Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
Між тым Дон Кіхот, як ужо было сказана, пачаў размову з дамай, якая сядзела ў карэце.
— Сеньёра,так пачаў ён,— ваша хараство можа цяпер распараджацца сабой як яму захочацца, бо фанабэрыстасць вашых выкрадальнікаў змецена і знішчана дашчэнту магутнаю маёю рукою. А каб вы не пакутавалі тым, што не ведаеце імя свайго выратавальніка, я вам скажу, што я — Дон Кіхот Ламанчскі, вандроўны рыцар і шукальнік прыгод, зачараваны непараўнальнаю прыгажуняю Дульцынеяй Табоскаю. I ва ўзнагароду за аказаную вам паслугу я хачу аднаго: едзьце ў Табоса, да маёй пані, скажыце ёй, што вы ад мяне, і паведаміце ёй аб усім, што я зрабіў, дамагаючыся вашага вызвалення.
Ледзь паспеў Дон Кіхот вымавіць гэта, як адзін са слуг, якія суправаджалі даму, родам біскаец, бачачы, што Дон Кіхот не прапускае карэту і патрабуе, каб яны вярталіся назад і ехалі ў Табоса, наблізіўся да яго і, схапіўшыся за яго кап’ё, на дрэнным кастыльскім і агідным біскайскім дыялектах сказаў яму наступнае:
— Хадзі прэч, кавальера, каб табе няма дарогі! Клянуся тварцом: не выпускаць карэту, дык я цябе заб’еш, няхай не буду я біскаец!
Дон Кіхот выдатна зразумеў яго.
Калі б ты быў не варты жалю халоп, а кавальера,спакойна заўважыў ён,— я б цябе пакараў за тваю неразважнасць і нахабства.
Біскаец жа яму на гэта адказаў:
— Я — не кавальера? Клянуся богам, ты хлусіш, як хрысціянін! Ану кідай кап’ё, хапай меч — будзем глядзець, хто каго! Біскаец ён табе і на сушы, і на моры, і чорт яго ведае дзе,гідальга. Наадварот скажаш хлус будзепі.
Ну, гэта мы яшчэ паглядзім,прамовіў Дон Кіхот.
Шпурнуўшы кап’ё далоў, ён выхапіў меч, загарадзіўся шчытом і з цвёрдым намерам забіць біскайца кінуўся на яго. Біскаец жа, сцяміўшы, што справа прымае дрэнны кірунак, хацеў быў спешыцца, бо мул, на якім ён падарожнічаў, благі наёмны мул, не выклікаў у яго даверу, але ён паспеў толькі выхапіць меч. Па шчаслівай выпадковасці, ён знаходзіўся каля самай карэты; выкарыстаўшы гэта, ён выхапіў падушку і прыкрыўся ёю, як шчытом. Тыя, хто пры гэтым прысутнічалі, дарэмна імкнуліся іх памірыць,— біскаец крычаў на сваёй ламанай мове, што калі яму не дадуць уступіць у бой, то ён заб’е сваю пані і ўсіх, хто стане яму ўпоперак дарогі. Дама, якая сядзела ў карэце, здзіўленая і перапалоханая тым, што адбывалася, загадала фурману ад’ехаць убок і пачала назіраць за жорсткай бітвай.
Рашучы выгляд, з якім Дон Кіхот перайшоў у наступленне, яскрава сведчыў аб гневе, што авалодаў ім, а таму біскаец палічыў неабходным падрыхтавацца да абароны. Ён прыціснуў падушку да грудзей, але з месца не зрушыў, бо ні туды ні сюды не мог павярнуць свайго мула, які ад вялікай зморанасці і ад непрывычкі да такіх дурыкаў не ў сілах быў паварушыць нагой. Словам, як ужо было сказана, Дон Кіхот, высока падняўшы меч, каб рассячы вёрткага біскайца напалам, наступаў на яго, біскаец абараняўся па-
душкай і таксама высока падняў меч. Спалоханыя гледачы з заміраннем сэрца чакалі, што будзе, калі апусцяцца гэтыя мячы, якія пагражалі знішчальным ударам адзін аднаму, між тым як дама ў карэце разам са сваімі служанкамі заклікала на дапамогу сілы нябесныя і давала богу абяцанне ахвяраваць на ўсе святыні і ўнесці ўклад ва ўсе іспанскія манастыры, толькі б ён адвёў ад біскайца і ад іх саміх такую вялікую небяспеку.
