• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

    Дон Кіхот

    Мігель дэ Сервантэс
    Для сярэдняга школьнага ўзросту
    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 622с.
    Мінск 1999
    213.04 МБ
    Здарылася так, што на другі дзень на захадзе сонца Дон Кіхот, выехаўшы з лесу, акінуў позіркам зялёны луг і ў самым канцы яго заўважыў вялікую колькасць людзей; наблізіўшыся, ён здагадаўся, што гэта сакалінае паляванне. Тады ён пад’ехаў яшчэ бліжэй і ўбачыў станістую даму на беласнежным інаходцы; збруя на ім была зялёная, сядло ж сярэбранае. Дама таксама была ва ўсім зялёным, і адзенне яе было такім багатым і такім элегантным, што здавалася, быццам гэта сама элегантнасць. На левай руцэ ў яе сядзеў сокал, і па гэтай прымеце Дон Кіхот здагадаўся, што перад ім нейкая знатная асоба, іншыя ж паляўнічыя — яе світа, і так яно і было на самай справе; і па гэтай прычыне ён сказаў Санча:
    Бяжы, дружа Санча, і скажы гэтай сеньёры на белым кані і з сокалам на руцэ, што я, Рыцар Ільвоў, падаю ніц перад яе хараством і што калі яе вялікасць дазволіць, то я набліжуся, каб пацалаваць ёй рукі і выканаць усё, што толькі ў маіх сілах і што б яе светласць мне ні загадала. Але толькі глядзі, Санча, не нагавары лішняга і не ўздумай аздабляць пасольскую сваю мову любімымі тваімі прыказкамі.
    — Знайшлі якога аздабляльніка! — запярэчыў Санча.He турбуйцеся, калі ласка! Слава богу, мне не ўпершыню ехаць паслом да высокапастаўленых і важных сеньёраў!
    — За выключэннем таго выпадку, калі я пасылаў цябе да сеньёры Дульцынеі,— заўважыў Дон Кіхот,— я не помню, каб ты калі-небудзь выконваў пасольскія абавязкі, прынамсі, знаходзячыся на службе ў мяне.
    — Ваша праўда,— прамовіў Санча.А ўсё-такі спраўнаму плацельшчыку заклад не страшны, і дзе багата жывуць, там мігам на стол падаюць. Я хачу сказаць, што нічога мне не патрэбна растлумачваць і ні аб чым не патрэбна мяне папярэджваць: у мяне ў самога хопіць кемлівасці, я сам што-нішто ў гэтых справах разумею.
    —	Я ў гэтым упэўнены, Санча,— сказаў Дон Кіхот.— Ну, у добры час, з богам.
    Санча пагнаў шэрага на ўсю моц і, пад’ехаўшы да вельмі прыгожай аматаркі палявання, спешыўся, упаў на калені і сказаў:
    —	Чароўная сеньёра, вунь той рыцар, якога завуць Рыцарам Ільвоў,гэта мой пан, а я яго збраяносец, і дома мяне завуць Санча Пансам. Дык вось, гэты самы Рыцар Ільвоў, які яшчэ нядаўна называўся Рыцарам Журботнага Вобраза, паслаў мяне папрасіць вашу вялікасць, каб вы зрабілі ласку дазволіць яму з’явіцца з вашага дазволу і згоды сюды і выканаць яго жаданне, а жадае ён, як ён сам гаворыць, ды і я гэтак жа думаю, толькі аднаго: служыць вашаму высокапалётнаму сакольніцтву і хараству. І вось, калі такі дазвол будзе дадзены, то ваша яснавяльможнасць ад гэтага толькі выйграе, а ён палічыць гэта за асаблівую-найасаблівую міласць і прыемнасць.
    — Сапраўды, добры збраяносец,— прамовіла ў адказ сеньёра,— ты нічога не прапусціў з таго, што патрабуецца пры выкананні такіх даручэнняў. Устань жа: збраяносцу такога вялікага рыцара, якім з’яўляецца Рыцар Журботнага Вобраза, аб якім мы тут ужо шмат чулі, непрыстойна стаяць на каленях. Устань жа, дружа мой, і перадай свайму пану, што ён прыехаў якраз своечасова і што я і мой муж, герцаг, запрашаем яго ў наш летні палац.
