Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
Тым часам падаспелі і ўсе астатнія спадарожнікі Дон Кіхота.
Удзельнікі ж працэсіі, бачачы, што тыя лятуць прама на іх, а з імі ўзброеныя стражнікі, і, сцяміўшы, што справы кепскія, скупіліся вакол статуі; і, надзеўшы капюшоны, моцна трымаючы ў руках бізуны, а псаломшчыкі падсвечнікі, чакалі непрыяцеля з цвёрдым намерам адбіць яго націск, а калі атрымаецца, то і самім перайсці ў наступленне; аднак жа лёс распарадзіўся лепш, чым можна было чакаць, бо Санча, уявіўшы, што пан яго мёртвы, прыпаў да яго цела і вельмі жаласна і пацешна над ім загаласіў. Нашага ж свяшчэнніка пазнаў іншы свяшчэннік, які ішоў з працэсіяй, і гэта акалічнасць супакоіла абодва аднолькава напалоханыя воінствы. Наш свяшчэннік у двух словах растлумачыў іншаму, хто такі Дон Кіхот, і тады той пайшоў паглядзець, ці жывы бедны рыцар, а за ім гуртам павалілі іншыя вяскоўцы і пачулі, што Санча Панса са слязамі на вачах галосіць:
0 краса рыцарства, нітку каштоўнага жыцця якой абарваў адзін толькі ўдар дубінай! 0 гонар свайго роду, краса і гордасць усёй Ламанчы і ўсяго свету, які пасля тваёй смерці напоўніцца ліхадзеямі, бо ўсе іх злачынствы з гэтага часу будуць заставацца беспакаранымі! О ты, больш шчодры, чым усе Аляксандры на свеце, бо ўсяго толькі за восем месяцаў, што я ў цябе праслужыў, ты падараваў мне лепшы з астравоў, які амывае і акружае мора! Ты глядзеў небяспецы прама ў вочы, не нудзіўся ў бедах, закахаўся ні ў кога, пераймаў добрае, выкараняў дрэннае, караў нягоднікаў,— адным словам, вандроўны рыцар, бо гэтым усё сказана!
Плач і енкі Санча ажывілі Дон Кіхота, і першымі яго словамі былі:
Хто знаходзіцца ў расстанні з вамі, найсалодкая Дульцынея, той і не такія яшчэ няшчасці церпіць. Дапамажы мне, дружа Санча, сесці на зачараваную павозку, бо я не ў стане трымацца ў Расінантавым сядле па той прычыне, што плячо ў мяне раструшчана.
— 3 вялікім задавальненнем, васпан мой,— сказаў Санча,— і паедзем жа прама да нас у вёску разам з гэтымі сеньёрамі, якія вам жадаюць дабра, а там ужо мы задумаем новы паход, такі, каб нам ад яго было болып карысці і болып славы.
— Ты маеш рацыю, Санча,— зазначыў Дон Кіхот.3 нашага боку будзе вельмі разважліва, калі мы пачакаем, пакуль міне шкодны ўплыў свяцілаў, якія дзейнічаюць цяпер.
Канонік, свяшчэннік і цырульнік аб’явілі, што лепшага ён нічога не мог бы прыдумаць, і, у поўным захапленні ад прастаты Санча Пансы, пасадзілі Дон Кіхота на тую ж самую павозку, на якой ён ехаў раней. Удзельнікі працэсіі зноў рушылі стройнымі радамі; стражнікі адмовіліся ехаць далей і свяшчэннік заплаціў ім спаўна. Канонік папрасіў свяшчэнніка
паведаміць яму аб тым, што будзе з Дон Кіхотам: ці вернецца да яго розум, ці ж ён будзе сваволіць і далей, і потым паехаў сваёй дарогай. Адным словам, усе раз’ехаліся ў розныя бакі і хто куды, засталіся толькі свяшчэннік і цырульнік, Дон Кіхот, Санча Панса і добры Расінант, які гэтак жа пакорна пераносіў усё, што б з ім ні здарылася, як і яго гаспадар.
Вазак запрог валоў, пасадзіў Дон Кіхота на ахапак сена і з характэрным для яго спакоем паехаў па той дарозе, якую яму паказаў свяшчэннік, і праз шэсць дзён яны дабраліся да вёскі Дон Кіхота і ўехалі ў яе сярод белага дня, а было гэта якраз у нядзелю, і плошча, праз якую ехала павозка Дон Кіхота, была запоўнена народам. Усе кінуліся глядзець, а нейкі хлапчук пабег сказаць ключніцы яго і пляменніцы, што іх дзядзьку і пана, бледнага і худога, вязуць на валах, подсцілу ж ніякага, апрача ахапка сена. Немагчыма было без шкадавання глядзець на гэтых добрых жанчын, якія галасілі, білі сябе па галаве і пасылалі новыя праклёны гэтым рыцарскім раманам, і ўсё гэта паўтарылася з новай сілай, як толькі ў дзвярах паказаўся Дон Кіхот.
