Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
Калі б я мог выняць маё сэрца і вылажыць яго на талерку, вось на гэтым самым стале, прама перад вашай вялікасцю, то язык мой быў бы пазбаўлены ад турбот гаварыць аб тым, аб чым толькі можна падумаць, бо тады перад вачамі вашай светласці паўстаў бы яе цэльны вобраз, захаваны ў маім сэрцы. Але хіба я ў сілах перадаць і апісаць падрабязна, да самай маленькай рысачкі, прыгажосць непараўнальнай Дульцынеі?
— Аднак жа, з усім тым, сеньёр Дон Кіхот,— загаварыў герцаг,— вы прынеслі б нам вялікае задавальненне, калі б згадзіліся апісаць Дульцынею Табоскую: няхай гэта будзе толькі беглы накід, усё роўна, я ўпэўнены, рысы яе ў ім так выразна абазначацца, што ёй пазайздросцяць першыя прыгажуні свету.
Я, вядома, зрабіў бы такі накід,— прамовіў Дон Кіхот,— калі б вобраз яе не быў сцёрты з маёй памяці тым няшчасцем, якое з ёю нядаўна здарылася, няшчасце ж гэта такое вялікае, што я хутчэй гатоў аплакваць яе, чым апісваць. Павінны вы ведаць, вашы светласці, што некалькі дзён таму я адправіўся пацалаваць ёй рукі і папрасіць у яе благаславення, дазволу і згоды на трэці свой паход. Але яна аказалася зусім не такою, якою я спадзяваўся сустрэць яе: аказалася, што яе зачаравалі і з прынцэсы ператварылі ў сялянку, з
прыгажуні — у пачвару, з анёла — у чорта, з духмяністай у смярдзючую, з салодкамоўнай — у грубіянку, з паважнай — у круцёлку, з прамяністай — у параджэнне пекла, адным словам, з Дульцынеі Табоскай — у сялянку адкуль-небудзь з Сайяга.
— Божа мой! — усклікнуў тут герцаг.— Які вораг роду чалавечага гэта зрабіў? Хто адняў у людзей магчымасць любавацца яе прыгажосцю, яе вясёлым норавам і яе добрапрыстойнасцю, якая ўзвышала іх ва ўласных вачах?
Хто? перапытаў Дон Кіхот.Хто ж яшчэ, як не каварны чараўнік, адзін з многіх зайздроснікаў, якія даймаюць мяне? Гэты пракляты вылюдак з’явіўся да нас, каб ахінаць змрокам і ператвараць у нішто подзвігі праведнікаў і асвятляць і ўзвышаць справы грэшнікаў. Чараўнікі мяне даймалі, чараўнікі мяне даймаюць і будуць мяне чараўнікі даймаць. Пакуль не скінуць і мяне і смелыя мае рыцарскія подзвігі ў глыбокую бездань забыцця, і раняць яны мяне і наносяць удары ў самыя адчувальныя месцы, бо адняць у вандроўнага рыцара яго даму — гэта ўсё роўна што пазбавіць яго зроку, адняць у яго сонечнае святло, пазбавіць яго харчавання. Я шмат разоў ужо гэта казаў і паўтараю зноў: вандроўны рыцар без дамы — гэта ўсё роўна што дрэва без лістоты, будынак без падмурка або цень без таго цела, якое яго адкідвае.
Усё гэта бясспрэчна,— заўважыла герцагіня,— але, з усім тым, калі верыць кнізе пра сеньёра Дон Кіхота, якая не так даўно выйшла ў свет і атрымала ўсеагульнае адабрэнне, то, мне думаецца, нельга не зрабіць вываду, што ваша міласць у вочы не бачыла сеньёру Дульцынею і што такой сеньёры на свеце няма, што яна — істота выдуманая, дзіця і вынік вашай фантазіі, якой вы надалі ўсе якасці і дасканаласці, якія вам толькі хацелася.
— 3 гэтай нагоды многа можна было сказаць,— запярэчыў Дон Кіхот.Адзін бог ведае, існуе Дульцынея на свеце або не існуе, выдумана яна або не выду-
мана,— у падобных даследаваннях нельга заходзіць надта далёка. Я не выдумваў маю пані і не ствараў яе ў сваім уяўленні, аднак жа ўяўляю яе сабе такою, якой належыць быць сеньёры, што валодае ўсімі дасканаласцямі, здольнымі ўдастоіць яе ўсеагульнага пакланення, а іменна: яна бездакорная прыгажуня, велічная, але не ганарлівая, прыветлівая ў сілу сваёй пачцівасці, пачцівая ў сілу сваёй добрай выхаванасці.
