Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— Гэта праўда, Санча,заўважыў Дон Кіхот.Але я ўжо табе казаў, што існуе шмат спосабаў чараўніцтва, і можа быць, што з цягам часу яны змяніліся іншымі і што цяпер прымяняецца такі, пры якім зачараваныя робяць усё, што раблю я і чаго не рабілі раней. Так што супраць духу часу ісці не варта і няма патрэбы рабіць з гэтага якія-небудзь вывады. Я ведаю і стаю на тым, што я зачараваны, і таму сумленне маё спакойнае, а яно ж з’едліва ставілася б да мяне, калі б я лічыў, што я не зачараваны, а проста ад ляноты з-за боязі не выходжу з клеткі і тым самым пазбаўляю абароны многіх бяздольных і прыгнечаных, якія адчуваюць у гэты самы час вялікую і надзённую патрэбу ў маёй дапамозе і ў заступніцтве.
— Як бы там ні было,— запярэчыў Санча,— для большага ж дабрабыту і спакою вашай міласці добра, калі б вы пастараліся выйсці з гэтай турмы,— а я са свайго боку абавязваюся зрабіць усё, што ад мяне залежыць і нават уласнаручна вызваліць вас адсюль,— і паспрабавалі зноў сесці на добрага свайго Расінанта, які таксама, як відаць, зачараваны; вунь ён які сумны і панылы. А потым мы зноў паспрабуем шчасця і пашукаем прыгод. Калі ж нам не пашанцуе, то вярнуцца ў клетку мы заўсёды паспеем, і я абяцаю вам, як належыць добраму і вернаму збраяносцу, сесці ў клетку разам з вашай міласцю ў выпадку, калі вы, ваша міласць, будзеце такім няўдачлівым, а я такім прастаком, што ў нас нічога не атрымаецца.
— Я не супраць зрабіць так, як ты прапаноўваеш, брат Санча,— зазначыў Дон Кіхот,— і як толькі ў цябе
з’явіцца магчымасць вызваліць мяне, я поўнасцю і цалкам падпарадкуюся табе. І ўсё ж ты пераканаешся, Санча, у памылковасці свайго ўяўлення аб маім няшчасці.
У такім духу размаўлялі вандроўны наш рыцар і яго збраяносец, які таксама быў дзіваком, і нарэшце прыбылі туды, дзе, ужо пазлазіўшы з мулаў, іх чакалі свяшчэннік, канонік і цырульнік. Вазак адразу ж распрог валоў і пусціў іх пагуляць на волі ў гэтым зялёным і прыветлівым полі, прахалода якога вабіла нацешыцца ёю такіх зачараваных асоб, як Дон Кіхот, і такіх разважлівых і разумных, як яго збраяносец, які папрасіў свяшчэнніка дазволіць яго пану выйсці часова з клеткі. Свяшчэннік сказаў, што ён вельмі ахвотна выканаў бы яго просьбу, калі б не баяўся, што яго пан, апынуўшыся на свабодзе, зноў возьмецца за сваё — і толькі, маўляў, яго і бачылі.
—	Я ручаюся, што ён не ўцячэ,— сказаў Санча.
—	Я таксама,— сказаў канонік,— асабліва калі ён дасць мне слова рыцара без нашага дазволу нікуды адсюль не ісці.
—	Даю,— прамовіў Дон Кіхот, які чуў усю гэту размову.— Тым болып што чалавек зачараваны, як, напрыклад, я, сабе не належыць, бо той, хто яго зачараваў, можа зрабіць так, што ён трыста гадоў прастаіць на адным месцы, а калі і ўцячэ, то яго ўсё роўна вернуць назад па паветры.
Канонік узяў яго за руку і пад слова гонару выпусціў з клеткі, чаму той невымоўна і надзвычай узрадаваўся; перш за ўсё ён пацягнуўся, а затым наблізіўся да Расінанта і, пагладзіўшы яго, сказаў:
—	Я ўсё ж спадзяюся, што бог і прачыстая яго маці хутка выканаюць нашы з табой жаданні, о краса і люстэрка коней, і ты зноў будзеш вазіць на сабе свайго пана, а я вярхом на табе зноў пачну справу, дзеля якой бог нарадзіў мяне на свет.
Р а з д з е л XXVII.
Аб дасціпнай спрэчцы, якая адбылася паміж Дон Кіхотам і канонікам,
і аб надзвычайнай прыгодзе з паломнікамі, якую Дон Кіхот, добра папацеўшы, давёў да пераможнага канца
Канонік глядзеў на Дон Кіхота, і незвычайнасць вялікага гэтага вар’яцтва здзіўляла яго, бо ўсе разважанні і адказы Дон Кіхота мелі цвярозы сэнс; толькі калі справа тычылася рыцарства, ён, як ужо не раз было сказана, пачынаў несці бязглуздзіцу. І вось, калі ў чаканні харчоў, што былі ў каноніка, усе размясціліся на зялёнай траўцы, ён, спачуваючы Дон Кіхоту, загаварыў з ім:
— Няўжо, сеньёр гідальга, чытанне агідных і пустых рыцарскіх раманаў так на вас падзейнічала, што вы з глузду з’ехалі і ўявілі, быццам хтосьці вас зачараваў і іншае да таго падобнае, такое ж далёкае ад сапраўднай рэчаіснасці, як хлусня далёкая ад ісціны? І як мог чалавечы розум дапусціць, што была калісьці цэлая прорва ўсялякіх Амадысаў, гэтых найславутых рыцараў, што былі ўсе гэтыя імператары Трапезундскія, Фелісмарты Гірканскія, інаходцы, вандроўныя дзяўчаты, змеі, веліканы, небывалыя прыгоды, усялякія чараўніцтвы, бітвы, гарачыя сутычкі, мудрагелістыя ўборы, закаханыя прынцэсы, прызнанні ў каханні, смелыя жанчыны — словам, розная лухта, якою напоўнены рыцарскія раманы? Пра сябе магу сказаць, што пакуль я іх чытаю, не думаючы аб тым, што ўсё гэта — хлусня,што ўсё гэта — пустое, я яшчэ атрымліваю пэўнае задавальненне, але як толькі я сабе ўяўлю, што гэта такое, то мне тады нічога не каштуе стукнуць лепшы з іх аб сцяну, а калі б у мяне ў гэту хвіліну гарэў агонь, я б і ў агонь іх пашпурляў. І яны на самай справе заслугоўваюць такога пакарання, бо ўсё гэта — выдумкі і небыліцы, і паводзіны іх герояў не
адпавядаюць рэчаіснасці; бо яны ствараюць новыя секты і новыя правілы жыцця; бо некультурная чэрнь верыць усёй гэтай лухце і прымае яе за ісціну. I аўтары гэтых раманаў яшчэ маюць нахабства бянтэжыць розумы разважных і высакародных гідальга, як гэта мы бачым на прыкладзе вашай міласці, бо яны давялі вас да такой крайнасці, што давялося засадзіць вас у клетку і везці на валах, накшталт таго, як возяць з месца на месца тыграў і львоў і паказваюць іх за грошы. Досыць жа, сеньёр Дон Кіхот, пашкадуйце сябе, вярніцеся ў лона розуму і скіруйце на дабро свае светлыя веды, якімі неба надзяліла вас!
3 вялікай увагай слухаў Дон Кіхот разважанні каноніка, і калі той скончыў, ён паглядзеў на яго працяглым позіркам і сказаў:
— Здаецца мне, сеньёр гідальга, што міласць ваша вяла размову да таго, каб пераканаць мяне, быццам вандроўных рыцараў ніколі не было, быццам усе рыцарскія раманы — суцэльная выдумка і хлусня, а для дзяржавы яны бескарысныя і нават шкодныя, і нядобра, маўляў, з майго боку, што я чытаў іх, яшчэ горш што верыў ім і зусім дрэнна — што браў з іх прыклад, стаўшы на нялёгкі шлях вандроўнага рыцарства, на які яны скіроўваюць, бо, па-вашаму, не было на свеце абодвух Амадысаў ні Гальскага, ні Грэчаскага — і нікога з рыцараў, якімі творы гэтыя напоўнены.
— Ваша міласць вельмі правільна зразумела маю думку,— сказаў на гэта канонік.
