Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
У гэты дзень у дона Антоньё абедалі яго сябры, і ўсе яны адносіліся да Дон Кіхота як да вандроўнага рыцара з асаблівай пашанай, Дон Кіхот жа, набыўшы горды і велічны выгляд, быў у невымоўным захапленні. Досціпы Санча былі такія, што ўсе чалядзінцы, а таксама і ўсе яго слухачы без выключэння, так і глядзелі яму ў рот. За сталом дон Антоньё звярнуўся да Санча з такімі словамі:
-	Дарагі Санча, да нашага ведама дайшло, быццам ты вялікі аматар курніка, а таксама фрыкадэлек і нібы калі ты ўжо сыты па горла, ты хаваеш іх сабе за пазуху на чорны дзень.
—	He, сеньёр, гэта няпраўда,— запярэчыў Санча.Я чалавек ахайны і зусім не такі ненажэра,— мой пан Дон Кіхот, тут прысутны, можа пацвердзіць, што былі часы, калі мы абодва цэлымі тыднямі харчаваліся жменяй жалудоў ці арэхаў. Праўда, іншы раз, калі мне абяцаюць кароўку, я хутчэй бягу па вяроўку: я хачу сказаць, што карыстаюся выпадкам і ем тое, што мне даюць. Калі ж вы пачуеце ад каго, што я ненажэра і неахайны, то лічыце, што гэты чалавек не ўгадаў,— я мог бы інакш сказаць, ды баюся зняважыць слых такой шаноўнай кампаніі.
—	He падлягае сумненню,— аб’явіў Дон Кіхот,— што ўмеранасць і ахайнасць Санча ў ежы варты быць адзначанымі і занатаванымі на медзі, каб гэтыя вартасці
яго вечна жылі ў памяці будучых пакаленняў. Праўда, калі ён галодны, то бывае злёгку пражэрлівы: у такіх выпадках ён жвава працуе сківіцамі і ўплятае за дзве шчакі, затое ў справе ахайнасці ён бездакорны, больш таго, калі ён быў губернатарам, то навучыўся есці асаблівым манерам: ён еў вілкай нават вінаград і гранатавыя зярняткі.
— Як! — усклікнуў дон Антоньё.— Санча быў губернатарам?
— Так,— адказаў Санча,— губернатарам вострава Баратарыя. Дзесяць дзён я кіраваў ім на свой погляд, і за гэтыя дзесяць дзён я страціў дуіпэўны спакой і навучыўся пагарджаць усімі формамі кіравання, якія толькі ёсць на свеце. Я ўцёк адтуль, па дарозе зваліўся ў падзямелле, думаў — канец мне, але ўсё ж такі цудам выратаваўся.
Дон Кіхот падрабязна расказаў гісторыю Санчава губернатарства, чым прынёс слухачам вялікае задавальненне.
У той жа вечар Дон Кіхота спакусілі праехаць па горадзе, але толькі ўгаварылі яго зняць даспехі і адправіцца ў выхадным адзенні і ў плашчы са светлакарычневага сукна, пад якім у тую пару года спацеў бы нават лёд. Каб Санча застаўся дома, слугам было загадана забаўляць яго. Дон Кіхот сядзеў не на Расінанце, а на магутным, багата прыбраным муле, у якога крок быў роўны. Да плашча Дон Кіхота незаўважна для яго прычапілі ззаду пергамент, на якім буйнымі літарамі было напісана: “Дон Кіхот Ламанчскі”. На працягу ўсёй прагулкі надпіс гэты нязменна прыцягваў да сябе ўвагу прахожых,— яны чыталі ўслых: “Дон Кіхот Ламанчскі”, а Дон Кіхот не пераставаў здзіўляцца: хто, маўляў, на яго ні зірне, кожны пазнае яго і называе па імені; і, звярнуўшыся да дона Антоньё, які ехаў з ім побач, ён нарэшце сказаў:
— Вялікай перавагай валодае вандроўнае рыцарства: усім, хто дзейнічае на гэтай ніве, яно прыносіць сусветную вядомасць і славу. На самай справе, сеньёр дон Антоньё, падумайце: у гэтым горадзе нават хлоп-
чыкі — і тыя ведаюць мяне, хоць ніколі раней не бачылі.
— Гэта праўда, сеньёр Дон Кіхот,— пацвердзіў дон Антоньё.— Гэтак жа як полымя нельга схаваць і затаіць, доблесць не можа знаходзіцца ў невядомасці, тая ж доблесць, якую выяўляюць на ратным полі, бярэ верх над усімі іншымі доблесцямі.
Здарылася, аднак жа, так, што калі Дон Кіхот з вышэйапісанай урачыстасцю ехаў па горадзе, нейкі кастылец, прачытаўшы на яго спіне надпіс, крыкнуў:
— Каб цябе чорт узяў, Дон Кіхот Ламанчскі! I як гэта ты сюды дабраўся, не здох па дарозе ад шматлікіх удараў, якія на цябе так і сыпаліся? Ты вар’ят, і калі б ты вар’яцеў адзін на адзін з самім сабой, замкнёны ў сваім вар’яцтве, гэта б яшчэ куды ні ішло, але ты валодаеш здольнасцю зводзіць з розуму і збіваць з панталыку ўсіх, хто толькі з табою мае зносіны і размаўляе,— дастаткова паглядзець на гэтых сеньёраў, якія цябе суправаджаюць. Едзь, прыдурак, дадому, займіся гаспадаркай, клапаціся аб жонцы і дзецях і пакінь сваё глупства, якое толькі збядняе мозг і мучыць розум!
— Ідзіце ж, браток, сваёй дарогай,— сказаў дон Антоньё, і не давайце парад, калі ў вас іх не просяць. Сеньёр Дон Кіхот Ламанчскі чалавек вельмі разважлівы, ды і мы, хто яго суправаджае, не дурні. Доблесць заўсёды патрэбна шанаваць, дзе б яна ні сустрэлася. Прэч к чорту і не ў сваю справу не лезьце!
— А вы ж, далібог, маеце рацыю,заўважыў кастылец: раіць штосьці гэтаму малайцу — усё роўна што ваду ў ступе таўчы. Аднак жа з усім тым мяне бярэ злосць, што такі ясны розум, які, як я чуў, ва ўсім астатнім праяўляе гэты вар’ят, растрачвае сябе на вандроўнае рыцарства. Але толькі хутчэй я сам і ўсе мае нашчадкі, як зрабіла ласку выказацца ваша міласць, пойдзем прэч к чорту, чым надалей калі пражыву я нават больш за Мафусаіла я каму-небудзь дам параду, хоць бы ў мяне яе і прасілі.
Дарадчык пайшоў далей; прагулка працягвалася; аднак хлопчыкі і кожны іншы так старанна чыталі надпіс, што дон Антоньё ўрэшце вырашыў лепш зняць яго, зрабіўшы, зрэшты, выгляд быццам ён здымае штосьці іншае.
Аднойчы раніцай Дон Кіхот, апрануты ва ўсе свае даспехі, бо ён любіў паўтараць, што яго ўбор — гэта яго даспехі, а ў лютай бітве — яго спакой, і таму не расставаўся з імі ні на імгненне, выехаў прагуляцца па набярэжнай і раптам убачыў, што насустрач яму едзе рыцар, узброены, як і ён, з галавы да ног, пры гэтым на шчыце ў яго быў намаляваны зіхоткі месяц; наблізіўшыся на такую адлегласць, адкуль яго можна было пачуць, рыцар павысіў голас і звярнуўся да Дон Кіхота з такой прамовай:
— Найславуты і яшчэ недастаткова ацэнены рыцар Дон Кіхот Ламанчскі! Я той самы Рыцар Белага Месяца, бяспрыкладныя справы якога, ужо дакладна, ты памятаеш. Я маю намер пазмагацца з табой і выпрабаваць моц тваіх рук, каб ты прызнаў і пацвердзіў, што мая пані, хто б яна ні была, бясконца прыгажэйшая за тваю Дульцынею Табоскую, і калі ты адкрыта ў гэтым прызнаешся, то сябе самога пазбавіш ад смерці, мяне ж — ад клопату забіваць цябе. Калі ж ты пажадаеш са мною біцца і я цябе адолею, то ў выглядзе задавальнення я запатрабую толькі, каб ты склаў зброю і, адмовіўшыся ад далейшых пошукаў прыгод, вярнуўся ў родную сваю вёску і адасобіўся тэрмінам на адзін год і, не дакранаючыся да мяча, пачаў жыць у мірнай цішыні і дабрадзейным спакоі, бо таго патрабуюць рост дастатку твайго і выратаванне тваёй душы. Калі ж ты мяне адолееш, то ў гэтым выпадку ты можаш адсячы мне галаву, даспехі мае і конь дастануцца табе, слава ж пра мае подзвігі дабавіцца да тваёй славы. Такім чынам, выбірай любое і з адказам не марудзь, таму што я маю намер сягоння ж з гэтай справай пакончыць.