Пачуўшы аб тым, што Дон Кіхот вярнуўся, прыбегла і жонка Санча Пансы, якая ведала, што муж яе паехаў з ім у якасці збраяносца, і, убачыўшы Санча, яна перш за ўсё пацікавілася, ці здаровы асёл. Санча адказаў, што асёл здаравейшы за свайго гаспадара.
— Дзякуй табе, божа, за вялікую тваю ласку,— сказала яна.Ну а цяпер скажы ж мне, дружочак, ці многа ты зарабіў на сваёй збраяносцы? Абноўку ж ты мне прывёз? А чаравікі дзеткам?
— Нічога такога я, жоначка, не прывёз,адказаў Санча,— затое я прывёз штосьці болып важнае і істотнае.
— Вось гэтаму я вельмі рада! — заўважыла жонка.Пакажы ж, дружочак, гэта важнае і істотнае, я хачу
паглядзець, тады мая душа будзе задаволена, a то пакуль ты сам бадзяўся цэлую вечнасць, я вельмі замарылася і змучылася.
— Дома пакажу, жонка,— аб’явіў Панса,— а пакуль што суцешся: калі мы, бог дасць, яшчэ раз паедзем шукаць прыгоды, то ты ўбачыш, што я хутка стану графам або губернатарам вострава, ды не якога-небудзь там заняпалага, а самага лепшага.
— Хай бог дае, мужычок,— гэта нам яшчэ як спатрэбіцца. А толькі скажы мне, што такое востраў, я чамусьці не магу дабраць розуму.
Асла мёдам не кормяць,— адрэзаў Санча.— Прыйдзе час — даведаешся, ды яшчэ рот разявіш, калі твае васалы пачнуць называць цябе ваша яснавяльможнасць.
— Што ты вярзеш, Санча? Якія такія яснавяльможнасці, астравы і васалы? — усклікнула Тэрэса Панса.
He ўсё адразу, Тэрэса, не спяшайся, досыць і таго, што я сказаў табе праўду, і пакуль трымай язык на прывязі. Між іншым, магу табе сказаць, што няма нічога больш прыемнага, чым быць шаноўным збраяносцам вандроўнага рыцара, шукальніка прыгод. Праўда, часцей за ўсё выпадаюць прыгоды не такія, якіх бы табе хацелася, таму ў дзевяноста дзевяці выпадках са ста ўсё атрымліваецца шыварат-навыварат. Гэта я на сабе зведаў, бо ў адных выпадках мяне падкідвалі на коўдры, у іншых — лупцавалі. Аднак, разам з тым, да чаго ж добра ў чаканні здарэнняў скакаць па гарах, блукаць у лясах, узбірацца на скалы, наведваць замкі, спыняцца ў якіх хочаш заезных дамах і пры гэтым зусім не плаціць за начлег!
Такую размову вялі паміж сабой Санча Панса і яго жонка, а ў гэты час ключніца і пляменніца Дон Кіхота даглядалі яго, распраналі і ўкладвалі на стары ложак. Ён глядзеў на іх блукаючым позіркам і ніяк не мог зразумець, дзе ён знаходзіцца. Свяшчэннік, паведаміўшы пляменніцы, чаго каштавала прывезці яго
дамоў, сказаў, каб яна як мага лепш клапацілася пра дзядзьку і каб яны абедзве былі пільнымі, a то ён, маўляў, зноў уцячэ. Тут зноў усчалі яны страшны крык, зноў пачалі праклінаць рыцарскія раманы, зноў пачалі маліць бога, каб аўтары такой хлусні і бязглуздзіцы праваліліся скрозь зямлю. Адным словам, свяшчэннік пакінуў іх збянтэжанымі і перапалоханымі, бо яны лічылі, што як толькі справа пойдзе на папраўку, дзядзька іх і пан адразу ж знікне. І тое, чаго яны баяліся, якраз і здарылася.
Раздзел I.
Аб размове, якую свяшчэннік і цырульнік вялі з Дон Кіхотам адносна яго хваробы
Свяшчэннік і цырульнік амаль цэлы месяц не былі ў Дон Кіхота, каб не выклікаць і не аднаўляць у яго памяці мінулых падзей; аднак жа яны заходзілі да пляменніцы і ключніцы і прасілі клапаціцца аб ім і даваць яму што-небудзь пажыўнае і карыснае для сэрца і мозгу, дзе, без усялякага сумнення, і караніцца, маўляў, усё яго няшчасце. Жанчыны сказалі, што яны так і робяць і будуць рабіць з асаблівай стараннасцю і гатоўнасцю: яны, мабыць, ужо заўважаюць, што часам іх пан выяўляе ўсе прыметы цвярозага розуму, чаму тыя вельмі ўзрадаваліся, а таксама таму, як добра яны прыдумалі — прывезці яго, зачараванага, на валах, аб чым апавядаецца ў апошнім раздзеле першай часткі гэтай, такой жа вялікай, як і праўдзівай, гісторыі. Улічваючы гэту акалічнасць, вырашылі яны наведаць яго і пераканацца на свае вочы, ці сапраўды яму лепш, што здавалася ім, зрэшты, амаль неверагодным, і дамовіліся між сабой не чапаць гэтай яго яшчэ свежай і такой дзіўнай раны, а пра вандроўнае рыцарства нават не заікацца.
Такім чынам, яны прыйшлі да Дон Кіхота і засталі яго ў ложку, дзе ён сядзеў у зялёным байкавым камзоле і чырвоным таледскім каўпаку, і быў да таго худы і знясілены, што нагадваў мумію. Ен прыняў іх
з выключнай гасціннасцю; яны запыталіся пра яго здароўе, і ён расказаў ім аб сабе і аб сваім здароўі вельмі разумна і самымі далікатнымі выразамі; нарэшце размова зайшла аб так званых дзяржаўных справах і спосабах кіравання, прычым некаторыя злоўжыванні нашы суразмоўцы выкаранялі, некаторыя — асуджалі, адны звычаі выпраўлялі, іншыя — ліквідоўвалі, і кожны адчуваў сябе ў гэты час новаяўленым заканадаўцам: другім Лікургам* або новаспечаным Салонам*; і так яны ўсю дзяржаву перайначылі, што здавалася, быццам яны кінулі яе ў горан, a калі вынялі, то яна была ўжо зусім іншай; Дон Кіхот аб усіх гэтых рэчах разважаў надзвычайна разумна, і ў абодвух наведвальнікаў не засталося сумненняў, што ён цалкам здаровы і ў поўным розуме.
У час гэтай размовы прысутнічалі пляменніца і ключніца і безупынна дзякавалі богу за тое, што іх пан зусім абразуміўся; аднак жа свяшчэннік, памяняўшы сваё першапачатковае рашэнне — не закранаць рыцарства, захацеў канчаткова пераканацца, ці сапраўды Дон Кіхот ачуняў ці ж гэта папраўка несапраўдная, і з гэтай мэтай спакваля перайшоў да сталічных навін і, між іншым, сказаў як дакладнае, што турэцкі султан з вялізным флотам выйшаў у мора, але якія яго намеры і дзе іменна гэта жахлівая навальніца грымне, гэтага, маўляў, ніхто не ведае; і што, як быццам зноў, як амаль кожны год, увесь хрысціянскі свет перапалоханы і б’е трывогу, а яго вялікасць кароль загадаў умацаваць берагі Неапаля, Сіцыліі і вострава Мальты*. Дон Кіхот жа на гэта сказаў:
— Умацаваўшы загадзя свае ўладанні, каб вораг не застаў знянацку, яго вялікасць зрабіў як самы прадбачлівы воін. Аднак жа, калі б яго вялікасць звярнуўся за парадай да мяне, я б яму параіў прыняць такія меры перасцярогі, аб якіх ён цяпер, пэўна, і не здагадваецца.
Цырульнік спытаў Дон Кіхота, якія менавіта меры перасцярогі ён лічыць неабходна прыняць.
— Ах ты божа мой! — усклікнуў тут Дон Кіхот.— Ды што значыць яго вялікасці загадаць праз вяшчальнікаў, каб усе вандроўныя рыцары, якія толькі блукаюць па Іспаніі, у прызначаны дзень сабраліся ў сталіцы? Хаця б нават іх з’явілася не больш як тузін, сярод іх можа быць такі, які адзін знішчыць усю султанаву моц. Слухайце мяне ўважліва, вашы міласці, і сачыце за маёй думкай. Няўжо гэта для вас навіна, што адзін-адзінюткі вандроўны рыцар здольны перарэзаць войска колькасцю дзвесце тысяч чалавек, як калі б ва ўсіх у іх было адно горла ці калі б яны былі зроблены з марцыпана? He, сапраўды, скажыце: ці не на кожнай старонцы любога рамана сустракаюцца TaKia цуды? Даю галаву на адсячэнне, сваю ўласную, a не чыю-небудзь чужую, што калі б жыў цяпер славуты дон Бельяніс або хтосьці са шматлікіх нашчадкаў Амадыса Гальскага, адным словам, калі б хтосьці з іх дажыў да нашых дзён і паквітаўся з султанам, скажу шчыра, не хацеў бы я быць у шкуры султанавай! Зрэшты, бог не пакіне свой народ і пашле яму каго-небудзь, калі і не такога грознага, як ранейшыя вандроўныя рыцары, то ўжо, ва ўсякім выпадку, такога, які не саступіць ім у цвёрдасці духу. Потым — бог мяне разумее, а я змаўкаю.