Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— Нічога не разумею! — сказаў Дон Кіхот.
Але тут да яго звярнуўся адзін з канвойных:
— Сеньёр кавальера,— спяваць з гора на мове гэтых паганцаў абазначае прызнацца ў час катаванняў. TaTara грэшніка катавалі, і ён прызнаўся ў сваім злачынстве, а іменна ў тым, што займаўся канакрадствам, іначай кажучы, краў коней, і як толькі ён прызнаўся,
то яго прыгаварылі да шасці гадоў галер і звыш таго да двух сотняў розгаў, якія яго спіна ўжо адчула. Задумлівы ж ён і сумны таму, што іншыя ашуканцы — як тыя, што засталіся ў турме, так і яго спадарожнікі — крыўдзяць і зневажаюць яго і ні ў грош яго не ставяць, таму што ён ва ўсім прызнаўся і не меў духу адперціся. Бо, разважаюць яны, у слове не амаль столькі ж літар, колькі ў слове так, і злачынец мае тую істотную перавагу, што жыццё яго і смерць залежаць не ад сведак і доказаў, а ад яго ўласнага языка. Я ж, са свайго боку, лічу, што яны недалёкія ад ісціны.
— І мне так здаецца,— сказаў Дон Кіхот.
Наблізіўшыся да трэцяга, ён спытаў аб тым жа, аб чым пытаўся ў іншых, і той жвава і без усякага сораму яму адказаў:
— Я іду на пяць гадоў да сеньёр птушак за тое, што ў мяне не было дзесяці дукатаў.
— Ды я з вялікім задавальненнем дам дваццаць, толькі б выручыць вас з бяды! сказаў Дон Кіхот.
— Гэта тое ж самае,— запярэчыў катаржнік,— як калі б хтосьці апынуўся ў адкрытым моры, маючы грошы, і паміраў ад голаду таму, што яму няма дзе купіць харчы. Кажу я гэта да таго, што калі б ваша міласць своечасова прапанавала мне гэтыя самыя дваццаць дукатаў, то я падмазаў бы пяро страпчага і натхніў бы на выдумкі майго паверанага, так што гуляў бы я цяпер у Таледа, а не па гэтай дарозе, быццам узяты на павадок хорт. Ну, ды бог не без ласкі. Цярплівасць, а там відаць будзе.
Ззаду за ўсімі ішоў мужчына гадоў пад трыццаць, вельмі прыемнага выгляду, калі не лічыць таго, што адно яго вока ўсё пазірала ў бок другога. Скованы ён быў не так, як яго спадарожнікі: на назе ў яго быў ланцуг, такі доўгі, што яго хапіла на тое, каб абвіць усё яго цела, а шыю аблягалі два кольцы: адно прыпаянае да ланцуга, і другое — так званае сцеражы сябра, або сяброўскія абдымкі, якое пры дапамозе двух жалезных прутоў злучалася каля пояса з наручнікамі,
што былі замкнёны цяжкімі замкамі, так што ён не мог ні рук паднесці да рота, ні апусціць галавы на рукі. Дон Кіхот спытаў, чаму на гэтым чалавеку больш ланцугоў, чым на іншых. У адказ канвойны яму сказаў, што ён адзін учыніў больш злачынстваў, чым усе астатнія, разам узятыя, і што хоць ён і скованы па руках і нагах, аднак варта, ведаючы яго дзёрзкасць і пранырлівасць, не можа за яго паручыцца і ўсё яшчэ баіцца, як бы ён ад яе не ўцёк.
Якія ж гэта злачынствы ён учыніў, калі яго прыгаварылі ўсяго толькі да ссылкі на галеры? — запытаў Дон Кіхот.
— Так, але на дзесяць гадоў,— запярэчыў канвойны Досыць сказаць, што гэты душа-чалавек не хто іншы, як славуты Хінес дэ Пасамонтэ, а яшчэ яго завуць Хінесільё Абрабавальё.
— Сеньёр камісар, прыкусіце язык,— умяшаўся катаржнік,— не будзем перабіраць чужыя імёны і мянушкі. Мяне завуць Хінес, а не Хінесільё, і я з роду Пасамонтэ, а не Абрабавальё, як запэўнівае ваша благароддзе. He перашкаджае сяму-таму азірнуцца на сябе,— гэта было б куды больш карысна.
Збаўце ж тон, сеньёр першаразрадны разбойнік,прыкрыкнуў на яго камісар,— калі не хочаце, каб я сілай прымусіў вас замаўчаць!
— Вядома, чалавек мяркуе, а бог распараджаецца,зазначыў катаржнік,але ўсё ж такі праз нейкі час некаторыя даведаюцца, называюся я Хінесільё дэ Абрабавальё ці не.
— Ды хіба цябе не так завуць, шэльма? — закрычаў канвойны.
— Завуць-завуць, ды і перастануць,— адказаў Хінес.— Сеньёр кавальера, калі вы маеце намер нам штосьці ахвяраваць, то ахвяруйце і едзьце з богам,— вы нам ужо абрыдлі сваёй надакучлівай цікаўнасцю да чужога жыцця. Калі ж вам цікава даведацца пра маё жыццё, то ведайце, што я Хінес дэ Пасамонтэ і што я апісаў яго ўласнаручна.
— Гэта так,пацвердзіў камісар,ён на самай справе напісаў сваю біяграфію, ды так, што лепш нельга, толькі кніга гэта за дзвесце рэалаў заложана ў турме.
— Але я абавязкова выкуплю яе, хоць бы з мяне запатрабавалі дзвесце дукатаў,— аб’явіў Хінес.
— Такая яна каіптоўная? — запытаўся Дон Кіхот.
Яна такая каштоўная,— адказаў Хінес,— што ў параўнанні з ёю Ласарыльё з берагоў Тармеса* і іншыя кнігі, якія падобныя на гэту, ці якія яшчэ калі-небудзь будуць напісаны, нічога не вартыя. Адважуся вас запэўніць, ваша высакароддзе, што ўсё ў ёй праўда, але настолькі займальная і забаўная, што ніякая выдумка за ёю не ўгоніцца.
— А як называецца кніга? — пацікавіўся Дон Кіхот.
Жыццё Хінеса дэ Пасамонтэ,адказаў катаржнік.
І яна завершана? — запытаўся Дон Кіхот.
Як жа яна можа быць завершана, калі не скончана маё жыццё? — запярэчыў Хінес.— Я пачаў прама з дня нараджэння і паспеў давесці мае запіскі да той самай хвіліны, калі мяне апошні раз накіравалі на галеры.
— Значыць, вы ўжо там разок пабывалі? спытаў Дон Кіхот.
— Мінулы раз я праслужыў там богу і каралю чатыры гады і паспытаў і сухароў і бізуноў,— адказаў Хінес.— І я не вельмі шкадую, што мяне зноў адпраўляюць туды ж,— там у мяне будзе час завяршыць кнігу. Мне ж яшчэ пра многае патрэбна расказаць, а ў тых, хто трапляе на іспанскія галеры, вольнага часу болып чым дастаткова. Хоць, зрэшты, для маіх пісанняў асабліва працяглага вольнага часу і не патрабуецца: усё гэта яшчэ я добра памятаю.
— Спрытны ж ты, як я пагляджу! — сказаў Дон Кіхот.
— І няшчасны,— прамовіў Хінес,бо людзей таленавітых няшчасці даймаюць неадчэпна.
— Няшчасці даймаюць нягоднікаў,паправіў яго камісар.
— Я ўжо вам сказаў, сеньёр камісар, каб вы прыкусілі язык,зноў загаварыў Пасамонтэ.— Начальства ўручыла вам гэта жазло не для таго, каб вы крыўдзілі нас, гаротных, а для таго, каб вы даставілі нас да месца, прызначанага каралём. Інакш даю галаву на адсячэнне... Ну, добра, калі-небудзь адальюцца кошцы мышыныя слёзкі. А пакуль маўчок, будзем адносіцца адзін да аднаго з павагай, выказвацца яшчэ больш пачціва, і пара ў дарогу: хопіць, на самай справе, дурыцца!
У адказ на такія пагрозы камісар замахнуўся жазлом, але Дон Кіхот, загарадзіўшы Пасамонтэ, папрасіў не крыўдзіць яго з-за гэтага, невялікая бяда, калі ў чалавека са звязанымі вельмі моцна рукамі крыху развязаўся язык. І, звяртаючыся да ўсяго ланцуга, сказаў:
— 3 усяго, што вы мне паведамілі, даражэнькія браткі, я раблю вывад, што хоць вы пацярпелі не бязвінна, аднак жа пакаранне, якое прадбачыцца, вам не вельмі падабаецца і вы ідзяце адбываць яго вельмі неахвотна і зусім не па добрай волі. І можа быць, што маладушнасць, выяўленая адным у час катавання, безграшоўе ў другім выпадку, адсутнасць заступнікаў у кагосьці яшчэ і, нарэшце, няправільнае рашэнне суддзі сталі прычынаю вашай гібелі і таго, што вы не здолелі апраўдацца. Усё гэта вельмі добра ўяўляецца майму позірку ў думках і быццам угаворвае, пераконвае, болып таго — падбухторвае мяне даказаць вам, што неба падаравала мне жыццё, каб я прыняў зарок рыцарства і даў клятву абараняць пакрыўджаных і прыгнечаных тымі, хто мае ўладу. Аднак жа, ведаючы, што адна з прымет мудрасці не браць сілай таго, што можна ўзяць па-добраму, я хачу папрасіць сеньёраў вартавых і камісара аб адной паслузе, а іменна: раскаваць вас і адпусціць з мірам, бо заўсёды знойдуцца іншыя, якія паслужаць каралю пры болып спрыяльных абставінах, ператвараць жа ў рабоў тых, каго гасподзь і прырода стварылі свабоднымі, бачыцца мне
вельмі жорсткім. Тым болып, сеньёры канвойныя,— працягваў Дон Кіхот,— што тыя няшчасныя асабіста вам нічога дрэннага не зрабілі. Няхай кожны сам адкажа за свае грахі. На небе ёсць бог, і ён нястомна карае зло і ўзнагароджвае дабро, і людзям прыстойным не падыходзіць быць катамі сваіх блізкіх, якія, дарэчы сказаць, іх і не хвалююць. Я кажу вам аб гэтым мяккім і спакойным тонам, каб, калі вы выканаеце маю просьбу, мне было за што дзякаваць вам. Калі ж вы не выканаеце яе па сваім жаданні, то гэта кап’ё і гэты меч разам з моцнаю маёю рукою прымусяць вас да гэтага сілай.
— Што за недарэчны жарт! — усклікнуў камісар.— Да добранькіх жа рэчаў дагаварыўся гэты забаўнік! Ён, ці бачыце, жадае, каб мы выпусцілі каралеўскіх нявольнікаў, як быццам мы маем права вызваляць іх, а ён — аддаваць належныя распараджэнні! У добры час, ваша міласць, папраўце на галаве таз, едзьце па сваёй дарозе і перастаньце, сеньёр, лезці на сцяну.
— Я вас самога прымушу на сцяну лезці, нягоднік! — закрычаў Дон Кіхот.
І, не доўга думаючы, ён так рашуча напаў на камісара, што той, не паспеўшы падрыхтавацца да абароны, прабіты кап’ём свайго ворага, грымнуўся вобземлю; і гэта была незвычайная для Дон Кіхота ўдача, бо толькі камісар і быў узброены мушкетам. Іншых канвойных такое нечаканае здарэнне ашаламіла і азадачыла; аднак, апамятаўшыся, верхавыя ўзяліся за мячы, пешыя за коп’і, і ўсе разам напалі на Дон Кіхота,— Дон Кіхот жа з найвялікшым спакоем іх чакаў; і яму б, ужо дакладна, не мінуць ліха, калі б катаржнікі, скеміўшы, што ім даруецца магчымасць атрымаць свабоду, не зрабілі спробы выкарыстаць яе і не паспрабавалі парваць ланцуг, на які яны былі налыганы. Усчалася неверагодная мітусня; канвойныя то кідаліся да катаржнікаў, якія ўжо разблытвалі ланцуг, то адбіваліся ад напорыстага Дон Кіхота і ўсё без толку. Санча са свайго боку пасадзейнічаў вызва-
ленню Хінеса дэ Пасамонтэ, і той,— першы, хто скінуў ланцугі і-вырваўся на волю,падбег да пераможанага камісара, выхапіў у яго з рук шпагу і мушкет і пачаў цэліцца ў канвойных і рабіць выпады, але так і не адкрыў агню, бо ў тое ж імгненне на полі бою не засталося ніводнага канвойнага: усе яны далі цягу, запалоханыя мушкетам Пасамонтэ, таксама, як і градам камянёў, якім іх асыпалі іншыя катаржнікі, што ўслед за ім вырваліся на волю. Здарэнне гэта вельмі засмуціла Санча Пансу, бо ён лічыў, што канвойныя паведамяць аб усім Святому брацтву і яно заб’е ў званы і зоймецца пошукамі злачынцаў. Аб сваёй боязі ён сказаў Дон Кіхоту і параіў яму як мага хутчэй паехаць адсюль і схавацца ў бліжэйшых гарах.
-	Добра, добра,сказаў Дон Кіхот,— я сам ведаю, як патрэбна зрабіць.
Затым ён склікаў катаржнікаў, якія паспелі ўжо да ніткі абабраць камісара і разышліся па полі, і яны абступілі яго, чакаючы, што ён ім скажа. Ён жа распачаў з імі такую размову: