Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
Санча глядзеў на ўсё гэта і, здзіўляючыся смеласці свайго пана, казаў сабе: “Значыць, мой пан і на справе такі ж храбры і моцны, як на словах”. Побач з тым, каго скінуў мул, ляжаў запалены факел, і, убачыўшы яго пры святле гэтага факела, Дон Кіхот
пад’ехаў да яго, наблізіў вастрыё кап’я да яго твару і загадаў здавацца, прыгразіўшы ў адваротным выпадку забіць яго. Пераможаны яму на гэта адказаў:
— Куды ж мне яшчэ больш здавацца, калі я не магу зрушыцца з месца: у мяне ж зламана нага! Прашу вас, ваша міласць, калі толькі вы хрысціянін, то не забівайце мяне, бо гэта будзе найвялікшае святатацтва,— я ж ліцэнцыят, мяне пасвяцілі.
Калі вы духоўная асоба, то які ж чорт вас сюды занёс? — спытаў Дон Кіхот.
— Што мяне сюды занесла, сеньёр? — перапытаў пераможаны.— Мой горкі лёс.
Ён стане яшчэ горшым,— запярэчыў Дон Кіхот,— калі вы не дасце мне здавальняючых тлумачэнняў, якіх я ў вас з самага пачатку запатрабаваў.
Зараз я вам усё растлумачу,сказаў ліцэнцыят.— Такім чынам, ведайце, ваша міласць, што хоць я з пачатку сказаў, што я ліцэнцыят, на самай справе я ўсяго толькі бакалаўр*, а завуць мяне Алонса Лопес; родам я з Алькабендаса; еду з горада Баэсы разам з адзінаццаццю свяшчэннаслужыцелямі, тымі самымі, што ўцяклі з факеламі ў руках; едзем жа мы ў горад Сеговію: мы суправаджаем мёртвае цела, што ляжыць на гэтым панарадзе,— цела нейкага кавальера, які памёр у Баэсе і там жа быў пахаваны, а цяпер, як я ўжо сказаў, мы перавозім яго астанкі ў Сеговію, адкуль ён родам і дзе знаходзіцца яго фамільны склеп.
— А хто яго ўмярцвіў? — спытаў Дон Кіхот.
— Гасподзь бог пры дапамозе гнілой гарачкі, якая яго і даканала,адказаў бакалаўр.
Значыць, гасподзь пазбавіў мяне ад абавязку помсціць за яго смерць,— зрабіў вывад Дон Кіхот,— абавязку, які я вымушаны быў бы ўзяць на сябе, калі б яго забілі. Але калі ён памёр менавіта так, як вы расказваеце, то мне застаецца толькі моўчкі развесці рукамі, бо калі б мне самому была паслана такая смерць, то я паступіў бы якраз гэтак жа. Патрэбна вам ведаць, ваша прападобнасць, што я рыцар Ла-
манчскі, а завуць мяне Дон Кіхот, і мой спосаб дзеянняў заключаецца ў тым, што я вандрую па свеце, адольваючы крыўду і абараняючы пакрыўджаных.
— Які ў вас спосаб дзеянняў і як вы там адольваеце крыўду, гэта мне невядома,— запярэчыў бакалаўр,— a мяне вы самым сапраўдным спосабам пакалечылі, бо з-за вас я зламаў нагу, і цяпер мне яе не выпрастаць да канца маіх дзён. Абараняючы ж пакрыўджаных, вы мяне так пакрыўдзілі, што крыўду гэту я буду помніць усё жыццё, і таму сустрэча з шукальнікам прыгод з’явілася для мяне сапраўдным няшчасцем.
— Раз на раз не прыходзіцца,— заўважыў Дон Кіхот.— Уся бяда ў тым, сеньёр бакалаўр Алонса Лопес, што вы ехалі ноччу, у жалобным адзенні, з запаленымі факеламі і штосьці мармыталі — ну як з таго свету выйшлі. Міжволі падумаеш, што тут справа нячыстая. Вядома, я не мог не выканаць свайго абавязку і напаў на вас, і я напаў бы на вас, нават калі б ведаў дакладна, што вы д’яблы з пекла, за якіх я і лічыў вас да апошняй хвіліны.
— Відаць, ужо такая мая доля,— рассудзіў бакалаўр.Але калі вы, сеньёр вандроўны рыцар, абышліся са мной зусім не па-рыцарску, то, прынамсі, дапамажыце мне, прашу вас, выбрацца з-пад мула: у мяне ж нага захрасла паміж стрэмем і сядлом.
— Вось табе на! — усклікнуў Дон Кіхот.— Што ж вы мне раней не сказалі?
