Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
Калясніца спынілася перад герцагам, герцагіняю і Дон Кіхотам, і ў тое ж імгненне на ёй змоўклі гукі
габояў, арфаў і лютняў, фігура ж паднялася з месца, расхінула сваё доўгае адзенне, адкінула пакрывала, і тут усе выразна ўбачылі, што гэта сама Смерць, кашчавая і пачварная, зірнуўшы на якую, Дон Кіхот здрыгануўся, Санча спужаўся, і нават герцагу з герцагіняй стала не па сабе.
Падняўшыся і выцягнуўшыся на ўвесь рост, гэта жывая Смерць крыху сонным голасам і языком, які злёгку заплятаўся, загаварыла так:
Я — той Мярлін*, што, паводле паданняў, Быў чортавым сынам (і гэта хлусня Праз многа стагоддзяў укаранілася), Нягледзячы ж на тое, што чараўнікам, І ведзьмакам, і магам уласцівы Суровы, рэзкі, жорсткі нораў, Пяшчотны я, лагодны, шчадралюбны І рад дабро рабіць заўсёды людзям.
Да неасвечаных пячораў Дзіта*, Дзе паглыбляўся дух мой у абрысы Шматлікіх ромбаў і пісьмёнаў, Данёсся сумны голас найцудоўнай І незямной Табоскай Дульцынеі. Я зразумеў, што страшным чараўніцтвам Са знатнай дамы ператворана Яна ў сялянку. І, шкадуючы яе, Да вас прыехаў палажыць канец Нягодзе гэтай цяжкай, нечуванай. Даведайся, о дзеяч спраў высокіх, Заслужана праслаўлены, прачуй, Адважны і разумны Дон Кіхот, Іспаніі святло, Ламанчы золак, Што каб вярнуўся выгляд той ранейшы Да сонечнай Табоскай Дульцынеі, Твой верны Санча сам сабе павінен Тры тысячы і трыста бізуноў уклеіць, Ды па магутных ягадзіцах голых Дзесь на прасторы вольным, толькі ж так,
Каб аж пякло, свярбела і пгчыпала.
3 высноваю такою згодны ўсе, Хто вінаваты ў гораснай бядзе яе, I з гэтым я прыйшоў, мае сеньёры.
— Ды ну цябе! ускрыкнуў тут Санча.Якое там тры тысячы,для мяне і тры ўдары бізуном усё роўна што тры ўдары кінжалам. Ідзі ты к чорту з такім спосабам вызваляць ад чараў! He разумею, якія адносіны маюць мае ягадзіцы да чараў! Далібог, калі толькі сеньёр Мярлін не знойдзе іншага спосабу зняць чары з сеньёры Дульцынеі Табоскай, то няхай яна і ў магілу сыдзе зачараваная!
— А вось я зараз схаплю вас, дрэнь паганая,— загаварыў Дон Кіхот,— у чым маці нарадзіла прывяжу да дрэва і не тое што тры тысячы трыста бізуноў, а і ўсе шэсць тысяч шэсцьсот уляплю, ды так, што курчыцеся вы хоць тры тысячы трыста разоў, яны ўсё роўна не адлепяцца. І не думайце пярэчыць, інакш я з вас душу вытрасу!
Але тут умяшаўся Мярлін:
— He, так нельга! На гэту лупцоўку добры Санча павінен пайсці добраахвотна, а не прымусова, і прытым — калі ён сам пажадае, бо ніякага пэўнага тэрміну не ўстаноўлена. Апрача таго, лупцоўка будзе скарочана ўдвая, калі толькі ён дасць згоду, каб другую палову ўдараў нанесла яму чужая рука, хоць бы і важкая.
— Hi чужая, ні ўласная, ні важкая, ні бязважкая,— аб’явіў Санча,ніякая рука не павінна мяне чапаць! Хіба я нарадзіў сеньёру Дульцынею Табоскую? Дык чаму ж мне сваімі ягадзіцамі даводзіцца расплачвацца за яе грэшныя вочы? Вось мой пан ужо сапраўды з’яўляецца часткай яе самой, бо ён бесперапынна называе яе сваім жыццём, душою, апорай і падтрымкай, і ён можа і павінен адхвастаць сябе дзеля яе і зрабіць усё, абы толькі яна была пазбаўлена ад чараў, але каб я сябе пачаў хвастаць?.. Нізашто!
Толькі паспеў Санча гэта сказаць, як серабрыстая німфа, якая сядзела побач з духам Мярліна, ускочыла, адкінула тонкае пакрывала, пад якім быў незвычайнай прыгажосці твар, і, звяртаючыся непасрэдна да Санча Пансы, з нібы мужчынскай бесцырымоннасцю і не вельмі пяшчотным голасам загаварыла:
— О няшчасны збраяносец, барановая твая галава, дубовае сэрца, каменныя і крамянёвыя вантробы! Калі б табе загадалі, нахабная морда, кінуцца з высокай вежы на зямлю, калі б цябе папрасілі, вораг чалавечага роду, зжэрці тузін жаб, два тузіны яшчарак і тры тузіны змей, калі б цябе ўгаворвалі па-зверску зарэзаць жонку і дзяцей крывою і востраю шабляю, то тваё крыўлянне і адвільванне нікога б не здзівілі, але надаваць значэнне тром тысячам тромстам бізунам, у той час як любы паганы хлапчук штомесячна атрымлівае столькі ж,— вось што здзіўляе, уражвае, жахае ўсе добрыя душы, якія слухаюць тут твае словы, і жахне яшчэ ўсіх тых, якія з цягам часу аб гэтым даведаюцца. Утароп, гнюсная, бяздушная жывёліна, утароп, кажуць табе, свае лупачы, як у перапалоханага філіна, на мае вочы, падобныя да зіхоткіх зорак, і ты ўбачыш, як плынь за плынню і ручай за ручаём струменяцца з іх слёзы, утвараючы прамывіны, канаўкі і дарожкі на прыгожых раўнінах маіх шчок. Злітуйся, шэльма і шкодная пачвара, над квітнеючымі маімі гадамі, якія да гэтага часу не перавалілі за другі дзесятак: мне ж усяго толькі дзевятнаццаць, а дваццаці яшчэ няма, і вось я чэзну і вяну пад грубай мужчынскай абалонкай, і калі я зараз не здаюся мужычкаю, то гэта дзякуючы прысутнаму тут сеньёру Мярліну, які зрабіў мне асаблівую ласку толькі для таго, каб мая прыгажосць цябе кранула, бо слёзы тужлівай прыгажуні ператвараюць скалы ў бавоўну, а тыграў — у авечак. Сцябай жа, сцябай сябе па мясу, жывёліна неймаверная, разбудзі сваю адвагу, якая скіравана ў цябе на абжорства, і вярні мне пяшчоту скуры, лагоднасць нораву і прыгажосць твару! Калі ж дзеля мяне
ты не пажадаеш памякчэць і прыйсці да разумнага рашэння, то адважся хоць бы дзеля няшчаснага гэтага рыцара, што стаіць каля цябе, гэта значыць дзеля твайго пана, душа якога мне зараз відаць: яна засела ў яго ў горле на адлегласці дзесяці пальцаў ад губ і мае намер, у залежнасці ад таго, якім будзе твой адказ — ці суровы, ці спрыяльны,— вылецець з яго вуснаў або вярнуцца да яго ў чэрава.
Пры гэтых словах Дон Кіхот памацаў сабе горла і, звяртаючыся да герцага, сказаў:
— Клянуся богам, сеньёр, Дульцынея гаворыць праўду: душа і сапраўды засела ў мяне ў горле, быццам арбалетнае ядзерца.
— Я б хацеў ведаць,— загаварыў Санча,— дзе гэта мая пані сеньёра донна Дульцынея Табоская чула, каб так прасілі: сама ж дамагаецца ад мяне, каб я згадзіўся сабе шкуру спусціць, і абзывае мяне пры гэтым барановай галавой, жывёлінай неймавернай і лае на чым свет стаіць, так што сам чорт выйшаў бы з цярплівасці. Ды што, на самай справе, цела ў мяне каменнае або мяне хоць трохі тычыцца, зачаравана яна ці не? Іншая, каб задобрыць, кошык бялізны з сабой прывезла б, кашуль, хусцінак і чаравікаў, хоць я іх і не нашу, а гэта толькі і ведай сварыцца. Відаць, забылася, як у нас кажуць: наўюч асла золатам — ён табе і на гару бягом пабяжыць, а падарункі скалу прабіваюць, а ў бога прасіць не саромейся, але і папрацаваць для яго не лянуйся, і сініца ў руках лепш за жураўля ў небе. А тут яшчэ мой пан, замест таго каб мяне ўлагодзіць і па шэрстцы пагладзіць,— ён, маўляў, тады стане мяккі, як воск, ляпі з яго што хочаш,— аб’яўляе, што схопіць мяне, прывяжа голым да дрэва і ўсыпле двайную порцыю розгаў. І няхай усе гэтыя сумныя сеньёры зразумеюць, што яны дамагаюцца лупцоўкі не якога-небудзь там збраяносца, а губернатара,— падымай, як кажуць, вышэй. He, ліха іх вазьмі, няхай спачатку навучацца прасіць, навучацца ўгаворваць і стануць больш ветлівымі, a то дзень да дня не падоб-
ны, і не заўсёды чалавек у настроі бывае. Я зараз гатовы лопнуць ад прыкрасці, што мой зялёны паўкафтан у шматках, а тут яшчэ мяне просяць, каб я даў сябе выхвастаць па ўласным жаданні, а мне гэтага так хочацца, як усё роўна ператварыцца ў касіка!*
Скажу табе шчыра, дружа Санча,прамовіў rep­par,— што калі ты не зробішся мякчэйшым за спелы інжыр, то не атрымаеш вострава. Хіба ў мяне хопіць сумлення паслаць да маіх астравіцян бессардэчнага губернатара, чыё каменнае сэрца не крануць ні слёзы пакутных дзяўчат, ні просьбы разумных, магутных і старажытных чараўнікоў і мудрацоў? Адным словам, Санча, ці ты сам сябе адхвошчаш, ці цябе адхвошчуць, ці не быць табе губернатарам.
— Сеньёр,— сказаў Санча,— ці нельга даць мне два дні тэрміну, каб я падумаў, як лепш зрабіць?
— Hi ў якім разе,запярэчыў Мярлін.Гэта справа павінна быць вырашана тут жа і ў гэту хвіліну: альбо Дульцынея вернецца ў пячору Мантэсінаса і зноў набудзе выгляд сялянкі, альбо ў тым выглядзе, які яна мае зараз, яе ўзнясуць у Елісейскія палі, і там яна будзе чакаць, пакуль належная колькасць розгаў не будзе адлічана поўнасцю.
— Ну ж, добры Санча,сказала герцагіня,набярыся храбрасці і адплаці дабром за хлеб, які ты еў у свайго пана Дон Кіхота. Усе мы абавязаны рабіць яму паслугі і ўлагоджваць яго за добры нораў і высокія рыцарскія ўчынкі. Дай жа, дружа, сваю згоду і не бойся: ты ж сам добра ведаеш, што храбрае сэрца злую долю ламае.
Замест адказу Санча павёў такую недарэчную размову:
— Будзьце ласкавы, сеньёр Мярлін, растлумачце мне: сюды пад выглядам ганца з’яўляўся чорт і ад імя Мантэсінаса сказаў майму пану, каб той чакаў яго тут, бо ён сам, маўляў, сюды прыбудзе і навучыць, як вызваліць ад чараў сеньёру донну Дульцынею Табоскую, але да гэтага часу мы ніякага Мантэсінаса ў вочы не бачылі.
Мярлін жа яму на гэта адказаў так:
— Дружа Санча, гэты чорт — невук і вельмі вялікі нягоднік: я пасылаў яго да твайго пана з даручэннем зусім не ад Мантэсінаса, а ад сябе самога, Мантэсінас жа сядзіць у сваёй пячоры і, можна сказаць, чакае не дачакаецца, каб яго вызвалілі ад чараў, так што ён і рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць. Калі ж ён у цябе ў даўгу альбо калі ў цябе ёсць да яго справа, то я хутка табе яго прывязу і адвяду, куды скажаш. А пакуль што згаджайся хутчэй на лупцоўку,запэўніваю цябе, што гэта будзе табе вельмі карысна як для душы, так і для цела: для душы таму што ты тым самым робіш добрую справу, а для цела таму што, наколькі мне вядома, ты чалавек паўнакроўны і лёгкае кровапусканне не можа табе пашкодзіць.
Надта многа лекараў развялося на свеце: чараўнікі і тыя лекарамі зрабіліся! зазначыў Санча. — Ну, калі ўсе мяне ўгаворваюць, хоць сам жа я гляджу на гэту справу па-іншаму, так і быць, я згодзен нанесці сабе тры тысячы трыста ўдараў бізуном з умовай, аднак жа, што я буду сябе лупцаваць, калі мне гэтага захочацца, і што ніхто мне не будзе ўказваць дзень і час. Я ж, са свайго боку, пастараюся справіцца з гэтым па магчымасці хутчэй, каб усе маглі палюбавацца прыгажосцю сеньёры донны Дульцынеі Табоскай, а яна ж, звыш чакання, відаць, і на самай справе прыгажуня. Яшчэ я стаўлю ўмовай, што я не абавязаны хвастаць сябе да крыві і што калі іншыя ўдары толькі мух спудзяць, усё-такі яны будуць мне залічаны. Таксама, калі я саб’юся з ліку, то няхай сеньёр Мярлін, які ўсё ўмее, патурбуецца падлічыць і паведаміць мне, колькі не хапае або колькі лішку.