Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— He, дружа Санча, я перадумаў,— аб’явіў Дон Кіхот: — табе неабходна набрацца больш сіл, таму мы і адкладзём гэта да вяртання ў сваю вёску, а мы ж прыедзем самае позняе паслязаўтра.
Санча сказаў, што справа, маўляў, гаспадарская, але што ён бы са свайго боку хацеў пакончыць з гэтай справай, пакуль жалеза яшчэ гарачае і пакуль свярбяць рукі, бо прамаруджванне часта бывае небяспечней за ўсё, і ў бога прасіць не саромейся, але і папрацаваць для яго не лянуйся, і адно “Вазьмі!” лепш за два абяцанні, і лепш сініца ў руках, чым журавель у небе.
— Досыць прыказак, Санча, самім Хрыстом прашу! пачаў прасіцца Дон Кіхот.— Ты, здаецца, зноў бярэшся за ранейшае. Гавары проста, ясна, без хітрыкаў, як я ўжо неаднаразова цябе вучыў: лепш менш, ды лепш.
— Ужо і не ведаю, што гэта за няўдача,сказаў Санча,я без прыказкі ці прымаўкі слова не магу сказаць, і кожная прымаўка ці прыказка здаецца мне словам разумным. Аднак жа я ўсе старанні прыкладу, каб выправіцца.
Наступную ноч Дон Кіхот правёў таксама сярод дрэў, каб даць магчымасць Санча пакончыць з яго ўрокам; Санча і на гэты раз выконваў яго тым жа самым шляхам, што і мінулай ноччу, гэта значыць у непараўнальна большай ступені за кошт букавай кары, чым за кошт уласнай спіны, якую ён да гэтага аберагаў так, што нават муху не маглі б з яе сагнаць удары, якія ён наносіў. Падмануты Дон Кіхот ні разу не памыліўся ў падліку і вырашыў, што разам з учарашнімі агульная колькасць бізуноў дасягае трох тысяч дваццаці дзевяці. Сонца, здавалася, узышло ў гэты дзень раней, толькі для таго, каб зірнуць на гэта ахвярапрынашэнне, і з першымі яго промнямі Дон Кіхот і Санча паехалі далей.
Увесь гэты дзень, таксама як і наступную ноч, яны правялі ў дарозе, і за гэты час з імі не здарылася нічога такога, што заслугоўвала б апісання, за выключэннем хіба таго, што ноччу Санча выканаў свой урок, што вельмі ўзрадавала Дон Кіхота,— ён з нецярплівасцю пачаў чакаць світанак, таму што днём, здавалася яму, ён абавязкова павінен сустрэць ужо вызваленую ад чараў сваю валадарку Дульцынею; і, працягваючы свой шлях, ён не прапускаў ніводнай жанчыны без таго, каб не паглядзець ужо ці не Дульцынея гэта Табоская, а што Мярлін мог не выканаць свайго абяцання гэта ўяўлялася яму неверагодным. Заняты такімі думкамі і марамі, ён разам з Санча ўз’ехаў на ўзгорак, з вяршыні якога адкрываўся від на іх вёску, і тут Санча, апусціўшыся на калені, усклікнуў:
Адкрый вочы, жаданая радзіма, і зірні на сына свайго Санча Пансу: ён вяртаецца да цябе не надта багаты, але затое надта спаласаваньі бізунамі. Раскрый абдымкі і прымі таксама сына свайго Дон Кіхота: яго адолела рука іншага, але затое ён пераадолеў самога сябе, а гэта ж ён мне і казаў, што болып доблеснай перамогі немагчыма сабе пажадаць. Я вяртаюся з грашамі, бо хоць і добра мяне адлупцавалі, затое я слаўна вярхом пракаціўся.
Хопіць дурыцца! сказаў Дон Кіхот.Дай бог нам шчасліва ўехаць у нашу вёску, а ўжо там, у вольны час, наша выдумка прыйдзе нам на дапамогу, і мы складзём план пастухоўскага жыцця, якое намерваемся весці.
Тут яны спусціліся з узгорка і рушылі ў накірунку да сваёй вёскі.
Р а з д з е л XLVIIL
Аб знаках, якія сталіся пры ўездзе Дон Кіхота ў яго вёску, таксама як і аб іншых падзеях, што служаць упрыгажэннем
і большай праўдападобнасцю вялікай гэтай гісторыі
Калі ж яны ўязджалі ў вёску, то Дон Кіхот убачыў, што каля гумна сварацца два хлопчыкі, адзін з якіх крыкнуў другому:
Дарэмна ты сілы расходуеш, ПерыкілЬё,болып ты яе ніколі ў жыцці не ўбачыш.