Першы нанёс удар запальчывы біскаец, і пры гэтым з такой сілай і лютасцю, што, калі б не павярнуўся ў яго руцэ меч, адзін гэты ўдар мог бы скончыць жорсткую сутычку і ўсе прыгоды нашага рыцара; але добры лёс, які ахоўваў Дон Кіхота для больш важных спраў, павярнуў меч у руцэ яго ворага так, што хоць удар і быў нанесены па левым плячы, аднак жа асаблівай шкоды не зрабіў, за выключэннем хіба таго, што сарваў з левага боку даспехі і мімаходам рассек яму вуха і шлем. Даспехі з жахлівым грукатам зваліліся долу, і ў гэту хвіліну рыцар наш выглядаў вельмі бездапаможна.
Божа ты мой, ці ёсць на свеце такі чалавек, які мог бы знайсці адпаведныя выразы, каб перадаць гнеў, які ахапіў нашага ламанчца, калі ён убачыў, як з ім абышліся! He, лепш за ўсё прачытаць аповед далей. Такім чынам, Дон Кіхот зноў прыўстаў на страмёнах, і, яшчэ мацней сціскаючы абедзвюма рукамі меч, з такой раз’юшанасцю ўдарыў біскайца наводмаш па падушцы і па галаве, што, нягледзячы на гэту надзейную абарону, у біскайца было такое пачуццё, быццам на яго абвалілася гара; кроў хлынула ў яго з носа, з вушэй, ён пахіснуўся і, безумоўна, зляцеў бы з мула, калі б яму не ўдалося абхапіць яго за шыю; але ў гэты самы час ногі выслізнулі ў яго са страмёнаў, рукі ён раскінуў, а мул, напалоханы моцным ударам, адчайна брыкаючыся, памчаўся наперад і вельмі хутка скінуў седака далоў.
Дон Кіхот з самым спакойным выглядам пазіраў
на гэта; калі ж біскаец зваліўся, ён саскочыў з каня, імгненна апынуўся каля свайго ворага і, паднёсшы вастрыё мяча да яго вачэй, загадаў здавацца, прыгразіўшы ў адваротным выпадку адсячы яму галаву. Біскаец быў такі ашаломлены, што не мог вымавіць ні слова; і яму, сапраўды, не паздаровілася б (бо Дон Кіхот быў у шаленстве ад гневу), калі б жанчыны, якія знаходзіліся ў карэце і да гэтага часу ў разгубленасці сачылі за бойкай, не падышлі да нашага рыцара і не пачалі неадступна прасіць яго зрабіць для іх TaKyra ласку злітавацца над іх слугой. Дон Кіхот жа ім на гэта з вялікай годнасцю і важнасцю адказаў:
— Цудоўныя сеньёры! Вядома, я вельмі ахвотна выканаю вашу просьбу, але з адной умовай і агаворкай: рыцар гэты павінен мне паабяцаць, што ён адправіцца ў горад, які называецца Табоса, да непараўнальнай донны Дульцынеі, і скажа, што гэта я паслаў яго да яе, а ўжо яна вырашыць, што з ім рабіць.
Перапалоханыя і засмучаныя дамы, не ўнікаючы ў тое, чаго ён ад іх патрабаваў, і нават не даведаўшыся, хто такая гэта Дульцынея, абяцалі, што слуга дакладна выканае яго загад.
— Ну добра, веру вам на слова,— сказаў Дон Кіхот.— Больш я не зраблю яму зла, хоць ён яго вельмі заслугоўвае.
Р а з д з е л VIII.
Аб дасціпнай размове, якую вялі між сабой Дон Кіхот і яго збраяносец Санча Панса
Тым часам Санча Панса, з якім не вельмі прыязна абышліся слугі манахаў, стаў на ногі і, уважліва сочачы за паядынкам, звярнуўся ў думках да бога: ён прасіў яго падарыць Дон Кіхоту перамогу і дапамагчы яму заваяваць востраў, уладаром якога, згодна з дадзеным яму абяцаннем, павінен быў стаць яго збраяносец. Калі ж сутычка скончылася і Дон Кіхот накіраваўся да
Расінанта, Санча кінуўся падтрымаць яму стрэмя, і не паспеў рыцар наш сесці на каня, як ён апусціўся перад ім на калені, схапіў яго руку, пацалаваў яе і сказаў:
— Калі ласка, сеньёр Дон Кіхот, зрабіце мяне губернатарам вострава, які дастаўся вам у гэтым жорсткім баі. Які б вялікі ні быў гэты востраў, усё ж я здолею на ім губернатарнічаць не горш за любога губернатара, які толькі ёсць на свеце.
Дон Кіхот жа яму на гэта адказаў:
— Май на ўвазе, брат Санча, што сённяшняя прыгода, гэтак жа, як і ўсе на яе падобныя, толькі дарожныя прыгоды, але не астраўныя, і тут ты заўсёды можаш разлічваць на тое, што табе праломяць чэрап ці адсякуць вуха, але ні на што большае. Дай тэрмін — будуць у нас і такія прыгоды, якія дадуць мне магчымасць зрабіць цябе не толькі губернатарам вострава, але і ўзвысіць яшчэ вышэй.
Санча горача падзякаваў Дон Кіхоту і, яшчэ раз пацалаваўшы яму руку і край кальчугі, падсадзіў яго на Расінанта, сам жа ўскочыў на асла і рушыў услед за сваім панам, а той, ні слова больш не вымавіўшы падарожніцам і нават не развітаўшыся з імі, шпаркім крокам паехаў у бліжэйшы гай. Санча ехаў трухам на ўвесь асліны мах, але Расінант нечакана памчаўся з усіх сіл так, што збраяносец не мог за ім паспець, і ўрэшце ён вымушаны быў крыкнуць свайму пану, каб той пачакаў яго. Дон Кіхот выканаў просьбу знясіленага збраяносца і нацягнуў павады; той жа, дагнаўшы яго, прамовіў:
Вось што я вам скажу, сеньёр: не шкодзіла б нам схавацца ў якой-небудзь царкве*. Мы ж пакінулі чалавека, з якім вы змагаліся, у самым бядотным становішчы, таму, так і чакай, наляціць Святое брацтва* і нас з вамі схопяць. А пакуль мы выйдзем на свабоду, у нас, слова гонару, вочы на лоб вылезуць.
— Памаўчы,— сказаў Дон Кіхот,— Дзе ты бачыў ці чытаў, каб вандроўнага рыцара прыцягвалі да суда за кровапраліцці, колькі б ён іх ні ўчыніў?
— Наконт провакраліцця я нічога не чуў і зроду ні на кім не спрабаваў,— адказаў Санча.— Ведаю толькі, што тых, хто распачынае на бальшаках бойкі, Святое брацтва па галоўцы не гладзіць, астатняе мяне не тычыцца!
He бядуй, дружа мой,сказаў Дон Кіхот,я цябе вырву з рук халдзеяў, не тое што з рук Брацтва. Але скажы мне сумленна: сустракаў ты дзе-небудзь у вядомых нам краінах больш адважнага рыцара, чым я? Ці чытаў ты ў кнігах, каб які-небудзь рыцар смялей за мяне нападаў, мужней абараняўся, больш умела наносіў удары, больш імкліва збіваў ворага?
— Па праўдзе сказаць, я за ўсё сваё жыццё не прачытаў ніводнай кнігі, таму што не ўмею ні чытаць, ні пісаць,прызнаўся Санча.Але магу пайсці ў заклад, што ніколі ў жыцці не служыў я такому храбраму пану, як вы, ваша міласць, і дай бог, каб вам не давялося разлічвацца за вашу храбрасць у тым месцы, аб якім я ўжо ўпамінаў. Аб адным прашу вашу міласць: вам абавязкова патрэбна палячыцца — кроў так і цячэ ў вас з вуха, а ў мяне ў торбе ёсць корпія і крыху белай мазі.
— Ва ўсім гэтым не было б ніякай неабходнасці,— заўважыў Дон Кіхот,калі б я не забыўся захапіць у дарогу пасудзіну з бальзамам Фьерабраса*: адна кропля гэтага бальзаму зберагла б нам час і зелле.
— Што гэта за пасудзіна і што гэта за бальзам? — запытаўся Санча Панса.
— Рэцэпт гэтага бальзаму я ведаю на памяць,— адказаў Дон Кіхот,з ім няма чаго баяцца смерці і не страшныя ніякія раны. Дык вось, я прыгатую яго і аддам табе, ты ж, убачыш, што мяне ў гарачцы бою рассеклі напалам,— а такія выпадкі з вандроўнымі рыцарамі бываюць пастаянна,— не доўга думаючы, беражліва падымі тую палову, што звалілася на зямлю, і, пакуль яшчэ не загусцела кроў, з найвялікшай асцярожнасцю прыстаў да той, якая засталася ў сядле,— пры гэтым патрэбна так ухітрыцца, каб яны самы
раз падышлі адна да адной. Затым дай мне толькі два глыткі памянёнага бальзаму, і я зноў прадстану прад табой свежым і бадзёрым.