Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— Сказаць сумленна, сеньёр,— запярэчыў Санча,калі я бачыў гэта самае сонца, гэта значыць сеньёру Дульцынею Табоскую, то яно было не такое ўжо яркае і ніякіх промняў не пасылала,— напэўна, таму, ідто яе міласць, як я вам ужо дакладваў, прасейвала зерне, і густы пыл воблакам стаяў вакол яе і засцілаў твар.
— Дык ты, Санча, усё яшчэ працягваеш сцвярджаць, думаць, верыць і стаяць на тым, што сеньёра Дульцынея прасейвала зерне,— спытаў Дон Кіхот,— хоць гэта работа і занятак ніколькі не адпавядаюць таму, што звычайна робяць і павінны рабіць асобы знатныя, створаныя і прызначаныя для іншых заняткаў і забаў, па якіх іх знатнасць угадваецца на адлегласці арбалетнага выстралу?.. Дрэнна ж ты памятаеш, Санча, тыя вершы нашага паэта, у якіх ён апісвае, чым займаліся там, у хрустальных сваіх палацах, чатыры німфы: як яны выйшлі з вады любімага Таха і, усеўшыся на зялёным лужку, пачалі вышы-
ваць каштоўныя тканіны, што, па словах хітрага паэта*, былі выраблены і вытканы з золата, жэмчугу і шоўку. І тым жа, трэба меркаваць, была занята і мая пані, у той час як ты яе ўбачыў, калі толькі які-небудзь злы чараўнік, зайздросцячы маім подзвігам, не падмяніў яе і не ператварыў, як і ўсё, што мяне радуе, у нешта зусім іншае. Я нават баюся, як бы ў гісторыі маіх учынкаў, якая быццам бы выйшла з друку, аўтар яе, у выпадку калі гэта варожы мне чараўнік, не падтасаваў падзеі, не прымяшаў да праўды безліч небыліц і не захапіўся аповедам аб іншых здарэннях, што не адносяцца да працягу гэтай праўдзівай гісторыі. 0 зайздрасць, корань незлічоных бед, чарвяк, які падточвае дабрачыннасць! Кожная загана, Санча, тоіць у сабе асаблівую асалоду, але зайздрасць нічога не тоіць у сабе, апрача непрыемнасці, нянавісці і злосці.
— Я таксама гэта заўсёды кажу,— падхапіў Санча,— і здаецца мне, што ў гэтай самай кніжцы, якая, калі верыць бакалаўру Караску, быццам бы пра нас напісана, гонару майму, ужо дакладна, дастаецца, як таму ўпартаму парсюку, які не хоча ісці, а яму і справа і злева, як кажуць, дастаюцца штурхалі, аж пыл слупам. А між тым, сапраўды, я ні пра аднаго чараўніка нічога кепскага не сказаў, ды і багацця ў мяне не так шмат, каб мне можна было зайздросціць. Праўда, я крыху хітры і не супраць іншы раз змахляваць, але хоць я і хітраваты, ды затое праставаты, і прастата мая ад прыроды, а зусім не напаказ. Зрэшты, няхай сабе кажуць што хочуць,— голым я нарадзіўся, голым увесь свой век пражыць умудрыўся, і што пра мяне пішуць у кнігах і цяпер будуць па ўсім свеце бузаваць маё імя, на гэта мне напляваць: няхай кажуць усё, што ім уздумаецца.
— І ўсё ж, Санча, жаданне праславіцца моцнае ў нас да неверагоднасці,сказаў Дон Кіхот.— Што, патвойму, прымусіла Гарацыя* з поўным узбраеннем кінуцца з моста ў глыбіню Тыбра? Што прымусіла Муцыя* спаліць сабе руку? Што падштурхнула Кур-
цыя* кінуцца ў бяздонную прорву, якая адкрылася пасярод Рыма? ПІто падштурхнула Юлія Цэзара, насуперак усялякім дрэнным прыкметам, перайсці Рубікон*? Усе гэтыя і іншыя вялікія і разнастайныя подзвігі былі, ёсць і будуць учынкамі славы, слава ж уяўляецца смертным як своеасаблівае бяссмерце, і яны жадаюць яе як належнай узнагароды за свае славутыя подзвігі. Наш абавязак — у асобе веліканаў знішчаць ганарыстасць, зайздрасць перамагаць велікадушнасцю і добрасардэчнасцю, гнеў — непарушнасцю і спакоем душэўным, абжорства — стрыманасцю ў ежы і рухавасцю, ляноту ж вандраваннямі па ўсіх краінах свету ў пошуках выпадкаў, дзякуючы якім мы можам стаць і сапраўды становімся славутымі рыцарамі. Вось якія, Санча, сродкі заслужыць самую высокую пахвалу, якую заўсёды прыносіць слава.
У такіх і да іх падобных размовах прайшлі ў іх ноч і наступны дзень, без якіх-небудзь вартых увагі здарэнняў, што вельмі засмуціла Дон Кіхота. Нарэшце на другі дзень пад вечар іх вачам адкрыўся вялікі горад Табоса, убачыўшы які, Дон Кіхот павесялеў, Санча ж паў духам, бо ён не меў аніякага ўяўлення, дзе жыве Дульцынея; і ніяк не мог Санча прыдумаць, што яму зрабіць, калі сеньёр пашле яго ў Табоса. Урэшце Дон Кіхот вырашыў не ехаць у горад да наступлення ночы, і часова яны размясціліся ў дуброве паблізу Табоса, а калі вызначаны тэрмін прыйшоў, то ўехалі ў горад, і тут з імі здарылася тое, што абавязкова павінна было здарыцца.
Р а з д з е л IX, у якім расказваецца аб тым, што з яго будзе відаць
У самую глухую поўнач*, а магчыма, і не ў самую, Дон Кіхот і Санча пакінулі гай і ўехалі ў Табоса. Мірная цішыня панавала ў гарадку, таму што ўсе жыхары адпачывалі і, як кажуць, спалі без задніх ног. Ноч
выдалася даволі светлая, аднак жа Санча палічыў бы за лепшае, каб яна была вельмі цёмная, бо цемра магла паслужыць апраўданнем яго тупасці. Ва ўсім горадзе чуўся толькі сабачы брэх, невыносны для вушэй Дон Кіхота і які палохаў Санча. Час ад часу роў асёл, рохкалі свінні, мяўкалі каты, і ў начной цішыні ўсе гэтыя галасы, якія гучалі па-рознаму, здаваліся яшчэ болып гучнымі; закаханы рыцар палічыў гэта за дрэнную прымету, аднак жа, разам з тым, ён сказаў Санча:
— Сын мой Санча, паказвай мне дарогу ў палац Дульцынеі,— магчыма, яна ўжо прачнулася.
Якога чорта ў палац, калі я бачыўся з яе веліччу ў маленькім дамку! — усклікнуў Санча.
— Трэба лічыць,— заўважыў Дон Кіхот,— што на той час яна разам са сваімі прыдворнымі дамамі пайшла ў малыя пакоі свайго замка, як гэта прынята і як гэта заведзена ва ўсіх знатных сеньёр і прынцэс.
— Сеньёр,— сказаў Санча,— калі ўжо ваша міласць на злосць мне жадае, каб дом пані Дульцынеі быў замкам, то чаму тады вароты яго ў такі час аказаліся адчынены? І ці да твару нам з вамі барабаніць, каб нас пачулі і адчынілі? Гэтак мы ўвесь народ перапалохаем і ўзбударажым.
— Толькі і клопату — адшукаць замак,— запярэчыў Дон Кіхот,— а там я табе скажу, Санча, як нам належыць зрабіць. Ды ты глядзі, Санча: ці я дрэнна бачу, ці, можа, вунь той цёмны гмах і ёсць палац Дульцынеі.
— Ну, дык вы і едзьце наперад, ваша міласць,— падхапіў Санча,— магчыма, гэта і так, але калі нават я ўбачу гэты палац на свае вочы і абмацаю ўласнымі рукамі, усё ж такі я паверу, што гэта ён, не больш чым таму, што зараз белы дзень.
Дон Кіхот рушыў першы і, праехаўшы крокаў дзвесце, наблізіўся ўшчыльную да цёмнага гмаху і ўбачыў высокую вежу, і тут толькі здагадаўся ён, што гэта не замак, а сабор. І тады ён сказаў:
— Мы наткнуліся на царкву, Санча.
— Я ўжо і бачу,— адгукнуўся Санча.— Ды і потым, калі памяць мяне не падводзіць, я ж вашай міласці казаў, што дом гэтай сеньёры знаходзіцца ў тупіку.
— Пабойся ж ты бога, дурань! — усклікнуў Дон Кіхот.— Дзе ты бачыў, каб замкі і каралеўскія палацы будаваліся ў тупіках?
Сеньёр,— запярэчыў Санча,— у кожнай краіне свой звычай: відаць, тут, у Табоса, заведзена будаваць палацы і вялізныя будынкі ў завулках, а таму будзьце ласкавы, ваша міласць, пусціце мяне паездзіць па бліжэйшых вуліцах і завулках, можа здарыцца, што ў якім-небудзь закавулку я і наткнуся на гэты палац, каб яго сабакі з’елі, гэтак ён нас закружыў і заганяў!
— Выказвайся больш пачціва, Санча, аб усім, што тычыцца маёй пані,— сказаў Дон Кіхот.— He будзем гарачыцца і не будзем траціць апошняга розуму.
— Пастараюся трымаць сябе ў руках,— аб’явіў Санча,— але толькі якое ж трэба мець цярпенне, калі ваша міласць патрабуе, каб я з першага разу на ўсё жыццё запомніў дом нашай гаспадыні і адшукаў яго апоўначы, калі вы самі, ваша міласць, не можаце яго адшукаць, а вы ж якраз яго, напэўна, тысячу разоў бачылі!
Ты даводзіш мяне да адчаю, Санча,сказаў Дон Кіхот.— Паслухай, ерэтык: ці не казаў я табе шмат разоў, што я ніколі не бачыў непараўнальную Дульцынею і не пераступаў цераз парог яе палаца і што я закахаўся ў яе толькі па чутках, бо да мяне дайшла гучная слава аб прыгажосці яе і розуме?
Цяпер я ўсё зразумеў,прамовіў Санча,і павінен прызнацца: калі ваша міласць ніколі яе не бачыла, то я і тым болып.
— He можа гэтага быць,— запярэчыў Дон Кіхот.— Прынамсі, ты сам мне казаў, што бачыў, як яна прасейвала зерне, і прывёз мне адказ на пісьмо, якое я пасылаў ёй з табой.
— На гэта вы асабліва не напірайце, сеньёр,— аб’явіў Санча,— бо патрэбна вам ведаць, што я і бачыў яе
і адказ прывёз таксама па чутках, і якая яна з выгляду, сеньёра Дульцынея, мне гэтак жа лёгка сказаць, як трапіць пальцам у неба.
Санча, Санча,прамовіў Дон Кіхот,— часам і пажартаваць можна, а часам кожны жарт становіцца нядобрым і недарэчным. І калі я сказаў, што ніколі не бачыўся і не размаўляў з валадаркай маёй душы, то гэта не азначае, што і ты павінен казаць, быццам ніколі не размаўляў з ёю і не бачыўся, бо ты сам ведаеш, што гэта не так.
У той час як яны размаўлялі аб гэтым, насустрач ім, ведучы двух мулаў, ішоў нейкі чалавек і па скрыгату плуга, які цягнуўся па зямлі, Дон Кіхот і Санча зрабілі вывад, што гэта хлебароб, які прачнуўся да світання і цяпер адпраўляецца на свой участак. Так яно і было на самай справе.
Хлебароб наблізіўся, і Дон Кіхот аклікнуў яго:
Памагай бог, дарагі дружа! Ці не можаце вы мне сказаць, дзе тут палац непараўнальнай прынцэсы донны Дульцынеі Табоскай?
— Сеньёр,— адказаў хлопец,— я нетутэйшы, я тут усяго некалькі дзён, наняўся на палявыя работы да аднаго багатага землеўладальніка, а вось у доме насупраць жывуць свяшчэннік і дзяк; хтосьці з іх, а то і абодва, падкажуць вам наконт гэтай сеньёры прынцэсы, бо ў іх запісаны ўсе жыхары Табоса, хоць мне здаецца, што ва ўсім Табоса ніводнай прынцэсы не знойдзеш. Паненак, праўда, шмат, ды яшчэ і важных: у сваім доме ўсе прынцэсы.
— Дык вось, дружа мой,— падхапіў Дон Кіхот,— сярод іх і павінна быць тая, аб якой я пытаю.
— Усё можа быць,— прамовіў хлопец,— а цяпер бывайце, ужо світае.
І, не чакаючы далейшых роспытаў, ён пагнаў сваіх мулаў. Санча, бачачы, што яго пан азадачаны і вельмі незадаволены, сказаў:
— Сеньёр, вось ужо і дзень настае, і нядобра, калі сонца застане нас на вуліцы; лепш было б нам вые-
хаць з горада: вы, ваша міласць, схаваліся б у бліжэйшым лесе, а я дзяньком вярнуся ў горад і пачну шнарыць па ўсіх закавулках, пакуль не знайду не то дом, не то замак, не то палац маёй пані. І ўжо гэта асаблівая будзе няўдача, калі я яго не знайду, а калі знайду, дык я пагавару з яе міласцю і скажу, дзе і ў якім настроі ваша міласць чакае яе ўказання, як бы гэта сустрэцца з ёю, не зрабіўшы шкоды яе гонару і добраму імені.