    Санча падняўся з каленяў: яго столькі ж уразіла прыгажосць добрай сеньёры, колькі прыязнасць яе і прыветлівасць, але больш за ўсё ён быў здзіўлены тым, што, аказваецца, яна ўжо чула пра Рыцара Журботнага Вобраза; праўда, Рыцарам Ільвоў яна яго не назвала, але, відаць, таму, што Дон Кіхот узяў сабе гэту назву зусім нядаўна. Між тым герцагіня (імя яе даведацца пакуль не ўдалося) звярнулася да Санча з пытаннем:
    -	Скажы, паважаны збраяносец, ці не пра твайго пана напісана кніга пад назвай Хітры гідальга Дон
    Кіхот Ламанчскі і ці не з’яўляецца валадаркай яго душы нейкая Дульцынея Табоская?
    — Гэта ён і ёсць, сеньёра, а збраяносец, які выведзены ці, у крайнім выпадку, павінен быць выведзены ў гэтай кнізе і якога завуць Санча Пансам, гэта я, калі мяне не падмянілі ў калысцы, гэта значыць, я хачу сказаць у друкарні.
    — Усё гэта мяне вельмі радуе,аб’явіла герцагіня.Дык едзь жа, дружа мой Панса, і перадай свайму пану, што ён будзе дарагім і жаданым госцем у маіх уладаннях і што большага задавальнення, чым яго наведванне, мяне нішто на свеце не магло б задаволіць.
    Атрымаўшы такі прыхільны адказ, Санча з пачуццём глыбокага задавальнення накіраваўся да свайго пана, перадаў яму ўсё, што сказала гэта знатная сеньёра, і на свой вясковы лад узнёс да нябёс незвычайную яе прыгажосць, вялікую прыемнасць і далікатнасць. Дон Кіхот прыняў самавітую паставу, выцягнуўся на страмёнах, паправіў забрала, даў шпоры Расінанту і з вельмі незалежным выглядам паехаў цалаваць герцагіні рукі; герцагіня ж, пакуль Дон Кіхот ехаў, паклікала свайго мужа, герцага, і расказала пра пасла; а паколькі муж і жонка чыталі першую частку гісторыі Дон Кіхота і ведалі з яе аб яго дзівацтвах, то з вялікаю радасцю чакалі яго і жадалі з ім пазнаёміцца, загадзя вырашыўшы, што яны будуць патураць усім яго дзівацтвам, падтакваць яму і ўвесь той час, што ён у іх прагасцюе, абыходзіцца з ім, як з вандроўным рыцарам, выконваючы ўсе цырымоніі, якія звычайна апісваюцца ў прачытаных імі рыцарскіх раманах, да якіх яны былі вялікія аматары.
    Тым часам Дон Кіхот з паднятым забралам наблізіўся да кавалькады і падаў Санча знак, што мае намер злезці з каня; Санча рынуўся быў падтрымаць яму стрэмя, але на бяду, калі саскокваў са свайго шэрага, зачапіўся адной нагой за вяроўку ад сядла;
    выблытацца яму так і не ўдалося, і, прыпаўшы тварам і грудзьмі да зямлі, ён павіс на вяроўцы. Дон Кіхот прывык да таго, каб, калі ён злазіў з каня, яму трымалі стрэмя, і цяпер ён, лічачы, што Санча ўжо тут, перагнуўся і пацягнуў за сабою сядло Расінанта, сядло ж, па ўсёй верагоднасці, было дрэнна падцягнута, бо ён, вельмі збянтэжаны, разам з сядлом грукнуўся на зямлю, у думках праклінаючы злаіпчаснага Санча, нага якога ўсё яшчэ была заціснута. Герцаг загадаў сваім егерам дапамагчы рыцару і збраяносцу; тыя паднялі Дон Кіхота, Дон Кіхот жа моцна ўдарыўся пры падзенні і накульгваў, аднак жа паспрабаваў быў цераз сілу стаць на калені перад герцагам і герцагіняй, але герцаг рашуча гэтаму запярэчыў — ён саскочыў з каня, абняў Дон Кіхота і сказаў:
    Мне вельмі шкада, сеньёр Рыцар Журботнага Вобраза, што прыезд у маё герцагства адзначаны для вас такой няўдачай. Зрэшты, нядбайнасць збраяносцаў бывае іншы раз прычынаю і больш непрыемных здарэнняў.
    — Здарэнне, з якім звязана сустрэча з такім слаўным вяльможам, як вы, нельга прызнаць няўдачным,— запярэчыў Дон Кіхот.— Нават калі б я зваліўся на самае дно прорвы, мяне вызваліў бы адтуль і ўзнёс гонар сустрэчы з вамі. Мой збраяносец, каб яго бог пакараў, значна лепш умее развязваць свой язык, каб адпускаць розныя жартачкі, чым прывязваць і падцягваць сядло, каб яно мацней трымалася. Але ў любым становішчы, скінуты або падняты, пешы або конны, я заўсёды да паслуг вашых і сеньёры герцагіні, шаноўнай вашай жонкі, вартай называцца першавыбранніцай прыгажосці і першавярхоўнай заканадаўцай пачцівасці.