Ваша праўда,заўважыў герцаг.Аднак жа дазвольце мне, сеньёр Дон Кіхот, выказаць тую думку, на якую мяне навяла гісторыя вашых подзвігаў. Дапусцім, што Дульцынея сапраўды існуе і жыве ў Табоса або дзе-небудзь у іншым месцы і што яна такая цудоўная, як вы яе апісваеце, аднак у сэнсе знатнасці яна не вытрымлівае параўнання з Арыянай, Аластрахарыяй, Мадасімай і іншымі да іх падобнымі дамамі, аб якіх мы чытаем на кожнай старонцы добра вядомых вам раманаў.
— На гэта я вам скажу,зноў загаварыў Дон Кіхот,што Дульцынею патрэбна ацэньваць па яе справах, што кроў робяць высакароднай добрыя пачынанні і што большай павагі заслугоўвае нерадавіты прапаведнік, чым знатны грэшнік. Між тым Дульцынея валодае такімі якасцямі, дзякуючы якім яна можа стаць поўнаўладнай каралеваю: вартасці цудоўнай і добра выхаванай жанчыны здольны рабіць цуды надзвычайныя і калі не яўна, то, у крайнім выпадку, у скрытым стане змяшчаюць у сабе найвышэйшае шчасце.
— Я бачу, сеньёр Дон Кіхот,— заўважыла герцагіня,— што кожнае ваша слова — вынік доўгіх разважанняў. Вы, як кажуць, глядзіце ўглыб рэчаў, і цяпер я цалкам веру і прымушу паверыць усіх дамашніх маіх і нават, у выпадку неабходнасці, самога герцага, майго валадара, што ёсць у Табоса такая Дульцынея, што яна прыгожая і радавітая і што яна зусім вартая, каб такі рыцар, як сеньёр Дон Кіхот, ёй служыў, а ў маіх вуснах гэта найвышэйшая пахвала. Адна толькі
акалічнасць усё ж мяне бянтэжыць і выклікае крыху нядобразычлівае пачуццё ў адносінах да Санча Пансы. Бянтэжыць жа мяне вось што: у згаданай кнізе гаворыцца, што Санча Панса, прыехаўшы да сеньёры Дульцынеі з пісьмом ад вашай міласці, застаў яе за прасейваннем зерня, а ў дадатак да ўсяго сцвярджаецца, што зерне было нізкага гатунку, і гэта якраз і выклікае ў мяне сумненне ў знатнасці яе роду.
На гэта Дон Кіхот адказаў так:
— Васпані мая, ведайце, ваша вялікасць, што са мной заўсёды ці амаль заўсёды здараюцца рэчы, зусім не падобныя на тыя, што звычайна здараюцца з вандроўнымі рыцарамі, хто б гэтыя падзеі ні наладжваў: неспазнаная воля лёсу або каварства зайздроснага чараўніка. Ужо ўстаноўлена, што ўсе ці амаль усе славутыя вандроўныя рыцары валодалі якой-небудзь шчаслівай асаблівасцю. Аднаго немагчыма было зачараваць, іншых у сілу непрапушчальнасці іх скуры нельга было параніць, як, напрыклад, славутага Раланда, аднаго з Дванаццаці Пэраў Францыі; аб ім існуе паданне, што яго нельга было нікуды паразіць, акрамя пяткі левай нагі, і ніякай іншай зброяй, апрача вострай тоўстай шпількі, так што калі Бернарда дэль Карп’ё перамог яго ў Рансэвале, то, пераканаўшыся, што булат над ім не ўладарны, і ўспомніўшы, як Геркулес умярцвіў Антэя, лютага велікана і нібыта сына Зямлі, ён падняў Раланда на рукі і задушыў. 3 гэтага я раблю вывад, што, магчыма, я таксама валодаю якойнебудзь такой асаблівасцю, але толькі, ва ўсякім выпадку, не непаражальнасцю,— бо я шматразова пераканаўся на вопыце, што скура ў мяне пяшчотная і вельмі паражальная,— і не непадуладнасцю чарам, бо аднойчы мяне пасадзілі ў клетку, куды ніякая сіла, апрача сілы чараўніцтва, не магла б мяне заняволіць, але паколькі неўзабаве я ўсё ж выйшаў на волю, то хочацца думаць, што ніякія новыя чары мне ўжо не пашкодзяць. І па гэтай прычыне чараўнікі, бачачы, што іх падкопы на мяне не дзейнічаюць, спаганяюць
