Дон Кіхот
Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
— Зрабіце ласку, ваша вялікасць, дапамагчы сеньёры герцагіні сысці з каня.
Дон Кіхот хацеў быў ёй дапамагчы, але тут паміж ім і герцагіняй адбыўся працяглы абмен кампліментамі; герцагіня, аднак жа, настаяла на сваім і выказала цвёрдае жаданне спусціцца з каня толькі з дапамо-
гай герцага, бо яна,маўляў, адчувае, што не заслугоўвае турбаваць дарэмна такога вялікага рыцара. Урэшце падышоў герцаг і дапамог ёй спешыцца; калі ж усе ўвайшлі ў прасторны двор, дзве прыгожыя дзяўчыны накінулі Дон Кіхоту на плечы цудоўную пунсовую мантыю, і ў той жа міг ва ўсіх галерэях з’явіліся слугі і служанкі і пачалі гучна ўсклікваць:
Сардэчна запрашаем, краса і гонар вандроўнага рыцарства!
I пры гэтым усе яны, ці амаль усе, апырсквалі з флаконаў герцага, герцагіню і Дон Кіхота духмянай вадкасцю, што вельмі здзівіла Дон Кіхота; і тут ён упершыню канчаткова пераканаўся і паверыў, што ён не ўяўны, а самы сапраўдны вандроўны рыцар; бо ўсе абыходзіліся з ім гэтак жа дакладна, як абыходзіліся з такімі рыцарамі ў мінулыя часы, аб чым ён ведаў з раманаў. Затым яму прапанавалі падняцца па лесвіцы і правялі ў залу, увешаную каштоўнаю парчою і залататканымі дыванамі; шэсць дзяўчат знялі з яго даспехі і пачалі прыслужваць яму, як пажы,— усе яны былі навучаны і папярэджаны герцагам і герцагіняю, што ім трэба рабіць і як неабходна абыходзіцца з Дон Кіхотам, каб ён уявіў і пераканаўся, што яго прымаюць за вандроўнага рыцара. Калі з Дон Кіхота знялі даспехі, ён, худы, высокі, падгалісты, з такімі запалымі шчокамі, што здавалася, быццам яны цалуюць адна другую знутры, застаўся ў вузкіх шараварах і ў камзоле з вярблюджай шэрсці, і выгляд у яго быў такі, што калі б дзяўчаты не рабілі над сабой намаганняў, каб не пырснуць (а на гэты конт яны атрымалі ад сваіх паноў асаблівы наказ),то, ужо дакладна, зайшліся б ад смеху. Ніколькі не марудзячы, Дон Кіхот прайшоў разам з Санча ў суседні пакой, памяняў кашулю, падперазаўся мячом, накінуў на плечы пунсовую мантыю, на галаву надзеў берэт з зялёнага атласу, пададзены яму прыслужніцамі, і ў такім выглядзе выйшаў у прасторную залу, дзе яго ўжо чакалі дзяўчаты, якія выстраіліся ў два рады і трымалі пасудзі-
ны для абмывання рук; увесь гэты абрад быў выкананы з вялікай колькасцю паклонаў і розных цырымоній. Затым з’явіліся дванаццаць пажаў і з імі дварэцкі, каб адвесці Дон Кіхота ў сталовую, дзе яго чакалі ўладальнікі замка. Абступіўшы Дон Кіхота, пажы ўрачыста і вельмі пачціва правялі яго ў другую залу, дзе стаяў багата прыбраны стол, накрыты ўсяго толькі на чатырох чалавек. Каля парога сустрэлі яго герцаг, герцагіня і нейкі важны свяшчэннік з ліку тых, якія ва ўладарных князёў з’яўляюцца духоўнікамі; з ліку тых, якія, не будучы князямі ад нараджэння, аказваюцца бяссільнымі навучыць прыродных князёў, як трэба паводзіць сябе ў гэтым званні; з ліку тых, якія імкнуцца да таго, каб веліч высокапастаўленых асоб вымяралася іх уласным духоўным убоствам; з ліку тых, якія, жадаючы навучыць духоўных дзяцей сваіх памяркоўнасці, робяць з іх скупых,— вось што, па ўсёй верагоднасці, уяўляў сабой гэты важны свяшчэннік, які разам з герцагскай парай выйшаў насустрач Дон Кіхоту. Герцаг прапанаваў Дон Кіхоту заняць ганаровае месца; той спачатку аднекваўся, але ўрэшце здаўся на ўгаворы. Духоўнік сеў насупраць Дон Кіхота, герцаг жа і герцагіня — справа і злева ад яго.
