Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— Божа літасцівы, ды я зусім не пра тое! — усклікнуў Санча.Мне дакладна вядома, што гэта сеньёра, якая выдае сябе за каралеву вялікага каралеўства Мікаміконскага, такая ж каралева, як мая нябожчыца маці, таму што каралева не цалавалася б з адным з нашай кампаніі.
Пачуўшы гэтыя словы, Даратэя загарэлася чырванню, бо, шчыра кажучы, дон Фернанда ўпотай ад чужых позіркаў не раз цалаваў яе ў вусны, таму цяпер ёй было чаго запярэчыць Санча і не магла яна перапыніць яго балбатню. А ён між тым працягваў:
— Кажу я гэта вось чаму, сеньёр: аб’ездзім мы з вамі ўсе дарогі і сцяжыны, а пасля мноства неспакойных начэй і яшчэ менш спакойных дзён раптам выявіцца, што плён нашай працы пажаў той самы, які мілуецца з ёю тут, на двары заезнага дома,— значыць, няма чаго мне спяшацца сядлаць Расінанта, інаходца і асла.
Божа мой, як жа абурылі Дон Кіхота нясціплыя выказванні яго збраяносца! Так абурылі, што ён, захліпаючыся і запінаючыся ад хвалявання і бліскаючы вачыма, усклікнуў:
— 0 подлы смерд, нясціплы, непачцівы, некультурны, коснаязыкі, нахабнік, нагаворшчык і паклёпнік! Што за дзёрзкія думкі адважыўся ты ўбіць у галаву? Прэч з вачэй маіх, вырадак прыроды, кладоўка хлусні, скарбонка небыліц, сутарэнне гнюснасці, арганізатар падкопаў, распаўсюджвальнік бязглуздзі-
цы, які не адчувае ніякай павагі да асоб каралеўскага роду! Прэч, не паказвайся мне на вочы пад страхам наклікаць на сябе мой гнеў!
Злосць, якая кіпела ў яго ўнутры, выяўлялася яшчэ ў тым, што ён насупліваў бровы, надзімаў шчокі, круціў вачамі і, нарэшце, з усіх сіл тупнуў правай нагой. А Санча, наслухаўшыся такіх слоў і наглядзеўшыся на такія парывы гневу, так перапалохаўся, што калі б у гэты міг пад яго нагамі расчынілася зямля і праглынула яго, то ён быў бы толькі гэтаму рады, і вырашыў ён, што лепей уцячы і схавацца ад разлютаванага свайго сеньёра. Аднак жа кемлівая Даратэя, для якой нораў Дон Кіхота зусім не з’яўляўся загадкай, сказала, каб суцішыць яго гнеў:
— He сярдуйце, сеньёр Рыцар Журботнага Вобраза, на добрага вашага збраяносца за тое, што ён гаварыў глупства, бо, можа быць, гаварыў ён так не без прычын. Ведаючы яго цвярозы розум і сапраўды хрысціянскую душу, цяжка западозрыць, каб ён мог кагонебудзь абгаварыць. А таму, адкінуўшы ўсялякія сумненні, трэба меркаваць, што калі ў гэтым замку, як вы самі, сеньёр рыцар, казалі, усё адбываецца і збываецца па чараўніцтву, то, можа быць, кажу я, што ўсё, што Санча, як ён пераконвае, бачыў і што так знеслаўляе мой гонар, было толькі д’ябальскім насланнём.
— Клянуся ўсёмагутным богам, вапіа вялікасць трапіла ў самы раз! — усклікнуў тут Дон Кіхот.— Ужо пэўна, якая-небудзь погань так падстроіла, што гэты грахаводнік Санча ўбачыў тое, што можна ўбачыць толькі чараўнічым шляхам, сумленнасць жа і шчырасць гэтага няшчаснага мне добра вядомы, і зняславіць каго-небудзь ён не здольны.
Што праўда, тое праўда,заўважыў дон Фернанда,— а таму, сеньёр Дон Кіхот, даруйце яму і вярніце яго ў лона сваёй ласкі, перш чым ён не з’ехаў з глузду ад такіх уяўленняў.
Дон Кіхот аб’явіў, што даруе яму. Тады свяшчэннік
пайшоў па Санча, і той з вельмі пакорлівым выглядам з’явіўся, стаў на калені і папрасіў у свайго пана руку, і пан яму яе даў і, пасля таго як збраяносец яе пацалаваў, благаславіў яго і сказаў:
—	Цяпер, сын мой Санча, ты павінен канчаткова пераканацца, што я меў рацыю, калі столькі разоў табе казаў, што ўсё ў гэтым замку адбываецца чараўнічым спосабам.
—	Я таксама лічу, што ўсё,— заўважыў Санча,апрача падкідвання на коўдры, якое адбывалася звычайным спосабам і на самай справе.
—	Дарэмна ты так лічыш,— запярэчыў Дон Кіхот,— таму што калі б гэта было так, то я б за цябе адпомсціў або тады ж, або цяпер, але я і сёння не магу знайсці, як не мог знайсці і тады, каму належыць адпомсціць за нанесеную табе крыўду.
Усе пажадалі даведацца, што гэта за падкідванне, і тады гаспадар расказаў з усімі падрабязнасцямі аб лятанні Санча Пансы. Аповед гаспадара не столькі насмяшыў усіх астатніх, колькі зусім ужо было не засарамаціў Санча, калі б яго пан зноў не пачаў запэўніваць яго, што гэта было насланнё. Зрэшты, прастадушнасць Санча мела свае межы, і ён усё ж не мог палічыць за непарушную і бясспрэчную ісціну без усялякага дамешку падману, што яго падкідвалі жывыя людзі, а не прывіды, якія прымроіліся яму, як лічыў і як запэўніваў яго пан.
Ужо два дні ўся гэта далікатная кампанія знаходзілася ў заезным доме, і як толькі падарожнікі палічылі, што пара збірацца ў дарогу, то вырашана было пазбавіць Даратэю і дона Фернанда ад паездкі з Дон Кіхотам у яго вёску, быццам бы для вызвалення земляў каралевы Мікаміконы, на той падставе, што свяшчэннік і цырульнік самі могуць яго адвезці і там, на месцы, узяцца за яго лячэнне. Яны дамовіліся з адным чалавекам, якому надарылася ехаць міма на валах, што ён яго адвязе, але адвязе вось як: яны змайстравалі з палак, прыбітых крыж-накрыж адна да
адной, нешта накшталт клеткі, у якой Дон Кіхот мог размясціцца з усімі выгодамі, пасля чаго дон Фернанда са сваімі спадарожнікамі, стражнікі і сам гаспадар у мэтах выканання загаду і задумы свяшчэнніка надзелі маскі і апрануліся хто як мог, каб Дон Кіхот іх не пазнаў. Затым усе, захоўваючы поўнае маўчанне, увайшлі ў памяшканне, дзе ён спаў і адпачываў пасля нядаўніх трывог.
У той час як ён, не думаючы аб будучай падзеі, спакойна спаў, яны наблізіліся да яго і, трымаючы яго, як наймацней звязалі яму рукі і ногі, так што калі ён з перапуду прачнуўся, то не мог паварушыцца і толькі разгублена і збянтэжана глядзеў на дзіўныя стварэнні; і ў адпаведнасці з тым, што ўяўлялася яго нястомнай і хворай фантазіі, ён уявіў, што ўсё гэта прывіды з зачараванага замка і што ён сам, без усялякага сумнення, зачараваны, бо не ў стане ні рухацца, ні абараняцца,— адным словам, усё выйшла так, як разлічваў свяшчэннік, які задумаў гэту важданіну. 3 усіх прысутных адзін толькі Санча быў пры сваім розуме і без маскі; і хоць ён быў вельмі недалёкі ад таго, каб захварэць той жа хваробай, што і яго гаспадар, аднак жа адразу здагадаўся, хто гэтыя пераадзетыя, але да часу маўчаў, бо яшчэ не мог зразумець, чым закончыцца паланенне яго пана; пан жа яго таксама як вады ў рот набраў у чаканні канца свайго няшчасця, а канец гэты заключаўся ў тым, што ў памяшканне ўнеслі клетку, пасадзілі яго туды і так моцна прыбілі палкі, што іх, і прыклаўшы намаганні, немагчыма было б ададраць.
