Дон Кіхот
Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
ства, калі толькі я жадаю ўберагчы ад смерці і поўнага знішчэння маіх добрых і верных васалаў, бо з такім страшэнна дужым веліканам мне ўсё роўна, маўляў, не справіцца, і каб без лішніх роздумаў з кім-небудзь з маіх набліжаных накіравалася ў Іспанію, дзе я і знайду нарэшце збавенне ад усіх бед, як толькі сустрэну нейкага вандроўнага рыцара, чыя слава да таго часу пройдзе па ўсім гэтым каралеўстве, а завуць яго, калі памяць мяне не падводзіць, не то Дон Канавод, не то Дон Самаход.
— Напэўна, ён сказаў: Дон Кіхот, сеньёра,— паправіў яе Санча Панса,— ці, інакш, Рыцар Журботнага Вобраза.
— Твая праўда,— прамовіла Даратэя.— Яшчэ ён сказаў, што рыцар гэты высокага росту і з сухарлявым тварам. І, зразумела, добры мой бацька не памыліўся, і я зрабіла правільна, звярнуўшыся да сеньёра Дон Кіхота. А ён жа і ёсць той самы, пра каго мне расказваў бацька, бо рысы твару ў гэтага рыцара якраз такія, як аб тым гаворыць погаласка не толькі ў Іспаніі, але і ва ўсёй Ламанчы. Бо не паспела я высадзіцца ў Асуне, як да мяне дайшла вестка аб шматлікіх яго подзвігах, і тут сэрца маё падказала, што ён і ёсць той самы, каго я шукаю.
— Якім жа чынам ваша міласць высадзілася ў Асуне, калі гэта не марская гавань? — спытаў Дон Кіхот.
Аднак жа, перш чым Даратэя паспела што-небудзь адказаць, узяў слова свяшчэннік і сказаў:
— Сеньёра прынцэса, відаць, хоча сказаць, што, высадзіўшыся ў Малазе, яна ўпершыню пачула аб вашай міласці ў Асуне.
— Я гэта і хацела сказаць,— пацвердзіла Даратэя.
— Вось так будзе зразумела,— сказаў свяшчэннік,— Працягвайце ж, ваша вялікасць.
Працяг будзе складацца толькі з таго,— сказала Даратэя,— што шчасце мне нарэшце ўсміхнулася і я адшукала сеньёра Дон Кіхота. І цяпер я ўжо магу лічыць сябе каралевай і ўладаркай усяго майго Kapa-
леўства, бо ён быў настолькі велікадушны і прыязны, што абяцаў зрабіць мне паслугу і адправіцца разам са мной, куды я яго павяду,— павяду ж я яго прама да Пандафіланда Цемнавокага, каб ён забіў яго і вярнуў мне тое, што Пандафіланд так беззаконна ў мяне адабраў. І ўсё гэта павінна адбыцца як па пісаным, бо так прадказаў мой бацька Тынакрый Мудры, які да гэтага яшчэ дадаў і запісаў не то халдзейскімі, не то грэчаскімі літарамі,— я іх так і не разабрала,— што калі гэты прадказаны мне рыцар, сцяўшы галаву велікану, пажадае ўзяць са мной шлюб, то я не марудзячы і без усялякіх размоў павінна стаць яго законнаю жонкай і перадаць яму ўладу над маім каралеўствам, a таксама і над маёй асобай.
— Як табе гэта падабаецца, дружа Санча? звярнуўся тут Дон Кіхот да свайго збраяносца: — Бачыш, як ідзе справа? А што я табе казаў? Вось у нас ужо і каралеўства і каралева — хоць зараз бяры стырно ўлады і жаніся.
— Клянуся, што гэта падобна на праўду! — усклікнуў Санча.— І які ж сабачы сын пасля гэтага не скруціць шыі пану Ніскладуніладу і не ажэніцца! A каралева ж якраз, далібог, прыгожая.
3 гэтымі словамі ён, не ў сабе ад захаплення, двойчы падскочыў, а затым схапіў мула Даратэі за аброць і, спыніўшы яго, кінуўся перад ёй на калені і папрасіў дазволу пацалаваць ёй рукі ў знак таго, што ён прызнае яе сваёю каралеваю і пані. Ну каго б, сапраўды, не насмяшыла вар’яцтва пана і прастадушнасць слугі? Даратэя між тым дала яму пацалаваць рукі і абяцала зрабіць яго вяльможам у сваім каралеўстве, як толькі неба злітуецца над ёю і яна зноў будзе ім валодаць і правіць. Санча ў такіх выразах пачаў выказваць ёй сваю ўдзячнасць, што ўсе зноў засмяяліся.
