Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
Сеньёра герцагіня адправіла да тваёй жонкі Тэрэсы Панса пасыльнага з кафтанам і з падарункам ад яе самой; адказу чакаем з хвіліны на хвіліну.
Бог з табой.
Твой сябар Дон Кіхот Ламанчскі”.
Санча слухаў з асаблівай увагай, усе прысутныя пахвалілі пісьмо і прызналі, што яно вельмі разумна напісана. Затым Санча ўстаў і, паклікаўшы свайго сакратара, зачыніўся з ім у сваім пакоі, а паколькі ён вырашыў зараз жа, не адкладваючы, адказаць сеньёру Дон Кіхоту, то загадаў сакратару запісваць слова ў слова ўсё, што ён, Санча, будзе яму гаварыць. Сакратар падпарадкаваўся, і пісьмо ў адказ было складзена наступным чынам:
Пісьмо Санча Пансы да Дон Кіхота Ламанчскага
“Я так заняты справамі, што ў мяне няма часу ні пачухаць галаву, ні нават абрэзаць пазногці, і таму яны ў мяне такія доўгія, што хоць крычы каравул. Гэта я вам пішу, дарагі сеньёр, каб міласць Ваша не турбавалася, што я да гэтага часу не паведаміў Вам, як мне жывецца на востраве. Дык вось, галадаю я на гэтым самым востраве больш, чым калі мы з Вамі ўдвух блукалі па лясах і пустынях.
Днямі сеньёр герцаг пісаў мне і паведамляў, што да нас на востраў прабраліся нейкія лазутчыкі і хочуць мяне забіць, але да гэтага часу мне ўдалося выявіць толькі аднаго, нейкага лекара, якому тут плацяць жалаванне, каб ён усіх новапрызначаных губернатараў адпраўляў на той свет. Завуць яго доктар Педра Нясцерпна, а родам ён не то з Ціртэафуэры, не то з Учортанарагеры: адно імя чаго варта, Ваша міласць, міжволі будзеш баяцца, як бы ён цябе не замарыў! Ён сам пра сябе гаворыць, што не лечыць хваробы, a толькі папярэджвае, лекі ж у яго адны: дыета ды дыета, пакуль хворы так схуднее — у чым толькі душа трымаецца, як быццам знясіленне не больш шкоднае за гарачку! Словам, ён морыць мяне голадам, а я паміраю ад прыкрасці: я ж думаў, калі збіраўся губернатарнічаць, што буду есці гарачае, піць прахаладжальнае, песціць сваё цела на галандскіх прасцінах ды на пухавіках, а прыехаў і пачаў весці такое строгае жыццё: ну, якраз пустэльнік, а паколькі гэта не па
маёй добрай волі, то баюся я, што аднойчы адпраўлюся к чорту.
Да гэтага часу мне яшчэ ні падаткаў не прыносілі, ні падарункаў не дарылі, і я не магу зразумець, што б гэта азначала, бо я тут ад сяго-таго чуў, што звычайна, калі прызначаецца новы губернатар, то яшчэ да яго прыбыцця на востраў жыхары дораць яму або пазычаюць шмат грошай і што звычай гэты існуе ва ўсіх выключна валадароў, а не толькі ў тутэйшых.
Рынкі я наведваю, як Ваша міласць мне раіла, і ўчора пры мне адна жанчына гандлявала арэхамі, быццам бы свежымі, а я даказаў, што свежыя арэхі яна мяшае са старымі, пустымі і гнілымі; я загадаў аддаць усе гэтыя арэхі ў сіроцкую школу — там разбяруцца, гандлярцы ж забараніў на працягу двух тыдняў з’яўляцца на рынку. Гавораць, што я зрабіў правільна. Да ведама Вашай міласці, пра гандлярак у нашым горадзе ідзе такая няслава, што горшых за іх нікога на свеце няма, бо яны народ бессаромны, бессардэчны і нахабны, і я таксама гэтак лічу: я ж на іх нагледзеўся ў іншых мясцінах.
Я вельмі задаволены, што сеньёра герцагіня напісала пісьмо маёй жонцы Тэрэсе Панса і, як Вы паведамляеце, паслала ёй падарунак, і з цягам часу пастараюся аддзячыць ёй; пацалуйце ёй за мяне ручкі, Ваша міласць, і перадайце, што я ў яе ў даўгу не застануся,— у гэтым яна пераканаецца на справе.
Калі прыйдзе пісьмо ад маёй жонкі Тэрэсы Панса, то заплаціце, Ваша міласць, за дастаўку* і перашліце сюды: мне, сіл нестае, хочацца даведацца, што ў мяне робіцца дома, як там жонка і дзеці. А цяпер няхай беражэ Вас бог ад шкодных чараўнікоў, а мне няхай дапаможа пайсці адсюль дабром і з мірам, у чым я, аднак жа, сумняваюся, бо, па ўсёй верагоднасці, давядзецца мне на гэтым самым востраве скласці свае косці — так добра лечыць мяне доктар Педра Нясцерпна.
Слуга Вашай міласці Губернатар Санча Панса”.
Сакратар запячатаў пісьмо і неадкладна адправіў ганца ў зваротную дарогу, змоўшчыкі ж, якія дурылі Санча, сабраліся і пачалі раіцца, як бы гэта ім адправіць адсюль самога губернатара. А губернатар увесь гэты дзень прымаў меры для паляпшэння дзяржаўнага ладу ў даверанай яму вобласці, якую ён прымаў за востраў; так, напрыклад, ён забараніў рознічны перапродаж харчовых прадуктаў ва ўсёй дзяржаве і дазволіў увоз віна адкуль бы гэта ні было, з той, аднак жа, агаворкай, што павінна ўказвацца месца яго вырабу і што цана на яго павінна ўстанаўлівацца ў адпаведнасці з яго сапраўдным коштам, якасцю і маркаю, тым жа прадаўцам, якія будуць выкрыты ў разбаўленні віна вадою, а таксама і ў падробцы ярлычкоў, губернатар устанавіў смяротную кару; ён знізіў цэны на абутак, галоўным чынам на чаравікі, што каштавалі, на яго думку, неймаверна дорага; вызначыў памеры жалавання слугам, якія ў сваёй карыслівасці не ведалі ўпыну; устанавіў строгія спагнанні для тых, хто — усё роўна, днём або ноччу — надумаў бы спяваць непрыстойныя і гарэзлівыя песні; забараніў сляпым спяваць аб цудах, калі толькі ў іх няма бясспрэчных доказаў, што цуды гэтыя сапраўды адбываліся, бо ён прытрымліваўся той думкі, што большасць цудаў, аб якіх спяваюць сляпыя — цуды ўяўныя і толькі падрываюць веру ў сапраўдныя; і, нарэшце, прыдумаў і ўвёў новую пасаду альгуасіла па справах беднякоў, не для таго, аднак жа, каб даймаць іх, а для таго, каб правяраць, ці сапраўды яны бедныя, а то ж бывае іншы раз і так, што калекаю прыкідваецца злодзей, у якога абедзве рукі цалюткія, і выстаўляе напаказ выдуманыя раны здаравенны п’яніца. Адным словам, ён увёў столькі паляпшэнняў, што яны да гэтага часу не страцілі ў тых мясцінах сваёй сілы і да сягонняшняга дня называюцца “Законапалажэннямі вялікага губернатара Санча Пансы”.
Р а з д з е л XL.
Аб злашчасным канцы і выніку губернатарства Санча Пансы
Між тым Дон Кіхот прыйшоў да думкі, што яго жыццё ў гэтым замку ідзе ў разрэз з усім ладам рыцарства і вырашыў папрасіць у герцагскай пары дазволу пакінуць іх прытулак і накіравацца ў Барселону, дзе неўзабаве павінна было адбыцца свята, а на гэтым свяце ён спадзяваўся заваяваць сабе даспехі, якія ў такіх выпадках звычайна даюць ва ўзнагароду. І трэба ж было здарыцца так, што ў гэты самы дзень, калі ён, седзячы за сталом разам з іх светласцямі, хацеў быў выканаць свой намер і папрасіць дазволу ад’ехаць, дзверы ў вялікую залу раптоўна адчыніліся і ўвайшоў паж, які адвозіў пісьмо і падарункі жонцы губернатара Санча Пансы, Тэрэсе Панса.
Іх светласці ўзрадаваліся яго прыезду невымоўна, бо ім цікава было ведаць, як жа ён з’ездзіў; калі ж яны яго аб тым спыталі, ён зазначыў, што коратка, ды яшчэ пры пабочных асобах, гэтага не раскажаш, і папрасіў дазволу адкласці аповед да таго часу, калі ён застанецца з іх светласцямі сам-насам, а пакуль, маўляў, няхай яны пацешацца пісьмамі. І тут ён дастаў два пісьмы і ўручыў герцагіні. На адным з іх было напісана: “Пісьмо да сеньёры герцагіні, не ведаю, як яе завуць”, а на другім: “Мужу майму Санча Пансу, губернатару вострава Баратарыя, дай бог яму пражыць даўжэй, чым мне самой”. Герцагіні, як кажуць, не сядзелася на месцы гэткую моцную цікаўнасць абуджала ў ёй пісьмо Тэрэсы; адкрыўшы ж яго і прабегшы вачамі, яна палічыла, што пісьмо цалкам можна прачытаць уголас у прысутнасці герцага і ўсіх астатніх, і таму прачытала яго ўслых.
Пісьмо Тэрэсы Панса да герцагіні
“Вялікую радасць прынесла мне, васпані мая, пісьмо Вашай светласці. Нітка каралаў вельмі добрая, ды і паляўнічы кафтан майго мужа не горшы. А што
Ваша светласць прызначыла мужа майго Санча губернатарам, то ўся наша вёска вельмі нават гэтаму рада, хоць усе ў гэтым сумняваюцца, асабліва свяшчэннік, цырульнік маэсе Нікалас і бакалаўр Самсон Караска, ну, а мяне гэта ніколькі не хвалюе: абы так яно ўсё было, а там няхай сабе гавораць што хочуць; зрэшты, калі ўжо на тое пайшло, каб не каралы і кафтан, то я б і сама не паверыла, бо ўсе ў нас прымаюць майго мужа за дурня, а паколькі ён да гэтага часу нічым, апрача чарады коз, не кіраваў, то і не могуць зразумець, ці варты ён кіраваць яшчэ чым-небудзь. Дапамажы яму бог. Няхай папрацуе на карысць дзеткам.
А я, дарагая мая сеньёра, вырашыла, з дазволу Вашай міласці, пакуль шчасце само плыве ў рукі, адправіцца ў сталіцу і пакатацца ў карэце, каб у зайздроснікаў маіх,— а зайздроснікаў у мяне цяпер шмат,— лопнулі вочы; вось я і прашу Вашу светласць: скажыце майму мужу, каб ён прыслаў мне колькі-небудзь грошай, ды асабліва не квапіўся, бо ў сталіцы расходы вялікія: адна буханка хлеба каштуе рэал, а фунт мяса — трыццаць мараведзі. Гэта ж проста жах! А калі ён не захоча, каб я ехала, то няхай хутчэй адпіша, бо мне так і карціць пусціцца ў дарогу: сяброўкі і суседкі мяне пераконваюць, што калі мы з дачкой, прыбраныя ў пух і прах, важныя — не падступіцца, прыкоцім у сталіцу, то хутчэй я праслаўлю майго мужа, чым ён мяне, бо ўжо абавязкова многія пачнуць дапытвацца: “Што гэта за сеньёры едуць у карэце?” A мой слуга ў адказ: ‘Тэта жонка і дачка Санча Пансы, губернатара вострава Баратарыя”. Дык і Санча майму будзе слава, і мне пашана, і ўсім добра.
Нельга выказаць, як мне шкада, што жалуды ў гэтым годзе ў нас не ўрадзілі, але ўсё-такі пасылаю Вашай светласці паўмеры; сама па адным жолудзе збірала ў лесе і сваімі рукамі абцірала, ды вось бяда: болып буйных не знайшлося, а мне б хацелася, каб яны былі памерам як страусава яйка.
He забудзьце, Ваша высокаўрачыстасць, мне адпісаць, а ўжо я не праміну вам адказаць і адпішу пра
сваё здароўе і пра ўсе нашы вясковыя навіны, а пакуль што малю бога, каб ён бярог Вашу вялікасць і мяне не пакінуў. Дачка мая і сынок цалуюць Вашай міласці ручкі.
Слуга Ваша Тэрэса Панса, якой больш хочацца пабачыць Вашу міласць, чым пісаць Вам”.
Вялікую радасць прынесла ўсім пісьмо Тэрэсы Панса, асабліва іх светласцям, герцагіня ж звярнулася да Дон Кіхота з пытаннем, ці лічыць ён прыстойным распячатаць пісьмо на імя губернатара, якое, здавалася ёй, абяцае быць дзівосным. Дон Кіхот сказаў, што каб дагадзіць прысутным, ён сам гатоў распячатаць пісьмо; і ён так і зрабіў і прачытаў наступнае:
Пісьмо Тэрэсы Панса да мужа яе Санча Пансы
“Пісьмо тваё, дарагі ты мой Санча, я атрымала і клятвенна цябе запэўніваю, што ледзь з глузду не з’ехала ад шчасця. Сапраўды, міленькі, як пачула я, што ты губернатар, ну, думаю: вось зараз павалюся як нежывая ад адной толькі радасці, а ты ж ведаеш, як гэта кажуць: нечаканая радасць забівае, як усё роўна вялікае гора. А дачка твая Марысанча ад захаплення нават абмачылася. Убор, які ты мне прыслаў, ляжаў перада мной, каралы, якія мне прыслала сеньёра герцагіня, віселі ў мяне на шыі, у руках я трымала пісьмо, ганец быў тут жа, а мне, аднак, здавалася і мроілася, быццам усё, што я бачу і да чаго дакранаюся,— гэта сон і нічога больш. I то сказаць: хто б мог падумаць, што казапас раптам стане губернатарам вострава? Помніш, дружа, што казала мая маці: “Хто многа пражыве, той многа і ўбачыць”? Гэта я да таго, што спадзяюся ўбачыць яшчэ болып, калі толькі суджана мне яшчэ пажыць. He, праўда, я не супакоюся да таго часу, пакуль не ўбачу цябе арандатарам або адкупшчыкам, а хто на такім месцы, той хоць і можа трапіць да чарцей у пекла, калі будзе дапускаць злоўжыванні,