Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
сокага высакародства. Такім чынам, пастарайся ўсім сэрцам успрыняць тое, што я табе сказаў, а затым, о сын мой, выслухай уважліва свайго Катона, які хоча даць табе парады і быць тваім павадыром і пуцяводнай зоркай, якая накіравала і вывела б цябе да ціхага прыстанку з таго бурнага мора, куды ты намерваешся выйсці, бо пасады і высокія прызначэнні — не што іншае, як бяздонны вір смуты.
Перш за ўсё, сын мой, табе трэба баяцца бога, бо страх перад богам змяшчае мудрасць; будучы ж мудрым, ты пазбегнеш памылак.
Па-другое, зазірні ў сябе і пастарайся сябе пазнаць, пазнанне ж гэта — найцяжэйшае з усіх, якія толькі могуць быць. Пазнаўшы самога сябе, ты ўжо не будзеш надзімацца, быццам жаба, якая захацела зраўняцца з валом; калі ж будзеш, то, як паўлін, які збянтэжана хавае свой пышны хвост, гледзячы на свае нязграбныя ногі, ты міжволі будзеш хаваць хвост безразважнай сваёй ганарыстасці пры думцы аб тым, што ў родным краі ты некалі пасвіў свіней.
— Справядліва,— згадзіўся Санча,але ў той час я хлопчыкам быў, а калі падрос крышку, то ўжо гусей пасвіў, а не свіней. Але толькі, думаецца мне, гэта да справы не адносіцца: не ўсе ж кіраўнікі з каралеўскага роду.
Твая праўда,заўважыў Дон Кіхот,— і вось чаму людзям паходжання нязнатнага, якія займаюць важныя пасады, неабходна праяўляць мяккасць і памяркоўнасць, што ў спалучэнні з разважлівай асцярожнасцю пазбаўляюць ад злоснага паклёпу, а інакш ад яго ні на якой пасадзе не ўберажэіпся.
Аб сваёй нязнатнасці, Санча, гавары з гонарам і прызнавайся не чырванеючы, што ты з сялян, бо нікому не прыйдзе ў галаву цябе гэтым сарамаціць, калі ты сам гэтага не саромеешся; увогуле імкніся да таго, каб стаць лагодным праведнікам, а не пыхлівым грэшнікам. Безліч людзей, народжаных беднымі, дасягнулі найвысокіх прыступак і былі ўзведзены ў сан перша-
свяшчэнніцкі або імператарскі, прыкладаў чаго я мог бы прывесці столькі, што ты стаміўся б мяне слухаць.
Помні, Санча: калі ты станеш на шлях дабрадзейнасці і будзеш старацца рабіць добрыя справы, то табе не давядзецца зайздросціць справам князёў і сеньёраў, бо кроў атрымліваецца ў спадчыну, а дабрадзейнасць набываецца, і яна мае каштоўнасць самастойную, у адрозненне ад крыві, якая такой каштоўнасці не мае.
А раз так, то ў выпадку, калі хтосьці са сваякоў тваіх надумае наведаць цябе на тваім востраве, то не выганяй яго і не крыўдзі, а наадварот, прымі з гонарам і ласкава,— гэтым ты дагодзіш богу, які не любіць, калі грэбуюць кім-небудзь з яго стварэнняў, і разам з тым выканаеш мудры закон прыроды.
А прывядзеш з сабою жонку (бо нядобра, калі людзі, закліканыя да выканання службовых сваіх абавязкаў на доўгі тэрмін, знаходзяцца ў расстанні з жонкамі), то павучай яе, навучай і шліфуй прыродную яе грубасць, бо што разумны губернатар набыў, тое можа пагубляць і марна страціць неразумная і грубая жонка.
Калі ты аўдавееш (што заўсёды можа здарыцца) і дзякуючы свайму становішчу больш выгадна ажэнішся, то глядзі, як бы новая твая жонка не ператварылася ў вудачку з кручком і не пачала прыгаворваць: “Лавіся, лавіся, рыбка вялікая і маленькая”. Шчыра кажу табе, што за ўвесь хабар, які вымагае жонка суддзі, у дзень страшнага суда адкажа яе муж, і пасля смерці ён у чатырохкратным памеры заплаціць за тыя пабочныя крыніцы даходу, на якія ён пры жыцці не звяртаў увагі.
Hi ў якім разе не трымайся закону асабістага самавольства: гэты закон вельмі распаўсюджаны сярод невукаў, якія выдаюць сябе за разумнікаў.
Няхай слёзы бедняка выклічуць у цябе пры аднолькава моцным пачуцці справядлівасці больш спагады, чым скаргі багацея. Усяляк старайся выявіць
ісціну, што б табе ні абяцаў і ні падносіў багацей і як бы ні рыдаў і ні прасіў бядняк.
У тых выпадках, калі можа і павінна мець месца паблажка, не асуджай вінаватага па ўсёй строгасці закону, бо слава суддзі суровага нічым не горшая за славу суддзі літасцівага.
А надарыцца, што калі-небудзь жазло правасуддзя сагнецца ў тваіх руках, то няхай гэта адбудзецца не пад цяжарам дароў, але пад націскам спагады.
Калі ж табе калі-небудзь давядзецца разбіраць судовую справу непрыяцеля твайго, то адганяй ад сябе ўсялякую думку аб нанесенай табе крыўдзе і думай толькі аб тым, на чыім баку праўда.
Няхай не асляпляе цябе пры разборы спраў асабістая прыхільнасць, інакш ты дапусціш памылкі, якія ў болыпасці выпадкаў немагчыма бывае выправіць, a калі і магчыма, то на шкоду добраму твайму імю і нават твайму багаццю.
Калі якая-небудзь прыгажуня будзе прасіць, каб ты за яе заступіўся, то адвядзі вочы ад яе слёз і вушы ад яе плачу і спакойна ўнікні ў сутнасць яе просьбы, інакш розум твой патоне ў яе слязах, а дабрадзейнасць твая у яе ўздыхах.
Калі ты пакараеш каго-небудзь дзеяннем, то не карай яго яшчэ і словам, бо з няшчаснага дастаткова пакуты цялеснага пакарання і дадаваць да яе суровыя словы няма ніякай патрэбы.
Глядзі на вінаватага, які паўстане перад тваім судом, як на чалавека, вартага жалю, схільнага да слабасцей сапсаванай нашай прыроды, і, па магчымасці, не на страту супраціўнаму боку, будзь з ім літасцівы і добры, бо хоць усе ўласцівасці боскасці роўныя, аднак жа ў нашых вачах уласцівасць міласэрнасці больш прыгожая і больш цудоўная, чым уласцівасць усёправёднасці.
Калі ж ты, Санча, павучанні гэтыя і правілы выканаеш, то дні твае будуць доўгія, слава твая будзе вечная, узнагароду атрымаеш ты вялізную, шчасце
тваё будзе невымоўнае, дзяцей ты ажэніш як захочаш, дзеці твае і ўнукі будуць мець ганаровае званне, і лёсам тваім будзе мір і ўсеагульная прыязнасць, a затым, у пару ціхай тваёй і глыбокай старасці, у вызначаны час па цябе з’явіцца смерць, і пяшчотныя, мяккія ручкі праўнукаў тваіх закрыюць табе вочы. Усе гэтыя павучанні павінны паслужыць для ўпрыгажэння тваёй душы, а цяпер паслухай павучанні, якія маюць сваёй мэтай упрыгажэнне цела.
Р а з д з е л XXXIV.
Аб другой частцы парад, дадзеных Дон Кіхотам Санча Пансу
Хто б з тых, хто чуў вышэйпрыведзеныя выказванні Дон Кіхота, не палічыў яго за чалавека зусім цвярозага розуму і поўнага самых добрых намераў? Але, як гэта на працягу нашай вялікай гісторыі не раз было зазначана, ён пачынаў плесці лухту, толькі калі размова заходзіла аб рыцарстве, разважаючы ж аб любым іншым прадмеце, ён выяўляў розум ясны і шырокі, так што ўчынкі яго нязменна разыходзіліся з яго меркаваннямі, а разважанні з учынкамі; што ж тычыцца другой часткі правілаў, якім ён навучаў Санча, то тут ён выявіў дасціпнасць надзвычайную і ў разважлівасці сваёй і ў сваім вар’яцтве дайшоў да найвышэйшай кропкі. Санча слухаў яго з неаслабнай увагай і стараўся ўтрымаць у памяці яго парады: відаць было, што ён мае намер добра запомніць іх, каб з іх дапамогай нараджэнне новага губернатара прайшло паспяхова. Дон Кіхот між іншым працягваў:
— Адносна таго, як належыць трымаць свой дом і самога сябе, Санча, то перш за ўсё я раю табе прытрымлівацца чысціні і стрыгчы пазногці, а ні ў якім разе не адгадоўваць іх, як гэта робяць некаторыя, якія па некультурнасці сваёй уяўляюць, быццам доўгія пазногці ўпрыгожваюць рукі, між тым як калі не аб-
стрыгаць брудныя гэтыя нарасці, то яны падобны да кіпцюроў драпежнай птушкі; гэта пачварная гадасць і неахайнасць.