— Такая, сеньёры, мая гісторыя,— працягвала Даратэя.— Мне застаецца толькі дадаць, што з усёй світы, якую я вывезла з майго каралеўства, уцалеў адзін гэты барадаты слуга, а ўсе астатнія ўтапіліся ў час жахлі-
вай буры, якая заспела нас на падыходзе да гавані, мы ж з ім цудам дабраліся на дзвюх дошках да берага. Ды і ўсё жыццё, як вы, відаць, заўважылі, гэта — суцэльны цуд і таямніца. Калі ж я дазволіла сабе штосьці лішняе або непатрэбнае, то не асуджайце ў гэтым мяне і ўспомніце, што сказаў у пачатку майго аповеду сеньёр ліцэнцыят, а іменна — што бясконцыя і незвычайныя выпрабаванні адбіраюць памяць у таго, каму яны выпадаюць.
— Толькі не ў мяне, о высакародная і доблесная сеньёра, якімі б шматлікімі, цяжкімі і надзвычайнымі ні былі тыя выпрабаванні, што пашле мне лёс, пакуль я буду служыць вам! усклікнуў Дон Кіхот.I я зноў пацвярджаю сваё абяцанне і клянуся, што пайду за вамі хоць на край свету, каб паквітацца з лютым вашым ворагам, якому я спадзяюся з дапамогай божай і з дапамогай маёй рукі зняць шалёную галаву лязом гэтага... на жаль, не магу сказаць: “гэтага добрага мяча”, бо Хінес дэ Пасамонтэ ў мяне яго ўкраў.
Апошнія словы ён вымавіў праз зубы, а затым працягваў:
— А як толькі я здыму з яго галаву і зраблю вас уладаркай дзяржавы вашай, то вы будзеце мець права распараджацца сабою як вам захочацца, бо я і падумаць не магу пра жаніцьбу з кім бы там ні было.
Словы Дон Кіхота аб тым, што ён не хоча жаніцца, так не спадабаліся Санча, што ён павысіў голас і вельмі злосна загаварыў:
— Клянуся вам, ручаюся вам, ваша міласць, сеньёр Дон Кіхот, што ў вас не ўсе дома, таму што як жа можна вагацца, калі размова ідзе аб жаніцьбе з такой высакароднай прынцэсай! Ці вы думаеце, што такія ўдачы, як сягоння, на падлозе валяюцца? Ці, па-вашаму, пані Дульцынея прыгажэйшая? Вядома, не, гэта ўдвая прыгажэйшая, я гатовы паклясціся, што Дульцынея і падноска яе не варта. Калі ж ваша міласць будзе лавіць у небе жураўля, то дзе там я буду графам. Ды жаніцеся вы, жаніцеся, ліха вас бяры, і не
ўпускайце каралеўства, якое само плыве вам у рукі, станавіцеся каралём і рабіце мяне маркізам або намеснікам, а там няхай усё ляціць к чорту!
Дон Кіхот не мог дапусціць, каб пры ім зневажалі сеньёру Дульцынею, а таму ён узмахнуў кап’ём і, нічога не кажучы, два разы запар так стукнуў Санча, што той зваліўся кулём, і калі б Даратэя яго не засарамаціла, ён, ужо пэўна, вытрас бы з яго душу.
— Вы думаеце, брыдкі грубіян,— праз некаторы час загаварыў Дон Кіхот,што вы заўсёды вось так нахабна будзеце сябе са мной трымаць і ўсё на свеце блытаць, а я буду вам дараваць? Дык не ж, пракляты нягоднік,— бо вы, сапраўды, нягоднік, калі язык ваш закрануў непараўнальную Дульцынею. Ды ці ведаеце вы, цяльпук, даўбешка, абібок, што калі б яна не ўлівала сілу ў маю руку, то я не забіў бы і блыхі? Ану, кажыце, насмешнік з языком змяі, хто, па-вашаму, заваяваў гэта каралеўства, адсек галаву велікану і зрабіў вас маркізам (я ж лічу, што ўсё гэта ўжо адбылося, што гэта, як кажуць, вырашана і падпісана),— хто, як не доблесць Дульцынеі, якая выбрала маю руку сваёй зброяй? Яна змагаецца ўва мне і перамагае мною, а я жыву і дыхаю ёю, і ёй абавязаны я жыццём і ўсім маім быццём. 0 падлюга, нягоднік, які ж вы няўдзячны! Вас узнеслі з праху і прылічылі да тытулаванай знаці, а вы дабрадзейцы сваёй плаціце зласлоўем!
— Годзе, кіньце,— умяшалася Даратэя.— Хутчэй, Санча, пацалуй свайму пану руку і папрасі ў яго даравання, а ў далейшым будзь асцярожным з пахвалой і асуджэннем, не кажы дрэнна аб сеньёры Табосе, якую я не маю гонару ведаць, хоць і гатова да яе паслуг, і спадзявайся на бога, а ўжо ўладанні ў цябе абавязкова будуць, і зажывеш ты па-княжацку.
Санча, апусціўшы галаву, падышоў да свайго пана і папрасіў падаць руку, і той велічна яе падаў; калі ж Санча пацалаваў руку, Дон Кіхот благаславіў яго і загадаў ісці за ім,— яму патрэбна, маўляў, распытаць яго і пагаварыць з ім аб вельмі важных рэчах. Санча
так і зрабіў, і, праехаўшы наперад, Дон Кіхот звярнуўся да яго з такімі словамі:
— 3 таго часу калі ты вярнуўся, у мяне не было магчымасці і выпадку падрабязна распытаць цябе ні аб пасольстве, з якім ты выехаў, ні аб адказе, які ты павінен быў прывезці, але цяпер, калі па волі лёсу, у нас ёсць для гэтага і час і месца, ты не маеш права пазбавіць мяне шчасця пачуць добрыя весткі.
— Пытайцеся аб чым хочацца, ваша міласць,— сказаў Санча.
Але тут яны ўбачылі, што насустрач ім едзе нейкі чалавек вярхом на асле, і, калі ён пад’ехаў бліжэй, ім падалося, што гэта цыган; аднак жа варта было Санча Пансу, які перад кожным сустрэчным аслом станавіўся сам не свой, угледзецца ў гэтага чалавека, і ён адразу здагадаўся, што гэта Хінес дэ Пасамонтэ, і па адной гэтай цыганскай шарсцінцы распазнаў аўчынку ўласнага свайго асла, і распазнаў беспамылкова, бо Пасамонтэ, сапраўды, ехаў вярхом на яго шэрым. Варта адзначыць, што згаданы Пасамонтэ, каб яго не пазналі і каб прадаць асла, апрануўся так, як апранаюцца цыганы, на мове якіх, гэтак жа, як і на іншых мовах ён размаўляў не горш, чым на сваёй роднай. Санча ўбачыў яго і пазнаў, а ўбачыўшы і пазнаўшы, адразу ж закрычаў немым голасам:
Эй, злодзей Хінесільё! Аддай мне маё дабро, адпусці маю душу на пакаянне, не пазбаўляй мяне спакою, пакінь майго асла, вярні мне маю радасць! Ідзі прэч, сабака, згінь, разбойнік, не смей браць чужога!
Уласна кажучы, у такой колькасці абразлівых слоў не было неабходнасці, бо пры першым жа з іх Хінес саскочыў з асла і, адразу перайшоўшы на вялікую рысь, імгненна знік з вачэй. Санча падбег да шэрага і, абняўшы яго, прамовіў:
— Ну, як ты без мяне жыў, скарб мой, прыгажун мой, сябручок мой шэранькі?
І пры гэтым ён цалаваў і лашчыў яго, як чалавека. Асёл маўчаў; ён прымаў пацалункі і ласкі Санча, але
ў адказ не вымаўляў ні слова. Пад’ехалі астатнія і павіншавалі Санча з вяртаннем шэрага, а Дон Кіхот, які асабліва ўзрадаваўся за свайго збраяносца, аб’явіў, што ён не адмяняе рашэння адносна перадачы трох аслоў. Санча падзякаваў яму.
У той час калі Дон Кіхот і Санча між сабой размаўлялі, свяшчэннік, звярнуўшыся да Даратэі, адзначыў вялікае яе майстэрства, што выявілася як у самім аповедзе, так і ў яго сцісласці і падабенстве з тымі, якія сустракаюцца ў рыцарскіх раманах. Даратэя яму на гэта сказала, што яна захаплялася рыцарскімі раманамі, але не мае ўяўлення, дзе знаходзяцца розныя правінцыі і марскія гавані, і таму сказала наўгад, што высадзілася ў Асуне.
Я так і зразумеў,— сказаў свяшчэннік,— і паспяшаўся ўмяшацца, пасля чаго ўсё ўладзілася. Але хіба не дзіўна, што няўдачлівы гэты гідальга так лёгка верыць усялякім байкам і небыліцам толькі таму, што іх стыль і лад нагадваюць недарэчныя яго раманы? І тут жа вось яшчэ якая акалічнасць: добры гэты гідальга кажа глупства, толькі калі размова заходзіць аб прычыне яго вар’яцтва, але калі з ім загавораць аб чым-небудзь іншым, ён разважае ў вышэйшай ступені цвяроза і паказвае ва ўсіх адносінах светлы і ясны розум, так што кожны, хто не закране гэтай яго рыцаршчыны, прызнае яго за чалавека вельмі разумнага.