Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— А божа ты мой, што гэта яшчэ за цуд! Так акуратна вырваць бараду і шпурнуць яе на зямлю можна толькі знарок!
Свяшчэннік, бачачы, што іх задуме пагражае небяспека быць раскрытай, падбег да барады і кінуўся з ёю да маэсе Нікаласа, які ўсё яшчэ быў распасцёрты на зямлі і крычаў немым голасам, а затым, не доўга думаючы, палажыў яго галаву сабе на грудзі, прыставіў бараду і пачаў штосьці мармытаць, папярэдне патлумачыўшы, што гэта асаблівая малітва ад выпадання барады і што ў цудадзейнай яе сіле яны неўзабаве пераканаюцца; прыставіўшы ж яму бараду, ён адышоў, і стаў наш слуга, як раней, здаровы і барадаты, што вельмі ўжо здзівіла Дон Кіхота, і ён папрасіў свяшчэнніка ў вольны час навучыць яго гэтай малітве, бо ён, маўляў, лічыць, што дзеянне яе зводзіцца не толькі да прырошчвання барод,— на месцы ж выдранай барады павінны заставацца раны і струпы, і калі малітва ўсё гэта зажыўляе, то зразумела, што яна дапамагае не толькі пры выпаданні барады.
— Справядліва,— сказаў свяшчэннік і абяцаў навучыць яго гэтай малітве пры першым зручным выпадку.
Вырашылі яны, што цяпер сядзе на мула толькі свяшчэннік. Калі ж трое селі вярхом, гэта значыць Дон Кіхот, прынцэса і свяшчэннік, а два пайшлі пешшу, гэта значыць цырульнік і Санча Панса, Дон Кіхот звярнуўся да дзяўчыны:
— Ваша вялікасць, пані мая, вядзіце мяне, куды вам патрэбна.
Але, перш чым яна паспела адказаць, загаварыў ліцэнцыят:
— У якое каралеўства нас павядзе ваша светласць? Ужо ці не ў Мікаміконскае? Дакладней за ўсё, што туды, або я нічога не разумею ў каралеўствах.
Даратэя была з ім у змове, а таму яна хутка сцяміла, што павінна адказваць, і сказала яму наступнае:
Так, сеньёр, шлях мой ляжыць да гэтага каралеўства.
— А калі так,падхапіў свяшчэннік,— то мы праедзем праз маю вёску, адтуль ваша міласць накіруецца ў Картахену, і там вы з божай дапамогай сядзеце на карабель. І калі вецер будзе спадарожны, а мора спакойнае і бязбурнае, то гадоў праз дзевяць вы апыняцеся каля вялікага возера Піспісійскага... то бок Меатыйскага*, а ўжо адтуль крыху больш за сто дзён дарогі да вашага каралеўства.
— Вы памыляецеся, васпан мой,— запярэчыла прынцэса.— He мінула і двух гадоў, як я выехала адтуль, і даю вам слова, надвор’е ўвесь час было паганае, і ўсё ж я ўбачыла таго, да каго я так імкнулася, а іменна сеньёра Дон Кіхота Ламанчскага, слава якога дайшла да маіх вушэй, ледзь толькі я ступіла на бераг Іспаніі, і падштурхнула мяне адшукаць яго, каб даручыць сябе яго высакароднасці і даверыць справядлівую маю справу доблесці непераможнай яго рукі.
— Досыць, не расхвальвайце мяне больш,— перапыніў яе Дон Кіхот,— я не люблю розныя ліслівасці, і хоць бы гэта і не было ліслівасцю, а ўсё ж мой цнатлівы слых зневажаюць такія выказванні. Адно магу сказаць вам, пані мая: якая б ні была мая доблесць, калі яна ў мяне так ці інакш ёсць, я абавязаны служыць вам, не шкадуючы ўласнага жыцця. Але ўсяму свой час, а цяпер я папрашу вас, сеньёр ліцэнцыят, растлумачыць мне, як вы апынуліся ў гэтых мясцінах, адзін, улегцы і без слуг,— сапраўды, мяне гэта здзіўляе.
— На гэта я адкажу вам коратка,— адказаў свяшчэннік.— Дык ведайце, ваша міласць, сеньёр Дон Кіхот, што я і маэсе Нікалас, наш агульны сябар і наш агульны цырульнік, накіроўваліся ў Севілью па грошы, якія мне даслаў мой сваяк, які шмат гадоў таму перасяліўся ў Амерыку, і грошы немалыя: шэсцьдзесят тысяч паўнаважкіх песа* — гэта вам не кот наплакаў. I вось, калі мы ўчора тут праязджалі, на нас напалі разбойнікі і адабралі ўсё — нават бароды. I так яны нас абчысцілі, што цырульніку давялося надзець бараду накладную. Слухайце далей: мясцовыя жыхары сцвярджаюць у адзін голас, што абрабавалі нас катаржнікі, якіх нібы вызваліў, і амаль ці не на самым гэтым месцы, нейкі чалавек, такі дзёрзкі, што, нягледзячы на камісара і варту, ён адпусціў іх на ўсе чатыры бакі. I, зразумела, гэта які-небудзь вар’ят ці такі ж прапашчы нягоднік, як і яны, увогуле чалавек, у якога ні сораму, ні сумлення: ён жа пусціў ваўка на авечак, лісіцу на курэй, муху на мёд. Відаць, задумаў ён абысці правасуддзе і падняць бунт супраць караля, прыроднага свайго пана, калі парушыў мудрае яго распараджэнне. Відаць, кажу, задумаў ён пазбавіць галеры весляроў і перапалохаць Святое брацтва, якое ўжо шмат гадоў адпачывае ад спраў сваіх. Адным словам, за такі ўчынак і душы яго не абмінуць пагібелі, ды і целу будзе не соладка.
Санча паспеў расказаць свяшчэнніку і цырульніку аб здарэнні з катаржнікамі, якое закончылася для большай славы яго пана, і свяшчэннік таму цяпер аб гэтым расказваў, каб паглядзець, як будзе паводзіць сябе Дон Кіхот. А Дон Кіхот мяняўся з твару пры кожным яго слове, але ўсё не адважваўся прызнацца, што ён, а не хтосьці іншы вызваліў гэту цёплую кампанію.
— Дык вось хто нас абрабаваў,— закончыў свяшчэннік.Ты ж, госпадзі, па міласэрнасці сваёй даруй таму, хто адвёў ад іх належную кару.
Р а з д з е л XIX, які апавядае аб знаходлівасці чароўнай Даратэі і яшчэ аб сім-тым, вельмі прыемным і цікавым
He паспеў свяшчэннік дагаварыць, як умяшаўся Санча:
— Праўду кажучы, сеньёр ліцэнцыят, подзвіг гэты здзейсніў мой пан, а я ж яго папярэджваў і прасіў, каб ён падумаў аб тым, што робіць і што грэх выпускаць іх на свабоду, бо гоняць іх туды як заўзятых нягоднікаў.
Дурань! — сказаў яму на гэта Дон Кіхот.— У абавязкі вандроўных рыцараў не ўваходзіць дазнавацца, за што такім чынам гоняць і так мучаюць тых зняважаных, закутых ланцугамі і прыгнечаных, якія сустракаюцца ім на шляху,— за іх злачынствы або за іх добрыя ўчынкі. Справа вандроўных рыцараў дапамагаць гаротным, прымаючы пад увагу іх пакуты, a не іх брыдоты. Мне трапіўся цэлы ружанец, цэлая нізка няшчасных і зняможаных людзей, і я зрабіў у адпаведнасці з дадзеным мною зарокам, а там няхай нас рассудзіць бог. I я сцвярджаю, што каму гэта не падабаецца,— зразумела, я раблю выключэнне для свяшчэннага сану сеньёра ліцэнцыята і яго вельмі паважанай асобы,той нічога не разумее ў рыцарстве і хлусіць, як апошні паганец. I я яму гэта дакажу з дапамогай майго мяча так, калі б гэты меч ляжаў перада мной.
Сказаўшы гэта, ён прыўстаў на страмёнах і насунуў на лоб шышак, таз жа для галення, які ён лічыў за шлем Мамбрына, да часу, пакуль не будуць ліквідаваны нанесеныя яму катаржнікамі пашкоджанні, вісеў у яго на пярэдняй луцэ сядла.
Даратэя ведала, што ў Дон Кіхота зайшоў розум за розум і што ўсе, за выключэннем Санча Пансы, з яго пасмейваюцца, а таму, як дзяўчына знаходлівая і вельмі дасціпная, яна не пажадала адстаць ад іншых
і,	бачачы, што Дон Кіхот гневаецца, звярнулася да яго з такімі словамі:
— Сеньёр рыцар, падумайце аб той паслузе, якую вы абяцалі мне зрабіць, а таксама аб тым, што ў адпаведнасці з дадзеным абяцаннем, вы не маеце права ўдзельнічаць у іншых прыгодах, нават калі б удзел ваш быў вельмі неабходным. Змяніце ж гнеў на міласць: калі б сеньёр ліцэнцыят ведаў, што катаржнікі вызвалены неадольнай вашай рукой, ён тройчы зашыў бы сабе рот і тройчы прыкусіў язык, перш чым вымавіць слова, якое вам не спадабаецца:
— Клянуся,— пацвердзіў свяшчэннік.— Я б яшчэ і вус сабе вырваў!
— Я замаўчу, пані мая,— сказаў Дон Кіхот,— і прыглушу праведную злосць, якая паднялася ў маёй душы, і буду ціхі і міралюбівы, пакуль не выканаю свайго абяцання. Але калі толькі вам гэта не цяжка, у якасці ўзнагароды за добрыя мае намеры я прашу вас сказаць мне, аб чым вы бядуеце, як шмат, хто такія і што за яны, тыя людзі, супраць каго я павінен накіраваць праведную, належную і бязлітасную помсту.
— Я ахвотна выканаю вашу просьбу,прамовіла Даратэя,— калі толькі вам не надакучыць аповед пра няшчасці і нягоды.
—	He надакучыць, пані мая,— сказаў Дон Кіхот.
Даратэя ж на гэта сказала:
—	Калі так, то я прашу вашай, сеньёры, увагі. Перш за ўсё ведайце, васпаны мае, што завуць мяне...
І тут яна запнулася, таму што забылася, якое імя даў ёй свяшчэннік. Але той, сцяміўшы, што іменна з’явілася перашкодай, паспяшаўся на дапамогу і сказаў:
— Нядзіўна, пані мая, што ваша вялікасць саромеецца і адчувае сябе няёмка, расказваючы пра свае напасці. Такая ўжо ў напасцяў уласцівасць адбіраць памяць у тых, каго яны даймаюць, так што людзі нават уласныя свае імёны забываюць, як гэта здарылася з вашай светласцю, бо вы забыліся, што завуць вас
прынцэсай Мікаміконай і што вы законная наследніца вялікага каралеўства Мікаміконскага. Ну а цяпер, пасля гэтага напамінку, ваша вялікасць без вялікіх намаганняў зможа аднавіць у сваёй смутнай памяці ўсё, што вы жадаеце нам расказаць.
— Гэта праўда,— зазначыла дзяўчына, і я мяркую, што болып мне ўжо не трэба будзе нагадваць і праўдзівую маю гісторыю я паспяхова раскажу да канца. Гісторыя ж мая наступная. Бацька мой, кароль Тынакрый Мудры, як яго называюць, быў вельмі спрактыкаваны ў майстэрстве, якое называецца магіяй, і вось, дзякуючы сваім ведам, адкрыў ён, што маці мая, каралева Харамілья, памрэ раней за яго і што праз непрацяглы час наканавана і яму перайсці на той свет, мне ж — круглаю застацца сіратою. Аднак усё гэта не так яго засмучала, як хвалявала яго тое, што амаль побач з нашым каралеўствам пачварны велікан, пра якога ён чуў ад верных людзей, кіруе адным вялікім востравам, а завуць яго Пандафіланд Цемнавокі. Усе ведаюць, што хоць вочы ў яго ў парадку і на месцы, аднак жа ён усё пазірае ўбок, нібы касавокі, і робіць ён гэта знарок, каб наганяць страх і жах на тых, хто на яго глядзіць. Ну, адным словам, бацька мой даведаўся, што гэты велікан, пачуўшы пра маё сіроцтва, направіць незлічонае войска на маё каралеўства і захопіць яго, так што ў мяне не застанецца і маленькай вёсачкі, дзе б я магла прыхінуць галаву. Разам з тым бацька мой сцвярджаў, што бедства гэтага і разарэння можна пазбегнуць, калі толькі я пажадаю выйсці за велікана замуж, але што, як добра ён разумее, я ні пры якіх абставінах на такі няроўны шлюб не адважуся. I ён меў рацыю, бо ў мяне і ў думках ніколі не было выходзіць замуж за велікана — ні за гэтага, ні за іншага, ні за самага што ні ёсць велізарнага і празмернага. І завяшчаў мне бацька, каб пасля яго смерці, калі Пандафіланд уварвецца ў маё каралеўства, я не надумала абараняцца, бо гэта значыць аддаць сябе на пагібель, але добраахвотна пакінула межы каралеў-