Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
—	Дарэмна, сеньёр губернатар,запярэчыў доктар Нясцерпна,я дам вашай міласці пітво ад удараў і пераломаў, і вы адразу ж падужэеце і паправіцеся.
Што ж тычыцца ежы, то я абяцаю вашай міласці выправіцца і буду дазваляць вам есці што захочаце.
-	Трэба было раней думаць! адрэзаў Санча.Я хутчэй ператваруся ў турка, чым адмяню свой ад’езд. Добрага патрошкі. Клянуся богам, я і тут, у вас, не застануся губернатарам і ніякага іншага губернатарства не прыму, хоць бы мне яго на талерцы паднеслі, і гэта ў такой ступені дакладна, як тое, што на неба без крылаў не паляціш. Я з роду Пансаў, а Пансы, усе як адзін, упартыя, і калі хто з нас сказаў: “Няцот”, хоць бы на самай справе быў цот, дык усяму свету на злосць і будзе стаяць на сваім: няцот, ды і толькі. Адным словам, далей за ложак ногі не выцягвай, a цяпер дайце мне дарогу: час жа позні.
На гэта аканом яму сказаў:
-	Сеньёр губернатар, мы цалкам згодны адпусціць вашу міласць, хоць ваш ад’езд вельмі для нас сумны, бо разважлівасць ваша і хрысціянскія ўчынкі такія, што мы не можам вас не шкадаваць. Аднак вы павінны былі ведаць, што кожны губернатар, перш чым выехаць з даверанай яму вобласці, абавязаны зрабіць справаздачу. Дык вось, ваша міласць, спачатку падайце справаздачу за дзесяць дзён вашага губернатарства, а тады едзьце з богам.
— Ніхто не мае права патрабаваць ад мяне справаздачы,— запярэчыў Санча,— за выключэннем асобы, якая мае на тое паўнамоцтвы ад самога сеньёра герцага, а я якраз да герцага і еду і падам яму справаздачу па ўсіх правілах. Тым больш, ад’язджаю я адсюль галышом, а гэта самы лепшы доказ, што кіраваў я, як анёл.
— Далібог, шаноўны Санча мае рацыю,— прамовіў доктар Нясцерпна,і я стаю за тое, каб яго адпусціць, герцаг жа будзе вельмі рады яго бачыць.
Усе далучыліся да доктара і адпусцілі Санча, прапанаваўшы яму папярэдне ахову, а таксама ўсё неабходнае для задавальнення яго асобы і для зручнасці ў дарозе. Санча сказаў, што ён нічога не мае супраць атрымаць крыху аўса для шэрага, а для сябе — паў-
галавы сыру і паўбуханкі хлеба: шлях, маўляў, недалёкі, а таму лепшых і больш шчодрых запасаў забеспячэння не патрэбна. Усе пачалі яго абдымаць, ён са слязамі на вачах абняў кожнага і нарэшце пусціўся ў дарогу, яны ж доўга яшчэ дзівіліся як яго выказванням, так і непахіснаму і такому разумнаму яго рашэнню.
Р а з д з е л XLI.
Аб тым, што адбылося з Санча ў дарозе, таксама як і аб іншых найцікавых рэчах
Санча забавіўся ў дарозе і не паспеў у той жа дзень дабрацца да герцагскага замка: ён ужо быў ад яго за паўмілю, калі надышла ноч, цёмная і непраглядная, а паколькі было лета, то ён не надта гэтым засмуціўся і, вырашыўшы чакаць да раніцы, звярнуў з дарогі; але такая ўжо была яго горкая і няшчасная доля, што, шукаючы, дзе б зручней размясціцца, ён і яго шэры праваліліся ў глыбокае і вельмі змрочнае падзямелле, якое знаходзілася сярод нейкіх надта старажытных руін, і ў час падзення Санча пачаў горача маліцца богу, лічачы, што ляцець яму цяпер да самага пекла. Аднак выйшла не так, бо на адлегласці крыху болып за тры сажні ад зямной паверхні шэры адчуў пад сабою цвёрдую глебу, Санча ж утрымаўся на яго спіне, не атрымаўшы не толькі ніякага калецтва, але нават пашкоджання. Ён, затоіўшы дыханне, абмацваў сябе, каб пераканацца, ці ў цэласці ён і ці няма дзе якой драпіны; калі ж ён упэўніўся, што жывы і здаровы, то вельмі доўга потым дзякаваў богу за зробленую ласку: да гэтага ж ён быў цалкам перакананы, што ад яго застанецца мокрае месца. Затым ён абмацаў рукамі сцены падзямелля, каб пераканацца, ці нельга выбрацца адсюль без чужой дапамогі; сцены, аднак жа, аказаліся гладкія, без аніякага выступу, што вельмі засмуціла Санча, асабліва калі пачуў, што шэры ціха і жаласна стогне; і стагнаў ён не проста так, не ад дрэннай звычкі,
а таму, што і на самай справе зваліўся не вельмі ўдачна.
— Ах! усклікнуў тут Санча Панса.— Колькі нечаканых здарэнняў на кожным кроку адбываецца з тымі, што жывуць на гэтым няшчасным свеце! Ці прыйдзе каму ў галаву, што чалавек, які ўчора яшчэ займаў пасаду губернатара вострава і распараджаўся сваімі прыслужнікамі і васаламі, сягоння будзе пахаваны ў яме і не знойдзецца нікога, хто б яго выручыў, не знойдзецца такога слугі і такога васала, які прыйшоў бы яму на дапамогу! Відаць, гібнуць нам тут ад галадухі, і мне і майму аслу, калі толькі мы раней яшчэ не памром, ён — ад сваіх удараў і калецтва, а я — ад тугі. He ўжо, мне не будзе такой удачы, як майму пану Дон Кіхоту Ламанчскаму: у пячоры зачараванага Мантэсінаса, куды ён сышоў і спусціўся, яго прынялі лепш, чым ва ўласным доме. Перад яго вачамі паўсталі ў гэтай пячоры цудоўныя здані, якія супакойваюць, а я тут убачу, мабыць, адных толькі жаб ды змей. Няшчасны я чалавек! Вось да чаго мяне давялі недарэчныя мае задумы! Адсюль ужо — калі бог захоча, каб мяне знайшлі дастануць толькі мае костачкі, гладкія, белыя і абгрызеныя, разам з косткамі добрага майго шэрага, і вось па іх якраз, магчыма, і здагадаюцца, хто мы такія. Прынамсі, здагадаюцца тыя, якія ведаюць, што Санча Панса ніколі не расставаўся са сваім аслом, а асёл — з Санча Пансам. Зноў скажу: гаротныя мы з маім аслом! Відаць, ужо такі наш няшчасны лёс: не суджана нам памерці на радзіме, сярод сваіх блізкіх. Калі б і там з імі здарылася бяда непапраўная, то ўсё-такі знайшліся б людзі, якія нас пашкадавалі б і ў смяротны наш час закрылі б нам вочы. Ах, таварыш і сябар мой, як дрэнна я табе аддзячыў за верную тваю службу! Даруй мне і як толькі можаш прасі лёс, каб ён пазбавіў нас абодвух ад нясцерпнай гэтай напасці: за гэта я абяцаю ўскласці табе на галаву лаўровы вянок, так што ты будзеш падобны на ўвянчанага лаўрамі паэта, і пачну выдаваць табе падвоеную порцыю аўса.
Так бедаваў Санча Панса, асёл жа слухаў яго, не рэагуючы — у такім цяжкім і гаротным становішчы знаходзілася няшчаснае чатырохногае. Уся ноч прайшла ў іх у цяжкіх стогнах і слёзных скаргах, і нарэшце надышоў дзень, пры бляску і ззянні якога Санча пераканаўся, што выбрацца з гэтага калодзежа без чужой дапамогі зусім неверагодна, і ён зноў пачаў стагнаць і крычаць, лічачы, што хто-небудзь ды пачуе яго. Але крык яго быў марным лямантам у пустыні, бо ва ўсёй акрузе не было каму яго пачуць, і тады Санча страціў усякую надзею на выратаванне. Шэры па-ранейшаму ляжаў дагары,— Санча Панса ледзь падняў яго, бо шэры з цяжкасцю мог трымацца на нагах; затым Санча дастаў з дарожнай торбы, якая падзяліла яго лёс і звалілася разам з ім, кавалак хлеба і працягнуў яго аслу, асёл жа ад такога падарунка не адмовіўся, а Санча яму пры гэтым казаў, быццам той у стане быў яго зразумець:
— 3 хлебцам хоць бы што і гора.
У гэты самы час ён заўважыў у сцяне падзямелля адтуліну, у якую, скурчыўшыся, мог пралезці чалавек. Санча Панса кінуўся да гэтай сцяны і, скурчыўшыся, пралез у адтуліну, а пралезшы, убачыў, што яна доўгая і чым далей, тым становіцца шырэйшай; разглядзець жа адтуліну яму ўдалося дзякуючы сонечнаму промню, які, прабіваючыся як бы праз дах, усё ўсярэдзіне асвятляў. Яшчэ ён убачыў, што далей адтуліна расшыраецца і пераходзіць у іншую прасторную пячору; убачыўшы ўсё гэта, ён вярнуўся да свайго асла, а затым пачаў каменем прачышчаць адтуліну, і яна так павялічылася, што неўзабаве праз яе лёгка можна было правесці асла; ён узяў асла за аброць і рушыў падземным ходам наперад у разліку на тое, што з іншага боку будзе выхад. Часам ён ішоў у паўзмроку, часам — у поўнай цемры, і ўвесь час баючыся. “Божа ўсемагутны, дапамажы мне! — гаварыў ён сам сабе.— Для мяне гэта сапраўднае няшчасце, а для пана майго Дон Кіхота гэта, трэба меркаваць, было б даволі добрай прыгодай. Ен бы, ужо
дакладна, палічыў гэтыя прорвы і падзямеллі за квітнеючыя сады і палацы і цешыў надзею, што за гэтымі змрочнымі цяснінамі перад ім адкрыецца квітнеючы луг, а я, злашчасны, прыдуркаваты і маладушны, я кожную секунду чакаю, што пад нагамі ў мяне нечакана раскрыецца новая бездань, яшчэ глыбейшая за гэту, і мяне праглыне. Бяда, калі прыходзіць адна,— гэта яшчэ не бяда”.
Такім вось чынам і з такімі думкамі Санча прайшоў, як яму падалося, крыху больш за паўмілю і нарэшце заўважыў слабое святло, падобнае на дзённае: невядома адкуль прабіваючыся, яно паказвала на тое, што шлях гэты, які ўяўляўся Санча шляхам на той свет, на самай справе свабодны.
Тут мы яго пакінем і вернемся да Дон Кіхота. Дон Кіхоту ж выпала неяк раніцай, каб папрактыкавацца, выехаць з замка і пагнаць Расінанта кар’ерам, ці, больш дакладна, кароткім галопам, і Расінантавы капыты неўзабаве апынуліся каля самага падзямелля, так што калі б не нацягнуў Дон Кіхот з усіх сіл павады, ён зваліўся б туды немінуча. Так ці інакш, ён утрымаў Расінанта і не зваліўся; пад’ехаўшы ж крыху бліжэй, ён, не злазячы з каня, пачаў аглядваць яму, і, у той час, калі яе аглядваў, знізу да яго даляцелі гучныя крыкі; тут ён насцеражыўся і ўрэшце ўлавіў і разабраў, што іменна крычалі з глыбіні:
— Эй вы, там, наверсе! Няўжо не знойдзецца сярод вас хрысціяніна, які б мяне пачуў, або спагадлівага рыцара, які злітаваўся б над жывым пахаваным грэшнікам, над няшчасным губернатарам без губернатарства?
Дон Кіхоту падалося, што гэта голас Санча Пансы, і гэта яго здзівіла і азадачыла; і, колькі мог павысіўшы голас, ён спытаў:
— Хто там унізе? Хто гэта лямантуе?
— Каму ж тут быць і каму яшчэ лямантаваць,пачулася ў адказ,як не беднаму Санча Пансу, за свае грахі і на сваё няшчасце прызначанаму губернатарам вострава Баратарыя, а да гэтага збраяносцу славутага рыцара Дон Кіхота Ламанчскага?
Гэтыя словы так здзівілі Дон Кіхота, што ён аслупянеў: ён уявіў, што Санча Панса памёр і што ў гэтым падзямеллі пакутуе яго душа; і, усхваляваны гэтай думкай, ён загаварыў:
— Заклінаю цябе ўсім, чым толькі можа заклінаць прававерны хрысціянін: скажы мне, хто ты такі, і калі ты — непрыкаяная душа, то скажы, што я магу для цябе зрабіць, бо хоць прызванне маё ў тым, каб заступацца і дапамагаць няшчасным, якія жывуць на гэтым свеце, аднак жа я гатоў распаўсюдзіць яго і на тое, каб вызваляць і выручаць бяздольных, што адышлі на той свет, калі толькі яны самі не могуць сабе дапамагчы.
Пазнаю па выказваннях майго пана Дон Кіхота Ламанчскага,— пачулася ў адказ,ды і голас, не сумняваюся, яго.