Санча ж, уладкаваўшы з усімі выгодамі Расінанта і свайго асла, памкнуўся быў у той бок, адкуль даносіўся пах казляціны, якая гатавалася ў катле на агні: яго цягнула адразу пераканацца, ці не пара перакласці яе з катла ў страўнік, але ён не паспеў ажыццявіць свой намер, бо ў гэты самы час казапасы знялі кацёл з агню і, разаслаўшы аўчыны, спехам падрыхтавалі вясковую сваю
вячэру, а затым з самым ветлівым выглядам прапанавалі абодвум падарожнікам павячэраць з імі. Усе шэсць пастухоў, якія пільнавалі загон, селі ў кружок на аўчыны, папярэдне з нязграбнай цырымоннасцю паказаўшы Дон Кіхоту месца на перавернутым уверх дном вадапойным карыце. Дон Кіхот сеў, а Санча стаў ззаду за сваім панам, каб падаваць яму зроблены з рога кубак. Бачачы, што ён працягвае стаяць, Дон Кіхот звярнуўся да яго з такімі словамі:
— Каб ты ўцяміў, Санча, наколькі дабрадзейная справа, якая называецца вандроўным рыцарствам, і што тыя, хто так ці інакш гэтай справе служаць, у самы кароткі тэрмін і ў любую хвіліну могуць заслужыць усеагульную павагу і пашану, я хачу пасадзіць цябе побач з сабой, сярод гэтых добрых людзей, і мы будзем з табою, як роўны з роўным; я, твой пан і прыроджаны сеньёр, і ты, мой збраяносец, будзем есці з адной талеркі і піць з адной пасудзіны, бо аб вандроўным рыцарстве можна сказаць тое ж, што звычайна гавораць аб каханні: яно ўсё на свеце ўраўноўвае.
— Вельмі ўдзячны,— сказаў Санча,— аднак жа адважуся паведаміць вашай міласці, што калі толькі ў мяне ёсць што з’есці, я з такім жа і нават з большым задавальненнем буду есці стоячы і сам-насам, чым седзячы за адным сталом з імператарам. Калі ўжо на тое пайшло, дык я, вядома, аддам перавагу ў сябе дома, без усялякіх крыўлянняў і цырымоній, умінаць хлеб з цыбуляй, чым есці індычку ў гасцях, дзе я павінен павольна жаваць, увесь час выціраць рот, піць з аглядкай, дзе не смей чхнуць, не смей кашлянуць, не смей яшчэ што-небудзь зрабіць — такое, што цалкам дапускаюць свабода і адасабленне. А таму, васпан мой, зрабіце ласку ператварыць тую пашану, якою вы надумалі ўшанаваць мяне за тое, што я маю адносіны да вандроўнага рыцарства і знаходжуся ў яго на службе і што я збраяносец вашай міласці, у нешта больш даходнае і прыбытковае. А за пашану я вам вельмі ўдзячны, але адмаўляюся ад яе на векі вечныя.
Як бы там ні было, табе давядзецца сесці, бо хто сябе прыніжае, таго гасподзь узвысіць.
Узяўшы Санча за руку, Дон Кіхот пасадзіў яго побач з сабой.
Казапасы нічога не ведалі аб тым, што такое збраяносцы і вандроўныя рыцары,— усё гэта было для іх тарабаршчынай; яны моўчкі елі і пазіралі на гасцей, якія з найвялікшай ахвотай і смакам засоўвалі ў рот кавалкі казляціны велічынёю з кулак. Пасля таго як мяса было з’едзена, гаспадары высыпалі на аўчыны процьму жалудоў і паставілі паўгалавы сыру, такога цвёрдага, нібы ён быў зроблены з вапны. Кубак між тым таксама не заставаўся без справы: то поўны, то пусты, быццам вядро вадаліўнай машыны, ён так часта абыходзіў круг, што яму без цяжкасці ўдалося апаражніць адзін з двух бурдзюкоў, выстаўленых казапасамі. Наеўшыся ўволю, Дон Кіхот узяў жменю жалудоў і, уважліва іх разглядваючы, пачаў разважаць:
— Шчаслівыя часы і шчаслівае тое стагоддзе, якое старажытныя людзі называлі залатым,— і не таму, што золата, у якім у наш жалезны век мы бачым такую вялікую каштоўнасць, у той шчаслівы час даставалася дарма, а таму, што людзі, якія тады жылі, не ведалі двух слоў: тваё і маё. У тыя благаславёныя часы ўсё было агульнае. Для таго каб здабыць сабе харчаванне на дзень, чалавеку варта толькі было працягнуць руку да магутных дубоў, і галіны іх цягнуліся да яго і салодкімі, спелымі сваімі пладамі шчодра ўзнагароджвалі. Шпаркія рэкі і светлыя крыніцы праганялі яго смагу багаццем прыемнай на смак і празрыстай вады. Мудрыя і працавітыя пчолы засноўвалі свае дзяржавы ў расколінах скал і ў дуплах дрэў і шчодра частавалі кожнага, хто прасіў, багатым плёнам салодкай сваёй працы. Каржакаватыя пробкавыя дубы здымалі з сябе шырокую сваю і лёгкую кару не ў якіх-небудзь карысных мэтах, а толькі ад спрыяльнасці, і людзі накрывалі ёю свае хаціны, якія трыма-