Тут Дон Кіхот сказаў Санча:
Ты звярнуў увагу, дружа мой, што сказаў хлапчук: “Болып ты яе ніколі ў жыцці не ўбачыш”?
— Ну і што ж тут такога? — запярэчыў Санча.— Ці мала што скажа хлапчук?
— Як што ж тут такога? — усклікнуў Дон Кіхот.— Хіба ты не разумееш, што калі прымяніць гэтыя словы да мяне, то выйдзе, што мне не бачыць больш Дульцынеі?
Санча толькі хацеў быў яму адказаць, як убачыў, што па полі бяжыць заяц, якога гналі шматлікія паляўнічыя і харты, і вось гэты самы заяц ад перапуду шмыгануў і забіўся пад пуза да шэрага. Санча спаймаў яго голымі рукамі і паднёс Дон Кіхоту, але Дон Кіхот сказаў:
Дрэнны знак! Дрэнны знак! Заяц уцякае, за ім гоняцца харты,— не ўбачу я Дульцынеі!
— Дзіўны вы чалавек, ваша міласць,— заўважыў Санча.Дапусцім, што гэты заяц Дульцынея Табоская, а харты, якія яго гоняць,— гэта ліхадзеі-чараўнікі, што ператварылі яе ў сялянку: яна ўцякае, я яе лаўлю і аддаю ў рукі вашай міласці, а вы трымаеце яе ў абдымках і лашчыце. Якая ж гэта дрэнная прымета і ў чым жа тут можна бачыць дрэннае прадвесце?
Два хлапчукі, якія толькі што паспрачаліся, падышлі паглядзець на зайца, і аднаго з іх Санча спытаў, з-за чаго яны сварыліся. На гэта хлапчук (той самы, які сказаў: “Больш ты яе ніколі ў жыцці не ўбачыш”) адказаў Санча, што ён адняў у свайго таварыша клетку з цвыркунамі і больш ніколі яму не аддасць. Санча дастаў з кішэні чатыры куарты* і ўручыў іх хлапчуку, а ў яго ўзяў клетку і, перадаўшы яе Дон Кіхоту, прамовіў:
— Справа зроблена, сеньёр: усе гэтыя прадвесці разбураны і развеяны ўшчэнт, хоць, зрэшты, да нашых спраў яны маюць такое ж якраз дачыненне, як мінулагоднія хмары,— гэта нават і я разумею, хоць я і недалёкага розуму чалавек. І калі памяць мяне не падводзіць, я чуў ад нашага свяшчэнніка, што шчырым хрысціянам і да таго ж яшчэ людзям адукаваным не да твару надаваць значэнне такім дробязям. Значыць, і няма чаго нам тут з-за гэтага марудзіць, паедзем далей, прама да сябе ў вёску.
Пад’ехалі паляўнічыя, запатрабавалі свайго зайца, і Дон Кіхот ім яго аддаў; Дон Кіхот і Санча паехалі сваёй дарогай і, уязджаючы ў вёску, убачылі, што на лужку чытаюць малітвы свяшчэннік і бакалаўр Караска. Свяшчэннік і бакалаўр адразу ж па-
зналі абодвух падарожнікаў і кінуліся да іх з распасцёртымі абдымкамі. Дон Кіхот спешыўся і моцна абняў іх, вясковыя ж хлапчукі, якія збегліся гуртам, склікалі адзін аднаго:
— Гэй, хлопцы, паглядзіце на асла Санча які ён прыбраны, і на гэту клячу Дон Кіхота — у яе ж цяпер усе рэбры відаць!
Нарэшце, акружаныя хлапчукамі і ў суправаджэнні свяшчэнніка і бакалаўра, Дон Кіхот і Санча ўехалі ў вёску і накіраваліся да дома Дон Кіхота, на парозе якога стаялі ключніца і пляменніца, ужо інфармаваныя аб іх прыездзе. Пачула аб гэтым і жонка Санча, Тэрэса Панса; растрапаная, паўапранутая, схапіўшы за руку дачку сваю Марысанчу, яна пабегла сустракаць мужа; калі ж убачыла, што ён не так прыбраны, як, па яе ўяўленні, належала губернатару, то сказала яму:
— ПІто гэта з табой, мужычок? Вяртаешся дадому нібыта пешшу і прытым яшчэ ледзь чыкільгаеш. Сапраўды, выгляд у цябе не як у губернатара, а быццам ты ўжо адгубернатарнічаў.
