Дон Кіхот
Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
Калі сядзіш на кані, не адкідвайся на заднюю луку сядла, не выцягвай і не расстаўляй ног, а трымай іх бліжэй да конскага жывата, і не сядзі раскаракам,
нібы едзеш на сваім шэрым, бо па тым, як чалавек сядзіць на кані, заўсёды можна вызначыць, хто ён: знатны коннік або просты конюх.
Спі ў меру: хто не ўстае разам з сонцам, той не ведае радасці дня; прымі да ведама, Санча, што стараннасць — маці ўдачы, вораг жа яе, лянота, заўсёды перашкаджае дасягненню добрай мэты.
Апошняя мая парада, якую я табе зараз дам, не адносіцца да ўпрыгажэння цела, і ўсё ж я хачу, каб ты свята захаваў яе ў сваёй памяці, бо лічу, што яна будзе табе не менш карысная, чым папярэднія. Такім чынам, ніколі не аспрэчвай знатнасці чыйго-небудзь роду, ва ўсякім выпадку не параўноўвай адзін род з іншым, таму што пры параўнанні адзін род міжвольна будзе больш знатным, і той, каго ты зняважыў, зненавідзіць цябе, той жа, каго ты ўзвысіў, нічым табе не аддзячыць.
Адзенне тваё павінна складацца з доўгіх штаноў, даўгаполага камзола і яшчэ больш доўгага плашча; аб шараварах жа і не думай, бо шаравары не да твару ні рыцарам, ні губернатарам.
Вось пакуль і ўсё, аб чым мне прыйшло ў галаву пагаварыць з табой, Санча. 3 цягам часу, у залежнасці ад абставін, я дам табе новыя парады, ты ж пастарайся паведамляць мне аб стане тваіх спраў.
— Сеньёр,— загаварыў Санча,— я выдатна разумею, што ваша міласць вучыць мяне рэчам добрым, святым і карысным, але ці могуць яны мне спатрэбіцца, калі я іх усе да адной забуду? Зрэшты, наконт таго, каб не адгадоўваць пазногцяў і жаніцца другі раз, калі надарыцца выпадак,гэта ўжо я ўбіў сабе ў галаву, але ўсе іншыя хітраспляценні, выкрутасы і закавыкі мне не запомніліся, і буду я аб іх помніць, як аб мінулагодніх хмарах, а таму не перашкаджала б вам запісаць усё гэта на паперцы і даць мне; праўда, я сам ні чытаць, ні пісаць не ўмею, але я перадам паперу майму духоўніку,— няхай ён па меры неабходнасці паўтарае і нагадвае мне аб гэтым.
— Бяда мне з табой! — усклікнуў Дон Кіхот.— Як дрэнна, калі губернатар не ўмее ні чытаць, ні пісаць! Патрэбна табе сказаць, Санча, што калі хто не ведае граматы, то гэта азначае адно з двух: або ён з вельмі сціплай ці нават простай сям’і, або ён сам па сабе настолькі сапсаваны і дурны, што на яго не маглі зрабіць уплыву ні добры прыклад, ні добрае навучанне. Гэта твой вялікі недахоп, і мне б хацелася, каб ты, прынамсі, навучыўся падпісваць сваё прозвішча.
— Паставіць жа свой подпіс я ўмею,— сказаў Санча.— А потым я заўсёды магу зрабіць выгляд, што ў мяне аднялася правая рука, і я загадаю каму-небудзь падпісвацца за мяне; усё на свеце можна паправіць, апрача адной смерці, а паколькі я буду там цар і бог, то, значыць, маё слова — закон. Нездарма кажуць: у каго бацька — алькальд, той на суд ідзе весела. А я ж не які-небудзь там алькальд, а цэлы губернатар, са мной жарты дрэнныя! Ану, паспрабуй, крані мяне: ідзеш па шэрсць — глядзі, як бы самога не абстрыглі, а каго бог палюбіць, таго ён на дне мора знойдзе. І потым: неразумныя размовы багацея сыходзяць за мудрыя выказванні, а я ж буду багаты, калі стану губернатарам, і, да таго ж, я маю намер быць губернатарам шчодрым, а значыць, усе мае недахопы будуць незаўважаны. He, мы таксама хітрыя. “Колькі маеш, столькі ты і варты”,— часта казала мая бабуля. 3 чалавекам вялікага дастатку сварыцца не соладка.
