Дон Кіхот
Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
— Хлусіш,— запярэчыў Санча,— я не разбойнік з бальшака,— гэта здабыча дасталася майму пану Дон Кіхоту ў сумленным баі.
Дон Кіхот быў ужо тут як тут; з вялікім задавальненнем гледзячы, як абараняецца і нападае яго збраяносец, ён раз назаўсёды вырашыў, што гэта варты чалавек, і даў сабе слова пры першым жа зручным выпадку пасвяціць яго ў рыцары, бо яму здавалася, што для рыцарскага ордэна Санча будзе каштоўным набыткам. У час сваркі цырульнік, між іншым, аб’явіў:
— Што сядло — маё, сеньёры, гэта ў такой жа ступені дакладна, як тое, што бог пашле мне смерць, і ведаю я сваё сядло так, быццам сам яго нарадзіў. Прытым, тут жа, у стойле,— мой асёл: ён можа гэта
пацвердзіць, а не верыце, дык прымерайце, і калі сядло не падыдзе яму ў самы раз, то я падлюга. Гэтага мала: у той самы дзень, калі ў мяне прапала сядло, я заўважыў прапажу новенькага меднага таза,— я яго яшчэ не паспеў абнавіць, а заплаціў я за яго ні многа ні мала адзін эскуда*.
Тут Дон Кіхот не вытрымаў і, стаўшы паміж імі і разняўшы іх, палажыў сядло на зямлю так, каб яно было ва ўсіх перад вачамі да таго часу, пакуль не ўдасца ўстанавіць ісціну, і сказаў:
- Памылковая думка, якую сцвярджае добры гэты збраяносец, не можа не высветліцца перад вашымі міласцямі з поўнай яснасцю і відавочнасцю, бо ён называе тазам для галення тое, што было, ёсць і будзе шлемам Мамбрына, які я захапіў у яго ў сумленным баі і законным і паўнапраўным уладальнікам якога я стаў. Што ж тычыцца ўючнага сядла, то ў гэта я не ўмешваюся. Я ведаю адно: збраяносец мой Санча звярнуўся да мяне з просьбай дазволіць яму зняць гуньку з каня, які належаў пераможанаму гэтаму баязліўцу, і ўпрыгожыць ёю свайго. Я яму дазволіў, і ён яе зняў, а якім чынам гунька ператварылася ва ўючнае сядло, гэта тлумачыцца вельмі проста: перад намі адна з тых метамарфоз, якія ў рыцарскім свеце назіраюцца пастаянна. Для болыпай жа пераканаўчасці збегай, дружа Санча, і прынясі сюды шлем, які гэты добры чалавек прымае за таз цырульніка.
— Далібог, сеньёр,— заўважыў Санча,— калі ў нас няма іншых доказаў нашай невінаватасці, апрача тых, якія ваша міласць ужо назвала, то цырульнікаў таз такі ж шлем гэтага... як там яго... Сукін-сына, як гунька гэтага добрага чалавека — уючнае сядло.
- Рабі, што табе кажуць,сказаў Дон Кіхот, не ўсё ж у гэтым замку зачаравана.
Санча збегаў па таз, і як толькі Дон Кіхот убачыў яго, то ўзяў у рукі і сказаў:
— Паразважайце, вашы міласці, з якім тварам гэты збраяносец адважваецца сцвярджаць, што гэта таз для
галення, а не згаданы мной шлем. Я ж клянуся рыцарскім ордэнам, да якога належу, што гэта той самы шлем, які я ў яго адабраў, і што я нічога не дадаў да яго і не адняў.
— Гэта не падлягае сумненню,— зазначыў са свайго боку Санча,— таму з таго часу, як мой пан яго заваяваў, ён змагаўся ў ім усяго адзін раз, калі вызваляў закутых у ланцугі гаротнікаў, і калі б не гэты тазашлем, то яму, ужо дакладна, не паздаровілася б, бо непрыяцель старанна асыпаў нас камянямі.
— He, як вам падабаюцца, сеньёры, гэтыя малайцы? усклікнуў цырульнік.Яны ж настойваюць на тым, што гэта не таз для галення, а шлем!
— А хто сцвярджае адваротнае,— падхапіў Дон Кіхот,— то, калі ён рыцар, я дакажу яму, што ён хлусіць, калі ж збраяносец то што ён тысячу разоў хлусіць.
Наш цырульнік, які прысутнічаў тут і якому быў добра вядомы нораў Дон Кіхота, рашыўся, каб павесяліць народ, устроіць з гэтага пацеху і падтакнуць яму, і звяртаючыся да іншага цырульніка, загаварыў:
— Сеньёр, калі не памыляюся, цырульнік, ведайце, што я — ваш сабрат па рамяству, вось ужо дваццаць з лішкам гадоў, як я атрымаў дыплом, і ўсе прылады для галення я ведаю як свае пяць пальцаў, у маладосці ж мне, з вашага дазволу, давялося быць салдатам, і я цямлю таксама, што такое шлем, што такое шышак, што такое забрала і іншыя прадметы, якія адносяцца да вайсковай справы, інакш кажучы — усе віды зброі мне знаёмы. I вось я адважваюся сцвярджаць, а калі што не так, то вы мяне паправіце,— што гэты прадмет, які знаходзіцца ў руках у добрага гэтага сеньёра, зусім не таз для галення і гэтак жа ад яго адрозніваецца, як белы колер ад чорнага, а праўда ад хлусні. Мяркую, зрэшты, не пашкодзіць заўважыць, што хоць гэта і шлем, аднак жа не цэлы.
— Зразумела, не,— сказаў Дон Кіхот,— яму нестае палавіны, а іменна — падбародніка.
— Справядліва,— заўважыў свяшчэннік, які здагадаўся аб задуме свайго сябра-цырульніка.
Далучыўся да цырульніка і дон Фернанда са сваімі спадарожнікамі.
— 3 намі сіла крыжа! — усклікнуў абдураны цырульнік.— Дзе ж гэта бачана, каб столькі паважаных людзей запэўнівалі, быццам гэта не таз для галення, а шлем! Ды тут жа цэлы універсітэт пры ўсёй сваёй вучонасці, бадай, ахнуў бы ад здзіўлення! Што там разважаць: калі гэты таз шлем, значыць, і сядло гунька, на чым настойвае гэты сеньёр.
Па-мойму, гэта сядло,заўважыў Дон Кіхот.— Зрэшты, я ўжо сказаў, што ў гэта я не ўмешваюся.
— Сядло ці гунька — гэта павінен вызначыць сеньёр Дон Кіхот,— аб’явіў свяшчэннік,— бо ў веданні рыцарскага рыштунку і гэтыя сеньёры і я — мы ўсе яму ўступаем.
— Клянуся богам, васпане мае,— зноў загаварыў Дон Кіхот,— што ў гэтым замку, дзе я спыняўся двойчы, са мною здаралася столькі незвычайных рэчаў, што я не адважуся даць станоўчы адказ ні на адно з пытанняў, якія тычацца згаданага замка, бо я здагадваюся, што ўсё, што тут робіцца, адбываецца праз чараўніцтва. Вось чаму выказваць сваё меркаванне з нагоды ўсёй блытаніны было б з майго боку неразважліва. Тым, хто сцвярджаў, што гэта таз, а не шлем, я ўжо адказаў; адносна ж таго, што гэта такое: сядло ці гунька, я не адважваюся выказаць штосьці пэўнае, а аддаю гэта на вырашэнне вашых міласцей: магчыма, менавіта таму, што вы не пасвячоны ў рыцары, як я, мясцовыя чараўнікі нічога не могуць з вамі зрабіць, і насуперак майму меркаванню аб усім, што ў гэтым замку адбываецца, вы можаце выказаць меркаванне дакладнае і адпаведнае рэчаіснасці.
— Няма сумнення,умяшаўся дон Фернанда,— сеньёр Дон Кіхот гаворыць вельмі слушна! Сапраўды, вырашыць гэта пытанне нам да гонару, а для большай грунтоўнасці я тайна збяру меркаванні гэтых
сеньёраў і аб тым, што атрымаецца, дам поўны і ясны адказ.
Хто ведаў аб дзівацтвах Дон Кіхота, тыя рагаталі да ўпаду, іншым жа ўсё гэта было несусветнай бязглуздзіцай, у тым ліку тром чалавекам, якія ў гэты самы час пад’ехалі да заезнага дома і былі падобныя на стражнікаў, кім яны, дарэчы сказаць, і з’яўляліся. Але больш за ўсіх абурыўся цырульнік, на вачах у якога яго ж уласны таз ператварыўся ў Мамбрынаў шлем, а ўючнае сядло, без усялякага сумнення, збіралася ператварыцца ў раскошную гуньку; а між тым усе заходзіліся ад смеху, назіраючы, як дон Фернанда збірае меркаванні: да кожнага падыходзіць і шэптам просіць сказаць яму па сакрэту, што сабой уяўляе гэта каштоўнасць, за якую ідзе такая жорсткая барацьба: уючнае сядло ці гуньку; сабраўшы ж меркаванні ўсіх, хто ведаў Дон Кіхота, ён для агульнага ведама аб’явіў:
— Вось што, дарагі, я ўжо стаміўся выпытваць меркаванні, каго аб гэтым ні папросіш, усе кажуць, што зусім гэта не аслінае сядло,— гэта, маўляў, лухта,— a гунька з каня, ды яшчэ з каня пародзістага. Так што ўжо тут нічога не паробіш, бо, як гэта вам і вашаму аслу ні непрыемна, гэта гунька, а не ўючнае сядло, і ўсе вашы довады і доказы прызнаны памылковымі.
He трапіць мне ў царства нябеснае, калі памыляюся я, а не вашы міласці! — залямантаваў небарака цырульнік.— Няхай душа мая не паўстане перад тварам божым, калі прада мною не ўючнае сядло, ну, ды законы не для каралеўск... ох, маўчу, маўчу! — персоны, і я ж, слова гонару, не п’яны: у чым іншым грэіпны, а снедаць яшчэ не снедаў.
Глупства, якое малоў цырульнік, насмяшыла ўсіх не менш, чым бязглуздзіца Дон Кіхота, які якраз у гэты час аб’явіў:
— Цяпер застаецца толькі кожнаму ўзяць сваё.
Тут адзін з новапрыбыўшых стражнікаў, які пры-
сутнічаў у час гэтай сваркі і разладу, запальчыва і раздражнёна прамовіў:
Гэта такое ж якраз сядло, як я — родны сын майго бацькі, а хто кажа ці скажа іншае, той, відаць, п’яны да непрытомнасці.
— Вы хлусіце, як апошні нягоднік,— аб’явіў Дон Кіхот.
Тут ён падняў невялікае сваё кап’ё, якое ніколі не выпускаў з рук, і наважыўся апусціць яго на галаву стражніка з такой сілай, што калі б той не ўхіліўся, то паваліўся б немінуча. Кап’ё, стукнуўшыся аб зямлю, разляцелася на кавалкі. Іншыя ж стражнікі, бачачы, як дрэнна абыходзяцца з іх таварышам, пачалі гучна клікаць на дапамогу Святому брацтву.
Гаспадар, які таксама служыў у Брацтве, імгненна збегаў па жазло і шпагу і далучыўся да сваіх сабратаў; цырульнік, бачачы, што ўсчалася сумятня, ухапіўся за сядло, і тое ж самае зрабіў Санча; Дон Кіхот выхапіў меч і кінуўся на стражнікаў; свяшчэннік лямантаваў; гаспадыня крычала; яе дачка бедавала; Марыторнес выла; Даратэя стаяла ў разгубленасці. Цырульнік дубасіў Санча; Санча лупцаваў цырульніка; дон Фернанда збіў з ног аднаго са стражнікаў, пасля чаго пачаў старанна частаваць яго выспяткамі; гаспадар не сваім голасам клікаў на дапамогу слуг Святога брацтва,— адным словам, увесь заезны дом стагнаў, крычаў, выў, мітусіўся, жахаўся, біў трывогу, перажываў беды, скрыжоўваў шпагі, раздаваў зубатычыны, лупіў дубінкамі, біў нагамі і ліў кроў. I вось, калі гэта смута, блытаніна і бесталкоўшчына дасягнулі сваёй мяжы, фантазіі Дон Кіхота ўявілася, што ён здуру ўблытаўся ў міжусобіцу, якая ўзнікла ў стане Аграманта*, і з-за гэтай акалічнасці крыкнуў так, што ва ўсіх зазвінела ў вушах:
— Стой! Мячы ў ножны! Смірна! Слухаць мяне, калі вам жыццё дарагое!
Грамавы яго голас наставіў на розум усіх, а ён працягваў:
— Ці не казаў я вам, сеньёры, што замак гэты зачараваны і што ў ім, ужо дакладна, жыве легіён чарцей? Пацвярджэннем жа гэтага я хачу засяродзіць вас на той акалічнасці, што міжусобная бойка ў стане Аграмантаў на вашых вачах толькі што перакінулася сюды і ўспыхнула паміж намі. Палюбуйцеся: усе мы б’ёмся і адзін другога не разумеем. Заключым жа мір, бо — клянуся ўсёмагутным богам — гэта найвялікшая ганьба, што мы, людзі такога высакароднага паходжання, з-за аднаго глупства забіваем адзін другога.
Стражнікі, якія не разумелі Дон Кіхота, але адчувалі, што дон Фернанда і яго спадарожнікі добра ім усыпалі, не сунімаліся; цырульнік, наадварот, суняўся адразу ж, бо ў бойцы пацярпелі яго барада і сядло; Санча, як верны слуга, падпарадкаваўся закліку свайго пана, а гаспадар стаяў на тым, каб дзёрзкасць гэтага вар’ята, які толькі і робіць, што баламуціць заезны дом, была пакарана. Нарэшце шум мала-памалу заціх, ва ўяўленні ж Дон Кіхота ўючнае сядло так да другога прышэсця і засталося гунькай, таз — шлемам, a заезны дом — замкам. Аднак вораг згоды і ненавіснік міру, адчуўшы сябе зняслаўленым і абдураным і бачачы, што ўсе яго намаганні пасеяць смуту прынеслі даволі мізэрныя вынікі, адважыўся яшчэ раз паспрабаваць шчасця і выклікаць новыя сваркі і хваляванні.