Санча, які прысутнічаў тут, быў ашаломлены і агарошаны тымі ўшанаваннямі, якімі такія знатныя асобы сустракалі яго пана; і калі ён убачыў, якія цырымоніі давялося разводзіць герцагу, каб угаварыць Дон Кіхота сесці на ганаровае месца, то сказаў:
— Калі вашы міласці мне дазволяць, я раскажу, што здарылася аднойчы ў нас у вёсцы, калі зайшла спрэчка аб месцах за сталом.
Пры гэтых словах Дон Кіхот уздрыгнуў, відаць, ён спалохаўся, што Санча збалбатне якое-небудзь глупства.
— Дык вось,— працягваў Санча,— я хачу вам расказаць шчырую праўду, ды і потым мой пан Дон Кіхот, які тут прысутнічае, усё роўна не дасць мне схлусіць.
— Па мне,адклікнуўся Дон Кіхот,— хлусі колькі хочаш, Санча, я не буду цябе перапыняць, але толькі спачатку падумай, што ты маеш намер расказаць.
— Я ж думаў і перадумаў, сем разоў адмяраў і толькі на восьмы адрэзаў, і зараз вы ў гэтым пераканаецеся на справе.
— Добра, калі б вашы светласці прагналі гэтага боўдзілу,— сказаў Дон Кіхот,— a то ён бог ведае чаго нагаворыць.
— Клянуся жыццём майго мужа,— сказала герцагіня,што Санча не адыдзе ад мяне ні на крок! Я яго вельмі люблю і ведаю, што ён вельмі разумны.
— Дай бог вашай святасці век свой пражыць з розумам за добрае пра мяне меркаванне, хоць я яго і не заслужыў,аб’явіў Санча.А расказаць я хачу вось што. Запрасіў да сябе адзін гідальга з нашай вёскі, вельмі багаты і знатны, бо ён з роду Аламас дэ Медзіна дэль Кампа, і жанаты з доннай Менсіяй дэ Кіньёнес, дачкой дона Алонса дэ Мараньён, дона Алонса, які ўтапіўся ў Эрадуры і з-за якога некалькі год таму назад у нашай вёсцы пачалася сварка, у якой, наколькі мне вядома, удзельнічаў і мой пан Дон Кіхот, і тады ж яшчэ пабілі Тамасільё Абібоку, сына каваля Бальбастра... Ну, што, шаноўны мой гаспадар, хіба гэта не праўда? Дзеля ўсяго святога, скажыце, што праўда, інакш сеньёры могуць падумаць, што я хлус і балбатун.
— Да гзтага часу ты мне здаваўся больш балбатуном, чым хлусам,умяшаўся духоўнік.Зрэшты, не ведаю, кім ты будзеш пасля. Ты называеш столькі імён, Санча, і столькі прымет, што я міжволі вымушаны прызнаць, што, відаць, ты гаворыш праўду. Аднак працягвай і скараці свой аповед, бо, мяркуючы па пачатку, ты гэтак не скончыш і праз два дні.
— He, няхай не скарачае, калі хоча прынесці мне задавальненне,запярэчыла герцагіня,насупраць, няхай расказвае, як умее, хоць бы не скончыў і за шэсць дзён; калі ж яму і на самай справе столькі спат-
рэбіцца, то гэта будуць самыя прыемныя дні ў маім жыцці.
— Такім чынам, васпане мае,— працягваў Санча,гэтага самага гідальга я ведаю як свае пяць пальцаў, бо ад мяне да яго дома рукой падаць. I вось, значыць, запрасіў ён да сябе аднаго сумленнага, але беднага селяніна...
— Хутчэй, браток! — перапыніў яго тут свяшчэннік.Калі ты так будзеш распавядаць, то і да другога прышэсця не скончыш.
— Бог дасць, задоўга да гэтага тэрміну паспею расказаць,— адрэзаў Санча.— Дык вось, такім чынам, прыходзіць селянін у госці да гэтага самага гідальга, царства яму нябеснае,— ён жа памёр ужо, і кажуць, быццам паміраў, як святы; праўда, сам я не бачыў, я тады касіў у Тэмблецы...
— Богам прашу, сын мой, вяртайся ты як мага хутчэй з Тэмблекі і абыдзіся без пахавання гідальга, a то, пакуль ты скончыш, як бы кагосьці з нас не пахавалі!
— Ну, дык вось,працягваў Санча,— збіраюцца яны абодва садзіцца за стол,— я іх зараз бачу...
Вялікае задавальненне прынесла герцагскай пары тое яўнае незадавальненне, якое выклікалі ў духоўнай асобы адступленні і замінкі ў аповедзе Санча, а ў душы ў Дон Кіхота кіпелі абурэнне і лютасць.
— Дык вось,— працягваў Санча,— пара, значыць, садзіцца за стол; тут селянін і заладзіў: няхай, маўляў, на ганаровае месца садзіцца гідальга, а гідальга заладзіў: няхай туды садзіцца селянін, у яго, кажа, у доме ўсё павінна быць, як ён загадае. Аднак жа селяніну хацелася вызначыцца сваёй ветлівасцю і добрым выхаваннем, і ён ні за што. Нарэшце гідальга раззлаваўся, схапіў селяніна за плечы, сілком усадзіў яго і сказаў: “Ды сядай жа ты, дубіна! Куды б я ні сеў, маё месца будзе болып ганаровым за тваё”. Вось і ўвесь мой аповед, і, шчыра кажучы, я ўпэўнены, што прыйшоўся ён якраз дарэчы.
У Дон Кіхота ўвесь твар пакрыўся чырвонымі пля-
мамі, якія выступілі на яго смуглай скуры. Між тым гаспадары, баючыся, як бы Дон Кіхот, які, ужо дакладна, зразумеў намёк Санча, не пакрыўдзіўся і на іх, набылі важны выгляд. Каб змяніць размову і каб Санча перастаў вярзці лухту, герцагіня спытала Дон Кіхота, ці ёсць у яго звесткі ад сеньёры Дульцынеі і колькі веліканаў і ліхадзеяў адаслаў ён ёй у падарунак за апошні час, бо, па ўсёй верагоднасці, ён над многімі, маўляў, з іх паспеў атрымаць перамогу. Дон Кіхот ёй на гэта адказаў так:
— Сеньёра, мае няшчасці пачаліся, аднак жа канца ім не прадбачыцца. Я перамагаў веліканаў, я адсылаў да яе дуіпагубаў і ліхадзеяў, але як маглі яны яе адшукаць, калі яна зачаравана і ператворана ў сялянку, болып нязграбнай за якую і ўявіць сабе немагчыма?
He ведаю,— умяшаўся Санча Панса,— мне падалося, што прыгажэйшай за яе няма нікога на свеце. Ва ўсялякім выпадку, магу ручацца, што па лёгкасці і скачках яна ніякаму канатаходцу не дасць спуску. Слова гонару, сеньёра герцагіня, яна проста з зямлі на асліцу ўскоквае, як усё роўна кошка.
— А хіба ты бачыў яе зачараванай, Санча? — спытаў герцаг.
Яшчэ як бачыў! адказаў Санча.А які ж чорт, калі не я, раней за ўсіх трапіў на гэту вудачку з чараўніцтвам? He, не, яна і на самай справе зачаравана... гэтак жа, як мы з вамі!
Духоўнік, які слухаў усю гэту размову пра веліканаў, душагубаў і чараўніцтва, здагадаўся, што гэта і ёсць Дон Кіхот Ламанчскі, гісторыю якога герцаг чытаў пастаянна, між тым духоўнік ганіў яго за гэта шматразова і пераконваў, што неразумна з яго боку чытаць такую лухту, і вось цяпер, поўнасцю пераканаўшыся ў правільнасці сваіх меркаванняў, ён з найвялікім гневам загаварыў з герцагам:
— Ваша светласць! Вам, васпан мой, давядзецца даваць адказ богу за выхадкі гэтага малайца. Я схільны думаць, што гэты самы Дон Кіхот, Дон Асталоп ці як
яго там, не такі ўжо прыдуркаваты, якім яго ўяўляе сабе ваша светласць, а таму і не варта вам патураць яго дурыкам і дзівацтвам.
Затым ён звярнуўся да Дон Кіхота і сказаў:
— Паслухайце, вы, пустая галава, хто гэта вам убіў у галаву, што вы вандроўны рыцар і што вы перамагаеце веліканаў і бераце ў палон ліхадзеяў? Апамятайцеся і ўспомніце маё слова і вяртайцеся да сябе дамоў, гадуйце дзяцей, калі яны ў вас ёсць, займайцеся гаспадаркай і перастаньце блукаць па свеце, лавіць у небе жураўля і смяяцца з усіх добрых людзей, знаёмых і незнаёмых. Адкуль вы ўзялі, што былі на свеце і зараз яшчэ ёсць вандроўныя рыцары, не проці ночы ўспамінаць іх? Дзе ж гэта ў Іспаніі жывуць веліканы і ўся гэта безліч лухты, якая пра вас напісана?