— А каб ты згінуў, Санча! — усклікнуў тут Дон Кіхот.— Каб цябе шэсцьдзесят тысяч чарцей узялі з усімі тваімі прыказкамі! Цэлую гадзіну ты імі сыплеш, а для мяне гэта як павольнае катаванне. Можаш мне паверыць, што аднаго разу гэтыя прыказкі давядуць цябе да шыбеніцы. 3-за прыказак цябе звергнуць твае васалы; яны не пацерпяць гэтага і ўзбунтуюцца. Скажы, невук, дзе ты іх бярэш і як ты іх прымяняеш, дурань? Для мяне ж успомніць хоць бы адну прыказку і да месца яе прывесці гэта катаржная праца.
Далібог, гаспадар, вы злуеце з-за чыстай пусцяковіны. Каб яго чорт узяў, вам шкада, што я карыстаюся ўласным багаццем. А ў мяне ж толькі і багацця, і маёмасці, што прыказкі ды прыказкі. Вось і зараз круціцца ў мяне на языку адразу некалькі, і да таго падыходзяць яны да нашай размовы — проста як усё роўна для гэтага прыдуманы, але толькі я вам іх не скажу. “За добрае маўчанне ўсе цябе будуць зваць Санча”*.
Дон Кіхот жа яму на гэта запярэчыў:
— Ты Санча, ды не той: ты не толькі добры маўчун ты агідны балбатун і да агіднасці ўпарты. Але ўсё ж мне цікава ведаць, якія такія прыказкі прыгадаліся табе, і быццам бы дарэчы; я пакапаўся ў сваёй памяці,— а яна ж у мяне нядрэнная,— але так і не мог прыпомніць нічога адпаведнага.
— Ды што можа быць лепшым за гэтыя прыказкі,— сказаў Санча: — “Глядзі-паглядвай: пад зуб мудрасці пальца не падкладвай”, і яшчэ: “Скажуць табе: “Ану, пакуль цэлы, і з жонкай маёй каб ні паўслова!” ты рот на замок і маўчок”, і яшчэ: “Пугай абуха не пераб’еш”. Ну, хіба яны сюды не падыходзяць? Ніколі не звязвайся з губернатарам і ні з якім іншым начальнікам, не тое — завыеш, усё роўна як калі падлажыць палец пад зуб мудрасці,зрэшты, мудрасць не абавязковая, уся справа ў карэнным зубе. Затым, што б губернатар ні сказаў, пярэчыць яму нельга, усё роўна як калі табе скажуць: “Ану, пакуль цэлы, і з жонкай маёй каб ні паўслова!” А наконт пугі і абуха — гэта і сляпому зразумела. Вось яно як. А хто заўважае сучок у воку блізкага свайго, таму не шкодзіць заўважыць бервяно ў сваім уласным, каб пра цябе не сказалі: “Спалохалася нябожчыца забітай”. Прытым жа вашай міласці добра вядома, што дурань у сваім доме лепш цяміць, чым разумнік у чужым.
— Ну ўжо не, Санча,— запярэчыў Дон Кіхот: — дурань ні ў сваім, ні ў чужым доме нічога не сцяміць па той прычыне, што на аснове дурасці разумнага будынка
не пабудуеш. І досыць аб гэтым, Санча: будзеш дрэнна кіраваць — у адказе ты, а ганьба на мне. Зрэшты, я суцяшаю сябе тым, што зрабіў усё ад мяне залежнае і пастараўся надзяліць цябе парадамі глыбакадумнымі і па магчымасці больш разумнымі. Я выканаў свой абавязак і сваё абяцанне. Няхай дапаможа табе бог, Санча, няхай кіруе ён табою ў тваім кіраванні і няхай суцішыць ён маю трывогу, а трывожуся я аб тым, як бы ты аднойчы не паляцеў разам з усім сваім востравам уверх пяткамі, між тым я мог бы гэта прадухіліць, адкрыўшы герцагу, хто ты такі, і растлумачыўшы яму, што, нягледзячы на сваю мажнасць, самавітасць, ты не што іншае, як мяшок, напханы прыказкамі і хітрыкамі.
— Сеньёр,— запярэчыў Санча,— калі ваша міласць думае, што я не варты быць губернатарам, то я тут жа, не сыходзячы з месца, адмоўлюся ад гэтага звання, бо малюсенькая часцінка маёй душы, велічынёю з чорны кончык пазногця, мне даражэйшая за ўсё маё цела: застануся ж я проста Санча, і на адным хлебе з цыбуляй я пражыву не горш за губернатара з усімі яго курапаткамі ды каплунамі. I то сказаць: калі мы спім, мы ўсе роўныя — і начальнікі і падначаленыя, і бедныя і багатыя. І калі вы, ваша міласць, над гэтай справай падумаеце, то, вядома, успомніце, што самі ж вы і падбілі мяне на губернатарства, а я ва ўсіх гэтых губернатарствах і астравах разбіраюся, як свіння на саладзінах, і калі вы лічыце, што з-за губернатарства мяне чорт схопіць, то я лічу за лепшае як просты Санча адправіцца ў рай, чым губернатарам — у пекла.