— Я ж са свайго боку лічу,— працягваў Дон Кіхот,— што звар’яцеў і зачараваны не я, а ваша міласць, бо вы дазволілі сабе вывергнуць ганьбу на штосьці такое, што ўвесь свет прызнае і лічыць за ісціну. Хто ж гэта адмаўляе,— а ваша міласць гэта адмаўляла,— той заслугоўвае якраз такога ж пакарання, якім ваша міласць, як вы самі сказалі, карае раманы, што вам не спадабаліся. Бо пераконваць каго б там ні было,
што Амадыс не існаваў, а таксама ўсе іншыя рыцары, якія шукалі прыгод, такіх жа, як на старонках раманаў,— гэта тое ж самае, што спрабаваць даказаць, быццам сонца не свеціць, лёд не халодзіць, а зямля не трымае. І ці адшукаецца такі чалавек, які здолее камунебудзь даказаць, нібы ўсё, што ў часы Карла Вялікага здзейсніў на Мантыбльскім мосце Ферабрас, быццам усё гэта няпраўда, тады як я душу сваю аддам у заклад, што гэта такая ж праўда, як тое, што зараз дзень? А калі гэта хлусня, значыць не было ні Гектора, ні Ахіла, ні Траянскай вайны, ні Дванаццаці Пэраў Францыі, ні караля Артура Англійскага, які быў ператвораны ў крумкача і не вызвалены ад чараў да гэтага часу, між тым як у родным каралеўстве яго чакаюць з хвіліны на хвіліну. Бадай, адважацца таксама сцвярджаць, што небыліцы — пошукі свяшчэннага Грааля*, што непраўдзівае каханне Трыстана і каралевы Ізольды*, таксама як Джынеўры і Ланцэлота. Значыць, гэтыя кнігі, што друкаваліся з дазволу каралёў, ухваленыя тымі, каму яны былі аддадзены на прагляд, і якія з аднолькавым задавальненнем і пахвалой чытаюць і старыя і малыя, і бедныя і багатыя, і вучоныя і невукі, і плебеі і дваране, адным словам, людзі розных чыноў і званняў — суцэльная хлусня, нягледзячы на ўсё іх праўдападабенства, нягледзячы на тое, што мы ведаем бацьку, маці, сваякоў, месца нараджэння, узрост таго ці іншага рыцара і нам падрабязна, дзень за днём, апісваюць яго жыццё і подзвігі з абавязковым вызначэннем месца, дзе яны былі ажыццёўлены?
Досыць, ваша міласць, не блюзнерце! Паверце, што да парады, якую я вам даў, павінен прыслухацца кожны разумны чалавек. Лепш перачытайце іх, і вы ўбачыце, якое задавальненне прыносіць такое чытанне. He, праўда, скажыце, што можа быць болып захапляльным, калі мы нібы бачым перад сабой велізарнае возера спякотнай булькатлівай смалы, у якім плава-
юць і кішаць незлічоныя змеі, вужы, яшчаркі і многія іншыя страшныя і лютыя гады, а з глыбіні яго даносіцца голас, поўны глыбокай тугі: “Хто б ні быў ты, о рыцар, які глядзіць на гэта жахлівае возера,— калі хочаш здабыць скарбы, што схаваны пад яго чорнаю вадою, то пакажы веліч бясстрашнага твайго духу і апусціся ў гэту вогненную і чорную вільгаць, бо толькі пры гэтай умове зможаш ты ўбачыць дзіўныя цуды, што знаходзяцца ў сямі фей, якія жывуць у гэтай змрочнай бездані”? Варта рыцару пачуць гэты дрыготкі голас, і ён, не разважаючы і не думаючы аб небяспеках, нават не вызваліўшыся ад цяжару сваіх даспехаў, даручыўшы сябе богу і сваёй пані, кідаецца ў глыбіню бурлівага возера, і раптам нечакана-негадана перад ім — квітнеючыя палі, пасля якіх на палі Елісейскія і глядзець не захочаш. І здаецца яму, што неба тут болып празрыстае, сонечнае святло — першароднай яркасці, перад вачамі паўстае ўтульны гай, дзе зялёныя і галінастыя дрэвы лашчаць сваёй лістотай, а слых песціць салодкі і жывы спеў шматлікіх стракатых маленькіх птушачак, якія пырхаюць у гушчары. Тут заўважае ён крыніцу, халаднаватыя струмені якой, быццам імклівы крышталь, бягуць па дробным пяску і белых каменьчыках, падобных на прасеянае золата і чысты жэмчуг. Вось штучны вадаём з рознакаляровай яшмы і паліраванага мармуру, а вунь другі, у выглядзе грота, дзе параскіданыя бязладна дробныя ракавіны і выгнутыя белыя і жоўтыя домікі куклянак упярэмешку з кавалачкамі бліскучага крышталю і падробнымі ізумрудамі разам утвараюць мудрагелісты ўзор, такі, што здаецца, быццам мастацтва, наследуючы прыродзе, у той жа час перамагае яе. Тут раптам паўстае перад позіркам умацаваны замак або раскошны палац, сцены якога — з літога золата, зубцы алмазы, вароты з гіяцынту, і хоць ён збудаваны не з чаго-небудзь, а з алмазаў, карбункулаў, рубінаў, жэмчугу, золата і ізум-