Дон Кіхот быў здзіўлены і азадачаны як дзёрзкім
тонам Рыцара Белага Месяца, так і прычынаю выкліку, і ён строга, зрэшты захоўваючы знешні спакой, яму адказаў:
— Рыцар Белага Месяца, пра подзвігі вашы я да гэтага часу нічога не чуў, і я гатоў паклясціся, што вы ніколі не бачылі самай яснавяльможнай Дульцынеі Табоскай: я перакананы, што калі б вы яе бачылі, то ўстрымаліся б ад такога выкліку, бо, убачыўшы перад сабой яе, вы адразу ж упэўніліся б, што не было і не можа быць на свеце прыгажуні, якая зраўнялася б з Дульцынеяй. Таму я не буду гаварыць, што вы хлусіце, а скажу, што вы памыляецеся; выклік жа, які вы мне зрабілі, я на ўказаных вамі ўмовах прымаю і прапаноўваю правесці бой зараз жа, не адкладваючы на іншы дзень. Адзінае, з чым я не магу пагадзіцца,— гэта каб слава пра вашы подзвігі перайшла да мяне, бо мне невядома, якія яны і што сабой уяўляюць; з мяне дастаткова маіх, якія б яны ні былі. Выбірайце ж любое месца на полі бою, я выберу сабе, а там што бог дасць.
У горадзе ўжо заўважылі Рыцара Белага Месяца і паведамілі віцэ-каралю як пра самога рыцара, так і пра тое, што ён распавёў размову з Дон Кіхотам Ламанчскім. Віцэ-кароль разам з донам Антоньё і вялікай колькасцю іншых кавальера паспяшаўся на набярэжную і прыбыў туды якраз у тую хвіліну, калі Дон Кіхот паварочваў Расінанта, каб разагнацца. Убачыўшы, што коннікі вось-вось наляцяць адзін на другога, віцэ-кароль стаў паміж імі і спытаў, што за прычына такой раптоўнай бітвы. Рыцар Белага Месяца адказаў, што спрэчка ў іх зайшла аб тым, хто першая прыгажуня ў свеце, і, сцісла паўтарыўшы ўсё тое, аб чым ён ужо казаў Дон Кіхоту, пералічыў умовы паядынку, прынятыя абодвума бакамі. Віцэ-кароль наблізіўся да дона Антоньё і ціха спытаў, ці ведае ён, хто такі Рыцар Белага Месяца, і ці не намераны ён пажартаваць з Дон Кіхота. Дон Антоньё яму адказаў, што рыцара ён не ведае і не ведае таксама, жартам або па-
сапраўднаму выклікае ён Дон Кіхота на паядынак. Адказ дона Антоньё збянтэжыў віцэ-караля, і ён вагаўся, дазволіць ці забараніць адзінаборства; і ўсё ж ён не мог дапусціць думкі, што гэта не жартоўны паядынак, а таму ад’ехаў убок і сказаў:
— Сеньёры кавальера, раз у кожнага з вас няма іншага выйсця, апрача як прызнаць слушнасць свайго праціўніка або памерці, між тым сеньёр Дон Кіхот працягваў настойваць на сваім, а ваша міласць, Рыцар Белага Месяца,— на сваім, то пачынайце з богам.
Рыцар Белага Месяца далікатнымі і дасціпнымі выразамі падзякаваў віцэ-каралю за тое, што ён ім дазволіў правесці бой, і з такой жа прамовай звярнуўся да віцэ-караля Дон Кіхот. Затым, цалкам аддаўшы сябе заступніцтву сіл нябесных, а таксама і заступніцтву Дульцынеі (як гэта ён звычайна рабіў перад пачаткам кожнай бітвы), Дон Кіхот зноў узяў невялікі разбег, бо заўважыў, што яго праціўнік таксама бярэ разгон, пасля чаго, без трубнага гуку і без якоганебудзь іншага сігналу да бою, рыцары адначасова павярнулі коней і рынуліся насустрач адзін другому. Але конь Рыцара Белага Месяца аказаўся шпарчэйшым і паспеў прабегчы дзве трэці адлегласці, якая падзяляла іх, і тут Рыцар Белага Месяца, не пускаючы ў ход кап’я (якое ён, відаць, знарок падняў уверх) з такой лютай сілай наляцеў на Дон Кіхота, што той разам з Расінантам грымнуўся на зямлю. Рыцар Белага Месяца імгненна апынуўся каля яго і, прыставіўшы да яго забрала кап’ё, прамовіў:
— Вы пераможаны, рыцар, і вы памраце, калі не пажадаеце выканаць умовы нашага паядынку.