сваю злосць на той, што мне даражэй за ўсё: яны здзекуюцца з Дульцынеі, дзеля якой я толькі і жыву на свеце, і такім чынам спрабуюць увагнаць мяне ў магілу,і гэта дае мне падставу лічыць,што калі мой збраяносец з’явіўся да яе ад мяне з даручэннем, то яны ператварылі яе ў сялянку і вымусілі выконваць TaKyra чорную работу, як прасейванне зерня. Зрэшты, як я ўжо меў выпадак зазначыць, гэта былі не зярняты, а перлы Усходу. І ў доказ таго, што гэта шчырая праўда, я хачу вам сказаць, вашы высокасці, што нядаўна я быў у Табоса, але так і не знайшоў палаца Дульцынеі, а на другі дзень яна з’явілася да збраяносца майго Санча ў сапраўдным сваім абліччы, гэта значыць у абліччы першай прыгажуні ва ўсім свеце, a перада мной яна паўстала ў выглядзе нявыхаванай, пачварнай і не вельмі разважлівай сялянкі, хоць на самай справе яна змяшчае ў сабе ўсю мудрасць свету. І калі я сам не зачараваны і, калі ўдумацца, не магу быць зачараваны, то, значыць, зачараванаю, зняважанаю, ператворанаю, скажонаю і падмененаю з’яўляецца яна, і на ёй спаганялі злосць мае ворагі, вось чаму я буду пастаянна яе аплакваць да таго часу, пакуль яна не з’явіцца перада мною ў першапачатковым сваім стане. Усё гэта я кажу для таго, каб аповед Санча аб Дульцынеі, якая прасейвала і правейвала зерне, нікога не бянтэжыў: калі ж яна паўстала падмененаю перада мною, то нядзіўна, што скажонаю з’явілася яна і перад ім. Дульцынея — знатнага і высакароднага паходжання; доля ж яе, вядома, не саступіць жэрабю шматлікіх старадаўніх і вельмі паважаных дваранскіх родаў Табоса, бо толькі дзякуючы непараўнальнай Дульцынеі горад гэты і стане славутым і праславіцца ў вяках, гэтак жа як Трою праславіла Алена, толькі слава Дульцынеі будзе яшчэ больш гучная. Яшчэ трэба вам сказаць, вашы светласці, што Санча Панса — самы пацешны з усіх збраяносцаў, якія калі-небудзь служылі вандроўным рыцарам. Праставатасць яго бывае падчас вельмі дасціпнай, і ўгадваць,
праставаты ён або хітры, прыносіць немалое задавальненне. Некаторыя яго хітрасці выяўляюць у ім круцяля, некаторыя промахі прымушаюць думаць, што ён дурань. Ён ва ўсім сумняваецца і ўсяму верыць. Іншы раз думаеш, што дурнейшага за яго нікога на свеце няма, і раптам ён штосьці так разумна скажа, што проста ахнеш ад захаплення. Адным словам, я не прамяняў бы яго ні на якога іншага збраяносца, хоць бы ў дадатак мне прапаноўвалі цэлы горад. I ўсё ж я сумняваюся, ці варта пасылаць яго кіраваць востравам, які ваша вялікасць яму падаравала, хоць і бачу ў ім пэўныя здольнасці да кіравання. Яму б толькі добра прачысціць мазгі, і тады ён справіцца з любым губернатарствам не горпі, чым кароль з падаткамі. Тым больш, мы ведаем з доўгай практыкі: для таго каб быць губернатарам, не патрэбна ні вялікага ўмення, ні вялікай вучонасці. Колькі такіх губернатараў, якія і чытаюць нават па складах, каб яны былі прасякнуты добрымі намерамі і каб яны сумленна адносіліся да справы, дарадчыкі ж і настаўнікі ў іх заўсёды знойдуцца: невучоныя ж губернатары з дваран судзяць абавязкова з дапамогай засядацеля. Я, са свайго боку, параіў бы Санча хабару не браць, але і падаткаў не ўпускаць, і яшчэ сёе-тое берагу ў запасе, і ў свой час усё гэта будзе мною выкладзена — на карысць Санча і на карысць вострава, якім яму прызначана кіраваць.
Такую размову вялі паміж сабой герцаг, герцагіня і Дон Кіхот, як раптам за дзвярыма пачуліся гучныя крыкі і шум, і ўслед за гэтым у залу ўварваўся перапалоханы да смерці Санча, замест сурвэткі ў Санча быў падвязаны мяшок са шчолаччу, а за Санча бегла шмат чалядзінцаў, дакладней сказаць паварчукоў і іншых людзей, прычым адзін з іх цягнуў таз з вадой, у якой, мяркуючы па яе колеры і не надта чыстым выглядзе, верагодна, мылі посуд; паварчук гэты гнаўся за Санча па пятах і з усіх сіл стараўся падставіць яму таз пад самы падбародак, а другі быў апанаваны імкненнем вымыць яму бараду.