Маўчы, Тэрэса! сказаў Санча.— Па розуму сустракаюць, па адзенні праважаюць. Дай толькі дадому дайсці: ужо наслухаешся цудаў. Я прывёз грошай, гэта самае галоўнае, і нажыў я іх уласнай кемлівасцю, a каб некага пакрыўдзіць — божа барані.
Давай сюды грошыкі, дарагі мужычок,разважыла Тэрэса,— а нажыты яны могуць быць усяляк. Як бы ты іх ні нажыў, гэтым ты нікога не здзівіш.
Дачка абняла бацьку і спытала, што ён ёй прывёз. Відаць было, што чакала яна яго, як майскага дожджычку. Затым яна ўхапілася за яго пояс, а асла ўзяла за аброць, жонка з другога боку ўзяла Санча за руку, і ўсе яны накіраваліся да сябе дамоў; Дон Кіхот між тым застаўся дома — пад наглядам ключніцы і пляменніцы, а таксама ў кампаніі свяшчэнніка і бакалаўра.
He даўшы нікому апамятавацца, Дон Кіхот адразу зачыніўся з бакалаўрам і свяшчэннікам і коратка рас-
казаў ім аб сваім паражэнні і аб тым, што ён прыняў на сябе абавязацельства на працягу года не выязджаць з вёскі; абавязацельства гэта ён, маўляў, мае намер выконваць абавязкова, не адыходзячы ад яго ні на ёту, як і належыць вандроўнаму рыцару, які свята прытрымліваецца свайго статуту, і што ён збіраецца на гэты год стаць пастухом і пайсці ў бязлюдныя палі, дзе можна даць поўную волю сваім любоўным думам, працуючы на ніве дабрадзейнага пасухоўскага жыцця; і ён, маўляў, просіць свяшчэнніка і бакалаўра, калі толькі яны не вельмі заняты і ім не перашкодзяць больш важныя справы, да яго далучыцца, ён, маўляў, мае намер набыць чараду авечак, зусім дастатковую для таго, каб ім усім мець права называцца пастухамі; а яшчэ, маўляў, ён даводзіць да іх ведама, што галоўнае ўжо зроблена, бо імёны для іх ён падабраў, і прытым вельмі прыдатныя. Свяшчэннік пацікавіўся, якія іменна. Дон Кіхот адказаў, што сам ён будзе называцца пастухом Кіхоцісам, бакалаўр — пастухом Карасконам, свяшчэннік — пастухом Прэсвітэрыямбра, а Санча Панса — пастухом Пансіна. Гэты новы прадмет вар’яцтва Дон Кіхота ўразіў свяшчэнніка і бакалаўра, аднак жа, каб ён зноў, дзеля рыцарскіх подзвігаў, не пусціўся ў падарожжы і ў надзеі на тое, што за гэты год ён, магчыма, паправіцца, яны гэту новую яго задуму ўхвалілі і, вар’яцкую яго думку прызнаўшы цалкам разумнаю, згадзіліся разам з ім пачаць працаваць на новым полі дзейнасці.
— І вось яшчэ што,— дадаў Самсон Караска: — усім вядома, што я знакаміты паэт, дык вось, я ўвесь час буду пісаць вершы, каб нам не сумна было бадзяцца ў нетрах. Але самае важнае, васпане мае, каб кожны з нас прыдумаў імя для пастушкі, якую ён мае намер апяваць, і няхай не застанецца ніводнага дрэва з самай трывалай карой, на якім мы гэтыя імёны не напісалі б і не выразалі, як гэта прынята і як гэта заведзена ў закаханых пастухоў.
— Усё гэта правільна,— зазначыў Дон Кіхот,— але толькі мне асабіста няма неабходнасці прыдумваць імя
для ўяўнай пастушкі, калі ў мяне ёсць непараўнальная Дульцынея Табоская, слава навакольных берагоў, упрыгажэнне нашых палёў, светач прыгажосці, мяжа зграбнасці,— словам, тая, якую можна хваліць бясконца, не баючыся перабольшання.
Свяшчэннік яшчэ раз паабяцаў праводзіць з Дон Кіхотам увесь той час, які будзе ў яго заставацца пасля выканання непасрэдных яго абавязкаў. На гэтым ён і бакалаўр з Дон Кіхотам развіталіся, а перад адыходам звярнуліся да яго з просьбай берагчы сваё здароўе і параілі звярнуць асаблівую ўвагу на харчаванне.
Пляменніца і ключніца па волі лёсу чулі гэту размову, і калі свяшчэннік з бакалаўрам пайшлі, яны ўвайшлі ўдзвюх да Дон Кіхота, і тут пляменніца павяла з ім такую размову: