Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— У тым якраз і справа, сеньёра,— запярэчыў Санча,— што я зусім не ў сне, але, будучы яшчэ свяжэйшы і больш бадзёры, чым зараз, перажыў такое пачуццё, быццам мне наставілі амаль гэтулькі ж сінякоў, колькі майму пану Дон Кіхоту.
Як завуць гэтага кавальера? — запыталася астурыйка Марыторнес.
Дон Кіхот Ламанчскі,адказаў Санча Панса.—
Ён вандроўны рыцар, адзін з самых адважных магутных рыцараў, якія калі-небудзь жылі на свеце.
— Што такое вандроўны рыцар? — спытала служанка.
— Ды вы што, толькі ўчора нарадзіліся? — усклікнуў Санча Панса.— Вандроўны рыцар — гэта, ці ведаеце, сястрыца, такая штука! Толькі зараз яго пабілі,— не паспееш азірнуцца, як ён ужо імператар. Сёння больш беднага і больш няшчаснага за яго няма нікога на свеце, а заўтра ён прапануе збраяносцу на выбар дзве, a то і тры каралеўскія кароны.
— Чаму ж вы ў такога добрага пана, як відаць, нават графства — і таго не заслужылі? — умяшалася гаспадыня.
— Надта хутка захацелі,— адказаў Санча.Мы ўсяго толькі месяц шукаем прыгод, і пакуль што ніводнай вартай увагі прыгоды ў нас не было. Бывае ж і так, што пойдзеш па адно, а знойдзеш зусім іншае. Але калі толькі мой пан Дон Кіхот паправіцца пасля ран, гэта значыць пасля ўдараў, і я сам не застануся на ўсё жыццё калекам, то даю вам слова, што я на самага знатнага іспанскага вяльможу не захачу глядзець.
Дон Кіхот вельмі ўважліва прыслухоўваўся да гэтай размовы, а затым, зрабіўшы намаганне, прыўзняўся, узяў гаспадыню за руку і сказаў:
— Паверце, цудоўная сеньёра: вы павінны быць шчаслівымі, што прытулілі ў сябе ў замку такую асобу, як я, бо калі я сябе і не хвалю, то толькі таму, што, як кажуць, самаўсхваленне зневажае, але мой збраяносец раскажа вам пра мяне. Я ж скажу толькі, што паслуга ваша ніколі не забудзецца і што я буду вам удзячны да канца майго жыцця. І калі б па волі ўсёмагутных нябёсаў законы кахання яшчэ так моцна не авалодалі мной і вочы жорсткай прыгажуні, імя якой я вымаўляю зараз у думках, мяне яшчэ не заняволілі, то свабодаю маёю завалодалі б вочы гэтай дзівоснай дзяўчыны.
Гаспадыня, яе дачка і добрая Марыторнес слухалі
вандроўнага рыцара з такім неўразуменнем, як быццам бы ён гаварыў па-грэчаску.
Адно толькі яны ўлавілі — што ён вельмі хваліць іх і выказвае адданасць, і ўсё ж, нязвыклыя да такіх моўных зваротаў, яны глядзелі на яго і дзівіліся: яны прымалі яго за чалавека зусім з іншага свету. Нарэшце, выказаўшы на сваёй карчомнай мове падзйку нашаму рыцару за яго пачцівыя словы, гаспадыня з дачкой пайшлі, астурыйка ж Марыторнес узялася лячыць Санча, які меў у гэтым патрэбу не менш, чым яго пан.
Пад раніцу Дон Кіхот звярнуўся да свайго збраяносца:
Калі толькі гэта табе не цяжка, Санча, схадзі да каменданта крэпасці і пастарайся дастаць у яго крыху алею, віна, солі і размарыну, каб я мог прыгатаваць гаючы бальзам.
Гаспадар надзяліў Санча ўсім, што толькі яму патрэбна было, і той аднёс гэта Дон Кіхоту. Дон Кіхот змяшаў зелле, потым пачаў падаграваць гэту сумесь і зняў яе з агню толькі тады, калі яму падалося, што бальзам гатовы. Затым ён папрасіў пляшачку, каб пераліць у яе бальзам, аднак ва ўсім заезным доме не знайшлося ніводнай пляшачкі; тады ён вырашыў выкарыстаць для гэтай мэты бляшанку з-пад аліўкавага алею. Гаспадар падарыў яму бляшанку, пасля чаго Дон Кіхот, пры кожным слове жагнаючыся і як бы бласлаўляючы бляшанку, прачытаў над ёю болып за восемдзесят разоў “Ойча наш” і прыблізна столькі ж разоў некаторыя іншыя малітвы; цырымонію гэту назіралі Санча і гаспадар. Пасля заканчэння абраду Дон Кіхот, пажадаўшы адразу ж выпрабаваць на сабе гаючыя ўласцівасці гэтага каштоўнага бальзаму, выпіў амаль усё, што не ўвайшло ў бляшанку і заставалася ў чыгунку, у якім гэта зелле варылася, гэта значыць з паўасумбры, але варта было яму сербануць з чыгунка — і яго тут жа пачало рваць, ды так, што ў страўніку літаральна нічога не засталося; і ад стомы, і ад напружання ён вельмі спацеў, з прычыны чаго ён папрасіў
накрыць яго і пакінуць аднаго. Просьба яго была выканана, і ён праспаў больш за тры гадзіны, а калі прачнуўся, то адчуў ва ўсім целе незвычайную лёгкасць, і боль у касцях амаль не даваў аб сабе знаць, так што ён адчуў сябе зусім здаровым і пранікнуўся перакананнем, што яму сапраўды ўдалося прыгатаваць бальзам Фьерабраса і што з гэтым зеллем яму няма ўжо чаго баяцца любых, нават самых небяспечных, бітваў, сутычак і схватак.
Цудоўнае вылячэнне Дон Кіхота здзівіла яго збраяносца, і ён папрасіў дазволу асушыць чыгунок, а там яшчэ заставалася даволі вялікая колькасць бальзаму. Дон Кіхот даў згоду. Тады Санча, абедзвюма рукамі прытрымліваючы чыгунок, з гарачай верай і найвялікшай ахвотай прыклаўся да яго і выпіў не менш за свайго пана. Але страўнік у небаракі Санча быў не такі далікатны, як у Дон Кіхота: перш чым яго вырвала, прыпадкі і позывы, пот і галавакружэнне давялі яго да такога стану, што ён ужо ніколькі не сумняваўся, што прыйшоў яго апошні час; змучаны і прыгнечаны, ён праклінаў сам бальзам і таго ліхадзея, які пачаставаў яго гэтым бальзамам. Бачачы, як ён пакутуе, Дон Кіхот сказаў:
— Я лічу, Санча, што табе стала дрэнна таму, што ты не пасвячоны ў рыцары,— я цалкам упэўнены, што гэта вадкасць не прыносіць карысці тым, хто не ўступіў у рыцарскі ордэн.
— Калі ваша міласць пра гэта ведала, то чаму ж, каб спрах я сам і ўся мая радня, вы дазволілі мне яго паспрабаваць?
Але тут напітак нарэшце падзейнічаў, і няшчасны збраяносец так імкліва пачаў апаражняцца, што цыноўка, на якую ён паваліўся, і нават коўдра, якой ён накрываўся, зрабіліся зусім непрыгоднымі. Яго выварочвала навыварат, ён абліваўся потам, біўся ў сутаргах, таму не толькі ён сам, але і ўсе прысутныя вырашылі, што ён пры смерці. Гэта бура і гэта няшчасце працягваліся каля дзвюх гадзін, пасля чаго нашаму
збраяносцу не палягчэла,у процілегласць свайму пану, ён адчуў сябе такім разбітым і прыгнечаным, што не мог стаяць на нагах. Між тым Дон Кіхот, як вядома, паправіўся і падбадзёрыўся, і цяпер ён гарэў жаданнем накіравацца на пошукі прыгод, бо яму здавалася, што затрымацца ў дарозе — значыць пазбавіць чалавечы род і ўсіх, хто мае ў ім, Дон Кіхоце, патрэбу абароны і заступніцтва; да таго ж ён цвёрда верыў у цудадзейную сілу свайго бальзаму. І вось, ахоплены гэтым жаданнем, ён уласнаручна асядлаў і наўючыў абедзвюх верхавых жывёлін, дапамог свайму збраяносцу апрануцца і пасадзіў яго на асла. Затым сеў на Расінанта і, ад’ехаўшы за пабудовы, прыхапіў невялікае кап’ё, якое там стаяла і якое цяпер павінна было замяніць яму кап’ё, страчанае ў сутычцы.
Калі ж рыцар і збраяносец пад’ехалі да ганка, Дон Кіхот, звярнуўшыся да гаспадара, спакойна і важна сказаў:
Дабрадзейнасць, якой вы, сеньёр алькайд, у гэтым замку акружылі мяне, такая вялікая і разнастайная, што я адчуваю сябе перад вамі ў даўгу і век гэтага не забуду. У аддзяку я хацеў бы адпомсціць за вас якому-небудзь ганарліўцу, які вас чымсьці пакрыўдзіў, бо ведайце, што мой прамы абавязак у тым іменна і заключаецца, каб дапамагаць безабаронным, помсціць за пакрыўджаных і караць вераломных. Пакапайцеся ў памяці, і калі з вамі штосьці падобнае на гэта здарылася, то вы смела можаце звярнуцца да мяне: клянуся рыцарскім ордэнам, да якога я належу, што вы будзеце задаволены і аддзякаваны ў адпаведнасці з вашым жаданнем.
