Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— Дзе вы бачыце веліканаў? — запытаўся Санча Панса.
— Ды вунь яны, з велізарнымі рукамі,— адказаў яго пан.— У некаторых з іх даўжыня рук дасягае амаль дзвюх міль.
— Ды што вы, сеньёр,— запярэчыў Санча,— тое, што там віднеецца зусім не веліканы, а ветраныя млыны, тое ж, што вы прымаеце за іх рукі,— гэта крылы: яны круцяцца ад ветру і прыводзяць у рух млынавыя жорны.
— Адразу відаць, што ты нявопытны шукальнік прыгод! — заўважыў Дон Кіхот.— Гэта веліканы. I калі
ты баішся, то ад’язджай убок і памаліся, а я тым часам уступлю з імі ў жорсткі і няроўны бой.
3 апошнім словам, не слухаючы Санча, які папярэджваў яго, што не з веліканамі едзе ён змагацца, а, без усялякага сумнення, з ветранымі млынамі, Дон Кіхот прышпорыў Расінанта. Ен быў цалкам упэўнены, што гэта веліканы, а таму, не звяртаючы ўвагі на крыкі збраяносца і не бачачы, што перад ім, хоць знаходзіўся зусім блізка ад млыноў, гучна выгукнуў:
Стойце, баязлівыя і подлыя стварэнні! На вас жа нападае толькі адзін рыцар!
У гэты час падзьмуў лёгкі ветрык, і, заўважыўшы, што велізарныя крылы млыноў пачынаюць круціцца, Дон Кіхот усклікнуў:
Махайце, махайце рукамі! Калі б у вас іх было больш, чым у велікана Брыярэя*, і тады давялося б вам паплаціцца!
Сказаўшы гэта, ён цалкам аддаўся заступніцтву пані сваёй Дульцынеі, звярнуўся да яе з просьбай дапамагчы яму вытрымаць такое цяжкае выпрабаванне і, загарадзіўшыся шчытом і пусціўшы Расінанта галопам, уваткнуў кап’ё ў крыло бліжэйшага млына; але ў гэты час вецер з такой лютай сілай павярнуў крыло, што ад кап’я засталіся адны шчэпкі, а крыло, падхапіўшы і каня, і конніка, які апынуўся ў такім бездапаможным становішчы, скінула Дон Кіхота на зямлю. На дапамогу яму на ўвесь асліны мах паскакаў Санча Панса і, наблізіўшыся, пераканаўся, што ён не можа паварушыцца — так грымнуўся з Расінанта.
— Ах ты госпадзі! — усклікнуў Санча.Ці не казаў я вашай міласці, каб вы былі болып асцярожным і што гэта ўсяго толькі ветраныя млыны? Іх ніхто б не зблытаў, хіба той, у каго ветраныя млыны круцяцца ў галаве.
Памаўчы, дружа Санча,— сказаў Дон Кіхот.— Павінен адзначыць, што няма нічога больш зменлівага за ваенныя абставіны. Да таго ж, я мяркую, і не без
падстаў, што мудры Фрэстан, той самы, які выкраў у мяне кнігі разам з памяшканнем, ператварыў веліканаў у ветраныя млыны, каб пазбавіць мяне плёну перамогі,— так ён мяне ненавідзіць. Але рана ці позна злыя яго чары не ўстаяць перад сілай майго мяча.
— Гэта ўжо як бог дасць,— зазначыў Санча Панса.
Ён дапамог Дон Кіхоту ўстаць і пасадзіў яго на Расінанта, які таксама быў ледзь жывы. Працягваючы абмяркоўваць нядаўняе здарэнне, яны паехалі па дарозе да Цясніны Лапісе, бо Дон Кіхот не мог прапусціць шмат разнастайных прыгод, што, па яго словах, чакалі іх на гэтым людным месцы; адно толькі засмучала яго — што ён застаўся без кап’я, і, паведаміўшы пра гора сваё збраяносцу, ён сказаў:
— Памятаецца, я чытаў, што адзін іспанскі рыцар па імені Д’ега Перэс дэ Варгас*, страціўшы ў баі свой меч, адламаў ад дуба вялізны сук і аддубасіў і перабіў у гэты дзень столькі маўраў, што яму потым далі мянушку Дубас, і з таго часу ён і яго нашчадкі называюцца Варгас-Дубас. Усё гэта я кажу таму, што я таксама маю намер адламаць сук ад першага ж дуба, які патрапіцца мне па дарозе, такой жа велічыні, якой, на маё ўяўленне, павінны быў быць у Варгаса, і пры дапамозе гэтага сука здзейсніць такія подзвігі, што ты палічыш сябе абраннікам лёсу, бо ўдастоіўся гонару быць відавочцам і сведкам учынкаў, якія пасля могуць падацца неверагоднымі.
—	Усё ў руках божых,заўважыў Санча.Я веру ўсяму, што кажа ваша міласць. Толькі сядзьце прамей, a то вы ўсё як быццам спаўзаеце набок відаць, таму, што пабіліся, калі падалі.
—	Твая праўда,— сказаў Дон Кіхот,і калі я не стагну ад болю, то выключна таму, што вандроўным рыцарам у выпадку якога-небудзь ранення стагнаць не дазволена, нават калі б у іх вывальваліся кішкі.
—	Раз так, то ў мяне пярэчанняў няма,— сказаў Санча,— але што тычыцца мяне, то я пачну стагнаць ад самага нязначнага болю, калі толькі гэты закон не
распаўсюджваецца і на збраяносцаў вандроўных рыцараў.
Дон Кіхот не мог не пасмяяцца з прастадушнасці свайго збраяносца, а затым аб’явіў, што той жа можа стагнаць, калі і колькі яму надумаецца, як па неабходнасці, так і без усялякай неабходнасці, бо ў рыцарскім статуце нічога аб гэтым не сказана. Санча нагадаў Дон Кіхоту, што пара перакусіць. Дон Кіхот сказаў, што яму пакуль не хочацца, а Санча можа есці, калі захоча. Атрымаўшы дазвол, Санча зручна размясціўся на асле, выняў з торбы тое, што ў ёй было, і пачаў перакусваць. Ён цягнуўся дробнай хадой за сваім панам, час ад часу смачна пацягваў з бурдзюка, і пошукі прыгод, няхай нават небяспечных, здаваліся яму ўжо не цяжкай павіннасцю, а суцэльным святам.
Гэту ноч яны правялі пад дрэвамі. Ад аднаго з іх Дон Кіхот адламаў засохлы сук і прымацаваў да яго жалезны наканечнік — такім чынам у яго атрымалася штосьці накшталт кап’я. Стараючыся ва ўсім браць прыклад з рыцараў, якія, наколькі гэта яму было вядома з кніг, не спалі начамі ў лясах і пустынях, цешачы сябе марай аб сваіх уладарках, Дон Кіхот усю ноч не заплюшчыў вачэй і думаў аб пані сваёй Дульцынеі. Зусім па-іншаму правёў яе Санча Панса: напоўніўшы свой жывот далёка не цыкорнай вадой*, ён праспаў як забіты да раніцы, і калі б не разбудзіў яго Дон Кіхот, ён яшчэ не хутка прачнуўся б, хоць сонца даўно ўжо біла яму прама ў вочы, а мноства птушак вясёлым шчэбетам вітала новы дзень. Нарэшце Санча падняўся і, не замарудзіўшы глынуць з бурдзюка, заўважыў, што бурдзюк злёгку асеў з учарашняга дня; гэта вельмі засмуціла яго, бо ён разумеў, што ў бліжэйшы час наўрад ці магла ў яго ўзнікнуць магчымасць папоўніць запас. Дон Кіхот не пажадаў снедаць — як ужо было сказана, ён жыў аднымі салодкімі марамі. Абодва выехалі на дарогу, і каля трох гадзін папаўдні ўдалечыні паказалася Цясніна Лапісе.
—	Тут, брат Санча,— убачыўшы цясніну, сказаў Дон
Кіхот,— мы, што называецца, да локця запусцілі рукі ў прыгоды. Але папярэджваю: якая б небяспека мне ні пагражала, ты не павінен брацца за меч, хіба толькі ты ўбачыш, што на мяне нападаюць людзі нізкага звання,— у гэтым выпадку ты можаш дапамагчы мне. Калі ж гэта будуць рыцары, то, па законах рыцарства, ты не павінен і не маеш ніякага права заступацца за мяне, пакуль ты яшчэ не пасвячоны ў рыцары.
— Наконт гэтага можаце быць упэўнены, сеньёр: я не аслухаюся,— сказаў Санча.— Тым больш нораў у мяне ціхі: лезці ў бойку, пачынаць перапалку — гэта не мая справа. Вось калі хтосьці закране маю асобу, тут ужо я, па праўдзе сказаць, на рыцарскія законы не пагляджу, бо і божыя і чалавечыя законы нікому не пярэчаць абараняцца.
—	3 гэтым я цалкам згодзен,— сказаў Дон Кіхот.— Табе давядзецца стрымліваць натуральныя свае парывы толькі ў тым выпадку, калі на мяне нападуць рыцары.
-	Абавязкова стрымаю,— сказаў Санча.— Для мяне гэта ўстаноўка будзе свяшчэннай, як нядзельны адпачынак.
Яны ўсё яшчэ працягвалі размаўляць, калі наперадзе паказаліся два манахі-бенедыктынцы вярхом на вярблюдах — менавіта на вярблюдах, інакш не скажаш, такой неверагоднай велічыні дасягалі іх мулы.
Манахі былі ў дарожных акулярах і пад парасонамі. Два слугі ішлі пешшу і паганялі мулаў, а ззаду ехала карэта ў суправаджэнні не то чатырох, не то пяці верхавых. Як высветлілася пасля, у карэце сядзела дама з Біскайі; ехала яна ў Севілью, да мужа, які збіраўся ў Амерыку, дзе яго чакала вельмі ганаровая пасада, манахі ж былі яе выпадковымі спадарожнікамі, а зусім не праваднікі. Але Дон Кіхот, як толькі заўважыў іх, адразу ж сказаў свайму збраяносцу:
—	Калі я не памыляюся, нас чакае самая дзівосная прыгода, якую толькі можна сабе ўявіць. Вунь тыя чорныя страхоцці, што паказаліся ўдалечыні,— гэта,
само сабой зразумела, чараўнікі: яны выкралі прынцэсу і вязуць яе ў карэце, мне ж, чаго б гэта ні каштавала, патрэбна разладзіць гэту злосную задуму.
— Як бы не атрымалася горш, чым з ветранымі млынамі,— зазначыў Санча.— Годзе, сеньёр: гэта ж браты-бенедыктынцы, а ў карэце, напэўна, едуць якіянебудзь падарожнікі. Праўда, ваша міласць, паслухайце вы мяне і адумайцеся, a то вас зноў нячысты спакусіць.
— Я ж казаў табе, Санча, што ты яшчэ нічога не разумееш у прыгодах,— запярэчыў Дон Кіхот.Я поўнасцю маю рацыю, і ты зараз у гэтым пераканаешся.
Тут ён выехаў наперад, спыніўся пасярод дарогі і, калі манахі апынуліся на такой блізкай адлегласці, што маглі яго пачуць, гучным голасам загаварыў:
— Шалёныя пачвары, зараз жа вызваліце высакародных прынцэс, якіх вы сілком вязеце ў карэце! A інакш рыхтуйцеся прыняць хуткую смерць, як заслужанае пакаранне за свае злачынствы!
Манахі нацягнулі павады і, спалоханыя выглядам Дон Кіхота і яго словамі, адказалі яму так:
— Сеньёр кавальера, мы не шалёныя пачвары — мы бенедыктынскія манахі, едзем па сваіх патрэбах, і ці ёсць у карэце выкрадзеныя прынцэсы ці няма, пра гэта мы не ведаем.
— Салодкімі прамовамі вы мяне не ўлагодзіце! Ведаю я вас, вераломных нягоднікаў! — сказаў Дон Кіхот.
He чакаючы адказу, ён прышпорыў Расінанта і з кап’ём наперавес, не помнячы сябе ад лютасці, адважна рынуўся на аднаго з манахаў, так што калі б той загадзя не зляцеў з мула, то ён прымусіў бы яго зрабіць гэта сілай, ды яшчэ ў дадатак цяжка параніў бы, a можа, і проста забіў. Другі манах, бачачы, як абыходзяцца з яго спадарожнікам, уткнуў пяткі ў бакі добрага свайго мула і памчаўся хутчэй за вецер.
Тым часам Санча Панса імгненна саскочыў з асла, кінуўся да чалавека, які ляжаў на зямлі, і пачаў здымаць яго адзенне. У той жа момант да яго падбеглі
два паганятыя і запыталіся, навошта ён распранае яго. Санча Панса адказаў, што гэтыя трафеі па праву належаць яму, бо бітву выйграў яго пан Дон Кіхот. Паганятыя жартаў не разумелі і не мелі ніякага ўяўлення аб тым, што такое бітвы і трафеі; выкарыстаўшы тое, што Дон Кіхот пад’ехаў да карэты і пачаў размаўляць з падарожніцай, яны кінуліся на Санча, збілі яго з ног і надавалі яму такіх выспяткаў, што ён, непрытомны і нерухомы, застаўся ляжаць на зямлі. Перапалоханы ж і збянтэжаны манах, бледны, як палатно, не губляючы каштоўнага часу, сеў на свайго мула і паскакаў туды, дзе, здалёку назіраючы за ўсёй гэтай сумятнёй, чакаў яго спадарожнік, а затым абодва, не чакаючы развязкі, паехалі далей і пры гэтым так старанна хрысціліся, нібы ўслед за імі гнаўся чорт.