— Далібог, Санча,— сказаў Дон Кіхот,я лічу, што за гэтыя апошнія твае словы цябе можна прызначыць губернатарам тысячы астравоў. У цябе добрае сэрца, a без гэтага ж ніякая навука на карысць не пойдзе. Даручы сябе госпаду богу і старайся не ўхіляцца ад першапачатковага свайго рашэння: я хачу сказаць, што ты павінен узяць сабе за правіла і цвёрда вызначыць
сваю мэту — дабівацца свайго ў любой справе, а неба заўсёды спрыяе добрым пажаданням. Цяпер пойдзем абедаць,— мяркую, што гаспадары нас ужо чакаюць.
Р а з д з е л XXXV.
Аб тым, як прамудры Санча Панса стаў уладаром свайго вострава і як пачаў кіраваць ім
Пасля абеду Дон Кіхот пачаў запісваць тыя парады, якія ён даў Санча, для таго каб потым хто-небудзь мог іх яму прачытаць; аднак жа не паспеў ён уручыць яму гэту паперу, як Санча яе згубіў, і яна трапіла ў рукі герцага, герцаг прачытаў яе герцагіні, і абое зноў падзівіліся з вар’яцтва і розуму Дон Кіхота; далей, працягваючы свае задумы, яны ў той жа вечар адправілі Санча са шматлікай світай у гарадок, якому належала быць замест вострава. Правадніком жа Санча да месца яго прызначэння аказаўся аканом герцага, чалавек вельмі дасціпны і вялікі забаўнік (зрэшты, недасціпных забаў не бывае), той самы, які выдаваў сябе за Мярліна; і вось, валодаючы такімі ўласцівасцямі, ды яшчэ навучаны гаспадарамі, як патрэбна абыходзіцца з Санча, ён бліскуча справіўся са сваёю задачай.
Такім чынам, Санча выехаў; яго акружала шматлікая світа, на ім быў касцюм, які носяць важныя судзейскія, верхняе адзенне, вельмі шырокае, было пашыта з рыжаватага ўзорчатага камлоту, а на галаве ў яго красавалася з такой жа матэрыі шапачка; сядзеў ён на муле, а за мулам, па асаблівым распараджэнні герцага, ішоў шэры ў новай шаўковай збруі і адпаведных аслінаму яго званню аздабленнях. Час ад часу Санча азіраўся на асла, у кампаніі з якім ён адчуваў такое вялікае задавальненне, што ён не памяняўся б месцамі з самім імператарам германскім. Развітваючыся з герцагам і герцагіняю ён пацалаваў ім рукі, a
затым папрасіў свайго пана благаславіць яго, і той благаславіў яго са слязамі, Санча ж прыняў яго благаславенне, вось-вось гатовы расплакацца.
Урэшце ён з усёй сваёю світаю прыбыў у гарадок, які налічваў да тысячы жыхароў і з’яўляўся адным з лепшых уладанняў герцага. Санча Пансу паведамілі, што востраў называецца Баратарыя*: магчыма, назва гэта была ўтворана ад назвы гарадка, а магчыма, яна намякала на тое, што губернатарства дасталося Санча Пансу танна. Як толькі губернатар са світай наблізіўся да варот абнесенага сцяною горада, насустрач выйшлі мясцовыя ўлады, зазванілі званы, жыхары, якія аднадушна выказвалі сваё захапленне, з вялікай урачыстасцю павялі Санча ў сабор, і там было праведзена падзячнае набажэнства, а затым з пацешнымі цырымоніяміўручыліямуключыад горада і аб’явілі яго пажыццёвым губернатарам вострава Баратарыя. Адзенне, барада, жывоцік і нізкаросласць новага губернатара здзіўлялі не толькі тых, хто ўяўлення не меў, у чым тут загваздка, але нават і людзей праінфармаваных аб усім, а такіх было шмат. Нарэшце з сабора Санча Пансу правялі ў судовую палату, пасадзілі ў крэсла, і тут герцагскі аканом сказаў: