Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— Шчаслівыя пошукі і шчаслівая знаходка,— сказаў на гэта Санча Панса,— асабліва калі на долю майго пана выпадзе такая ўдача, што ён заб’е гэтага гадавелікана, пра якога ваша міласць кажа, і тым самым адпомсціць за крыўду і знявагу, а ўжо ён абавязкова яго заб’е, калі толькі з ім сустрэнецца і калі толькі гэта не прывід, таму што супраць прывідаў майму пану не ўстаяць. Але, між іншым, сеньёр ліцэнцыят, вось аб чым я хачу папрасіць вашу міласць: каб у майго пана не з’явілася ахвота стаць архіепіскапам, чаго менавіта я і асцерагаюся, парайце яму, ваша міласць, як можна хутчэй ажаніцца з гэтай прынцэсай,— тады ўжо яму не надасі сан архіепіскапа і ён без асаблівай цяжкасці даможацца імператарскай кароны, а я — ажыццяўлення сваіх жаданняў. Я ж доўга над гэтым ламаў галаву і прыйшоў да вываду, што не з рукі гэта мне — каб мой пан станавіўся архіепіскапам: я для царквы чалавек бескарысны — я жанаты, а прасіць мне цяпер разводу, каб мець права атрымліваць нейкія там царкоўныя даходы, таму што ў мяне, значыць,
ёсць жонка і дзеці,— гэта справа безнадзейная. Такім чынам, сеньёр, уся штука ў тым, каб мой пан хутчэй ажаніўся з гэтай сеньёрай,— я з яе міласцю яшчэ не знаёмы, а таму і не называю па імені.
—	Яе завуць прынцэсай Мікаміконай,адказаў свяшчэннік,— бо калі каралеўства яе называецца Мікаміконскім, то зразумела, што і ёй належыць называцца гэтак жа.
—	Вядома,— пагадзіўся Санча.— Мне часта даводзілася сустракаць людзей, якія ўтваралі свае імёны і прозвішчы ад той мясцовасці, дзе яны нарадзіліся,— напрыклад, Педра дэ Алькала, Хуан дэ Убеда, Д’ега дэ Вальядалід,— напэўна, і ў Гвінеі існуе такі звычай, каб каралевы называліся па імені сваіх каралеўстваў.
—	Напэўна,— сказаў свяшчэннік.— А што тычыцца жаніцьбы твайго пана, то я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць.
Словы гэтыя настолькі ўзрадавалі Санча, наколькі здзівіла свяшчэнніка яго прастадушнасць і тое, як трывала засела ў яго галаве бязглуздзіца, што займала ўяўленне яго пана,той жа, вядома, быў упэўнены, што стане імператарам.
Тым часам Даратэя села на свяшчэннікава мула, a цырульнік прыладзіў бараду з бычынага хваста, і яны загадалі Санча правесці іх да Дон Кіхота, папярэдне наказаўшы яму не прагаварыцца, што гэта цырульнік, бо ўся, маўляў, штука ў тым, каб Дон Кіхот не пазнаў іх,— нібы ад гэтага залежыць — быць яму імператарам ці не быць. Свяшчэннік вырашыў не суправаджаць іх проста таму, што прысутнасць яго была panep ужо лішняй, і вось тыя паехалі наперад, а ён не спяшаючыся пайшоў за імі ўслед. Ён не прамінуў зрабіць Даратэі павучанне, як ёй патрэбна дзейнічаць, але тая яму на гэта адказала, што ён можа не турбавацца: усё, маўляў, выйдзе без сучка і задзірынкі, так, як гэтага патрабуюць і як гэта паказваюць рыцарскія раманы. Верхавыя нашы праехалі тры чвэрці мілі, як раптам сярод грувасткіх скал убачылі Дон Кіхота, ужо
адзетага, але яшчэ не ўзброенага, і як толькі Даратэя заўважыла яго і атрымала пацвярджэнне ад Санча, што гэта і ёсць Дон Кіхот, то хвастанула свайго інаходца, а следам за ёю паскакаў барадаты цырульнік; калі ж яны наблізіліся да Дон Кіхота, то цырульнік саскочыў з мула і хацеў быў падхапіць Даратэю, але тая, з незвычайнай лёгкасцю злезшы з мула, кінулася перад Дон Кіхотам на калені; і хоць Дон Кіхот намагаўся падняць яе, яна, не ўстаючы, загаварыла так:
-	Я не ўстану з каленяў, о доблесны і магутны рыцар, да таго часу, пакуль дабрата і ласкавасць вашы не зробяць мне ласку, якая яшчэ больш узвысіць пашану і любоў да вашай асобы і будзе карыснай самай няўцешнай і самай пакрыўджанай дзяўчыне ва ўсім сусвеце. І калі доблесць магутнай вашай рукі такая ж велічная, як і голас вашай неўміручай славы, то ваш абавязак — заступіцца за няшчасную, якая прыйшла з далёкіх краін на агонь славутага вашага імя, каб прасіць вас дапамагчы яе ropy.
—	Я не раскрыю вуснаў сваіх, цудоўная сеньёра,адказаў Дон Кіхот,— і не прыслухаюся да вашых просьбаў да таго часу, пакуль вы не ўстанеце.
-	Я ўстану, сеньёр,— запярэчыла журботная дзяўчына,— не раней, чым ваша міласць зробіць мне ласку, якой я прашу.
—	Я згодзен вам яе зрабіць,— аб’явіў Дон Кіхот,— калі толькі ад гэтага не будзе шкоды і ўрону майму каралю, маёй бацькаўшчыне, а таксама той, хто валодае ключамі ад сэрца майго і волі.
-	Hi шкоды, ні ўрону ім ад гэтага не будзе, добры мой сеньёр,адказала пакутная дзяўчына.
У гэты час Санча Панса наблізіўся да свайго пана і сказаў яму на вуха:
—	Сеньёр, ваша міласць смела можа абяцаць зрабіць ёй гэту ласку, таму што забіць нейкага там веліканчыка — гэта для вас дробязь, а просіць аб гэтым выса-
кародная прынцэса Мікамікона, каралева вялікага каралеўства Мікаміконскага ў Эфіопіі.
—	Хто б яна ні была,— запярэчыў Дон Кіхот,— я зраблю так, як абавязаны зрабіць і як мне падказвае маё сумленне.
І, звяртаючыся да дзяўчыны, прамовіў:
—	Устаньце, о чароўная прыгажуня,— я згодзен зрабіць вам ласку, якую вы просіце.
—	Я прашу аб тым,сказала дзяўчына,— каб ваша самаадданасць паехала за мною неадкладна, папярэдне паабяцаўшы мне не шукаць ніякіх іншых прыгод і не выконваць нічыіх просьбаў, пакуль не адпомсціць здрадніку, які, парушыўшы законы божыя і чалавечыя, захапіў маё каралеўства.
—	Паўтараю: я выканаю вашу просьбу,— аб’явіў Дон Кіхот,— а таму, сеньёра, вам зараз жа патрэбна скінуць з сябе гнятлівы цяжар скрухі і ўдыхнуць новыя сілы і мужнасць у знямоглую вашу надзею, бо з дапамогай божай і з дапамогай рукі маёй вам хутка будзе вернута каралеўства і вы сядзеце на старажытны і вялікі трон вашай дзяржавы — на злосць і насуперак нахабнікам, якія адважыліся яго аспрэчваць. І за справу, бо прамаруджванне, як кажуць, самае небяспечнае.
Безабаронная дзяўчына надта настойліва спрабавала пацалаваць Дон Кіхоту руку, але ён, як у вышэйшай ступені пачцівы і ветлівы рыцар, гэтага не дапусціў; наадварот, ён з выключнаю пачцівасцю і ветлівасцю абняў і падняў яе, а затым загадаў Санча падцягнуць на Расінанце падпругу і зараз жа падаць даспехі. Санча адвязаў даспехі, якія віселі, быццам трафеі, на дрэве, і, падцягнуўшы падпругу, за адну хвіліну надзеў іх на свайго пана; пан жа яго, надзеўшы даспехі, прамовіў:
—	Такім чынам, госпадзі благаславі, рушым на абарону гэтай знатнай сеньёры.
