Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
Сапраўды, сеньёр Дон Кіхот, у мяне было зусім іншае ў галаве,запярэчыў цырульнік.Намеры ў мяне былі добрыя, як перад богам кажу, так што ваша міласць дарэмна злуецца.
— Дарэмна ці не дарэмна — гэта ўжо справа мая,адрэзаў Дон Кіхот.
Але тут умяшаўся свяшчэннік:
— Да гэтага часу я не сказаў і двух слоў, але мне ўсё ж хацелася б вырашыць адно сумненне, якое непакоіць мяне і точыць мне душу, а ўзнікла яно ў сувязі з тым, што нам зараз сказаў сеньёр Дон Кіхот.
— Што перашкаджае? — прамовіў Дон Кіхот.— Калі ласка, сеньёр свяшчэннік, падзяліцеся сваім сумненнем,— нядобра, калі на душы нешта ёсць.
— Дык вось, з вашага дазволу,— пачаў свяшчэннік,— сумненне маё заключаецца ў наступным: я ніяк не магу дапусціць, каб уся гэта процьма вандроўных рыцараў, якіх вы, сеньёр Дон Кіхот, пералічылі, каб яны сапраўды існавалі на свеце, як жывыя людзі. Наадварот, я лічу, што ўсё гэта выдумкі, байкі і небыліцы, што ўсё гэта сны, аб якіх людзі расказваюць пасля таго, як прачнуцца, або, дакладней сказаць, у паўсне.
— Вось яшчэ адзін памылковы погляд, да якога прыходзілі многія, хто не верылі, што на свеце былі такія рыцары,— запярэчыў Дон Кіхот,я ж шмат разоў, у размове з рознымг людзьмі і ў розных абставінах, стараўся растлумачыць гэту амаль усеагульную памылку, прычым часам мне гэта не ўдавалася, а часам, начапіўшы яе на дрэўка ісціны, я мэты сваёй дасягаў. Між іншым, ісціна гэта бясспрэчная, і я га-
тоў сцвярджаць, што бачыў Амадыса Гальскага ўласнымі вачамі і што ён быў высокага росту, з белым тварам, з прыгожаю чорнаю барадою, з паўласкавымпаўсуровым позіркам, скупы на слова, гневаўся не раптоўна і лёгка астываў. I гэтак жа дакладна, як я абмаляваў Амадыса, я мог бы, здаецца мне, паказаць і апісаць усіх выведзеных у раманах вандроўных рыцараў, якія калі-небудзь вандравалі па свеце, бо, прыняўшы пад увагу, што яны былі іменна такімі, як аб іх пішуць у раманах, ведаючы іх нораў і подзвігі, заўсёды можна з дапамогай правільных вывадаў вызначыць іх рысы, колер твару і рост.
— Сеньёр Дон Кіхот, а якога росту быў, па-вашаму, велікан Маргант? спытаў цырульнік.
Адносна веліканаў існуюць розныя меркаванні,— адказаў Дон Кіхот.— Хто кажа, што яны былі, хто кажа, што не, аднак жа ў свяшчэнным пісанні, дзе ўсё да апошняга слова — поўная праўда, маецца сведчанне таго, што яны былі, бо свяшчэннае пісанне расказвае нам гісторыю гэтага дужага філістымляніна Галіяфа*, які быў ростам сем з паловай локцяў, гэта значыць велічыні празмернай. Затым, на востраве Сіцыліі былі знойдзены галёначныя і плечавыя косці, і па іх памерах відаць, што яны належаць веліканам ростам з высокую вежу. Аднак жа, разам з тым, я не магу сказаць з упэўненасцю, якой велічыні дасягаў Маргант, хаця лічу, што наўрад ці быў ён вельмі высокі. Прыйшоў жа я да такога вываду, прачытаўшы адну кнігу, прысвечаную яго подзвігам, у якой асобна падкрэсліваецца тая акалічнасць, што ён часта начаваў пад дахам, а калі ж знаходзіліся такія дамы, дзе ён мог размясціцца, значыць памеры яго былі не надта вялізныя.
— Вось яно што! — прамовіў свяшчэннік.
Яму прыносіла задавальненне вялікая гэта бязглуздзіца, і таму ён спытаў, як уяўляе сабе Дон Кіхот вонкавы выгляд Рынальда Мантальванскага, Раланда і іншых пэраў Францыі, бо ўсе яны былі вандроўнымі рыцарамі.
— Адважуся сцвярджаць,— адказаў Дон Кіхот,— што Рынальд быў шыракатвары, з мітуслівымі крыху лупатымі вачамі, самалюбівы і запальчывы да немагчымасці, вадзіўся з разбойнікамі і цёмнымі людзьмі. Што ж тычыцца Раланда, то я лічу і сцвярджаю, што росту ён быў сярэдняга, шыракаплечы, злёгку крываногі, смуглы тварам, рыжабароды, целам валасаты, з позіркам грозным, скупы на слова, аднак жа вельмі далікатны і добра выхаваны.
Тут на двары пачуліся гучныя крыкі ключніцы і пляменніцы, якія яшчэ раней выйшлі з пакоя, і ўсе выбеглі на шум.
Р а з д з е л II, які апавядае аб вартай увагі спрэчцы Санча Пансы з пляменніцай і ключніцай Дон Кіхота, а таксама і аб іншых забаўных рэчах
Такім чынам, Дон Кіхот, свяшчэннік і цырульнік пачулі галасы ключніцы і пляменніцы, якія крычалі на Санча Пансу; Санча дамагаўся, каб яго прапусцілі да Дон Кіхота, а яны яму заступалі ўваход.
— Што гэтаму валацугу тут трэба? Выбірайся прэч, братка, пакуль цэлы: гэта ж ты, а не хто іншы, спакушаеш і зманьваеш майго пана і цягаеш яго па розных нетрах.
Санча ж на гэта адказаў так:
— Чортава ключніца! Зманьвалі, спакушалі і цягалі па розных нетрах мяне, а не вашага пана: гэта ён пацягнуў мяне блукаць па белым свеце,— так што вы абедзве трапілі пальцам у неба,— гэта ён хітрыкамі выцягнуў мяне з дому, паабяцаўшы востраў, якога я да гэтага часу чакаю.
— Каб ты праваліўся з паскудным тваім востравам, пракляты Санча! — умяшалася пляменніца. — I што гэта яшчэ за астравы? Што, ты іх есці будзеш, ласун, абжора ты гэтакі?
— Ды не есці, а валодаць імі і кіраваць,— запярэчыў Санча,— і яшчэ лепш, чым дзесяць гарадскіх саветаў і дзесяць сталічных алькальдаў*.
— А ўсё ж такі ты, ёмішча заган і гнездзішча хітрасці, сюды не ўвойдзеш! — аб’явіла ключніца.— Ідзі кіруй сваім домам, ары свой кавалак зямлі і забудзь пра ўсе астравы і чортастравы на свеце.
Свяшчэнніка і цырульніка нямала пазабаўляла гэта сварка; Дон Кіхот жа, баючыся, як бы Санча не набалбатаў і не намалоў усялякага шкоднага глупства і не закрануў чагосьці такога, што магло б кінуць цень на яго, Дон Кіхота, добрае імя, паклікаў яго і загадаў жанчынам замаўчаць і прапусціць наведвальніка. Санча ўвайшоў, а свяшчэннік і цырульнік развіталіся з Дон Кіхотам, на выздараўленне якога яны цяпер страцілі ўсялякую надзею: так упарціўся ён у сваіх дзівацкіх меркаваннях аб гэтым злашчасным рыцарстве і так прастадушна быў паглыблены ў свае развагі аб ім, а таму свяшчэннік сказаў цырульніку:
— Вось убачыце, шаноўны дружа: аднаго дня сябар наш зноў дасць цягу.
— He сумняваюся,— адклікнуўся цырульнік.— Аднак жа мяне не столькі здзіўляе вар’яцтва рыцара, колькі прастадушнасць збраяносца: ён так паверыў у свой востраў, што ніякія расчараванні, лічу я, не выб’юць у яго гэтага з галавы.
— Няхай дапаможа ім бог,— сказаў свяшчэннік,— a мы будзем на варце: паглядзім, да чаго прывядзе ўвесь гэты ланцуг дзівацтваў як рыцара, так і збраяносца. Сапраўды, іх абодвух быццам адлілі ў адной і той жа форме, і вар’яцтва пана без глупства слугі не варта было б ломанага гроша.
— Вы праўду кажаце,заўважыў цырульнік.І цікава было б'ведаць, аб чым яны зараз размаўляюць.
— Я ўпэўнены,— сказаў свяшчэннік,— што пляменніца ці ключніца нам потым раскажуць: у іх жа такі звычай — усё падслухоўваць.
Між тым Дон Кіхот зачыніўся з Санча ў сваім пакоі і, застаўшыся з ім удвух, загаварыў:
— Мяне вельмі засмучае, Санча, што ты сцвярджаў і сцвярджаеш, быццам я прымусіў цябе пакінуць наседжанае месцейка, але ж ты ведаеш, што і я не заставаўся на месцы: адправіліся мы ўдвух, удвух паехалі, удвух і вандравалі, і тая ж доля і той жа лёс напаткалі нас абодвух: калі цябе адзін раз падкідвалі на коўдры, то мяне сто разоў лупцавалі, вось і ўсе мае перад табой перавагі.
— Ды гэта ж звычайная рэч,— запярэчыў Санча,— самі ж вы, ваша міласць, кажаце, што няшчасці — гэта хутчэй для вандроўных рыцараў, чым для збраяносцаў.
— Ты памыляешся,— заўважыў Дон Кіхот, — калі баліць галава, то баліць і ўсё цела, а паколькі я твой пан і сеньёр, то я — галава, ты ж — частка майго цела, бо ты мой слуга, вось таму калі бяда здарылася са мною, то яна адбіваецца на табе, а на мне — твая.
— Гэта ўсё так,— сказаў Санча,— аднак жа калі мяне, частку вашага цела, падкідвалі на коўдры, то галава мая знаходзілася за плотам, глядзела, як я ўзлятаў у паветра, і не адчувала пры гэтым ніякага болю, а калі цела павінна балець разам з галавою, то і галава павінна балець разам з целам.
— Ты хочаш сказаць, Санча, што мне не было балюча, калі цябе падкідвалі на коўдры? — спытаў Дон Кіхот.— Дык вось, калі ты гэта хочаш сказаць, то не кажы так і не думай, бо душа мая балела тады MapHeft за тваё цела. Аднак жа пакінем пакуль што гэту размову, потым мы ўсё гэта яшчэ абмяркуем і ўзважым. А цяпер скажы, дружа Санча, што кажуць пра мяне ў вёсцы? Што кажуць пра мяне простыя людзі, гідальга і кавальера? Як успрымаюць маю храбрасць, мае подзвігі і маю ветлівасць? Якія ходзяць чуткі аб маім пачынанні — аднавіць і зноў заснаваць ва ўсім свеце даўно забыты рыцарскі ордэн? Адным словам, я жадаю, каб ты расказаў мне, Санча, усё, што наконт гэтага ты пачуў. I ты павінен мне гэта паведаміць не тоячыся і без прыхарошвання, бо верныя васалы па-
вінны гаварыць сеньёрам сваім усю чыстую праўду, не перабольшваючы яе ліслівасцю і не змяняючы фальшывай павагай. І ты павінен ведаць, Санча, што калі б да вушэй гасудароў даходзіла голая праўда, не аздобленая ліслівасцю, то насталі б іншыя часы і мінулыя вякі ў параўнанні з нашым пачалі б здавацца жалезнымі; тады як наш, трэба меркаваць, падаўся б залатым. Няхай жа гэтыя мае словы будуць табе навукай, Санча, каб ты сумленна і талкова далажыў мне ўсю праўду аб тым, што мяне, як табе вядома, хвалюе.
-	Я гэта зраблю з вялікай ахвотай, васпан мой,сказаў Санча,— з умовай, аднак жа, што ваша міласць на мае словы не раззлуецца, калі жадае, каб я выставіў усю праўду голай, не апранаючы яе ні ўва што, апрача таго адзення, у якім яна дайшла да мяне.
—	І не падумаю злавацца,— сказаў Дон Кіхот.— Можаш, Санча, гаварыць свабодна і без акалічнасцей.
—	Ну, дык, па-першае, я вам скажу,— пачаў Санча,— што народ лічыць вашу міласць самым сапраўдным вар’ятам, а я, маўляў, таксама прыдуркаваты. Гідальга кажуць, што звання гідальга вашай міласці падалося мала і вы прыставілі да свайго імя дон і, хоць у вас усяго дзве-тры вінаградныя лазы, а зямліцы — валу павярнуцца няма дзе, узвялі сябе ў кавальера. Кавальера кажуць, што яны не любяць, калі з імі цягаюцца гідальга, асабліва такія, якім падыходзіць хіба што конюхамі быць і якія абутак чысцяць сажай, а чорныя панчохі цыруюць зялёным шоўкам.
—	Гэта да мяне не адносіцца,— сказаў Дон Кіхот,— адзеты я заўсёды прыстойна, лапленага не нашу.
—	Адносна ж храбрасці, далікатнасці, подзвігаў і пачынанняў вашай міласці,— працягваў Санча,то на гэты конт існуюць розныя меркаванні. Адны кажуць: “Вар’ят, але забаўны”, другія: “Смяльчак, але няўдачнік”, трэція: “Далікатны, але дурны”, і ўжо як пачнуць абгаворваць, дык і вашай міласці і мне ўсе костачкі перамыюць.