Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— Усё залежыць ад чалавека,— запярэчыў Санча.— Значыць, калі я чалавек, то магу стаць папам, а не толькі губернатарам вострава; астравоў жа гэтых самых мой пан можа заваяваць столькі, што і раздаваць іх не будзе каму. Думайце, што вы кажаце, ваша міласць, сеньёр цырульнік, гэта вам не бараду галіць і нельга мераць усіх на адзін капыл. Кажу я гэта таму, што ўсе мы тут адзін аднаго ведаем, і няма чаго мне галаву дурыць. А што мой пан быццам бы зачараваны, то бог праўду бача, а мы пакуль памаўчым, таму лепш гэтага не чапаць.
Цырульнік, баючыся, што з-за прастадушнасці Санча адкрыецца тое, што ён і свяшчэннік так рупна стараліся схаваць, не стаў адказваць яму; і з гэтай жа самай прычыны свяшчэннік прапанаваў каноніку праехаць з ім наперад,ён, маўляў, паведае яму тайну таго, хто сядзеў у клетцы і раскажа яшчэ сёе-тое за-
баўнае. Канонік выказаў згоду і, праехаўшы разам са сваімі слугамі і свяшчэннікам наперад, уважліва выслухаў усё, што той расказаў аб званні, нораве, спосабе жыцця і вар’яцтве Дон Кіхота, коратка спыніўшыся на першапрычыне яго вар’яцтва, а таксама на ўсіх яго прыгодах, аж да таго, як ён быў пасаджаны ў клетку, і расказаўшы каноніку аб сваім намеры адвезці яго дамоў і там ужо ўзяцца за яго лячэнне. Слухаючы незвычайную гісторыю Дон Кіхота, канонік і яго людзі дзівіліся; паслухаўшы ж яе, канонік сказаў:
— Прызнаюся, сеньёр свяшчэннік, я цалкам упэўнены, што так званыя рыцарскія раманы прыносяць дзяржаве шкоду. І хоць, апанаваны пустой і падманнай цікаўнасцю, я прачытаў пачаткі амаль усіх выдадзеных раманаў, але так і не мог прымусіць сябе дачытаць хоць бы адзін з іх да канца, бо я лічу, што ўсе яны ўвогуле на адзін манер і ў адным — тое ж, што і ў другім, а ў другім — тое ж, што і ў трэцім. Асноўная мэта такіх раманаў — прыносіць асалоду, але наўрад ці яны яе дасягаюць, бо ў іх шмат неверагоднай бязглуздзіцы. Між тым душа атрымлівае асалоду толькі тады, калі ў з’явах, што паўстаюць перад вачамі нашымі ці ўяўленнем, яна бачыць і сузірае прыгажосць і стройнасць, а ўсё пачварнае і неадпаведнае ніякага задавальнення прынесці не можа. А калі так, то якая ж можа быць прыгажосць і адпаведнасць частак з цэлым і цэлага з часткамі ў рамане ці аповесці, дзе велікана ростам з вежу шаснаццацігадовы юнак разразае мячом напалам, быццам ён з пернікавага цеста, і дзе сам аўтар, апісваючы бітву, паведамляе, што сілы ворага складаліся з мільёна воінаў, але таму што супраць іх выступіў галоўны герой, то мы хочам ці не хочам, воляй-няволяй павінны верыць, што рыцар гэты дасягнуў перамогі адной толькі доблесцю магутнай сваёй рукі? Хто, апрача абмежаваных розумам і грубых, атрымае задавальненне, чытаючы аб тым, што велізарная вежа з рыцарамі плавае па моры, быццам карабель пры спадарожным ветры, і начуе ў
Ламбардыі, світанак сустракае на зямлі прэсвітэра Іаана Індыйскага*, a то яшчэ і на такой, якую ні Пталемей* не апісваў, ні Марка Пола* не бачыў? Мне могуць запярэчыць, што аўтары рыцарскіх раманаў так і пішуць іх, як рэчы прыдуманыя, а таму яны, маўляў, не абавязаны прытрымлівацца ўсіх тонкасцей і гнацца за праўдападобнасцю,— я ж на гэта скажу, што выдумка тым лепшая, чым яна больш праўдападобная, і тым больш радасная, чым больш у ёй магчымага і верагоднага. Творы, заснаваныя на выдумцы, павінны быць даступнымі для разумення чытачоў, іх патрэбна пісаць так, каб спрашчаючы неверагоднасці, згладжваючы перабольшванні і прыцягваючы ўвагу, яны здзіўлялі, захаплялі, зачароўвалі і забаўлялі такім чынам, каб здзіўленне і захапленне ішлі поруч. Але ўсяго гэтага не можа дасягнуць той, хто пазбягае праўдападабенства ды імітацыі прыроды, а ў іх якраз і заключаецца дасканаласць твора. Я не ведаю ніводнага рыцарскага рамана, дзе б усе часткі апавядання складалі адзінае цела, так, каб сярэдзіна адпавядала пачатку, а канец пачатку і сярэдзіне,усе яны складаюцца з такой колькасці частак, што здаецца, быццам пісьменнік замест добра складзенай фігуры задумаў стварыць нейкае страшыдла або пачвару. Апрача таго, стыль у такіх раманах грубы, подзвігі непраўдападобныя, ветлівасць нязграбная, бітвы стамляльныя, развагі недарэчныя, падарожжы бязглуздыя,— адным словам, з разумным мастацтвам яны нічога агульнага не маюць і з гэтай прычыны падлягаюць выгнанню з хрысціянскай дзяржавы нароўні з людзьмі бескарыснымі.
Свяшчэннік выслухаў яго вельмі ўважліва і вырашыў, што гэта чалавек разумны і што ён мае рацыю, а таму аб’явіў, што прытрымліваецца такога ж меркавання і што ад нянавісці да рыцарскіх раманаў, ён, свяшчэннік, спаліў усе кнігі Дон Кіхота, якіх было вельмі многа. І тут ён расказаў каноніку, як аглядаў іх і якія з іх спаліў, а якія памілаваў; канонік жа
нямала смяяўся, а затым выказаў тую думку, што рыцарскія раманы з усімі адзначанымі ім недахопамі валодаюць адной станоўчай уласцівасцю: яны дазваляюць сталаму розуму праявіць сябе, бо яны адкрываюць перад ім шырокі і вольны прастор, дзе пяро можа бегчы свабодна, апісваючы караблекрушэнні, буры, паядынкі, бітвы; паказваючы доблеснага палкаводца, які валодае ўсімі неабходнымі для таго, каб быць такім, якасцямі: прадбачлівага, калі патрэбна разгадаць хітрыкі ворага, красамоўнага, калі патрэбна пераканаць салдат, мудрага ў сваіх парадах, быстрага ў рашэннях, такога ж храбрага ў абароне, як і ў нападзе; апісваючы то сумныя і трагічныя выпадкі, то падзеі радасныя і нечаканыя, то найчароўную даму, дабрадзейную, разважлівую і абачлівую, то рыцарахрысціяніна, адважнага і пачцівага, то бессаромнага і грубага выхваляку, то ветлівага гасудара, доблеснага і добра выхаванага; апісваючы прыстойнасць і вернасць васалаў, веліч і шчырасць сеньёраў. Пісьменнік вольны паказаць, што ён ведае астралогію, што ён і цудоўны касмограф, і музыкант, і ў дзяржаўных справах дасведчаны. Ён можа паказаць хітрасць Уліса, богабаязлівасць Энея, мужнасць Ахіла*, беды Гектара*, здраду Сінона*, сяброўскую адданасць Эўрыяла*, шчодрасць Аляксандра Македонскага, доблесць Цэзара, міласэрнасць і праўдзівасць Траяна*, пастаянства Запіра*, мудрасць Катона*,— адным словам, усе тыя якасці, якія робяць славутых дзеячаў дасканалымі, і надзяліць імі аднаго героя або размеркаваць іх паміж некалькімі. І калі пры гэтым яшчэ чысціня стылю і выразнасць фантазіі, якая стараецца трымацца як мага бліжэй да ісціны, то яму бясспрэчна ўдасца вырабіць тканіну, сатканую з рознакаляровых і цудоўных нітак,— тканіну, якая ў закончаным выглядзе будзе адзначана адбіткам дасканаласці і прыгажосці, і такім чынам ён дасягне вышэйшай мэты пісьменніцтва, a іменна, як ужо было сказана, навучаць і прыносіць асалоду адначасова.
Р а з д з е л XXVI, у якім прыводзіцца дзелавітая размова паміж Санча Пансам і яго панам Дон Кіхотам
У гэты час размову каноніка са свяшчэннікам перапыніў цырульнік, які, дагнаўшы іх, сказаў свяшчэнніку:
—	Сеньёр ліцэнцыят, вось тое месца, дзе і нам, як я ўжо казаў, не дрэнна было б папалуднаваць, і валы знойдуць сабе пашу, багатую свежай травой.
—	І я гэтак жа мяркую,— зазначыў свяшчэннік.
Ён паведаміў аб сваім намеры каноніку; канонік, зачараваны краявідам багатай даліны, які адкрываўся яго вачам, сказаў, што ён таксама застаецца. I вось, каб атрымаць асалоду ад гэтага краявіду, а таксама ад размовы са свяшчэннікам, да якога ён адчуў сімпатыю, а таксама каб даведацца ва ўсіх падрабязнасцях аб подзвігах Дон Кіхота, загадаў ён некалькім сваім слугам дайсці да заезнага дома, што знаходзіўся непадалёк адсюль, і прынесці для ўсіх чаго-небудзь з ежы, бо палуднаваць ён, маўляў, мае намер тут; слуга ж яму на гэта сказаў, што абозны іх мул, напэўна, цяпер на двары заезнага дома, харчоў жа на ім, нібы, дастаткова, таму ў заезным доме давядзецца купіць толькі аўса для мулаў.
—	Тады так,— сказаў канонік,— адвядзіце туды ўсіх нашых мулаў, а сюды прывядзіце абознага.
Пакуль яны размаўлялі аб гэтым, Санча, бачачы, што свяшчэннік з цырульнікам, якія былі для яго падазронымі, адлучыліся і што цяпер яму самы час паразмаўляць з Дон Кіхотам, наблізіўся да клеткі, дзе сядзеў яго пан і сказаў:
—	Сеньёр, для ўласнага заспакаення я павінен з вамі пагаварыць наконт вашай зачараванасці. Справа заключаецца ў тым, што вунь тыя, у масках, не хто іншыя, як свяшчэннік з нашай вёскі і цырульнік, і мне здаецца, што гэта яны ад зайздрасці надумалі так
адвезці вас, таму што слаўныя вашы подзвігі не даюць ім спаць. Калі ж мая здагадка справядлівая, то выходзіць, што вас не зачаравалі, а абдурылі.
— Што тычыцца таго, быццам тыя два, якія едуць з намі,— свяшчэннік і цырульнік, нашы знаёмыя і суайчыннікі,сказаў Дон Кіхот,то зусім можа быць, што яны табе такімі здаюцца, але ты ні ў якім разе не павінен думаць, што гэта і на самай справе так. Ты павінен думаць і павінен зразумець, што калі яны, па-твойму, падобныя на свяшчэнніка і цырульніка, значыць тыя, хто мяне зачараваў, набылі аблічча іх і падабенства. Чараўнікам нічога не варта набыць любое аблічча, аблічча ж нашых сяброў яны набылі для таго, каб прымусіць цябе думаць так, як ты на самай справе і думаеш, і завесці цябе ў лабірынт летуценняў, з якога табе не выбрацца, хоць бы ў руках у цябе была Тызеева нітка. І яшчэ для таго яны гэта зрабілі, каб розум мой памутнеў і я не мог здагадацца, адкуль на мяне звалілася гэта няшчасце. Калі ж, з аднаго боку, ты мне кажаш, што мяне суправаджаюць цырульнік і свяшчэннік з нашай вёскі, а, з другога боку, я бачу, што мяне трымаюць у клетцы, і цвёрда ведаю, што толькі звышнатуральныя сілы, але ніяк не чалавечыя маглі пасадзіць мяне ў клетку, то ці магу я штосьці яшчэ сказаць ці падумаць, апрача таго, што спосаб, якім мяне зачаравалі, перавышае ўсё, што мне даводзілася чытаць у кнігах аб тым, як зачароўвалі вандроўных рыцараў? I, зыходзячы з гэтай акалічнасці, ты смела можаш пра гэта забыць і не думаць, бо яны такія ж свяшчэннік і цырульнік, як я турак.
— Прасвятая матка боская! — немым голасам закрычаў Санча.— Няўжо вы, ваша міласць, такі тупіца і такі бесталковы, што не разумееце, наколькі я маю рацыю і што ў вашым паланенні і няшчасці вінавата больш вераломства, чым чараўніцтва? Няўжо вы будзеце адмаўляць, што калі чалавеку нездаровіцца, то
пра яго звычайна кажуць так: “He ведаю, што з ім такое, не есць, не п’е, не спіць, адказвае неўпапад, нібы хто яго зачараваў”? Значыць тыя, хто не ядуць, не п’юць, не спяць, тыя і ёсць зачараваныя, а зусім не такі чалавек, які, як, напрыклад, ваша міласць, п’е, калі яму даюць, есць, калі ў яго што-небудзь ёсць, і адказвае на любыя пытанні?