    Чакайце, чакайце, сеньёр Дон Кіхот Ламанчскі! — прамовіў герцаг.— Там, дзе царуе сеньёра донна Дульцынея Табоская, нельга ўсхваляць чыю б там ні было прыгажосць.
    Між тым Санча Панса ўжо вызваліў нагу з пятлі і,
    наблізіўшыся, паспяшаўся адказаць за свайго пана: Нельга адмаўляць, наадварот трэба пацвердзіць, што сеньёра Дульцынея Табоская вельмі нават прыгожая, але ж заяц выбягае, калі паляўнічы не чакае, і потым я яшчэ такое чуў: тое, што мы называем прыродай,— гэта, кажуць, накшталт ганчара, які вырабляе посуд з гліны, і калі ён зляпіў адну прыгожую пасудзіну, значыць можа зляпіць іх і дзве, і тры, і цэлую сотню. Кажу я гэта да таго, што сеньёра герцагіня, сапраўды, не горшая за маю гаспадыню, сеньёру Дульцынею Табоскую,
    Дон Кіхот звярнуўся да герцагіні і сказаў:
    — Прыміце да ведама, ваша вялікасць, што ніводзін вандроўны рыцар не меў такога гаваркога і вечна балбатлівага збраяносца, як я, і калі вашаму высокаправасхадзіцельству захочацца, каб я паслужыў вам хоць некалькі дзён, то вы ў гэтым пераканаецеся на справе. Герцагіня ж яму на гэта сказала:
    —	Калі добры Санча — жартаўнік, то мне гэта вельмі падабаецца, бо гэта даказвае, што ён не дурны: людзям тупым, як вы самі выдатна ведаеце, сеньёр Дон Кіхот, жарты і кпіны не даюцца, а паколькі добры Санча жартаўнік і вастраслоў, то я зараз жа гатова прызнаць яго за разумніка.
    —	І за балбатуна,— дадаў Дон Кіхот.
    —	Тым лепш,падхапіў герцаг: — вялікая дасціпнасць з нешматслоўнасцю не ўжываецца. Ну, а зараз без лішніх слоў будзьце ласкавы, вялікі Рыцар Журботнага Вобраза...
    —	Рыцар Ільвоў трэба гаварыць, ваша светласць,— уставіў Санча: скончыліся ўсе гэтыя вобразы ды бязвобразы цяпер толькі львы.
    — Такім чынам, запрашаю вас, сеньёр Рыцар Ільвоў, у мой замак,працягваў герцаг,— ён адсюль недалёка, і там вы сустрэнеце прыём, на які такая высокая асоба, як вы, мае поўнае права разлічваць і які мы з герцагіняю маем звычку рабіць усім тым вандроўным рыцарам, што бываюць у нас у гасцях.
    За гэты час Санча паспеў прывесці ў належны парадак і добра падцягнуць сядло свайго пана, той зноў сеў на Расінанта, герцаг — на свайго цудоўнага каня, герцагіня апынулася паміж імі, і ўсе рушылі да замка. Герцагіня, аднак жа, загадала Санча ехаць з ёю побач, бо разумныя яго выказванні прыносілі ёй невымоўнае задавальненне. Санча не прымусіў сябе доўга ўпрошваць, уціснуўся ў гэту тройцу і на правах чацвёртага суразмоўцы прыняў удзел у агульнай размове, чым вельмі ўзрадаваў герцага і герцагіню, якія за вялікую ўдачу палічылі тую акалічнасць, што могуць прыняць у сябе вандроўнага рыцара і гаваркога збраяносца.
    Р а з д з е л XXVIII, які апавядае аб многіх вялікіх падзеях
    Санча быў у поўным захапленні, бо ўявіў, што знаходзіцца ў ласцы ў герцагіні, і спадзяваўся знайсці ў яе замку тое ж, што і ў доме Басільё; ён любіў дастатак, і, як толькі яму надараўся выпадак пацешыцца жыццём, ён няўхільна хапаў яго за віхор.
    Да таго як усе наблізіліся да летняга палаца, герцаг паехаў наперад і аддаў распараджэнне ўсім сваім слугам, як патрэбна абыходзіцца з Доы Кіхотам, так што калі Дон Кіхот разам з герцагіняй пад’ехаў да замкавых варот, то насустрач выйшлі два не то лёкаі, не то конюхі ў доўгім да пят, так званым ранішнім адзенні з выдатнага пунсовага атласу, і не паспеў ён азірнуцца, як яны падхапілі ўжо яго на рукі і сказалі: