Дон Кіхот
Мігель дэ Сервантэс
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
Выслухаўшы параду Дон Кіхота, Роке ўсміхнуўся. Тым часам вярнуліся разбойнікі, якія хадзілі на промысел і прыгналі двух верхавых на мулах, двух пешых паломнікаў, карэту, у якой ехалі нейкія дамы і якую суправаджалі чалавек шэсць слуг, пешых і конных, і, нарэшце, двух паганятых, што слугавалі коннікам. Разбойнікі ачапілі іх усіх, пры гэтым і пераможаныя і пераможцы захоўвалі поўнае маўчанне, чакаючы, што скажа сам Роке Гінарт. Атаман жа спытаў коннікаў, што яны за людзі, куды шлях трымаюць і колькі ў іх з сабой грошай. На гэта яму адзін з коннікаў адказаў так:
— Сеньёр, мы абодва — афіцэры іспанскай пяхоты.
часці нашы стаяць у Неапалі, мы ж накіроўваемся ў Барселону, адкуль, наколькі нам вядома, павінны адысці галеры ў Сіцылію. Грошай у нас не то дзвесце, не то трыста эскуда, і мы лічылі сябе багатымі і былі задаволены лёсам: салдаты ж звычайна такія бедныя, што пра большыя скарбы яны і марыць не адважваюцца.
3 тымі ж самымі пытаннямі звярнуўся Роке да паломнікаў,— яны яму адказалі, што маюць намер адплыць у Рым і што ў іх абодвух, бадай, набярэцца шэсцьдзесят рэалаў. Затым Роке пацікавіўся, хто едзе ў карэце, куды іменна і колькі вязуць з сабой грошай, на што адзін з конных слуг адказаў так:
— У карэце едзе мая пані, донна Гіямар дэ Кіньёнас, жонка вярхоўнага суддзі ў Неапалі, а з ёю малалетняя яе дачка, служанка і дуэння. Суправаджаюць іх шэсць слуг, а грошай у іх з сабой шэсцьсот эскуда.
Такім чынам,разважыў Роке Гінарт,— у нас тут усяго дзевяцьсот эскуда і шэсцьдзесят рэалаў, людзей жа ў мяне каля шасцідзесяці. Праверым, колькі дастанецца на брата, а то ж я лічыльнік дрэнны.
Тут разбойнікі дружна ўсклікнулі:
— Шмат гадоў жыць Роке Гінарту на гора ўсім нягоднікам, што шукаюць яго пагібелі!
Афіцэры былі, відаць, засмучаны, жонка вярхоўнага суддзі зажурылася, ды і паломнікі зусім не павесялелі, даведаўшыся, што грашовыя сродкі будуць у іх адабраны. 3 хвіліну Роке трымаў усіх у стане пакутлівай невядомасці, затым, вырашыўшы не мучыць іх далей,— а мучэнне было напісана на іх тварах,— звярнуўся да афіцэраў і зноў загаварыў:
— Панове афіцэры, будзьце ласкавы, дайце мне, калі ласка, шэсцьдзесят эскуда, а ў жонкі вярхоўнага суддзі я папрашу восемдзесят,так мае людзі будуць задаволены. Вы ж самі ведаеце: non тым жыве, што малітвы спявае. А затым вы можаце спакойна і бесперашкодна працягваць свой шлях: я вам выдам ахоўную грамату, каб у выпадку, калі вас спыніць яшчэ які-небудзь з маіх атрадаў, раскіданых па ўсёй акру-
зе, ён вас не чапаў, бо крыўдзіць воінаў, а таксама жанчын не ўваходзіць у мае намеры.
Афіцэры бясконца і самымі далікатнымі выразамі дзякавалі Роке за тое, што ён так ветліва і велікадушна пакідае ім іх жа ўласныя грошы. Сеньёра донна Гіямар дэ Кіньёнас хацела была выскачыць з карэты і пацалаваць славутаму атаману рукі і ногі, але ён гэтаму рашуча запярэчыў, болып таго: ён сам папрасіў яе дараваць яму тую непрыемнасць, якую ён вымушаны быў прычыніць ёй, бо таго вымагала няшчаснае яго рамяство. Жонка вярхоўнага суддзі загадала аднаму са сваіх слуг неадкладна выдаць належныя ад яе восемдзесят эскуда, афіцэры ж адлічылі шэсцьдзесдт. Паломнікі ж, са свайго боку, таксама гатовы былі расстацца з мізэрнымі сваімі грашамі, але Роке сказаў, каб яны не турбаваліся, а затым, звярнуўшыся да сваіх людзей, распарадзіўся:
— Кожны з вас атрымае з гэтых грошай па два эскуда, застаецца дваццаць: дзесяць з іх мы аддадзім паломнікам, а астатнія дзесяць — слаўнаму спадарожніку гэтага рыцара, каб ён не ўспамінаў ліхам сягонняшнюю прыгоду.
