Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
Немыя крыкі няшчаснага летуна данесліся да яго пана. Той спыніўся, прыслухаўся і спачатку падумаў, што гэта якая-небудзь новая прыгода, а затым, выразна адрозніўшы голас свайго збраяносца, павярнуў назад, цяжкім галопам падскакаў да заезнага дома, але, заўважыўшы, што брама запёрта, з мэтай як-небудзь туды прабрацца вырашыў аб’ехаць яго вакол; аднак жа не паспеў ён наблізіцца да агароджы, якой быў абнесены жывёльны двор — дарэчы сказаць, не вельмі высокай,— як раптам убачыў, што з яго збраяносца здзекуюцца. На яго вачах Санча то ўзлятаў, то апускаўся, і пры гэтым з такой хуткасцю і лёгкасцю, што калі б Дон Кіхот у гэты момант не быў вельмі раззлаваны, то ён, ужо дакладна, зайшоўся б ад смеху. Паспрабаваў быў ён пераскочыць з сядла на агароджу, але адчуваў сябе такім слабым і такім разбітым, што не мог нават спешыцца, а таму абмежаваўся тым, што, не злазячы з каня, пачаў лаяць і зневажаць тых,
хто падкідваў Санча Пансу; аднак лятун Санча па-ранейшаму стагнаў, чаргуючы стогны з просьбамі і пагрозамі, а свавольнікі працягвалі рагатаць і займацца сваёй справай, бо ўсё гэта на іх не дзейнічала; адпусцілі ж яны ўрэшце Санча толькі тады, калі стаміліся яго падкідваць. Затым яны падвялі асла, пасадзілі Санча і накінулі на яго пыльнік, а спагадлівая Марыторнес, бачачы, як ён змучаны, вырашыла, што неабходна збегаць да калодзежа і прынесці яму збан халоднай вады. Санча ўзяў збан і ўжо паднёс да рота, як раптам пачуў гучныя крыкі свайго пана:
— Сын мой Санча, не пі вады! Сын мой, не пі вады яна цябе загубіць. Глядзі, вось жыватворны бальзам (тут ён паказаў яму бляшанку), прымі дзве кроплі, і я ручаюся, што ты паправішся.
Санча скоса зірнуў на яго і ў адказ яшчэ гучней крыкнуў:
— Ды хіба вы забыліся, ваша міласць, што я не рыцар? Ці вы хочаце, каб я выванітаваў тыя вантробы, якія ў мяне яшчэ засталіся пасля ўчарашняй ночы? Няхай ім лечацца чэрці, а мяне збаўце.
Сказаўшы гэтыя словы, ён імгненна прыклаўся да збана, але, упэўніўшыся пасля першага ж глытка, што гэта проста вада, не стаў больш піць і папрасіў Марыторнес прынесці яму віна, што тая вельмі ахвотна і выканала, заплаціўшы за яго са сваёй кішэні. Выпіўшы віно, Санча адразу ж падагнаў асла, насцеж расчыніў браму і ў захапленні ад таго, што так нічога і не заплаціў і ўсё ж вырваўся адсюль,хоць гэта радасць азмрочылася тым, што за яго расплаціліся звычайныя яго паручыцелі, гэта значыць яго ж уласныя бакі,— выехаў з двара. Зрэшты, не толькі бакі — гаспадар паклапаціўся аб тым, каб аплатай за начлег стала яго дарожная торба, але Санча ад хвалявання нават не заўважыў гэтага. Пасля таго як ён паехаў, гаспадар вырашыў заперці браму на засаўку, аднак жа мучыцелі нашага збраяносца адгаварылі яго; гэта былі такія хваты, што не палічыліся б не толькі з Дон Кіхотам, але і з Рыцарам Круглага Стала*.
Р а з д з е л XII, які змяшчае заўвагі, што выказаў Санча Панса свайму пану Дон Кіхоту, і апавядае аб розных падзеях, вартых упамінання
Санча не мог нават падагнаць асла — у такім стане ён знаходзіўся, калі пад’ехаў да свайго пана. Бачачы, што ён такі слабы і прыгнечаны, Дон Кіхот сказаў яму:
— Цяпер, добры мой Санча, я цалкам пераканаўся, што гэты замак, гэта значыць заезны дом, сапраўды зачараваны. На самай справе, тыя, хто з цябе так жорстка здзекваліся,— хіба гэта не прывіды і не выхадцы з таго свету? Кажу я гэта на той падставе, што калі я глядзеў цераз агароджу і назіраў за ходам тваёй змрочнай трагедыі, то я не мог не толькі пераскочыць цераз агароджу, але нават злезці з каня, таму што, па ўсёй верагоднасці, быў зачараваны. Клянуся гонарам, калі б я быў у стане пераскочыць цераз агароджу ці спешыцца, я б за цябе адпомсціў гэтым грубіянам і ліхадзеям, ды так, што раз назаўсёды адбіў бы ў іх ахвоту здзеквацца з людзей, хоць бы дзеля гэтага мне давялося парушыць законы рыцарства, якія, аб чым я ўжо неаднаразова табе казаў, дазваляюць рыцару падымаць руку на таго, хто такім не з’яўляецца, толькі ў выпадку надзвычайнай і вострай неабходнасці калі замахваюцца на яго жыццё і асобу.
— Калі б я мог, я б і сам за сябе адпомсціў, хоць я і не пасвячоны ў рыцары, ды ў тым якраз і справа, што не мог. А ўсё ж такі я сцвярджаю, што тыя, хто з мяне здзекваўся,— гэта не бесцялесныя прывіды і не зачараваныя, як пераконвае ваша міласць, а такія ж людзі, як мы з вамі. I ў кожнага з іх ёсць імя. Яны падкідвалі мяне, а самі перагаворваліся, і тут я даведаўся, што аднаго завуць Педра Марцінас, другога — Тэнар’ё Эрнандас, а гаспадар — Хуан Паламеке, па мянушцы Ляўша. Так што, сеньёр, пераскочыць це-
раз агароджу і злезці з каня вам перашкодзіла не чараўніцтва, а штосьці іншае. Усё гэта яскрава сведчыць, што прыгоды, якіх мы шукаем, урэшце прывядуць нас да такіх бед, што мы сваякоў не пазнаем. І лепш і больш спакойна было б нам, на маю думку, вярнуцца дадому: цяпер самы час жніва, дарэчы заняцца гаспадаркай, а мы з вамі блукаем, як непрыкаяныя, і кідаемся, што называецца, з агню ды ў полымя.
— Як дрэнна ты разбіраешся ў тым, што тычыцца рыцарства, Санча! — усклікнуў Дон Кіхот.— Маўчы і набярыся цярплівасці: настане дзень, калі ты на свае вочы пераканаешся, як ганарова дзейнічаць на гэтай ніве. He, сапраўды, скажы мне: што можа быць вышэйшым за шчасце і што можа параўнацца з радасцю выйграваць бітвы і перамагаць ворага? Вядома, нішто.
— Дапусцім, што так, хоць я гэтага сам не зведаў,— сказаў Санча.— Я ведаю адно: з таго часу як мы сталі вандроўнымі рыцарамі,— ці, дакладней, вы, ваша міласць, бо ў мяне няма ніякіх правоў на такі высокі сан,мы яшчэ не выйгралі ніводнай бітвы, калі не лічыць схваткі з біскайцам, ды і то ваша міласць страціла ў гэтым баі паўвуха і палову шлема. Дык вось з таго часу мы бесперапынна атрымліваем пабоі і кухталі, а мяне ў дадатак яшчэ і падкідвалі — і, як на злосць, нейкія зачараваныя асобы: я ж ім нават адпомсціць не магу і так ніколі і не даведаюся, ці сапраўды вялікае задавальненне ад перамогі над ворагам, як запэўнівае ваша міласць.
— Менавіта гэта мяне і засмучае і павінна засмучаць і цябе, Санча,— заўважыў Дон Кіхот.— Аднак жа ў недалёкай будучыні я пастараюся здабыць сабе меч, так па-майстэрску зроблены, што таму, хто ім валодае, не страшныя ніякія чары. А магчыма нават, лёс падорыць мне меч Амадыса, той самы, які служыў яму ў тыя часы, калі яго называлі Рыцарам Палымянага Мяча, а гэта быў адзін з лепшых мячоў, якімі хоць калі-небудзь валодалі рыцары, бо, апрача названай уласцівасці, ён рэзаў, як брытва, і самая трыва-
лая або зачараваная браня не магла перад ім устаяць.
— Мне так шанцуе ў жыцці,— сказаў Санча,— што калі б гэта збылося і ваша міласць падшукала для сябе такі меч, то выявілася б, што ён можа зрабіць паслугу і прынесці карысць толькі рыцарам, як гэта здарылася з бальзамам, збраяносцам жа, відаць, на раду напісана пахмелле ад чужога вяселля.
— He журыся, Санча,— сказаў Дон Кіхот,— хутка неба злітуецца і над табой.
Абодва працягвалі размову ў тым жа настроі, як раптам Дон Кіхот заўважыў, што насустрач ім рухаецца па дарозе велізарнае воблака пылу; убачыўшы гэта воблака, Дон Кіхот звярнуўся да Санча з такімі словамі:
Надышоў дзень, о Санча, калі лёс будзе вельмі спрыяльным для мяне. У гэты дзень, кажу я, як ніколі, выявіцца ўся моц маёй рукі, і я здзейсню подзвігі, якія будуць упісаны ў кнігу славы на вечныя часы. Ці бачыш ты, Санча, воблака пылу? Дык вось, гэты пыл узнімае шматлікая рознапляменная раць, што ідзе нам насустрач.
— Калі ўжо на тое пайшло, дык не адна, а цэлых дзве раці,зазначыў Санча,— таму што з супрацьлеглага боку ўзнімаецца якраз такое ж воблака пылу.
Азірнуўшыся, Дон Кіхот пераканаўся, што Санча гаворыць праўду. Ён надзвычай узрадаваўся і быў упэўнены, што войскі маюць намер сустрэцца і распачаць бітву на гэтай шырокай раўніне. Трэба заўважыць, што фантазіі яго ўвесь час і неадступна не давалі спакою бітвы, чары, прыгоды, усялякія недарэчнасці, каханне, выклікалі на паядынак усё, аб чым пішуць у рыцарскіх раманах, і гэтым вызначаліся ўсе яго ўчынкі, вакол гэтага круціліся ўсе яго думкі і на гэта ён зводзіў усе размовы. На самай жа справе пыл, які ён заўважыў, узнімалі дзве вялікія чарады авечак і бараноў, што рухаліся па дарозе насустрач адна другой, але за пылам іх не было відаць да таго часу, пакуль яны не падышлі зусім блізка. Аднак Дон Кіхот з
такім запалам даказваў, што гэта два войскі, што Санча ўрэшце паверыў яму і сказаў:
Што ж нам рабіць, сеньёр?
Што рабіць? — перапытаў Дон Кіхот.— Дапамагаць слабым і безабаронным і абараняць іх. І ведай, Санча, што войска, якое рухаецца нам насустрач, вядзе вялікі імператар Аліфанфарон*, уладар вялікага вострава Трапабаны*, а той, што ідзе за намі,— гэта яго вораг, кароль гарамантаў* Пентапалін Закасаны. Рукаў, названы так таму, што перад боем ён заўсёды агаляе правую руку.
Чаму ж гэтыя два сеньёры так неўзлюбілі адзін аднаго? запытаўся Санча.
— А таму,адказаў Дон Кіхот,што Аліфанфарон, закаранелы язычнік, закахаўся ў дачку Пентапаліна, прыгожую, чароўную дзяўчыну і да таго ж хрысціянку, а бацька не жадае аддаваць яе за язычніцкага караля да таго часу, пакуль той не адрачэцца ад закону лжэпрарока Магамета і не прыме хрысціянства.
— Далібог, Пентапалін мае рацыю! усклікнуў Санча.— Я са свайго боку гатовы зрабіць для яго ўсё, што магу.
— І ты зробіш як належыць, Санча,сказаў Дон Кіхот,— Бо для таго каб распачаць такі бой, можна і не мець рыцарскага звання.
— Гэта я выдатна разумею,— сказаў Санча,— але толькі куды б нам дзець асла, каб потым не шукаць яго, калі сутычка закончыцца? Таму, думаецца мне, наўрад ці хто распачынаў бой, гарцуючы на асле.
Твая праўда,— заўважыў Дон Кіхот.Адзін выхад — гэта кінуць яго на волю лёсу: прападзе дык прападзе, бо калі мы пераможам, то ў нас будзе столькі коней, што і Расінант не пазбегне небяспекі атрымаць адстаўку. А цяпер слухай мяне ўважліва і глядзі сюды,— я хачу назваць табе галоўных рыцараў, якія знаходзяцца ў шэрагах гэтых войск. А каб ты іх лепш разгледзеў, я прапаноўваю паехаць на той узгорак, і абодва войскі, ужо дакладна, будуць нам добра відаць.
Як сказана, так і зроблена: Дон Кіхот і Санча ўз’ехалі на ўзгорак, адкуль абедзве чарады, якія наш рыцар ператварыў у войска, былі б добра відаць, калі б узняты імі пыл не засцілаў зроку і не сляпіў вачэй; аднак жа Дон Кіхот, фантазія якога ўяўляла тое, чаго на самай справе не было, загаварыў гучным голасам: