Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— Губернатарскім дочкам не пасуе ездзіць адным, без вялікай колькасці слуг, без карэт, без насілак.
Далібог, мне ўсё роўна: што вярхом на асліцы, што ў карэце,— запярэчыла Марысанча.— Вось ужо я ніколечкі не пераборлівая!
— Маўчы, дачушка,сказала Тэрэса,— ты сама не ведаеш, што гаворыш! Сеньёр казаў справядліва. Часы мяняюцца: калі бацька твой — проста Санча, дык і ты Марысанча, а калі ён — губернатар, дык і ты — сеньёра. Здаецца, я правільна разважаю.
— Сеньёра Тэрэса разважае нават правільней, чым гэта ёй здаецца,— зазначыў паж.— Дайце ж мне перакусіць і адпусціце, я маю намер вярнуцца яшчэ дацямна.
Тут свяшчэннік яму сказаў:
— Прашу пакорна вашу міласць са мной паесці, a то сеньёра Тэрэса пры ўсім жаданні наўрад ці зможа як мае быць пачаставаць такога дарагога госця.
Паж спачатку адмовіўся, але ўрэшце вырашыў, што
так будзе лепш, і свяшчэннік павёў яго да сябе, радуючыся магчымасці распытаць ганца ў вольны час пра Дон Кіхота і яго справы.
Бакалаўр прапанаваў Тэрэсе напісаць за яе пісьмы ў адказ, аднак жа ёй не хацелася, каб бакалаўр лез у яе справы, бо яна ведала яго як насмешніка, а таму аднесла буханачку хлеба і пару яек пісьменнаму царкоўнаму служку, і той напісаў ёй два пісьмы, на якіх ляжыць адбітак Тэрэсінай разважлівасці: адно да мужа, другое — да герцагіні, і з тых, якія прыводзяцца ў гэтай вялікай гісторыі, яны зусім не самыя горшыя, што будзе відаць з далейшага.
Р а з д з е л XXXIX.
Аб тым, як Санча Панса губернатарнічаў далей, а таксама і аб іншых сапраўды славутых падзеях
Дзень змяніў тую ноч, у якую губернатар абыходзіў свой востраў. Калі ж сеньёр губернатар захацеў устаць, па распараджэнні доктара Педра Нясцерпна яму было прапанавана на сняданак крыху варэння і некалькі глыткоў халоднай вады, што Санча ахвотна прамяняў бы на лусту хлеба і гронку вінаграду; аднак жа, бачачы, што выбар страў не ад яго залежыць, ён, на вялікі жаль сваёй душы і пакуту для свайго страўніка, пакарыўся і пранікся довадамі Педра Нясцерпна, які сцвярджаў, што ўмераная і лёгкая ежа садзейнічае ажыўленню разумовай дзейнасці, у чым асабліва маюць патрэбу асобы, якія стаяць каля стырна ўлады і займаюць важныя пасты, што патрабуюць не столькі сіл фізічных, колькі духоўных.
Нягледзячы на такую сафістыку, Санча адчуваў голад, і пры гэтым такі пакутлівы, што ў глыбіні душы праклінаў і губернатарства і таго, хто яму яго падараваў. З’еўшы варэнне і не суцішыўшы голаду, ён, ад-
нак, зноў пачаў чыніць суд, і першым да яго з’явіўся нейкі прыезджы і ў прысутнасці аканома і ўсіх іншых чалядзінцаў сказаў наступнае:
— Сеньёр, нейкі маёнтак падзяляе на дзве палавіны мнагаводная рака (прашу вашу міласць выслухаць мяне ўважліва, таму што справа гэта важная і даволі цяжкая). Дык вось, цераз гэту раку перакінуты мост, і тут жа, з краю, стаіць шыбеніца і знаходзіцца штосьці накшталт суда, у якім звычайна засядаюць чатыры суддзі, і судзяць яны на падставе закона, выдадзенага ўладальнікам ракі, моста і ўсяго маёнтка і састаўленага такім чынам: “Кожны, хто праходзіць па мосце цераз раку, павінен аб’явіць пад прысягаю, куды і чаго ён ідзе, і хто скажа праўду, тых прапускаць, а хто схлусіць, тых без усялякай паблажкі адпраўляць на шыбеніцу, якая знаходзіцца тут, і караць”. 3 таго часу, калі гэты закон ва ўсёй сваёй строгасці быў абнародаваны, многія паспелі прайсці цераз гэты мост, і як толькі суддзі пераконваліся, што прахожыя гавораць праўду, то прапускалі іх. Але вось аднойчы нейкі чалавек, прыведзены да прысягі, пакляўся і сказаў: ён, маўляў, прыйшоў для таго, каб яго павесілі вось на гэту самую шыбеніцу, і ні па што іншае. Клятва гэта прывяла суддзяў да разгубленасці, і яны сказалі: “Калі дазволіць гэтаму чалавеку бесперашкодна ісці далей, то гэта будзе азначаць, што ён парушыў клятву і, у адпаведнасці з законам, заслугоўвае смерці; калі ж мы яго павесім, то ён жа кляўся, што прыйшоў толькі таму, каб яго павесілі на гэту шыбеніцу, такім чынам клятва яго, выходзіць, не лжывая і на падставе таго ж самага закону неабходна прапусціць яго”. I вось я пытаюся ў вас, сеньёр губернатар, што рабіць суддзям з гэтым чалавекам, бо яны да гэтага часу не могуць зразумець і вагаюцца. Пачуўшы ж аб высакародным і вострым розуме вашай міласці, яны паслалі мяне, каб я ад іх імя звярнуўся да вас з просьбай выказаць сваё меркаванне наконт гэтай заблытанай і няяснай справы.
Санча яму на гэта адказаў так:
—	Слова гонару, паны суддзі смела маглі не пасылаць цябе да мяне, бо я чалавек хутчэй тупы, чым востры, аднак жа з усім тым выкладзі мне яшчэ раз гэту справу, каб я зразумеў яе сутнасць: глядзіш, і патраплю ў цэль.
Прасіцель расказаў усё з самага пачатку, і тады Санча вынес сваё меркаванне:
—	Я, думаецца мне, вырашыў бы гэту справу ў адзін момант, а іменна: згаданы чалавек клянецца, што прыйшоў для таго, каб яго павесілі, калі ж яго павесіць, то, значыць, клятва яго не лжывая і па законе яго патрэбна прапусціць на той бераг, а калі не павесіць, то выходзіць, што ён схлусіў і па тым жа законе яго патрэбна павесіць.
-	Сеньёр губернатар разважыў вельмі разумна,— зазначыў пасланы,лепш зразумець і ахапіць паўней гэту справу проста немагчыма, у гэтым няма ніякага сумнення.
—	Дык вось, я і кажу,працягваў Санча,тую палову чалавека, якая сказала праўду, няхай прапусцяць, а тую, што схлусіла, няхай павесяць, і такім чынам правілы пераходу цераз мост будуць захаваны па ўсёй форме.
—	У такім выпадку, сеньёр губернатар,— запярэчыў пасланы,давядзецца разрэзаць гэтага чалавека на дзве часткі, на праўдзівую і на хлуслівую; калі ж яго разрэзаць, то ён абавязкова памрэ, і тады ні той, ні другі артыкул закону не будзе выкананы, між тым закон патрабуе, каб яго выконвалі на ўсю паўнату.
—	Паслухай, шаноўны,— сказаў Санча,— магчыма, я ёлупень, але толькі, па-мойму, у гэтага твайго прахожага столькі ж падстаў для таго, каб памерці, колькі і для таго, каб застацца жывым і перайсці цераз мост, бо калі праўда яго выратуе, то, з іншага боку, хлусня асуджае яго на смерць, а калі так, то вось маё меркаванне, якбе я прашу перадаць сеньёрам, што накіра-
валі цябе да мяне: паколькі падстаў у іх для таго, каб асудзіць яго, і для таго, каб апраўдаць, якраз пароўну, то няхай лепш яны яго прапусцяць, бо рабіць дабро заўсёды больш правільна, чым зло. I ўсё, што я зараз сказаў, гэта я не сам прыдумаў, мне ўспомнілася адна з тых шматлікіх парад, якія я пачуў з вуснаў майго пана Дон Кіхота напярэдадні ад’езду на востраў, гэта значыць: у няпэўных выпадках трэба прыслухоўвацца да голасу міласэрнасці, і вось, слава богу, я зараз аб гэтай парадзе ўспомніў, а яна якраз падыходзіць да нашай справы.
-	Так,— прамовіў аканом,— я ўпэўнены, што сам Лікург, які даў законы лакедэманянам*, не вынес бы больш мудрага рашэння, чым вялікі Панса. На гэтым мы закончым ранішняе наша пасяджэнне, і я неадкладна дам распараджэнне, каб сеньёру губернатару прынеслі на абед усё, што ён сам пажадае.
—	Вось гэта мне і патрэбна, скажу вам шчыра,— аб’явіў Санча.— Дайце мне толькі пад’есці, а там няхай на мяне сыплюцца ўсякія цёмныя і заблытаныя справы я іх хутка вырашу.
Аканом слова сваё стрымаў: яму не дазваляла сумленне марыць голадам такога разважлівага губернатара, тым больш што па задуме яго пана, яму заставалася пажартаваць з Санча апошні раз, і на гэтым ён намерваўся паставіць кропку. І вось здарылася так, што калі Санча, наеўшыся, насуперак усім правілам і парадам доктара Учортанарагеры, уставаў з-за стала, з’явіўся ганец з пісьмом ад Дон Кіхота да губернатара. Санча загадаў сакратару прачытаць яго спачатку сам сабе, і калі ў пісьме не будзе нічога сакрэтнага, то прачытаць уголас. Сакратар так і зрабіў і, прабегшы пісьмо, сказаў:
—	Гэта пісьмо можна прачытаць уголас, бо ўсё, што сеньёр Дон Кіхот піша вашай міласці, заслугоўвае быць напісаным залатымі літарамі. Вось аб чым тут ідзе размова:
Пісьмо Дон Кіхота Ламанчскага да Санча Пансы, губернатару вострава Баратарыя
“Я чакаў пачуць аб тваіх недахопах і памылках, дружа Санча, а замест гэтага пачуў аб тваёй дасціпнасці, за што і асабліва падзякаваў госпаду богу, які з пылу падымае беднага, а дурня ператварае ў разумнага. Мне паведамілі, што ты кіруеш як сапраўдны чалавек, але што, будучы чалавекам, ты пакорлівасцю сваёю нагадваеш стварэнне маўклівае; і, аднак жа, патрэбна табе ведаць, Санча, што ў многіх выпадках да твару і нават неабходна дзеля ўмацавання сваёй улады рабіць насуперак пакорлівасці свайго сэрца, таму што асобе, якая займае важную пасаду, належыць паводзіць сябе ў адпаведнасці са сваім высокім становішчам і не слухацца таго, што ёй падказвае яе нерадавітасць. Апранайся добра, таму што і дубіна, калі яе ўпрыгожыць, перастае здавацца дубінай. 3 гэтага не вынікае, што табе падыходзіць абвешвацца бразготкамі і франціць, і што, будучы суддзёй, ты абавязаны апранацца як вайсковец,— табе неабходна апранацца, як таго патрабуе займаемая табою пасада, a іменна: чыста і ахайна.
Каб заслужыць любоў народа, якім ты кіруеш, табе, між іншым, патрэбна памятаць аб дзвюх рэчах: папершае, табе неабходна быць з усімі прыветлівым (зрэшты, аб гэтым я ўжо з табой размаўляў, а па-другое, табе неабходна клапаціцца аб вялікай колькасці харчовых прадуктаў, бо нішто так не робіць жорсткімі сэрцы беднякоў, як голад і дарагавізна.
He выдавай надта шмат указаў, а ўжо калі задумаеш выдаць, то старайся, каб яны былі дзелавымі, галоўнае, сачы за тым, каб іх трымаліся і выконвалі, бо калі ўказы не выконваюцца, то гэта раўназначна таму, як калі б яны не былі выдадзены зусім; больш таго: такое становішча наводзіць на думку, што ў кіраўніка хапіла розуму і ўсведамлення сваёй улады, каб выдаць указы, але не хапіла смеласці, каб прымусіць
выконваць іх, закон жа, які пагражае, але не ажыццяўляецца, падобны на доўбню, цара жаб*: спачатку ён наводзіў на іх жах, але потым яны пачалі ставіцца з пагардай да яго і папіхаць ім.
Будзь родным бацькам для дабрачыннасці і айчымам для заган. He будзь ні пастаянна суровым, ні пастаянна мяккім,выбірай сярэдзіну паміж гэтымі дзвюма крайнасцямі, бо ў сярэднім гэтым шляху і знаходзіцца вышэйшая мудрасць. Аглядвай турмы, бойні і рынкі, бо наведванне губернатарам такіх месцаў рэч надзвычай важная: губернатар суцяшае вязняў, якія спадзяюцца на хуткае завяршэнне іх спраў, ён пудзіла мяснікоў, якія ў яго прысутнасці перастаюць абважваць, і па той жа прычыне ён пагроза ўсіх гандлярак. У выпадку, калі ты карыслівец і ласун (чаго я, зрэшты, не думаю), то не паказвай гэтага, бо калі народ і твае набліжаныя даведаюцца аб яскрава выяўленай тваёй схільнасці, то пачнуць цябе за гэта даймаць і ўрэшце звергнуць. Прыглядвай і пераглядвай, прадумвай і перадумвай тыя парады і правілы, якія я даў табе ў пісьмовым выглядзе перад тваім ад’ездам на востраў, і калі будзеш іх прытрымлівацца, то ўбачыш, якую неацэнную дапамогу акажуць яны табе ў пераадоленні тых перашкод і цяжкасцей, якія на кожным кроку ўзнікаюць перад валадарамі. Напішы герцагу і герцагіні і выкажы ім сваю ўдзячнасць, бо няўдзячнасць дачка гордасці і адзін з найвялікіх грахоў, што толькі існуюць на свеце; ад чалавека ж, які адчувае ўдзячнасць да сваіх дабрадзеяў, можна чакаць, што ён выкажа ўдзячнасць і госпаду богу, які пасылаў яму і пасылае такую вялікую ласку.