Калі Роке падалі пісьмовыя прыналежнасці, якія ён усюды вазіў з сабой, ён склаў ахоўную грамату на імя важакоў усіх сваіх атрадаў, а затым, развітаўшыся з палоннымі, адпусціў іх з мірам. Пасля гэтага ён адышоў убок і напісаў пісьмо да свайго барселонскага сябра, у якім паведамляў яму аб тым, што зараз у яго знаходзіцца шаноўны Дон Кіхот Ламанчскі, той самы вандроўны рыцар, аб якім столькі існуе аповедаў, даводзіў да яго ведама, што гэта самы цікавы і самы разважлівы чалавек на свеце і што праз некалькі дзён, а іменна ў дзень святога Іаана Хрысціцеля, ён, Роке, даставіць яго ў поўным узбраенні, вярхом на Расінанце на барселонскую набярэжную, а разам з ім і яго збраяносца Санча Пансу вярхом на асле. Пісьмо гэта Роке аддаў аднаму са сваіх таварышаў, і той, памяняўшы разбойніцкае адзенне на сялянскае, прабраўся ў Барселону і ўручыў пісьмо па прызначэнні.
Р а з д з е л XLIII.
Аб тым, што здарылася з Дон Кіхотам пры ўездзе ў Барселону, таксама як і аб іншых рэчах, цалкам праўдападобных з усёй іх бачнай недарэчнасцю
Тры дні і тры ночы правёў Дон Кіхот у кампаніі Роке, але калі б пражыў ён з ім і трыста гадоў, усё роўна не пераставаў бы са здзіўленнем назіраць, як жывуць разбойнікі. Прачыналіся яны ў адным месцы, абедалі ў іншым; то раптам уцякалі, не ведаючы ад каго, то невядома чаго чакалі. Спалі яны на хаду, штохвілінна перапыняючы сон і бесперапынна вандруючы. Увесь час яны высылалі разведчыкаў, выслухоўвалі дазорных, раздзьмухвалі кнаты аркебуз,— зрэшты, аркебуз у іх было няшмат, амаль усе разбойнікі былі ўзброены крамянёвымі пісталетамі. На ноч Роке адасобліваўся ў ціхія мясціны, нікому з яго людзей невядомыя, бо іпматлікія ўказы барселонскага віцэ-караля*, у якіх была ацэнена галава атамана, трымалі яго ў стане вечнай трывогі і страху; ён нікому не давяраў, ён баяўся, што яго заб’юць або выдадуць уладам свае ж. Сапраўды нікчэмнае і цяжкае жыццё!
Нарэшце даўно няезджанымі дарогамі, глухімі і патаемнымі сцяжынамі Роке, Дон Кіхот і Санча разам з шасцю разбойнікамі дабраліся да Барселоны. На набярэжную яны прыехалі ўночы напярэдадні Іаана Хрысціцеля, і тут Роке, абняўшы спачатку Дон Кіхота, а затым Санча, пасля доўгіх узаемных пачцівасцей паехаў.
Роке знік, а Дон Кіхот як быў, вярхом на кані, застаўся чакаць світання. І сапраўды: неўзабаве ў вокнах усходу паказаўся светлы твар Аўроры. У тую ж самую хвіліну слых Дон Кіхота і Санча быў прыемна здзіўлены гукамі мноства труб і барабанаў, звонам бразготак і крыкамі людзей: “Расступіся! Расступіся!”, што даносіліся, відаць, з боку горада. Аўрора ўступіла сваё месца сонцу, і твар яго, большы за шчыт, пачаў паволі падымацца над гарызонтам.
Дон Кіхот і Санча, азірнуўшыся па баках, упершыню ў жыцці ўбачылі мора, і яно падалося ім вялізным і бясконцым. Каля прыстані стаялі галеры; тэнты на іх былі спушчаны, і вока адрознівала мноства вымпелаў і сцягоў, якія развяваліся на ветры і нібы дакраналіся да вады; з галер даносіліся гукі ражкоў, труб і габоеў, і паветра як паблізу, так і далёка напаўнялася то пяіпчотнымі, то ваяўнічымі мелодыямі. Але вось па ціхай вадзе заслізгацелі судны: пачалася забаўная марская бітва, а ў гэты самы час на беразе незлічоная сіла ўпрыгожаных коннікаў, якія прыбылі з горада на цудоўных конях, распачалі гэту пацеху. На галерах чулася несціханая пальба, адначасова страдялі з гарадскіх сцен і з фартоў. Крапасная артылерыя жахлівым сваім грукатам трэсла паветра, радасная зямля, празрыстае паветра, якое толькі часам зацягваў гарматны дым,— усё гэта выклікала і нараджала ў сэрцах людзей бурнае захапленне. Санча ж адмаўляўся разумець, адкуль у гэтых гмахах, што рухаюцца па вадзе, бярэцца столькі ног.
Тым часам коннікі з шумнымі і радаснымі крыкамі падскакалі ўшчыльную да здзіўленага і ашаломленага Дон Кіхота, і адзін з іх, той самы, якому пісаў Роке, звярнуўся да Дон Кіхота і гучна ўсклікнуў:
— Калі ласка, у наш горад, люстэрка, маяк, светач і пуцяводная зорка вандроўнага рыцарства, доблесны Дон Кіхот Ламанчскі!
Дон Кіхот не адказаў на гэта ні слова, ды коннікі і не сталі чакаць адказу; яны гарцавалі і выкідвалі вольты разам з іншымі. Дон Кіхот жа, вакол якога адбываліся самыя сапраўдныя скачкі, звярнуўся да Санча і сказаў:
— Гэтыя людзі, па ўсёй верагоднасці, нас пазналі. Б’юся аб заклад, што яны прачыталі праўдзівую аповесць пра нас.
Коннік, які вітаў Дон Кіхота, зноў наблізіўся да яго і сказаў:
Сеньёр Дон Кіхот, паехалі, ваша міласць, з намі: мы пакорныя вашы слугі і шчырыя сябры Роке Гінарта.
- Вядзіце мяне куды вам захочацца,— адказаў Дон Кіхот,— мая воля — гэта ваша воля.
Той адказаў яму не менш далікатна, а затым коннікі, акружыўшы Дон Кіхота з усіх бакоў, пад гукі труб і барабанаў разам з ім накіраваліся ў горад; калі ж яны ўязджалі ў горад, то, падбухтораныя злым духам, які толькі і робіць, што сее зло, два гарэзлівыя і адважныя хлопчыкі,— а хлопчыкі бываюць іншы раз хітрэйшыя за самога чорта,— прабраліся праз натоўп і, задраўшы хвасты осліку і Расінанту, сунулі туды па пучку дзікага цёрну. Адчуўшы гэты новы від шпораў, бедныя жывёліны падцялі былі хвасты, але ад гэтага непрыемныя адчуванні толькі ўзмацніліся. Яны пачалі адчайна брыкацца і ўрэшце скінулі сваіх седакоў на зямлю. Дон Кіхот, засаромлены і збянтэжаны, паспяшаўся выцягнуць гэты плюмаж з-пад хваста сваёй клячы, Санча ж прыйшоў на дапамогу шэраму. Тыя, хто суправаджаў Дон Кіхота, хацелі былі пакараць хлопчыкаў за іх звышсвавольства, але ім гэта не ўдалося, таму што гарэзы ўціснуліся ў натоўп іншых хлопчыкаў, якія беглі следам за імі.
Дон Кіхот і Санча зноў селі вярхамі і пад гукі ўсё той жа музыкі і ўсё гэтак жа ўрачыста пад’ехалі да дома іх важатага, вялікага і прыгожага, адным словам, такога, якімі бываюць дамы багатых кавальера, і тут мы Дон Кіхота і Санча часова пакінем.
Р а з д з е л XLIV, які апавядае аб прыгодзе, што прынесла Дон Кіхоту больш гора, чым усе, якія ў яго былі да гэтага часу
Дон Антоньё Марэна так звалі гаспадара Дон Кіхота быў кавальера багаты і дасціпны, аматар прыстойных і прыемных забаў; заманіўшы Дон Кіхота да сябе дамоў, ён пачаў шукаць спосабы выяўлення перад усімі яго вар’яцтва, але толькі так, каб самому Дон Кіхоту ніякай шкоды ад гэтага не атрымалася, бо
жарт, ад якога становіцца балюча, гэта ўжо не жарт, і нікуды не варта тая забава, ад якой бывае шкода іншаму. Перш-наперш ён загадаў зняць з Дон Кіхота даспехі, а затым, калі той застаўся ў вузкім вярблюджым камзоле, вывеў яго на балкон, які выходзіў на адну з самых людных вуліц горада, напаказ усяму народу і хлопчыкам,' што глядзелі на яго, як на малпу. Перад вачамі Дон Кіхота зноў загарцавалі коннікі, і, гледзячы на іх, можна было падумаць, што прыбраліся яны так для яго аднаго, а не з выпадку свята. Санча між тым радаваўся: яму ўяўлялася, што ён бог ведае якім лёсам зноў трапіў ці то на вяселле да Камача, ці то ў герцагскі замак.