Дон Кіхот
Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
— На нашым востраве, сеньёр губернатар, спрадвеку вядзецца звычай: хто пачынае ўладарыць слаўным гэтым востравам, таму задаюць некаторыя пытанні, часам даволі заблытаныя і цяжкія, ён жа абавязаны на іх адказаць, і па гэтых адказах гараджане мяркуюць аб кемлівасці новага свайго губернатара і радуюцца яго прыбыццю або, наадварот, засмучаюцца.
Пакуль аканом гэта гаварыў, Санча разглядваў доўгі надпіс, выведзены буйнымі літарамі на сцяне прама насупраць крэсла; а паколькі ён чытаць не ўмеў, то спытаў, што гэта там намалявана. Яму адказалі наступным чынам:
— Сеньёр, там запісаны і адзначаны дзень, калі ваша правасхадзіцельства пажадала пачаць уладарыць востравам, а гаворыць гэты надпіс наступнае: “Сягоння,
такога вось чысла, месяца і года, пачаў уладарыць гэтым востравам сеньёр дон Санча Панса, многія яму леты”.
— А каго гэта завуць дон Санча Панса? — спытаў Санча.
— Вас, ваша правасхадзіцельства,адказаў аканом,— бо на наш востраў не прыехаў ніякі другі Панса, апрача таго, які зараз сядзіць на гэтым крэсле.
— Ну дык запомні, братка,— аб’явіў Санча,што я не дон і ніхто ў маім родзе не быў донам: мяне завуць проста Санча Пансам, і бацьку майго звалі Санча, і Санча быў мой дзед, і ўсе былі Пансы, без усялякіх гэтых донаў ды распрадонаў. І мне здаецца, што на вашым востраве донаў куды болып, чым камянёў. Ну але добра, бог мяне разумее, і калі толькі мне ўдасца пагубернатарнічаць хоць бы некалькі дзён, я ўсіх гэтых донаў павыводжу: калі іх тут так многа, то яны, ужо сапраўды, надакучылі ўсім горш за камароў. A цяпер, сеньёр аканом, задавай хутчэй свае пытанні, я адкажу на іх як магу, а гараджане хочуць — сумуюць, хочуць — не сумуюць, гэта іх справа.
У гэты час у судовую палату ўвайшлі два чалавекі: адзін з іх быў апрануты, як селянін, другі быў апрануты, як кравец, і трымаў у руках нажніцы; ён якраз і загаварыў:
Сеньёр губернатар, мы з гэтым селянінам з’явіліся да вашай міласці вось з-за чаго: учора гэты маладзец прыйшоў да мяне ў майстэрню (я, прабачце за выраз, кравец і, слава табе госпадзі, майстар сваёй справы), тыцкае мне ў рукі кавалак сукна і пытае: “Сеньёр, выйдзе мне каўпак з гэтага кавалка?” Я прыкінуў, кажу: “Выйдзе”. Тут, здаецца мне, ён, напэўна, падумаў, і падумаў не так сабе, што я, вядома, хачу невялікую крыху сукна ў яго ўкрасці,— або гэта ён меркаваў па сабе, або ўжо такая паганая слава ідзе аб краўцах,— і вось ён мне і кажа: “Паглядзі, маўляў, ці не выйдзе двух каўпакоў”. Я сцяміў, што ён пра мяне падумаў: “Выйдзе”, кажу. Ён жа, пераканаўшы-
ся ў сваёй першапачатковай і зняважлівай для мяне думцы, пачаў усё прыбаўляць ды прыбаўляць каўпакі, а я ўсё: “Выйдзе” ды “Выйдзе”, і нарэшце дайшлі мы да пяці. Сягоння ён па іх прыйшоў, я яму іх выдаў, a ён адмаўляецца плаціць за работу, ды яшчэ патрабуе, каб я яму заплаціў або вярнуў сукно.
Ці так усё гэта было, братка? — спыніў Санча.
— Так, сеньёр,— пацвердзіў селянін,— але толькі загадайце яму, ваша міласць, паказаць усе пяць каўпакоў, якія ён мне пашыў.
— 3 маім задавальненнем,— прамовіў кравец.
Ніколькі не марудзячы, ён выслабаніў з-пад плашча руку, на кожным пальцы якой было надзета па каўпачку, і сказаў:
— Вось усе пяць каўпачкоў, якія мне заказаў гэты чалавек, і больш у мяне, клянуся богам і сумленнем, ні кавалачка сукна не засталося, я гатоў прад’явіць маю работу на разгляд цэхавых старшынь.
Колькасць каўпачкоў і незвычайнасць самой спрэчкі насмяшылі ўсіх прысутных; Санча ж, крыху падумаўшы, сказаў:
— Я лічу, што нам з гэтай справай затрымлівацца не выпадае: вырашым яе зараз жа, як нам падказвае здаровы розум. І вось які будзе мой прысуд: краўцу за работу не плаціць нічога, селяніну сукна не вяртаць, каўпачкі ахвяраваць зняволеным, і канец.
Затым да губернатара з’явіліся два старыя; аднаму з іх палка замяняла посах, другі ж, зусім без посаха, пачаў такую размову:
Сеньёр, я пазычыў гэтаму чалавеку дзесяць залатых, бо хацеў уважыць пакорную яго просьбу, з умовай, аднак жа, што ён мне іх верне па першым патрабаванні. Час ідзе, а я ў яго доўгу не патрабую: баюся паставіць яго гэтым у яшчэ больш складанае становішча, чым у якім ён знаходзіўся, калі ў мяне пазычаў. Нарэшце бачу, што ён і не збіраецца плаціць доўг, ну і пачаў яму напамінаць, а ён мала таго, што не вяртае, але яшчэ і адмаўляецца кажа, быццам
ніколі я яму гэтых дзесяці эскуда не пазычаў, а калі, маўляў, і быў такі выпадак, то ён мне іх даўным-даўно вярнуў. У мяне няма сведкаў ні пазыкі, ні вяртання, ды і не думаў ён аддаваць мне доўг. Ці нельга, ваша міласць, прывесці яго да прысягі? I вось калі ён і пад прысягай скажа, што аддаў мне грошы, то я яму дарую неадкладна, вось тут, перад тварам госпада бога.
— Што ты на гэта скажаш, старычына з посахам? — спытаў Санча.
Стары ж яму адказаў так:
— Сеньёр, я прызнаю, што ён пазычыў мне гэту суму,апусціце жазло, ваша міласць, ніжэй,і калі ён давярае маёй клятве, то я клянуся ў тым, што сапраўды вярнуў і заплаціў яму доўг.
Губернатар апусціў жазло, пасля чаго стары з посахам папрасіў другога старога патрымаць посах, пакуль ён будзе прысягаць, як быццам посах яму вельмі замінаў, а затым палажыў руку на крыж губернатарскага жазла* і аб’явіў, што яму, сапраўды, пазычылі дзесяць эскуда, якія сягоння з яго сыскваюць, але што ён іх перадаў пазыкадаўцы з рук у рукі, пазыкадаўца ж, маўляў, памылкова некалькі разоў потым патрабаваў з яго доўг. Тады вялікі губернатар спытаў пазыкадаўцу, што той можа запярэчыць супрацьлегламу боку, а пазыкадаўца сказаў, што даўжнік, безумоўна, кажа праўду, бо ён, пазыкадаўца, лічыць яго за чалавека прыстойнага і за добрага хрысціяніна, што, відавочна, ён забыўся, калі і як той вярнуў яму дзесяць эскуда, і што больш ён іх у яго не запатрабуе. Даўжнік узяў свой посах і, пакланіўшыся, накіраваўся да выхада; тады Санча, бачачы, што даўжнік хоць бы што адыходзіць, а ісцец пакорна на гэта глядзіць, апусціў галаву на грудзі і, прыставіўшы ўказальны палец правай рукі да броваў і пераносіцы, паглыбіўся ў роздум, але вельмі хутка падняў галаву і загадаў вярнуць старога з посахам, які паспеў ужо выйсці з судовай палаты. Старога прывялі. Санча ж, убачыўшы яго, сказаў:
Дай жа мне, добры чалавек, твой посах, ён мне патрэбны.
— 3 вялікім задавальненнем,— сказаў стары,наце, сеньёр.
I ён аддаў яму посах. Санча ўзяў посах, перадаў яго другому старому і сказаў:
— Ідзі з богам, табе заплачана.
— Як гэта, сеньёр? — спытаў стары.— Хіба гэта палка каштуе дзесяць залатых?
— Каштуе,— адказаў губернатар,— а калі не KamTye, значыць дурнейшага за мяне нікога на свеце няма. Зараз вы ўбачыце, варты я кіраваць цэлым каралеўствам ці не варты.
І тут ён загадаў на вачах усіх зламаць і раскалоць палку. Як сказана, так і зроблена. І ў сярэдзіне знайшлі дзесяць залатых. Усе здзівіліся і прызналі губернатара за наваяўленага Саламона. Да Санча звярнуліся з пытаннем, як ён здагадаўся, што дзесяць эскуда схаваны ў гэтай палцы. Санча ж адказаў так: бачачы, што стары, якому неабходна было прысягнуць, даў патрымаць посах на час прысягі істцу, а пакляўшыся, што сапраўды вярнуў доўг, зноў узяў посах, ён, Санча, западозрыў, што запатрабаваны доўг знаходзіцца ўсярэдзіне палкі. Адсюль, маўляў, вынік, што колькі б кіраўнікі самі па сабе ні былі бесталковыя, аднак вяршыць суд дапамагае ім, відаць, ніхто, як бог; прытым пра такі выпадак ён, Санча, чуў ад свайго свяшчэнніка, памяць жа ў яго добрая, і калі б толькі ён не меў звычкі забываць якраз тое, аб чым яму часам патрэбна бывае ўспомніць, то другой такой памяці нельга было б адшукаць на ўсім востраве. Нарэшце стары прысаромлены і стары задаволены выйшлі з судовай палаты, тыя, што засталіся, былі здзіўлены, той жа, каму было даручана запісваць словы, дзеянні і рухі Санча, усё яшчэ не мог вырашыць: прызнаваць і лічыць Санча за дурня або за разумніка.
Р а з д з е л XXXVI,
у якім працягваецца аповед аб тым, як Санча Панса паводзіў сябе на пасадзе губернатара
3 залы суда Санча правялі ў пышны палац, у адной з вялізных палат якога быў накрыты багаты пакаралеўску стол; і толькі Санча з’явіўся ў гэтай палаце, як зайграла музыка і насустрач яму выйшлі чатыры лёкаі, трымаючы напагатове ўсё неабходнае для абмывання рук, абрад якога Санча выканаў з вялікай годнасцю. Музыка сціхла, і Санча сеў на старшынскае месца; зрэшты, ніякіх іншых месцаў за сталом і не было, як не было на абрусе ніякага іншага прыбора. Каля Санча стаў нейкі чалавек з палачкай з кітовага вуса ў руцэ,як стала вядома пасля, доктар. Са стала знялі вельмі дарагую белую тканіну, якая закрывала садавіну і вялікае мноства талерак з разнастайнымі стравамі. Яшчэ адзін незнаёмец, з выгляду духоўнага звання, благаславіў трапезу, слуга завязаў Санча карункавую сурвэтку, а другі слуга, які выконваў абавязкі дварэцкага, на першае падаў яму талерку з садавінай. Аднак не паспеў Санча за яе ўзяцца, як да талеркі дакранулася палачка з кітовага вуса, і яе тут жа з маланкавай хуткасцю забралі са стала; тады дварэцкі падставіў яму іншую талерку. Санча хацеў быў паспытаць страву, аднак жа, перш чым ён да яе пацягнуўся і рассмакаваў, да талеркі ўжо дакранулася палачка, і лёкай панёс яе з такім жа якраз спрытам, як і першую. Санча здзівіўся і, агледзеўшы прысутных, спытаў, што гэта азначае: ці хочуць накарміць яго абедам, ці паказаць спрытнасць рук. На гэта чалавек з палачкай адказаў наступнае:
— Сеньёр губернатар, так заведзена і так патрэбна абедаць на ўсіх астравах, дзе толькі ёсць губернатары. Я, сеньёр,доктар, я служу ў губернатараў гэтага вострава і атрымліваю за гэта жалаванне, і ўжо клапачуся я аб здароўі губернатара болып, чым аб сваім уласным. Я назіраю за губернатарам удзень і ўночы,
вывучаю яго склад, каб здолець вылечыць, калі ён захварэе; галоўны ж мой абавязак заключаецца ў тым, што я прысутнічаю ў час яго абедаў і вячэр, дазваляю яму есці толькі тое, што палічу магчымым, і адхіляю тое, што, на маё разуменне, можа прычыніць яму шкоду і сапсаваць страўнік. Так, я загадаў забраць са стала талерку з садавінай, бо ў садавіне ўтрымліваецца надта шмат вільгаці, і яшчэ адну страву я таксама загадаў забраць, таму што празмерна гарачая і прыпраўлена разнастайнымі вострымі прыправамі, якія выклікаюць смагу, між тым хто шмат п’е, той знішчае ў сабе і змяншае запас першаасноўнай вільгаці; а ад яе якраз і залежыць наша жыццяздольнасць.