Цырульнік усё яшчэ стаяў на каленях, прыкладваючы вялікія намаганні да таго, каб не фыркнуць, і прытрымліваючы рукою бараду, падзенне якой магло
б ім усім перашкодзіць ажыццявіць добрае іх пачынанне, аднак жа, бачачы, што паслуга ўжо паабяцана і што Дон Кіхоту не церпіцца яе зрабіць, ён устаў і, падтрымліваючы другою рукою Даратэю, разам з Дон Кіхотам дапамог ёй сесці на мула; пасля гэтага Дон Кіхот сеў на Расінанта, цырульнік узабраўся на жвавага свайго каня, а Санча пайшоў пехатой, і тут ён, зноў адчуўшы, як яму нестае шэрага, успомніў аб яго згубе; аднак цяпер ён да гэтага аднёсся лёгка,— ён суцешыў сябе тым, што яго пан ужо ў дарозе да таго, каб зрабіцца імператарам, і вось-вось гэта спраўдзіцца: ён жа, зразумела, быў упэўнены, што Дон Кіхот ажэніцца з гэтай прынцэсай і стане сама меней каралём Мікаміконскім. Адно толькі засмучала яго — тое, што каралеўства гэта знаходзіцца ў краіне неграў і што людзі, якіх прызначаць яго васаламі, будуць чарнаскурыя; зрэшты, фантазія яго тут жа падказала яму нядрэннае выйсце, і ён падумаў: “Ну і што ж такога, што васаламі маімі будуць негры?* Пагрузіць іх на караблі, прывезці ў Іспанію, прадаць іх тут, атрымаць за іх наяўнымі, купіць на гэтыя грошыкі тытул ці пасаду — вось і ўсё, а там дажывай сабе бесклапотна свой век! He хвалюйцеся, мы не праваронім, у нас хопіць кемнасці ўладзіць гэту выгадную справу і ў адзін момант прадаць трыццаць ці там дзесяць тысяч васалаў. Далібог, я іх хутка спушчу, усіх гуртам ці ўжо як там давядзецца, але толькі прадам усё ж я чорных, а вернуцца яны да мяне сярэбранымі ды залатымі. Так што я не такі дурны, як вы думаеце!” І так усё гэта яго займала і радавала, што ён забываў аб нязручнасці пешай хады.
Калі Дон Кіхот са сваімі спадарожнікамі выбраўся на раўніну, свяшчэннік пачаў уважліва да яго прыглядацца. Знакамі даючы зразумець, што пазнае яго, і толькі праз некаторы час, з распасцёртымі рукамі кінуўіпыся да яго, усклікнуў:
— Добры дзень, люстэрка рыцарства, добры мой
зямляк Дон Кіхот Ламанчскі, верх і мяжа высакародства, абарона і апора бяздольных, краса вандроўных рыцараў!
Гаворачы так, ён сціскаў у абдымках калена левай нагі Дон Кіхота, а той, ашаломлены словамі і рухамі гэтага чалавека, уважліва на яго паглядзеў і, пазнаўшы, нібы самлеў, убачыўшы яго, і напружыў намаганні, каб злезці з каня, аднак жа свяшчэннік гэтага не дапусціў, і тады Дон Кіхот сказаў:
— Дазвольце, ваша міласць, сеньёр ліцэнцыят, мне няёмка ехаць на кані, у той час калі такая вельмі паважаная асоба ідзе пехатой.
— Я гэтага ні ў якім выпадку не дапушчу,— сказаў свяшчэннік: — ваша веліч павінна заставацца на кані, бо, застаючыся на кані, вы нарэшце здзейсніце такія ратныя подзвігі, якіх яшчэ ніколі не бачыў наш век,— мне ж, нявартаму павагі свяшчэннаслужыцелю, трэба ўзабрацца на крыж мула.
— Я ўпэўнены,— зазначыў Дон Кіхот,— што сеньёра прынцэса з любові да мяне будзе так ласкава, што загадае свайму слугу ўступіць вашай міласці сядло, a ён можа ўладкавацца на крыжы свайго мула, калі толькі той вытрымае.
— Па-мойму, вытрымае,— сказала прынцэса.— Я са свайго боку ўпэўнена ў тым, што мой слуга загадаў не чакае: ён у мяне такі ветлівы, уважлівы і нізашто не дапусціць, каб духоўная асоба ішла пехатой, калі яна можа ехаць.
— Абсалютная праўда,— пацвердзіў цырульнік.
Ен імгненна спешыўся і ўступіў месца свяшчэнніку, і той, не заставіўшы сябе доўга ўгаворваць, сеў у сядло. Аднак жа, на бяду, гэта быў наёмны мул, a сказаць “наёмны” — тое ж самае, што сказаць “паганы"; і калі цырульнік пачаў узбірацца на яго крыж, ён прыпадняў заднія ногі і двойчы падбрыкнуў імі, так што калі б патрапіў маэсе Нікаласу ў грудзі або ў галаву, той, ужо пэўна, паслаў бы к чорту сваю паездку за Дон Кіхотам. Як бы там ні было, цырульнік ад
перапуду зваліўся, і калі ён падаў, яму ўжо было не да барады, а таму яна ў яго адразу ж адвалілася; і тут ён, бачачы, што застаўся без барады, не прыдумаў нічога лепшага, як закрыць твар рукамі і крыкнуць, што ў яго выбіты зубы. Дон Кіхот жа, заўважыўшы, што на значнай адлегласці ад слугі, які пацярпеў няўдачу, валяецца пук барады без сківіцаў і без крыві, усклікнуў: