Дон Кіхот
Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
— Паслухай, Санча,— сказаў Дон Кіхот,— калі ты раіш мне ажаніцца толькі таму, што, забіўшы велікана, я адразу ж зраблюся каралём і мне зручней будзе асыпаць цябе ўзнагародамі і падарыць абяцанае, то ведай, што мне і нежанатаму не цяжка выканаць тваё пажаданне. Перш чым распачаць бой, я дамоўлюся, што ў выпадку маёй перамогі, нават калі я не ажанюся, мне аддадуць частку каралеўства, каб я мог падарыць яе каму захачу. А калі яна мне дастанецца, то каму ж я яе падару, як не табе?
Гэта якраз зразумела,— адказаў Санча,але
толькі глядзіце, ваша міласць, выбірайце бліжэй да мора, каб, у выпадку калі мне там не спадабаецца, я мог пагрузіць маіх чорных васалаў на караблі, а затым зрабіць з імі тое самае, што я ўжо наважыўся зрабіць. Так што, ваша міласць, не надумайце наведваць пані маю Дульцынею цяпер жа, а едзьце забіваць велікана, і мы з вамі ўладзім выгадную справу,клянуся богам, мне здаецца, што яна будзе для нас вельмі ганаровай і надта выгаднай.
Кажуць табе, Санча, што ты можаш быць вельмі спакойным,сказаў Дон Кіхот,я зраблю так, як ты раіш і паеду спачатку з прынцэсай, а затым ужо наведаю Дульцынею. Але май на ўвазе: аб нашым з табой рашэнні і дамоўленасці нікому ні слова, нават нашым спадарожнікам, бо калі Дульцынея такая стрыманая, што нікому не жадае давяраць свае думкі, то і мне, a таксама і каму-небудзь іншаму непрыстойна іх выдаваць.
— У такім выпадку,заўважыў Санча,— навошта ж вы, ваша міласць, адпраўляеце ўсіх пераможаных вашай рукою да пані маёй Дульцынеі? Значыць, вы распісваецеся ў тым, што вы ў яе закахаліся і што яна ваша каханая? А калі ўжо так неабходна, каб усе, хто да яе адпраўляецца, станавіліся перад ёю на калені і аб’яўлялі, што іх паслала ваша міласць і што яна можа поўнасцю імі распараджацца, то ці могуць пасля гэтага і вашы і яе думкі заставацца тайнымі?
— Які ты дурыла, які ж ты разявака! — усклікнуў Дон Кіхот.— Няўжо ты не разумееш, Санча, што ўсё гэта садзейнічае яе ўзвышэнню? Ды ведай жа, што, па нашым рыцарскім разуменні, гэта вялікі для дамы гонар, калі ёй служыць не адзін, а шмат вандроўных рыцараў і калі яны мараць толькі аб тым, каб служыць ёй дзеля яе самой, не чакаючы іншай узнагароды за ўсе свае добрыя намеры, апрача яе пажадання прыняць іх у лік сваіх рыцараў.
— Такой любоўю павінны любіць толькі госпада бога, такую я чуў пропаведзь,сказаў Санча,любіць
дзеля яго самога, не спадзеючыся на ўзнагароду і не ад боязі быць пакараным. Хоць я асабіста палічыў бы за лепшае любіць яго і служыць яму за што-небудзь.
— Ах ты, каб цябе чорт узяў! — усклікнуў Дон Кіхот.Мужык, мужык, а якія разумныя рэчы іншы раз кажаш! Сапраўды, можна падумаць, што ты з адукацыяй!
— Шчыра вам скажу, я нават чытаць — і то не ўмею,— аб’явіў Санча.
Тут маэсе Нікалас крыкнуў ім, каб яны пачакалі, бо ўсе хочуць зрабіць прывал каля крыніцы. Дон Кіхот спыніўся, на немалую радасць Санча, які ўжо стаміўся хлусіць і ўсё баяўся, як бы Дон Кіхот не падлавіў яго на памылцы. Спешыўшыся каля крыніцы, усе, праўда, злёгку, заспакоілі голад, які мучыў іх, тым, што свяшчэннік раздабыў у заезным доме. У гэты самы час па дарозе ішоў нейкі хлапчук; вельмі ўважліва агледзеўшы тых, хто размясціўся каля крыніцы, ён з усіх ног кінуўся да Дон Кіхота і, абняўшы яго за калені, знарок жаласна заплакаў і сказаў:
— Ах, васпан мой! Вы не пазнаяце мяне, ваша міласць? Паглядзіце добра, я той самы хлопчык Андрэс, які быў прывязаны да дуба і якога вы, ваша міласць, вызвалілі.