Ён тут жа паклікаў Санча Пансу, але той і вухам не павёў: яго ўвага была захоплена разгрузкай абознага мула, якога гэтыя добрыя людзі як мае быць наўючылі харчамі. Санча зрабіў са свайго пыльніка мяшок, запхнуў у яго ўсё, што толькі магло туды ўвайсці, наўючыў свайго асла і, толькі пасля гэтага з’явіўшыся на кліч Дон Кіхота, дапамог сеньёру бакалаўру выбрацца з-пад мула і сесці на яго вярхом, a затым падаў яму факел. Дон Кіхот параіў бакалаўру адправіцца ўслед за яго спадарожнікамі і папрасіў перадаць ім прабачэнні за тое зло, якое ён ім зрабіў па
незалежных ад яго прычынах, а Санча да гэтага яшчэ дадаў:
—	У выпадку, калі гэтыя сеньёры пажадаюць даведацца, хто такі гэты ўдалец, які нагнаў на іх такога страху, то скажыце, ваша міласць, што гэта Дон Кіхот Ламанчскі па мянушцы Рыцар Журботнага Вобраза.
Калі ж бакалаўр паехаў, Дон Кіхот спытаўся ў Санча, чаму ён вырашыў раптам, ні з таго ні з сяго, назваць яго Рыцарам Журботнага Вобраза.
—	Зараз вам скажу,адказаў Санча.Таму я вам даў гэту назву, што калі я зірнуў на вас пры святле факела, які павёз з сабой гэты гаротнік, то ў вас быў такі жаласны выгляд, якога я штосьці ні ў кога не заўважаў. Відаць, вас стаміла бітва, а можа, гэта таму, што вам выбілі карэнныя і пярэднія зубы.
-	He ў гэтым справа,запярэчыў Дон Кіхот.Напэўна, той вучоны дзеяч, якому наканавана напісаць гісторыю маіх учынкаў, палічыў неабходным, каб я абраў сабе якую-небудзь мянушку, бо так рабілі ўсе ранейшыя рыцары: аднаго называлі Рыцарам Палымянага Мяча, другога — Рыцарам Адзінарога, трэцяга Рыцарам Дзеў, каго Рыцарам Птушкі Фенікс, каго — Рыцарам Грыфа, каго — Рыцарам Смерці, і пад гэтымі імёнамі і мянушкамі яны і набылі папулярнасць ва ўсім сусвеце. Вось я і лічу, што менавіта ён, вучоны дзеяч, абудзіў у цябе думку як-небудзь мяне назваць, і падказаў саму назву: Рыцар Журботнага Вобраза, і так я і буду называцца ў далейшым. А для таго каб гэта мянушка да мяне прывілася, я пры першым зручным выпадку загадаю намаляваць на шчыце які-небудзь вельмі журботны твар.
—	Няма чаго траціць час і грошы на тое, каб вам намалявалі нейкія твары,— запярэчыў Санча.Вам варта толькі падняць забрала і паказаць уласны свой твар, і тады без усякіх размоў і без усякіх малюнкаў на шчыце кожны назаве вас Рыцарам Журботнага Вобраза. Паверце, што я не памыляюся. Слова гона-
ру, сеньёр, хай не ў крыўду вам будзе сказана, ваша міласць,ад голаду і адсутнасці карэнных зубоў вы так паблажэлі, што, паўтараю, вы смела можаце абысціся без журботнага малюнка.
Жарт Санча насмяшыў Дон Кіхота. І ўсё ж ён не адмовіўся ні ад мянушкі, ні ад прыдуманага ім самім малюнка.
— Па ўсёй верагоднасці, Санча,зноў загаварыў ён,— мяне ўжо адлучылі ад царквы за тое, што я падняў руку на свяшчэннаслужыцеля, хоць, па сутнасці кажучы, я падняў не руку, а вось гэта самае невялікае кап’ё. Да таго ж я і не здагадваўся, што нападаю на свяшчэннаслужыцеляў і духоўных асоб, якіх я, як дбайны хрысціянін і католік, шаную і паважаю,— мне здавалася, што гэта нейкія пачвары, выхадцы з таго свету. Але няхай нават мяне і адлучылі: наколькі я памятаю, Сід Руй Дзіяс зламаў стул каралеўскага пасланніка* ў прысутнасці яго святасці папы і той адлучыў яго за гэта, і ўсё ж слаўны Радрыга дэ Вівар зрабіў тады, як і належала высакароднаму і смеламу рыцару.
Дон Кіхот захацеў пераканацца, што іменна ляжыць на панарадзе: мёртвае цела ці што-небудзь іншае. Санча, аднак жа, не пагадзіўся.
— Сеньёр,— сказаў ён,— гэта небяспечная прыгода закончылася для вашай міласці больш удала, чым усе іншыя, сведкам якіх я быў, але можа здарыцца, што людзі, якіх вы перамаглі і рассеялі, здагадаюцца, што перамаглі вы іх адзін, і, раззлаваныя і засаромленыя, спахопяцца, зноў прыедуць сюды і зададуць нам дыхту. Асёл наўючаны як мае быць, голад не цётка, a таму давайце ж бадзёрым крокам рушым наперад, бо, як кажуць, мёртваму месца ў труне, а жывому — каля бохана.
Узяўшы асла за аброць, ён прапанаваў свайму пану ехаць за ім, і той, пагадзіўшыся з ім, без усякіх пярэчанняў паехаў следам.
Хутка, аднак жа, убачыўшы перад сабой шыро-
кую і ціхую даліну, яны спыніліся, і Санча тут жа разгрузіў асла, а паколькі ў абодвух слінка цякла ад голаду, то, прылёгшы на зялёнай траве, яны наладзілі сабе снеданне, абед і вячэру адразу і набілі страўнікі вялікай колькасцю халодных закусак — тых самых закусак, што складалі ношу мула паноў свяшчэннікаў, якія, як вядома, рэдка калі не паклапоцяцца аб сабе. Але тут іх зноў напаткала няўдача, а іменна: у іх не было ні віна, ні вады, так што ім не ўдалося прамачыць горла. Тады, знемагаючы ад смагі, Санча заўважыў, што даліна густа зарасла дробнай зялёнай траўкай, і звярнуўся да Дон Кіхота са словамі, якія будуць прыведзены ў наступным раздзеле.
Р а з д з е л XIV.
Аб дасюль нябачаным і нечуваным подзвігу, якога ніводзін славуты рыцар на свеце не здзяйсняў з найменшай для сябе небяспечнасцю, чым доблесны Дон Кіхот Ламанчскі
Гэта трава, васпан мой, гаворыць не аб чым іншым, як аб тым, што дзесьці паблізу ёсць крыніца або працякае ручай, які поіць яе сваёй вільгаццю, а таму нам варта было б прайсці крыху далей: ужо дакладна, мы знойдзем дзе прагнаць страшэнную смагу, якая, вядома, прымушае нас пакутаваць больш за голад.
Дон Кіхот паслухаўся яго парады. Ён узяў за аброць Расінанта, Санча ўзяў за аброць асла, папярэдне нагрузіўшы яго рэшткамі вячэры, і абодва пакрочылі наўздагад, бо начная цемра перашкаджала ім распазнаваць прадметы; але не прайшлі яны і больш за дзвесце крокаў, як раптам пачуўся моцны шум вады, быццам яна падала з высокіх і стромых скал. Узрадаваліся яны надзвычай; калі ж спыніліся, каб вызначыць, з якога боку гэты шум далятае, то раптам пачулі дзіўныя гукі, і гукі гэтыя адразу расхаладзілі падарожнікаў, якія пачалі ўжо марыць аб халоднай вадзе,
асабліва Санча Пансу па прыродзе сваёй баязлівага і маладушнага. I сапраўды: чуліся нейкія мерныя ўдары і як быццам бразгат ланцугоў і жалеза, якія зліваліся з магутным шумам вады. Аднак усё гэта магло нагнаць жаху на каго хочаш, толькі не на Дон Кіхота. Ноч, як ужо было сказана, выпала цёмная, а ім у гэты час надарылася праходзіць пад дрэвамі, лісце якіх злавесна і ціха шапацела ад лёгкага павеву ветрыку. Словам, пустэльная мясцовасць, змрок, шум вады, шапаценне лісця — усё міжвольна наганяла жах і выклікала дрыжыкі, тым больш удары не спыняліся, вецер не сціхаў, а раніца не надыходзіла; у дадатак да іх няшчасцяў абодва не мелі ніякага ўяўлення аб тым, дзе яны знаходзяцца. Аднак жа Дон Кіхот, у грудзях якога білася бясстрашнае сэрца, ускочыў на Расінанта, схапіў шчыт, і, паклаўшы невялікае кап’ё ўпоперак сядла, прамовіў:
— Дружа Санча, ведай, што я па волі неба нарадзіўся ў наш жалезны век, каб адрадзіць залаты. Я — той, каму лёсам наканаваны небяспекі, вялікія справы, смелыя подзвігі. Яшчэ раз паўтараю: я — той, хто закліканы ўваскрэсіць Рыцараў Круглага Стала, Дванаццаць Пэраў Францыі, Дзевяць Дзеячаў Славы, засланіць Плаціраў, Таблантаў, Алівантаў, Тырантаў, Фебаў, Бельянісаў і ўсё мноства славутых вандроўных рыцараў былых часоў, бо ў тым стагоддзі, у якім наканавана жыць мне, я здзейсню такія вялікія і незвычайныя подзвігі, перад якімі паблякне ўсё самае бліскучае, што было зроблена імі. Звярні ўвагу, верны і адданы мой збраяносец, якая змрочная гэта ноч, якая незвычайная пануе цішыня, як глуха і невыразна шумяць дрэвы, з якім жахлівым ровам вада, на пошукі якой мы накіраваліся, падае і звальваецца нібы з гіганцкіх гор, як рэжуць і раздзіраюць наш слых несціханыя гэтыя ўдары.