Ніколі не хадзі, Санча, расперазаным і неахайным: бязладдзе ў адзенні — прымета расслабленасці духу.
Вызначы з наймагчымай дакладнасцю, наколькі важная твая пасада, і калі становішча, якое ты займаеш, дазваляе людзям тваім насіць ліўрэі, то паклапаціся, каб гэтыя ліўрэі былі не столькі яркія і пышныя, колькі добрыя і трывалыя, і размяркуй іх паміж сваімі лёкаямі і жабракамі, гэта значыць замест таго, каб апрануць шэсць слуг, лепш адзень трох слуг і трох жабракоў, і тады ў цябе будуць слугі і на зямлі і на небе: гэты новы спосаб размеркавання ліўрэй не даступны разуменню людзей фанабэрыстых.
He ўжывай ні часнаку, ні цыбулі, каб па паху нельга было здагадацца, што ты з мужыкоў.
Хадзі павольна, гавары выразна, але не да такой ступені, каб можна было падумаць, быццам ты сам сябе слухаеш, бо ўсякая напышлівасць брыдкая.
У час абеду еш мала, а на вячэры яшчэ менш, бо здароўе ўсяго цела куецца ў кузні нашага страўніка.
Умеру пі з тых меркаванняў, што чалавек, які выпіў лішняе, не захоўвае тайнаў і не выконвае абяцанняў.
He ўздумай, Санча, жаваць абедзвюма сківіцамі адразу, а таксама эрутаваць у прысутнасці каго б там ні было.
—	Я не разумею, што азначае эрутаваць,— аб’явіў Санча.
Дон Кіхот жа яму патлумачыў:
-	Эрутаваць, Санча, азначае адрыгваць; але гэта адно з самых грубых слоў ва ўсёй іспанскай мове, хоць яно і вельмі выразнае, а па гэтай прычыне людзі з пяшчотным слыхам выкарысталі латынь і слова адрыгваць замянілі словам эрутаваць, слова ж адрыгванне — словам эрутацыя.
—	Слова гонару, сеньёр,— прамовіў Санча,— з усіх
вашых парад і павучанняў я асабліва пастараюся запомніць вось гэта, наконт таго, каб не адрыгваць, таму што са мной гэта часта здараецца.
— He адрыгваць патрэбна гаварыць, Санча, а эрутаваць,— паправіў яго Дон Кіхот.
— 3 сённяшняга дня пачну гаварыць эрутаваць,— сказаў Санча,— не хвалюйцеся, я не забуду.
— Таксама, Санча, пакінь звычку ўстаўляць у сваю мову безліч прыказак, бо хоць прыказкі — кароткія выслоўі, аднак жа ты ў большасці выпадкаў прыцягваеш іх за валасы, вось чаму ў тваіх вуснах яны ўяўляюцца ўжо не выслоўямі, а проста-такі бязглуздзіцай.
— Ад гэтага адзін бог здольны мяне пазбавіць,запярэчыў Санча,— бо ў галаве маёй болып прыказак, чым у кніжцы, і калі я гавару, яны круцяцца ў мяне на языку ўсе адразу, пхаюцца, кожную так і цягне зляцець раней за іншыя, аднак жа язык выбалботвае першую, якая трапляецца, хоць бы і зусім недарэчы. Ну, а цяпер я ўсё-такі пастараюся прыводзіць такія прыказкі, якія не прынізяць майго гонару, бо дзе багата жывуць, там імгненна і на стол падаюць, і каму здаваць, таму ўжо не тасаваць, і хто ў звон б’е, той ужо на пажар не ідзе, і хто розумам здатны, той сябе ў крыўду не дасць.
— Правільна, Санча! усклікнуў Дон Кіхот.— Уплятай, нанізвай, накручвай прыказкі — ліхто цябе за язык не трымае! Маці з бізуном, а я сабе ўсё з ваўчком! Я табе кажу, каб ты пазбягаў прыказак, а ты за адну секунду насыпаў іх цэлы воз, хоць яны і падыходзяць да прадмета нашай размовы, як карове сядло. Зразумей, Санча, я зусім не супраць прыказак, што прыводзяцца да месца, але калі ты нагрувашчваеш і нанізваеш іх як давядзецца, то мова твая становіцца сумнай і расцягнутай.