Дон Кіхот
Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
не называе,— на голай зямлі ён зможа як хоча выцягваць ногі або варочацца з боку на бок, не баючыся памяць прасціны. Але вось нарэшце надыходзіць дзень і час атрымання ступені, якая існуе ў вайскоўцаў: надыходзіць дзень бітвы, і тут яму апранаюць пашытую з корпіі доктарскую шапачку ў выпадку, калі куля патрапіла яму ў галаву; калі ж не ў галаву, то, значыць, пашкодзіла яму руку ці нагу. Калі ж гэтага не здарыцца і міласэрнае неба зберажэ яго і захавае і ён застанецца жывым і здаровым, то ўсё роўна наўрад ці ён разбагацее, і наперадзе ў яго яшчэ не адна сутычка і не адна бітва і з усіх бітваў ён павінен выйсці пера< можцам, каб крыху прасунуцца па службе, але такія цуды здараюцца рэдка. На самай справе, сеньёры, скажыце, ці задумваліся вы над тым, што ўзнагароджаных на вайне значна менш, чым тых, якія загінулі? Вы, вядома, скажаце, што гэта непараўнальнае, што мёртвых безліч, а колькасць узнагароджаных жывых у трохзначнай лічбе. А вось у судзейскіх усё ідзе па-іншаму: ім якраз абавязкова прывязуць харчаванне не з пярэдняга, дык са знадворнага ганку,такім чынам, праца салдата цяжэйшая, а ўзнагарода меншая. Могуць, урэшце, запярэчыць, што лягчэй узнагародзіць дзве тысячы судзейскіх, чым трыццаць тысяч салдат, бо першыя ўзнагароджваюцца пасадамі, якія па неабходнасці павінны быць прадстаўлены людзям адпаведнага роду заняткаў, салдат жа можна ўзнагародзіць толькі са сродкаў таго сеньёра, якому яны служаць, гэта ж толькі пацвярджае маю думку. Аднак пакінем гэта, бо з такога лабірынту выбрацца нялёгка, і вернемся да перавагі вайсковай справы над вучонасцю — пытання, якое да гэтага часу не вырашана, бо кожны з бакоў вышуквае ўсё новыя і новыя доказы на сваю карысць. I між іншым, вучоныя людзі сцвярджаюць, што без іх не маглі б існаваць вайскоўцы, бо і ў вайны ёсць свае законы, якім яна падпарадкоўваецца, і складанне іх гэта ўжо справа навук і людзей вучоных. Вайскоўцы на-
конт гэтага сцвярджаюць, што без іх не было б і законаў, бо гэта яны бароняць дзяржаву, ахоўваюць каралеўства, абараняюць гарады, сцерагуць дарогі, ачышчаюць моры ад карсараў,— адным словам, калі б іх не было, у дзяржавах, каралеўствах, манархіях, гарадах, на наземных шляхах — усюды назіраліся б жахі і беспарадкі, якія маюць месца ў час вайны, калі ёй дадзены асаблівае права і ўлада. А тое ж, што дорага дастаецца, тое цэніцца і павінна цаніцца даражэй,— гэта ўсім вядома. Каб стаць добрым законнікам, патрэбны час, неабходна ўседлівасць, трэба адмаўляць сабе ў адзенні і ежы, не звяртаючы ўвагі на галавакружэнні, на нястраўнасць, і яшчэ сёе-тое нешта падобнае патрэбна для гэтага, часткова мною ўжо названае. Але каб стаць у сваю чаргу добрым салдатам, для гэтага патрэбна ўсё, што патрэбна і студэнту, але толькі ўзведзенае ў такую ступень, што параўнанне тут ужо немагчыма, бо салдат кожную секунду рызыкуе жыццём. На самай справе, што такое страх перад беднасцю і галечай, якія апаноўваюць і даймаюць студэнта, у параўнанні з тым страхам, які авалодвае салдатам, калі ён у абложанай крэпасці стаіць на варце і адчувае, што вораг вядзе падкоп, а яму ніяк нельга пакінуць пост і пазбегнуць такой грознай небяспекі! Адзінае, што ён можа зрабіць,— гэта даць знаць свайму начальніку, і начальнік пастараецца адвесці пагрозу контрмінаю, а яго справа стаяць смірна, з хваляваннем чакаючы, што вось-вось ён без дапамогі ўзляціць пад аблокі або зусім не па сваёй добрай волі зваліцца ў бездань. А калі і гэта, па-вашаму, небяспека невялікая, то не менш страшна, а бадай, нават і страшней, калі ў адкрытым моры дзве галеры ідуць на абардажны прыступ, сыдуцца, счэпяцца ўшчыльную, а салдату даводзіцца стаяць на таране шырынёю каля двух футаў. Ды прытым яшчэ ён бачыць перад сабой столькі ж пагражальных прыслужнікаў смерці, колькі з варожага боку наведзена на яго агнястрэльных гармат, якія знаходзяцца на адлегласці кап’я, усведамляе, што
адзін неасцярожны крок — і ён адправіцца аглядаць Нептуновы падводныя ўладанні*, і ўсё ж з пачуццём гонару бясстрашна падстаўляе грудзі пад кулі і спрабуе па вузенькай дошчачцы прабрацца на варожае судна. Але яшчэ больш дзіўнае вось што: варта аднаму зваліцца туды, адкуль ён ужо не выберыцца да сканчэння веку, і на яго месца становіцца іншы, a калі і гэты знікне ў марской бездані, якая падсцерагае яго, быццам ворага, на змену яму кінуцца яшчэ і яшчэ, і не заўважыш, як яны гэтак жа непрыкметна згінуць. Сапраўды, такой смеласці і адвагі ні ў якім іншым баі не ўбачыш! Благаславёныя, шчаслівыя часы, што не ведалі страшэннай лютасці гэтых д’ябальскіх гармат, вынаходнік якіх, я ўпэўнены, атрымаў узнагароду ў пекле за сваё жахлівае вынаходніцтва, з дапамогай чаго чыя-небудзь баязлівая і подлая рука можа адабраць цяпер жыццё ў доблеснага кавальера. Ён поўны рашучасці і адвагі, гэты кавальера, той адвагі, што запальвае і натхняе храбрыя сэрцы, і раптам, ні адсюль, ні адтуль, шалёная куля (выпушчаная чалавекам, які, магчыма, сам спалохаўся ўспышкі ад выстралу з гэтай праклятай гарматы і ўцёк) імгненна абрывае і губіць нітку думак і само жыццё таго, хто варты быў жыць з асалодай доўгія гады. І вось я вымушаны прызнацца, што, прыняўшы ўсё гэта да ведама, у глыбіні душы я раскайваюся, што абраў справу вандроўнага рыцарства ў наш подлы час, бо хоць я не баюся ніякіх небяспек, а ўсё ж сумняваюся, калі падумаю, што свінец і порах могуць пазбавіць мяне магчымасці здабыць доблеснаю маёю рукой і вастрыём мяча пашану і славу ва ўсіх вядомых нам краінах. Але на ўсё воля неба, і калі толькі мне ўдасца ажыццявіць усё, што я задумаў, то мяне вельмі ўшануюць, бо я сустракаюся твар у твар з такімі небяспекамі, з якімі вандроўныя рыцары мінулых стагоддзяў да гэтага яшчэ не сустракаліся.
Увесь гэты доўгі ланцуг разважанняў разгортваў Дон Кіхот у той час, калі іншыя вячэралі, сам жа ён
так і не дакрануўся да ежы, хоць Санча Панса неаднаразова нагадваў яму, што зараз, маўляў, час вячэраць, а пагаварыць ён паспее потым. Слухачы зноў пашкадавалі, што чалавек, які, відаць, так цвяроза разважае і так добра ва ўсім разбіраецца, ледзь толькі размова зойдзе аб праклятым гэтым рыцарстве, безнадзейна губляе розум.
Р а з д з е л XXIV, у якім канчаткова здымаюцца сумненні наконт Мамбрынава шлема і сядла, а таксама з усёй магчымаю праўдзівасцю апавядаецца аб іншых прыгодах
Раніцай каля брамы заезнага дома пачуліся гучныя крыкі і вось з якой прычыны: два пастаяльцы, якія начавалі тут, задумалі паехаць не заплаціўшы, аднак жа гаспадар, якога больш займалі асабістыя справы, чым чужыя, спаймаў іх каля брамы, запатрабаваў платы і асудзіў іх злосны намер такімі выразамі, што тыя замест адказу пусцілі ў ход кулакі; і вось пачалі яны яго біць, ды так, што няшчаснаму гаспадару давялося гучна прасіць дапамогі. Гаспадыня і яе дачка палічылі, што лепш за ўсіх дапамагчы можа Дон Кіхот, а таму дачка звярнулася да яго з такімі словамі:
— Дапамажыце, ваша міласць, сеньёр рыцар, калі вам такі дар пасланы богам, беднаму майму бацьку, якога два ліхадзеі малоцяць, нібы пшаніцу.
Выслухаўшы яе, Дон Кіхот надта марудна і вельмі спакойна загаварыў:
Чароўная дзяўчына, зараз я не магу даць станоўчага адказу на вашу просьбу, бо не маю магчымасці прымаць удзел у якой-небудзь іншай прыгодзе, пакуль не завяршу таго, да чаго мяне прымушае дадзенае мною слова. Вось, аднак жа, якую службу я магу саслужыць вам: бяжыце і скажыце вашаму бацьку.
каб ён як мага больш стойка трымаўся ў гэтым баі і не здаваўся ні ў якім разе, а я тым часам папрашу дазволу ў прынцэсы Мікаміконы дапамагчы яму ў бядзе, і калі яна мне дазволіць, то можаце быць упэўнены, што я яго выручу.
— Які цяжкі грэх! — усклікнула прысутная тут Марыторнес. — Пакуль ваша міласць атрымае гэты самы дазвол, мой пан будзе ўжо на тым свеце!
— Дайце мне атрымаць дазвол,— запярэчыў Дон Кіхот,— а будзе ён тады на тым свеце ці не, гэта неістотна, бо я вызвалю яго адтуль, нават калі ўвесь той свет не згадзіцца з гэтым, ці, у крайнім выпадку, так адплачу тым, хто яго туды накіраваў, што вы атрымаеце поўнае задавальненне.
І, не доўга думаючы, ён укленчыў перад Даратэяй і на сваёй вандроўна-рыцарскай мове выклаў ёй просьбу аб тым, каб яе веліч зрабіла ласку дазволіць яму паспяшацца на дапамогу ўладальніку гэтага замка, які ў вялікую трапіў бяду. Прынцэса ахвотна дала сваю згоду, і Дон Кіхот, засланіўшыся шчытом і выхапіўшы меч, кінуўся да брамы, дзе два пастаяльцы ўсё яшчэ па-гаспадарску распраўляліся з гаспадаром, але, наблізіўшыся, ён спыніўся і застыў на месцы, хоць Марыторнес і гаспадыня крычалі яму, каб ён не марудзіў і абараніў нарэшце іх пана і мужа.
— Я маруджу,— сказаў Дон Кіхот,— бо я не маю права агаляць меч супраць служылых людзей. Паклічце сюды майго збраяносца Санча, бо такая абарона і помста — гэта яго справа і яго клопат.
Размова гэта адбылася каля брамы заезнага дома, а ў найвышэйшай ступені трапныя кухталі і зубатычыны сыпаліся тут жа без упынку, прычыняючы нямалую шкоду гаспадару і распальваючы гнеў Марыторнес, гаспадыні і яе дачкі, якіх прыводзіла ў адчай маладушша Дон Кіхота, а таксама напасць, што спасцігла іх пана, мужа і бацьку.
Аднак жа ўрэшце пастаяльцы, на якіх падзейнічалі не столькі пагрозы, колькі словы пераканання і
разумныя довады Дон Кіхота, замірыліся з гаспадаром і заплацілі яму спаўна, але ў гэту хвіліну, падбухтораны вечна нядрэмным д’яблам, на двор заезнага дома зайшоў той самы цырульнік, у якога Дон Кіхот адабраў шлем Мамбрына, а Санча Панса забраў збрую ў абмен на сваю. Цырульнік, ставячы свайго асла ў стойла, убачыў, што Санча Панса валтузіцца з уючным сядлом, і, адразу пазнаўшы сваё сядло, набраўся храбрасці і кінуўся на Санча з крыкам:
— А, шэльма ты гэтакі, папаўся! Давай сюды мой таз для галення, сядло і ўсю збрую, якую ты ў мяне сцягнуў!
Зведаўшы такі раптоўны напад і пачуўшы, што яго так бэсцяць, Санча адной рукой ухапіўся за сядло, a другою даў цырульніку па зубах, пасля чаго той адразу адчуў, што ў яго поўны рот крыві; але, нягледзячы на гэта, цырульнік не выпусціў з рук здабычы, якой з’явілася для яго сядло,— наадварот, ён так павысіў голас, што шум і лаянка прыцягнулі ўсіх насельнікаў заезнага дома.
— Правасуддзе, сюды, імем караля! — крычаў ён.— Я сваю маёмасць адбіраю, а гэты злодзей, гэты разбойнік з бальшака хоча мяне забіць!