Пераадзетыя ўзвалілі клетку на плечы, але ў тое самае імгненне, калі яны выносілі яе з пакоя, пачуўся страшны голас, такі страшны, які толькі мог быць у цырульніка, але не ва ўладальніка сядла, а ў другога:
— 0 Рыцар Журботнага Вобраза! He мучайся, што паланілі цябе, бо так патрэбна для таго, каб як мага хутчэй скончылася прыгода, на якую цябе падштурх-
нула вялікая твая храбрасць. Скончыцца ж яна, як толькі люты Ламанчскі леў і лагодная Табоская галубка пачнуць жыць разам і не раней, чым гордыя іх шыі ўпрагуцца ў мяккі шлюбны хамут, ад нечуванага саюза якіх народзяцца на свет драпежныя дзеці, якія ўнаследуюць учэпістыя кіпцюры доблеснага свайго бацькі. А ты, о найвысакародны і найпаслухмяны са збраяносцаў, не тужы і не бядуй, што на тваіх вачах вывозяць такім чынам красу вандроўнага рыцарства, бо хутка, калі будзе на тое воля тварца свету, ты так высока ўзнясешся і ўзвялічышся, што сам сябе не пазнаеш, і абяцанні добрага твайго пана не застануцца марнымі. I ад імя мудрай Наўраліі я клятвенна цябе запэўніваю, што жалаванне будзе табе выплачана, у чым ты пераканаешся на справе. Такім чынам, ідзі па слядах гэтага доблеснага і зачараванага рыцара, бо табе патрэбна ісці за ім аж да таго месца, дзе абодва вы спыніцеся. А паколькі я не павінен штосьці да гэтага дадаваць, то шчаслівай вам дарогі, а куды вярнуся я — гэта аднаму мне толькі вядома.
У канцы гэтага прароцтва цырульнік спачатку моцна павысіў голас, а затым панізіў яго і пусціў такую пяшчотную трэль, што нават тыя, хто быў з ім у змове, ледзь усяму гэтаму не паверылі.
Дон Кіхота суцешыла цырульнікава прадказанне, бо ён цалкам зразумеў яго сэнс і зрабіў вывад з яго, што яму наканавана ўзяць законны шлюб са сваёй каханай Дульцынеяй Табоскай і што яго сыны на векі вечныя праславяць Ламанчу; і, без аніякіх сумненняў палічыўшы гэта за праўду, ён глыбока ўздыхнуў і, павысіўшы голас, загаварыў:
— Хто б ні быў ты, які прадказаў мне такое вялікае шчасце, малю цябе, папрасі ад майго імя мудрага чараўніка, што клапоціцца пра мяне, каб ён не даў мне загінуць у клетцы, у якой цяпер мяне павязуць, пакуль не спраўдзяцца прынесеныя табой радасныя і бяспрыкладныя весткі, бо калі толькі яны збудуцца, то пакуты астрога я палічу за шчасце, ланцугі, якія
мяне прыкавалі за палёгку, а турэмная падлога, на якой мяне кінулі, падасца мне не жорсткім полем бітвы, а мяккім ложкам. Што ж тычыцца слоў, сказаных табой для суцяшэння збраяносца майго Санча Пансы, то я ўпэўнены, што, сумленны і прыстойны, ён ні ў радасці, ні ў горы мяне не пакіне. Калі ж яму ці мне так не пашчасціць, што я не ў стане буду падараваць яму востраў ці што-небудзь раўнацэннае, то жалаванне яго, ва ўсялякім выпадку, не прападзе, бо ў складзеным ужо мною завяшчанні я, зыходзячы не са шматлікіх і важных яго паслуг, а толькі з маіх сродкаў, вызначыў, што іменна яму належыць.
Санча Панса з вялікай павагай нахіліўся і пацалаваў яму абедзве рукі,— пацалаваць жа якую-небудзь адну ён не мог пры ўсім жаданні, бо яны былі звязаны разам.
Затым прывіды зноў узвалілі клетку на плечы і перанеслі яе на калёсы, запрэжаныя валамі.
Дон Кіхот, бачачы, што яго пасадзілі ў клетку і пагрузілі на калёсы, сказаў:
— Шмат дзівосных гісторый давялося мне чытаць аб вандроўных рыцарах, але ніколі я не чытаў і не чуў, каб зачараваных рыцараў так адвозілі — з той марудлівасцю, якой можна чакаць ад гэтых лянівых і непаваротлівых жывёлін. Звычайна рыцараў з дзіўнай лёгкасцю пераносяць па паветры, захутаных шэрым або чорным воблакам, на вогненнай калясніцы ці на якім-небудзь звяры, але адвозіць на валах — далібог, я нічога не разумею! Урэшце, магчыма, рыцарства і чараўніцтва нашага часу ідуць не па той дарозе, па якой яны ішлі ў даўніну. І яшчэ можа быць, што калі я рыцар новага часу, першы рыцар у свеце, які аднавіў даўно забытую справу рыцарства і шукае прыгод, то з’явіліся і новыя віды чараўніцтва і новыя спосабы выкрадання зачараваных. Як ты на гэта глядзіш, сын мой Санча?