Дон Кіхот пазнаў яго і, узяўшы за руку, звярнуўся да прысутных з такімі словамі:
— Каб вашы міласці ўпэўніліся ў тым, як важна, каб жылі на свеце вандроўныя рыцары, якія помсцяць за крыўды і ўціск, што чыняць бессаромныя і злыя людзі, вашы міласці павінны ведаць, што зусім нядаўна, праязджаючы па лесе, пачуў я жаласныя крыкі і стогны,— так стагнаць магла толькі зняважаная і безабаронная істота. Падахвочаны пачуццём абавязку, я паспяшаўся туды, адкуль, як мне падалося, даляталі слёзныя гэтыя стогны, і ўбачыў прывязанага да дуба хлопчыка, таго самага, які цяпер стаіць перад вамі, чаму я ад душы рады, бо ён можа пацвердзіць,
што ўсё гэта шчырая праўда. Такім чынам, голы да пояса, ён быў прывязаны да дуба, і яго хвастаў павадамі нейкі вясковец, як я даведаўся пасля — яго гаспадар. Убачыўшы гэта, я адразу спытаў, што за прычына такой бязлітаснай лупцоўкі. Грубіян адказаў, што лупцуе ён яго таму, што гэта яго слуга і што некаторыя промахі хлапчука вынікаюць не столькі ад яго бесталковасці, колькі ад жульніцтва, на што падлетак гэты запярэчыў: “Сеньёр, ён б’е мяне толькі за тое, што я прашу ў яго сваё жалаванне”. Гаспадар пачаў апраўдвацца і залівацца салаўём, я ж выслухаць яго выслухаў, але апраўданняў не прыняў. Карацей кажучы, я загадаў адвязаць хлопчыка і ўзяў з вяскоўца клятву, што ён пойдзе з ім дамоў і заплаціць яму ўсе да апошняга рэала, ды яшчэ з падзякай. Ці не так, мілы Андрэс? Ці заўважыў ты, якім уладарным тонам аддаў я гэта распараджэнне і з якім угодлівым выглядам абяцаў ён выканаць тое, што я загадаў, прадпісаў і запатрабаваў? Адказвай, не саромейся і не бойся. Раскажы гэтым сеньёрам усё, як было, каб яны зразумелі і прызналі, якая гэта вялікая карысць, што на бальшаках можна сустрэць вандроўных рыцараў.
Усё гэта шчырая праўда, ваша міласць,пацвердзіў хлопчык,— вось толькі скончылася гэта справа не так, як ваша міласць мяркуе, а якраз наадварот.
— Чаму наадварот? — спытаў рыцар. — Хіба вясковец табе не заплаціў?
— He толькі не заплаціў,— адказаў хлопчык,— а як толькі ваша міласць выехала з лесу і мы засталіся ўдваіх, ён зноў прывязаў мяне да таго ж самага дуба і так мне ўсыпаў, што ў мяне ледзь скура не лопнула, накшталт як у святога Варфаламея. І лупцаваў ён мяне з жартамі,прыгаворкамі і ўсё пасмейваўся з вас, так што калі б не боль, я заходзіўся б ад смеху. Урэшце агідны мужык так бязлітасна мяне адхвастаў, што, з яго ласкі, я да сённяшняга дня праляжаў у бальніцы. А вінаваты ва ўсім гэтым вы, васпан мой: ехалі б вы
сваёй дарогай, не лезлі, куды вас не просяць, і не ўмешваліся ў чужыя справы, тады мой гаспадар ад сілы разоў дваццаць пяць хвастануў бы мяне, затым адвязаў і заплаціў бы мне доўг. Але таму, што ваша міласць ні з таго ні з сяго зняважыла яго і нагаварыла грубасцей, то ён загарэўся злосцю, а з прычыны таго, што спагнаць яе на вас, васпан мой, ён не мог, то калі вы паехалі, уся хмара вылілася на мяне, і застануся я, відаць, цяпер на ўсё жыццё калекам.
— Памылка мая заключаецца ў тым, што я паехаў, не пачакаўшы, пакуль ён табе заплаціць,— сказаў Дон Кіхот,— бо мой вялікі вопыт павінен быў бы мне падказаць, што просты чалавек ніколі не трымаецца слова, калі гэта яму нявыгадна. Але ж ты памятаеш, Андрэс, я ж кляўся, што калі ён табе не заплаціць, то я пачну шукаць яго і знайду, хоць бы ён хаваўся ў чэраве кітовым.
— Абсалютная праўда,пацвердзіў Андрэс,ды які толк!
— Вось ты ўбачыш, які з гэтага толк,— прамовіў Дон Кіхот.
3 гэтымі словамі ён усхапіўся і загадаў Санча зацугляць Расінанта, які пасвіўся, пакуль яны перакусвалі.
Даратэя спытала, што ён надумаў зрабіць. Ён адказаў, што мае намер адправіцца на пошукі смерда, каб пакараць яго за такі дрэнны ўчынак і на злосць і насуперак усім смердам на свеце прымусіць заплаціць Андрэсу ўсе да апошняга мараведзі; яна ж, нагадаўшы Дон Кіхоту, што ў адпаведнасці з дадзеным ім абяцаннем, ён не мае права займацца іншымі справамі, пакуль не давядзе да канца яе справу, дадала, што ўсё гэта ён павінен ведаць лепш, чым хтосьці іншы, а таму няхай, маўляў, ён стрымае свой запал, калі яшчэ не адваяваў каралеўства.
І сапраўды,— сказаў Дон Кіхот.— Давядзецца Андрэсу пацярпець, пакуль я, як вы дазволілі заўважыць, сеньёра, адваюю каралеўства. Але я яшчэ раз
абяцаю і клянуся, што не супакоюся да таго часу, пакуль не адпомшчу за яго і не прымушу яму заплаціць.
— He веру я вашым клятвам! — аб’явіў Андрэс,— Лепш за любую помсту на свеце для мяне, каб было зараз з чым дабрацца да Севільі, калі знойдзецца ў вас што-небудзь з’есці, дайце мне з сабой, і заставайцеся з богам, ваша міласць, і ўсе вандроўныя рыцары, каб з імі ўсе так рыцарствавалі, як яны парыцарствавалі са мной.
Санча выдзеліў са сваіх запасаў кавалак хлеба і кавалак сыру, аддаў іх хлапчуку і сказаў:
— На, братка Андрэс,— нам усім выпала такая ж горкая доля.
— Якая ж доля выпала вам? — спытаў Андрэс.
— Вось гэта самая доля хлеба і сыру,— адказаў Санча.— Ды япгчэ хто ведае, магчыма, у мяне і хлеба з сырам не будзе, таму, дружа, ведай, што нам, збраяносцам вандроўных рыцараў, даводзіцца цярпець і мукі голаду, і ўдары лёсу, і розныя іншыя рэчы, вельмі адчувальныя і якія вельмі цяжка перадаць.
Андрэс схапіў хлеб і сыр і, бачачы, што ніхто яму больш нічога не дае, панурыў галаву і, як кажуць, пайшоў адмерваць крокі. Зрэшты, на развітанне ён сказаў Дон Кіхоту наступнае:
— Богам прашу, сеньёр вандроўны рыцар, калі вы яшчэ калі-небудзь са мной сустрэнецеся, то хаця б мяне рэзалі на кавалкі, не абараняйце і не выручайце мяне і не вызваляйце з бяды, бо ваша заступніцтва накліча на мяне яшчэ горшую, няхай вас бог пракляне, а разам з вашай міласцю і ўсіх вандроўных рыцараў, якія калі-небудзь з’яўляліся на свет.
Дон Кіхот хацеў быў устаць, каб правучыць яго, але Андрэс так пусціўся, што ніхто не адважыўся кінуцца за ім у пагоню. Аповед Андрэса вельмі расхваляваў Дон Кіхота, і прысутныя вымушаны былі моцна трымаць сябе ў руках, каб не рассмяяцца і не збянтэжыць яго канчаткова.
Р а з д з е л XXI, у якім размова ідзе аб жорсткай і нечуванай бітве Дон Кіхота з бурдзюкамі чырвонага віна, таксама як і аб іншых рэдкіх здарэннях, што адбыліся ў заезным доме
Добра перакусіўшы, яны адразу ж асядлалі сваіх скакуноў і на другі дзень без якіх-небудзь вартых увагі прыгод дабраліся да заезнага дома — гэтай гразы нашага збраяносца; і колькі ні стараўся ён уцячы, а ўсё ж давялося яму ўвайсці. Гаспадар, гаспадыня, іх дачка і Марыторнес, убачыўшы Дон Кіхота і Санча, выйшлі ім насустрач у самым добрым настроі, і Дон Кіхот, набыўшы важны і горды выгляд, загадаў падрыхтаваць яму лепшую пасцель, чым у мінулы раз; гаспадыня ж яму на гэта сказала, што калі ён заплаціць лепш, чым у мінулы раз, то яна падрыхтуе яму царскую пасцель. Дон Кіхот абяцаў, і яму змайстравалі прыстойны ложак у той жа самай каморы, і ён адразу ж лёг, бо адчуваў ва ўсім целе страшэнную слабасць і дрэнна цяміў.