Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— Ваш пан, як відаць, рыцар па царкоўнай галіне і мае права аказваць такія міласці верным сваім збраяносцам,— заўважыў Санча.Ну а мой — самы звычайны свецкі, хоць, зрэшты, я прыгадваю, што адны разумныя людзі, якіх я, праўда, лічыў вераломнымі, спрабавалі ўгаварыць яго стаць архіепіскапам, аднак жа ён, апрача імператара, ні аб чым слухаць не хацеў, а я тады баяўся: а раптам яму захочацца пайсці па духоўнай галіне? Я ж кіраваць царкоўным прыходам не падыходжу,— патрэбна вам ведаць, ваша міласць, што хоць я і падобны на чалавека, але толькі царкве што ад мяне, што ад жывёлы — адна карысць.
— На самай справе, ваша міласць, вы памыляецеся, бо не ўсе астравы зграбна скроены,— запярэчыў другі слуга.— Трапляюцца сярод іх і крывыя, і бедныя, і маркотныя, і нават з самым роўным і стройным той няшчасны, каму ён дастанецца, клопатаў і непрыемнасцей не абярэцца. Куды б лепш нам кінуць гэту праклятую службу і разысціся па дамах! А ўжо
дома мы б заняліся болып прыемнымі справамі,— скажам, паляваннем ці рыбнай лоўляй, бо ў якога самага што ні ёсць беднага збраяносца няма сваёй канякі, пары хартоў і вуды, каб было чым заняцца ў вёсцы?
— У мяне ўсё гэта ёсць,— аб’явіў Санча.— Канякі, праўда, няма, але затое ёсць асёл — удвая лепшы, чым конь майго пана. He сустрэць мне радасна вялікдзень, бліжэйшы, які павінен быць, калі я калі-небудзь памяняю майго асла на гэтага каня, хоць бы ў дадатак мне далі не адну фанегу* аўса. Вы не паверыце, ваша міласць, які ў мяне цудоўны шэры. Ну а з сабакамі затрымкі не будзе: сабак у нас у вёсцы колькі хочаш.
Шчыра кажучы, сеньёр збраяносец,— сказаў другі слуга,— я надумаўся і вырашыў кінуць гэту рыцарскую лухту, вярнуцца ў сваю вёску і гадаваць дзяцей: у мяне іх трое, і ўсе — нібы перлы Усходу.
— А ў мяне двое,— сказаў Санча,— ды такія, што паднось іх на талерцы хоць самому рымскаму папе, асабліва дзяўчынка. Я яе, з божай дапамогай, рыхтую ў графіні, хоць і насуперак маці.
— А колькі ж гадоў гэтай сеньёры, якая павінна стаць графіняй? — пацікавіўся другі слуга.
— Каля пятнаццаці,— адказаў Санча,— але ростам яна з кап’ё, свежая, як красавіцкая раніца, а моцная, як усё роўна падзёншчык. І я малю бога, каб ён прывёў мяне ўбачыцца з сям’ёй і пазбавіў ад смяротнага граху, гэта значыць ад небяспечнай службы збраяносца. Звязаўся ж я з ёю другі раз таму, што мяне спакусіў і звёў кашалёк з сотняй дукатаў, які я аднойчы знайшоў у самым сэрцы Сьера-Марэны, а цяпер чорт раз-пораз махае ў мяне перад вачамі мяшком з дублонамі*,— то тут, то там, аж гляджу, не там, а вунь дзе,— і мне ўсё падаецца: вось я яго хапаю рукамі, прыціскаю да грудзей, нясу дамоў, купляю зямлю, здаю яе ў арэнду і жыву сабе як той прынц, і варта мне аб гэтым падумаць, як мне ўжо здаюцца лёгкімі і цярпімымі тыя пакуты, што мне даводзіцца цярпець
з-за майго прыдуркаватага пана, якога я лічу не столькі рыцарам, колькі дзіваком.
— Вось таму якраз і кажуць, што ад зайздрасці вочы разбягаюцца,— заўважыў другі слуга.— Але калі ўжо размова зайшла аб дзіваках, то большага дзівака, чым мой пан яшчэ не бачыў свет, бо гэта пра такіх, як ён, кажуць: чужыя клопаты і асла загубяць. Бо для таго, каб іншы рыцар абразуміўся, ён сам стаў вар’ятам і цяпер раз’язджае ў пошуках таго, што пры сустрэчы можа яму яшчэ выйсці бокам.
— А ён, часам, не закаханы?
Закаханы,адказаў другі слуга,у нейкую Касільдэю Вандальскую, такую крутую і непрамешаную асобу, якіх свет не бачыў. Але толькі крутым норавам яго не проймеш, і неўзабаве гэта выявіцца.
— На самай роўнай дарозе трапляюцца бугаркі і калдобіны,заўважыў Санча.У людзей яшчэ толькі вараць боб, а ў мяне яго поўныя катлы; у вар’яцтва, значыць, больш спадарожнікаў ды прыслужнікаў, чым у мудрасці. Аднак жа, калі нездарма кажуць, што лягчэй на свеце жыць, маючы таварыша па няшчасці, то і мне ваша міласць будзе суцяшэннем: ваш жа пан такі ж дурань, як і мой.
— Дурань, ды затое хват,— запярэчыў другі слуга,— і не такі ён дурны і хвацкі, як хітры.
— А мой не такі,— аб’явіў Санча.Я хачу сказаць, што ў майго хітрасці зусім няма, душа ў яго наросхрыст, ён нікому не здольны зрабіць зло, ён робіць толькі дабро, вераломства гэтага самага ў яго ні на волас няма, кожнае дзіця пераканае яго, што зараз ноч, хоць бы гэта была сярэдзіна дня, і вось за гэту яго дабрадушнасць я і люблю яго больш за жыццё і, нягледзячы ні на якія яго дурыкі, пры ўсім жаданні не магу ад яго пайсці.
— Як бы там ні было, дружа і васпан мой,— сказаў слуга рыцара-песняпеўца,— калі сляпы вядзе сляпога, то абодва зваляцца ў яму. Лепш было б нам бадзёрым крокам у родныя мясціны, а то ж прыгоды не заўсёды бываюць прыемныя.
Санча штохвілінна сплёўваў сліну, на выгляд ліпкую і даволі густую, і, заўважыўшы гэта, спагадлівы збраяносец другога рыцара прамовіў:
— Па-мойму, мы так шмат гаварылі, што ў нас у горле перасохла. Ну, ды ў мяне прывязаны да седлавой лукі такі добры сродак, які прамочвае,— проста цуд!
Сказаўшы гэта, ён падняўся і неўзабаве вярнуўся з вялікім бурдзюком віна і пірагом даўжынёю з паўлокця, і гэта не перабольшванне, бо то быў пірог з трусом такой велічыні, што Санча, дакрануўшыся да яго і вырашыўшы, што гэта нават не казлёнак, а цэлы казёл, звярнуўся да другога збраяносца з пытаннем:
— І вы гэтакае возіце з сабой, сеньёр?
— А вы што ж думалі? — адгукнуўся той.Ці, павашаму, я ўжо такі ўбогі збраяношка? На крыжы майго каня больш запасаў забеспячэння, чым у генерала, калі ён адпраўляецца ў паход.
He прымусіўшы сябе доўга ўгаворваць, Санча пачаў есці і, спехам глытаючы кавалкі велічынёю з млынавы камень, сказаў:
— Ваша міласць — вось ужо сапраўды верны і адданы збраяносец, сапраўды раскошны і багаты, як паказвае гэты банкет, які вы арганізавалі, быццам чараўнік,— не тое што я, збраяносец нікчэмны і няўдачлівы, у якога ў перакідных торбах толькі і ёсць што крыху сыру, такога цвёрдага, што ім нічога не значыць разбіць галаву велікану, ды звыш таго паўсотні салодкіх стручкоў, ды столькі ж лясных і грэцкіх арэхаў. А ўсё таму, што мой пан бедны і яшчэ таму, што ён прытрымліваецца той думкі і трымаецца таго правіла, быццам вандроўныя рыцары павінны падмацоўвацца і харчавацца аднымі толькі сухімі пладамі ды палявымі травамі.
— Па шчырасці, братка,— аб’явіў другі слуга,— мой страўнік няздольны пераварваць чартапалох, дзікія грушы і драўляныя карані. Ну іх к чорту, нашых паноў, з усімі іх меркаваннямі і рыцарскімі законамі!
Няхай сабе ядуць што хочуць — я вязу з сабой халоднае мяса, а да седлавой лукі ў мяне на ўсякі выпадак прывязаны вось гэты бурдзюк, і я яго так люблю і абагаўляю — ну нават хвілінкі не магу прабыць, каб не абняць яго і не прыпасці да яго вуснамі.
Сказаўшы гэта, ён сунуў бурдзюк у рукі Санча, і той, нахіліўшы яго і пацягваючы з горлейка, каля чвэрткі гадзіны разглядваў зоркі.
Доўга яшчэ два слаўныя збраяносцы размаўлялі і выпівалі, пакуль нарэшце сон не звязаў ім языкі і не зменшыў іх смагу, наталіць жа яе было немагчыма; так яны і заснулі, трымаючыся за амаль пусты бурдзюк, з недажаванымі кавалкамі пірага ў роце, і цяпер мы іх часова пакінем, каб расказаць, аб чым размаўлялі паміж сабою Рыцар Люстэркаў і Рыцар Журботнага Вобраза.
Р а з д з е л XIV, у якім працягваецца прыгода з Рыцарам Люстэркаў
Пасля працяглай размовы з Дон Кіхотам другі рыцар звярнуўся да яго з такімі словамі:
— А цяпер, сеньёр рыцар, ведайце, што не столькі па волі лёсу, колькі па сваёй добрай волі мне собіла закахацца ў непараўнальную Касільдэю Вандальскую. Я называю яе непараўнальнай таму, што ніхто не можа з ёю параўнацца ні па велічнасці целаскладу, ні па радавітасці, ні па прыгажосці. I вось гэта Касільдэя, аб якой я кажу, за ўсе мае сумленныя намеры і высакародныя пачуцці адплаціла тым, што, па прыкладзе мачахі Геркулеса*, загадала мне вытрымаць шматлікія выпрабаванні, і ў канцы кожнага яна давала мне слова, што ў канцы наступнага спраўдзяцца мае спадзяванні. А між тым пакуты мае нанізваюцца адна на адну, і нельга іх злічыць, і цяпер ужо я ведаю, якая з іх будзе апошняй і паложыць пачатак ажыццяўлен-
ню маіх добрых пажаданняў. Аднойчы яна загадала мне выклікаць на паядынак вядомую севільскую веліканшу Хіральду*, мажную і здаравенную, нібы вылітую з медзі, і хоць яна заўсёды на адным месцы, самую зменлівую і непастаянную жанчыну ў свеце. Я прыйшоў, убачыў, перамог* яе, загадаў стаяць спакойна і не круціцца. Яшчэ неяк загадала мая валадарка ўзважыць старажытных каменных Быкоў Гісанда*, а яны ж такія цяжкія, што гэта хутчэй падышло б грузчыкам, чым рыцарам. Яшчэ неяк загадала яна мне скінуцца ў прорву Кабра*,справа страшная і нечуваная,— а затым падрабязна далажыць ёй аб тым, што ў змрочнай той прорве тоіцца. Я спыніў кручэнне Хіральды, узважыў Быкоў Гісанда, кінуўся ў прорву і даследаваў тое, што таілася на яе дне, а надзеі мае як не збываліся, так і не збываюцца, загады ж яе і пагарда — гэта ўсё сваім парадкам. Бо вось ужо зусім нядаўна загадала яна мне аб’ехаць усе іспанскія правінцыі і дамагчыся прызнання ад усіх вандроўных рыцараў, якія толькі блукаюць, што прыгажосцю сваёю яна пераўзышла ўсіх жанчын на свеце, а што я самы адважны і закаханы рыцар ва ўсім свеце, і па яе распараджэнні я ўжо аб’ехаў амаль усю Іспанію і перамог рыцараў, якія адважваліся мне пярэчыць. Але больш за ўсё я ганаруся і выхваляюся тым, што перамог у адзінаборстве славутага рыцара Дон Кіхота Ламанчскага і прымусіў яго прызнаць, што мая Касільдэя Вандальская прыгажэйшая за Дульцынею, і лічу, што гэта раўназначна перамозе над усімі рыцарамі ў свеце, бо іх усіх перамог згаданы мною Дон Кіхот, a калі я яго перамог, то яго слава, гонар і заслугі пераходзяць да мяне і пераносяцца на маю асобу, таму незлічоныя подзвігі названага мною Дон Кіхота цяпер ужо прыпісваюцца мне і становяцца маімі.
Са здзіўленнем слухаў Дон Кіхот разважанні другога рыцара і не аднойчы гатовы быў сказаць яму, што ён хлусіць; слова “хлусня” так і круцілася ў яго на языку, аднак жа ён колькі мог стрымліваў сябе,
каб той канчаткова заблытаўся ва ўласнай хлусні, і таму спакойна зазначыў:
— Што ваша міласць, сеньёр рыцар, перамагла ледзь ці не ўсіх вандроўных рыцараў Іспаніі і нават усяго свету, тут я нічога не магу сказаць, але што вы перамаглі Дон Кіхота Ламанчскага — гэта я стаўлю пад сумненне. Магчыма, гэта быў хтосьці іншы, на яго падобны, хоць, зрэшты, мала хто на яго падобны.