Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
а без грошай усё-такі ніколі не сядзіць. Сеньёра герцагіня табе перадасць, што ў мяне з’явілася ахвота з’ездзіць у сталіцу; падумай і адпішы мне, ці згодзен ты, а я ўжо буду там раз’язджаць у карэце і пастараюся цябе не зняславіць.
Свяшчэннік, цырульнік, бакалаўр і нават псаломшчык ніяк не могуць паверыць, што ты — губернатар, і гавораць, што гэта насланнё або чараўніцтва, як і ўсё, што тычыцца твайго пана Дон Кіхота, а Самсон кажа, што ён цябе адшукае і выб’е ў цябе з галавы губернатарства, з Дон Кіхота ж выб’е яго дзівацтва, a я з гэтага толькі пасміхаюся ды паглядваю на нітку каралаў і прыкідваю, якая сукенка выйдзе з твайго кафтана для нашай дачушкі.
Паслала я сеньёры герцагіні крыху жалудоў,ужо як бы мне хацелася, каб яны былі залатыя! Калі ў вас на востраве носяць жамчужныя каралі, то некалькі такіх караляў прышлі мне.
Навіны ў нас у вёсцы такія: Беруэка выдала сваю дачку за нейкага ўбогага маляра, які прыехаў у нашу вёску маляваць што давядзецца; савет наш заказаў яму намаляваць каралеўскі герб над варотамі аюнтам’ента* — ён запрасіў два дукаты, яму далі іх наперад, ён з тыдзень прапоркаўся, але так нічога і не намаляваў: мне, кажа, столькі ўсякай усячыны намаляваць не пад сілу. Грошы вярнуў, а жаніцца ўсё-такі ажаніўся: паспеў пыл пусціць у вочы, што ён добры майстар; на самай жа справе пэндзалі ён цяпер закінуў, узяўся за рыдлёўку і ходзіць сабе ў поле, быццам памешчык. У гэтым годзе алівы ў нас не ўрадзілі, ды і воцату ва ўсёй вёсцы не знойдзеш ні кроплі. Дачка вяжа карункі, зарабляе восем мараведзі ў дзень гатоўкай і хавае ў капілку — збірае на пасаг, ну а паколькі яна цяпер губернатарская дачка, то і няма патрэбы ёй дзеля гэтага працаваць: ужо ты дасі ёй на пасаг. Фантан у нас на плошчы высах; у ганебны слуп ударыла маланка; дай бог, каб усім гэтым слупам быў такі ж канец.
Чакаю адказу на гэта пісьмо і рашэння адносна
маёй паездкі ў сталіцу. А цяпер няхай пашле табе бог больш гадоў жыцця, чым мне самой, ці, лепш, столькі ж, a то не хацелася б мне пакідаць цябе аднаго на белым свеце.
Твая жонка
Тэрэса Панса”.
Пісьмы гэтыя выклікалі захапленне, смех, пахвалу і здзіўленне, а тут яшчэ ў дадатак да ўсяго з’явіўся ганец, той самы, з якім Санча паслаў пісьмо да Дон Кіхота, і пісьмо гэта таксама было прачытана ўголас, пасля чаго дурасць губернатара была пастаўлена пад сумненне. Герцагіня павяла да сябе ганца, каб распытаць, як яго прымалі ў вёсцы Санча, і той, нічога не прапусціўшы, падрабязна выклаў усе акалічнасці; затым ён даў герцагіні жалуды і сыр, што таксама ёй паслала Тэрэса, якая лічыла той сыр вельмі добрым. Герцагіня прыняла сыр з вялікай радасцю, і тут мы яе і пакінем, каб расказаць, чым скончылася губернатарства вялікага Санча Пансы, красы і люстэрка астраўных губернатараў.
Згаданы Санча на сёмую ноч свайго губернатарства, сыты не хлебам і віном, а судовым разборам, вынясеннем прысудаў, складаннем кодэксаў і выданнем надзвычайных законаў, знаходзіўся ў ложку і сон знарок і насуперак голаду пачынаў ужо сплюшчваць яго павекі, як раптам пачуліся такія шумныя крыкі і такі аглушальны гул званоў, што можна было падумаць, быццам востраў правальваецца скрозь зямлю. Санча сеў на ложку і пачаў прыслухоўвацца, спрабуючы ўгадаць, якая прычына такога вялікага перапалоху;аднакжа ёнтак іне здагадаўся,наадварот: неўзабаве да шуму галасоў і гулу званоў прымяшаліся трубны гук і барабанны бой, і тут Санча канчаткова збянтэжыўся і перапалохаўся; ён ускочыў, абуў туфлі, бо падлога ў спальні была халодная, і, не паспеўшы нават накінуць халат ці штосьці падобнае, наблізіўся да дзвярэй і ўбачыў, што па калідоры бягуць больш за дваццаць чалавек з запаленымі факеламі і вынятымі
шпагамі ў руках; пры гэтым усе яны гучна крычалі:
— Да зброі, да зброі, сеньёр губернатар! Да зброі, бо незлічоная сіла ворагаў уварвалася на наш востраў! Мы загінем, калі толькі ваша знаходлівасць і стойкасць нас не выратуюць!
3 гэтымі крыкамі, раз’юшаны і збянтэжаны натоўп дабег да Санча, здзіўленага і ашаломленага ўсім, што ён бачыў і чуў, і, дабегшы, адзін з натоўпу сказаў:
— Узбройвайцеся, ваіпа правасхадзіцельства, калі не хочаце загінуць самі і загубіць увесь наш востраў!
Ды навошта мне ўзбройвацца! — усклікнуў Санча.Хіба я што-небудзь разумею ва ўзбраенні і ў абароне? Гэту справу лепш за ўсё ўскласці на майго пана Дон Кіхота,— ён бы імгненна з гэтым пакончыў і адбіў напад, а я, грэшны чалавек, у такой сумятні губляю галаву.
— Ах, сеньёр губернатар! — усклікнуў другі.— Ці дарэчы такая бесклапотнасць? Узбройвайцеся, ваша міласць, мы вам прынеслі зброю як для наступлення, так і для абароны. Выходзьце на плошчу, будзьце нашым важаком і палкаводцам, бо вам, нашаму губернатару, справядліва належыць гэты гонар.
— Добра, узбройвайце мяне,— прамовіў Санча.
У тую ж хвіліну былі прынесены два шчыты, дзеля гэтага загадзя прызапашаныя, і прыстаўлены да грудзей і да спіны Санча проста на кашулю, надзець жа яшчэ што-небудзь яму не дазволілі; рукі яму прасунулі ў знарок для гэтага зробленыя дзіркі, а затым вельмі моцна сцягнулі яго вяроўкамі, так што ён быў сціснуты і, не маючы магчымасці сагнуць ногі ў каленях або зрабіць крок, трымаўся прама, як палка. У рукі яму далі кап’ё, і каб утрымацца на нагах, ён на яго абапёрся. Калі ж ён быў такім чынам адзеты ў даспехі, яму сказалі, каб ішоў наперад, вёў за сабой іншых і падымаў дух войска і што калі, маўляў, ён дасць згоду быць іх пуцяводнаю зоркаю, кнотам і светачам, то ўсё скончыцца добра.
— Ды як жа я, няшчасны, пайду,— запярэчыў Сан-
ча,— калі я не магу нават паварухнуць каленнымі чашачкамі, таму што мяне не пускаюць вось гэтыя дошкі, якія проста прыліплі да маёй скуры? Адзінае, што вам застаецца,— гэта ўзяць мяне на рукі і ўставіць старчма або наўскасяк у якую-небудзь брамку, і я буду яе абараняць кап’ём або ўласным целам.
Ідзіце, сеньёр губернатар,— сказаў хтосьці з натоўпу,вас не пускаюць не столькі дошкі, колькі страх. Саўладайце сабой і паспяшайцеся, a то будзе позна: вораг усё прыбывае, крыкі ўзмацняюцца, небяспека ўзрастае.
Урэшце ўгаворы і ганьбаванні падзейнічалі: бедны губернатар зрабіў быў спробу крануцца з месца, але тут жа з усяго размаху грымнуўся аб падлогу, так што ў яго іскры з вачэй пасыпаліся. Ён застаўся ляжаць на падлозе, быццам чарапаха, замураваная паміж верхнім і ніжнім шчытом, ці нібы кумпяк паміж дзвюма бляхамі, або, нарэшце, як лодка, якая ўрэзалася носам у пясок; між тым у насмешнікаў яго падзенне не выклікала ніякай літасці, наадварот: яны патушылі факелы і яшчэ гучней закрычалі, з яшчэ болыпай настойлівасцю пачалі заклікаць да зброі і, пераскокваючы цераз беднага Санча, з такой лютасцю забарабанілі мячамі па яго шчытах, што калі б гаротны губернатар не падкурчыў ногі і не ўцягнуў галаву пад шчыты, то яму б не паздаровілася; абмежаваны і сціснуты да немагчымага, ён абліваўся потам і горача маліўся богу, каб ён пазбавіў яго ад гэтай навалы. Адны на яго натыкаліся, іншыя падалі, а нехта нават узлез на яго і, нібы з вартаўнічай вышкі, пачаў камандаваць войскам і крычаць на ўсю моц:
— Гэй, нашы, сюды! Праціўнік больш за ўсё адціскае нас з гэтага боку! Ахоўвайце гэты ўваход! Зачыніце вароты! Загарадзіце лесвіцы! Цягніце сюды запальныя прылады, ліце вар і смалу ў катлы з кіпячым алеем! Перагарадзіце вуліцы матрацамі!
Словам, ён старанна пералічваў усялякія вайсковыя рэчы, разнастайныя гарматы і баявыя прыпасы, неабходныя для таго, каб адстаяць горад, між тым як
моцна пабіты Санча ўсё гэта слухаў, цярпеў і гаварыў сабе: “О божа, зрабі так, каб востраў як мага хутчэй быў узяты, а мяне ці забілі, ці вызвалілі з гэтай лютай бяды!” Неба пачула яго просьбы, бо неспадзявана пачуліся крыкі:
— Перамога! Перамога! Вораг разбіты! Сеньёр губернатар, а сеньёр губернатар! Уставайце, ваша міласць! Спяшайцеся выкарыстаць вынікі перамогі і размеркаваць трафеі, захопленыя ў праціўніка, дзякуючы цвёрдасці і смеласці вашага духу!
Падыміце мяне,слабым голасам прамовіў змучаны Санча.
Яму дапамаглі ўстаць, і, падняўшыся з падлогі, ён сказаў:
— Плюньце мне ў вочы, калі я і сапраўды кагосьці перамог. He жадаю я размяркоўваць трафеі, я прашу і малю аб адным: хто-небудзь з вас, будзьце сябрам, дайце мне глыточак віна, а то ў мяне ўсё ў горле перасохла, і вытрыце мяне, а то я ўвесь змок ад поту.
Калі ж Санча абцёрлі, прынеслі яму віна і знялі з яго шчыты, ён сеў на ложак і тут жа ад страху, хвалявання і стомленасці страціў прытомнасць. Нашых жартаўнікоў пачынала ўжо мучыць сумленне, што забава іх аказалася такой пакутлівай для Санча, аднак Санча хутка ачуняў, і гэта іх суцешыла. Санча пацікавіўся, колькі часу; яму адказалі, што ўжо днее. Ён ні аб чым больш не пытаўся і без усякіх размоў, захоўваючы поўнае маўчанне, пачаў апранацца. Прысутныя глядзелі на яго і не маглі зразумець, якая мэта такога паспешнага апранання. Нарэшце ён апрануўся і, ледзь перастаўляючы ногі, бо ён быў моцна пабіты і рухаўся з цяжкасцю, накіраваўся да стайні, а за ім пайшлі ўсе іншыя; ён жа наблізіўся да шэрага, абняў яго, і ў знак прывітання пацалаваў у лоб і, праслязіўшыся, загаварыў:
— Прыйдзі да мяне, мой таварыш і сябар, які дзяліў са мною клопаты і беды! У той час, калі я з табой вадзіўся і не меў іншых турбот, апрача рамонту тваёй збруі і падтрымання жыцця твайго, гадзіны мае, дні і
ночы праходзілі шчасліва, але варта было мне цябе пакінуць і ўзысці на вежы славалюбства і ганарлівасці, як мяне пачалі даймаць тысячы нягод, тысячы пакут і некалькі тысяч турбот.
Вымаўляючы такія словы, Санча адначасова сядлаў асла, ніхто з прысутных яго не перапыняў. Як толькі ён асядлаў шэрага, то з немалой цяжкасцю і з немалымі пакутамі залез на яго і, звярнуўшыся да аканома, сакратара, дварэцкага, доктара Педра Нясцерпна і да многіх іншых, якія прысутнічалі тут, пачаў так:
—	Дайце дарогу, васпане мае, і дазвольце мне вярнуцца да ранейшай маёй волі. Я не народжаны быць губернатарам і абараняць астравы і гарады ад нашэсця варожых полчышчаў. Я куды лепш умею араць і капаць зямлю, падразаць і адсаджваць вінаград, чым выдаваць законы і абараняць правінцыі і каралеўствы. Кожны павінен займацца той справай, для якой ён народжаны, і мне больш да твару трымаць у руцэ серп, чым жазло губернатара. Лепш мне ўволю есці поліўку, чым залежыць ад скнарлівасці нахабнага лекара, які морыць мяне голадам. І я аддаю перавагу ў летні час разваліцца пад дубам, а зімой накрыцца шкурай двухгадовага барана, але толькі ведаць, што ты сам сабе пан, чым пад прыгнётам губернатарства спаць на прасцінах з галандскага палатна і насіць сабаліныя футры. Заставайцеся з богам, вашы міласці, і скажыце сеньёру герцагу, што голым я нарадзіўся, голым увесь свой век пражыць умудрыўся: я хачу сказаць, што заняў я пасаду губернатара без гроша ў кішэні і без гроша адсюль адыходжу — у процілегласць таму, як звычайна ад’язджаюць з астравоў губернатары. А цяпер адыдзіце і прапусціце мяне: я еду лячыцца пластырамі, а то ў мяне, відаць, ніводнага здаровага рабра не засталося па міласці ворагаў, якія сягоння ноччу па мне прайшлі.