Гаспадар адказаў яму гэтак жа спакойна:
— Сеньёр кавальера, я зусім не маю патрэбы ў тым, каб ваша міласць помсціла маім крыўдзіцелям, я і сам у выпадку чаго здолею ім адпомсціць. Я хачу аднаго: каб ваша міласць заплаціла мне за начлег у маім заезным доме, гэта значыць за салому і авёс для жывёлы, а таксама за вячэру і за дзве пасцелі.
— Як, хіба гэта заезны дом? — запытаўся Дон Кіхот. — I прытым вельмі прыстойны,— адказаў гаспадар. — Значыць, я да гэтага часу памыляўся,— сказаў Дон Кіхот.— Шчыра кажучы, я лічыў, што гэта замак і да таго ж не з горшых, але калі гэта не замак, a заезны дом, то адзінае, што я магу зрабіць,— гэта звярнуцца да вас з просьбай не браць з мяне нічога: я ж не маю права парушаць статут вандроўных рыцараў. A між тым я ведаю пэўна — і для доказу магу спаслацца на які хочаце раман,— што ў заезных дамах яны ніколі не плацілі ні за начлег, ні за штосьці іншае, бо ўсе павінны і абавязаны прымаць іх з радасцю за нечуваныя пакуты, якія яны церпяць, шукаючы прыгод, шукаюць жа яны іх удзень і ўночы, зімой і летам, у сцюжу і ў спёку, пешыя і конныя, згаладалыя і сасмаглыя, не ахаваныя ад бед і зняможаныя пад цяжарам зямных турбот.
— Гэта мяне не тычыцца,— запярэчыў гаспадар.— Плаціце грошыкі — вось вам мой сказ, а казкі аб рыцарах раскажыце каму-небудзь іншаму. Мая справа атрымаць з вас за пастой.
— Вы тупы і грубы карчмар,— заўважыў Дон Кіхот.
Прышпорыўшы Расінанта і паклаўшы ўпоперак сядла кап’ё, ён бесперашкодна пакінуў межы заезнага дома, і нават калі ад’ехаў на даволі значную адлегласць, то і тут не паглядзеў, ці едзе за ім яго збраяносец. Між тым, бачачы, што рыцар паехаў не расплаціўшыся, гаспадар вырашыў атрымаць за пастой з Санча Пансы, але той аб’явіў, што калі яго пан не пажадаў плаціць, то і ён не заплаціць, бо ён, Санча, з’яўляецца збраяносцам вандроўнага рыцара і абавязаны прытрымлівацца тых жа правілаў і законаў, што і яго пан, гэта значыць зусім нічога не плаціць як у карчмах, так і ў заезных дамах. Гаспадара гэта вельмі абурыла, і ён прыгразіў, што калі Санча яму не заплаціць, то ён усё роўна сваё возьме, але толькі выкарыстае такі спосаб, што той не абрадуецца. Санча яму на гэта адказаў, што ў адпаведнасці са статутам рыцарскага
ордэна, да якога належыць яго пан, ён не заплаціць ні гроша, хоць бы яму гэта каштавала жыцця, бо ён не збіраецца ламаць слаўны і старажытны звычай вандроўных рыцараў і не жадае, каб будучыя збраяносцы наракалі на яго і папракалі за парушэнне такога справядлівага закону.
На новае няшчасце беднага Санча сярод тых, хто ў гэты час знаходзіўся ў заезным доме, былі чатыры сегавійскія сукнаробы, тры ігольшчыкі з кардоўскага Потра* і два з севільскага Кірмашу* — усе, як на падбор, жартаўнікі, выдумшчыкі, гарэзы і пракуды; і вось якраз гэтыя самыя людзі, быццам па дамоўленасці ці па камандзе, падышлі да Санча, сцягнулі яго з асла, павалілі на гаспадарскую коўдру, па якую не паленаваўся збегаць адзін з іх, а затым, падняўшы вочы і ўбачыўшы, што павець надта нізкая для задуманай імі справы, вырашылі перайсці на жывёльны двор, дах якому замяняў небасхіл, і там, палажыўшы Санча на коўдру, пачалі дурэць і падкідваць яго, як сабаку ў час карнавалу.