Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
Караска ўсё гэта ўхваліў, а збраяносцам да яго папрасіўся Таме Сесьяль, кум і сусед Санча Пансы, весялун і пустальга. Вышэй было сказана, як сабраўся Самсон, а Таме Сесьяль прыладзіў да натуральнага свайго носа ўжо згаданы штучны і падробны, каб яго
не пазнаў кумок, калі яны сустрэнуцца, і паехалі Караска з Сесьялем па той жа самай дарозе, што і Дон Кіхот, зусім былі дагналі яго ў час прыгоды з калясніцаю Смерці і ўрэшце сутыкнуліся з ім у лесе, дзе і адбылося з імі ўсё тое, аб чым уважлівы чытач ужо ведае. Таме Сесьяль, бачачы, якім няўдалым атрымалася іх пачынанне і які змрочны канец іх дарогі, звярнуўся да бакалаўра з такімі словамі:
-	Сказаць шчыра, сеньёр Самсон Караска, так нам і трэба: не хітра штосьці задумаць і выканаць, ды часцей за ўсё цяжка бывае ўцячы. Дон Кіхот вар’ят, мы з вамі здаровыя, ён сабе цалюткі, ды яшчэ пасміхваецца, а вы вунь які, ваша міласць: пабіты і сумны. Цяпер давайце падумаем, хто больш звар’яцелы: той, які іншым і быць не можа, ці безразважны па асабістым жаданні.
На гэта яму Самсон адказаў так:
—	Розніца паміж гэтымі двума вар’ятамі заключаецца ў тым, што вар’ят нехаця вар’ятам і застанецца, вар’ят жа добраахвотна ў любы час можа ператварыцца ў чалавека здаровага.
-	Калі так,падхапіў Таме Сесьяль,то я добраахвотна з’ехаў з глузду, пажадаўшы пайсці да вашай міласці збраяносцам, цяпер я, гэтак жа добраахвотна, жадаю абразуміцца і вярнуцца дадому.
—	Гэта твая справа,— зазначыў Самсон,— а я, пакуль не адлупцую Дон Кіхота, ні ў якім разе не вярнуся і цяпер я пачну даймаць яго не з мэтай абразуміць, а толькі ў мэтах помсты, бо моцны боль у рэбрах вымушае мяне адмовіцца ад больш чалавекалюбівых намераў.
Працягваючы такую размову, даехалі яны да адной вёскі, і тут ім пашчасціла знайсці кастаправа, які і дапамог няшчаснаму Самсону. Таме Сесьяль пакінуў яго і вярнуўся дадому, Самсон жа, застаўшыся адзін, пачаў абдумваць план помсты, і ў свой час гісторыя наша да яго яшчэ вернецца, а цяпер ёй хочацца падзяліць з Дон Кіхотам яго радасць.
Р а з д з е л XVI,
з якога вынікае, якіх вяршынь і межаў магла дасягнуць і дасягнула нечуваная мужнасць Дон Кіхота, і дзе расказваецца аб прыгодзе
з ільвамі, якую Дон Кіхоту ўдалося шчасліва завяршыць
Радасны, шчаслівы і горды, як ужо было сказана, працягваў Дон Кіхот свой шлях. Яму здавалася, што атрыманая перамога зрабіла яго самым адважным рыцарам свайго часу; ён лічыў усе прыгоды, якія толькі могуць чакаць яго ў будучым, ужо завершанымі і даведзенымі да пераможнага канца; ён ужо пагарджаў і чараўнікамі і самім чараўніцтвам; ён ужо забыўся і пра шматлікія пабоі, якія за час рыцарскіх яго прыгод давялося яму прыняць, і пра камень, што выбіў яму палавіну зубоў, і пра няўдзячнасць катаржнікаў, і пра тую грубасць, з якою янгуасцы лупцавалі яго дубінамі; быццам ён казаў сабе, што калі б прыдумаў ён толькі хітрасць, прыём ці спосаб, каб вызваліць ад чараў сеньёру Дульцынею, то ўжо не стаў бы зайздросціць найвялікшай удачы, якая калі-небудзь выпадала на долю няўдачлівага вандроўнага рыцара мінулых часоў. Ён усё яшчэ быў заняты гэтымі думкамі, калі Санча сказаў яму:
— Як вам гэта падабаецца, сеньёр? У мяне так і стаіць перад вачамі вялізны, празмерны нос майго кума Таме Сесьяля.
— Няўжо ты і на самай справе думаеш, Санча, што Рыцар Люстэркаў — гэта бакалаўр Караска, а яго збраяносец — твой кум Таме Сесьяль?
— He ведаю, што вам на гэта адказаць,— прамовіў Санча,— ведаю толькі, што ніхто, апрача гэтага збраяносца, не мог бы паведаміць мне такія дакладныя прыметы майго дома, жонкі і дзяцей, твар жа ў яго без падробнага носа зусім як у Таме Сесьяля, а з Таме Сесьялем я, калі жыў у вёсцы, бачыўся часта, ды і
дамы нашы — побач, зноў жа і размаўляе ён якраз як Таме Сесьяль.
— Давай разважым добра, Санча,сказаў Дон Кіхот.— Паслухай: ну дзеля чаго бакалаўру Самсону Караску пераапранацца вандроўным рыцарам, браць з сабой зброю як для абароны, так і для наступлення і выклікаць мяне на бой? Хіба я яго вораг? Хіба я чымсьці наклікаў на сябе яго гнеў? Хіба я яго сапернік? Хіба ён заняўся вайсковай справай і зайздросціць той славе, якую я на гэтай ніве здабыў?
— А што вы скажаце, сеньёр, аб незвычайным падабенстве гэтага рыцара, хто б ён ні быў, з бакалаўрам Караскам, а яго збраяносца — з маім кумам Таме Сесьялем? — запярэчыў Санча.— І калі гэта, па-вашаму, чараўніцтва, то чаму ж чараўнікі захацелі быць падобнымі на гэту парачку?
Усё гэта падкопы іхітрыкі вераломных чараўнікоў, якія даймаюць мяне,— адказаў Дон Кіхот.— Прадбачачы тое, што мне наканавана атрымаць у гэтай схватцы перамогу, яны падстроілі так, што пераможаны рыцар зрабіўся падобным на майго сябра бакалаўра, каб сяброўская мая прыхільнасць да яго, стаўшы паміж вастрыём майго мяча і няўмольнасцю маёй рукі, суцішыла справядлівы гнеў майго сэрца,— ім патрэбна было выратаваць жыццё таму, хто хітрасцю і падманам спрабаваў забіць мяне. І табе, Санча, доказы не патрэбны, бо ты сам ведаеш з вопыту, а вопыт ніколі не хлусіць і не падманвае, што чараўнікам нічога не значыць замяніць адзін выгляд іншым: прыгожы пачварным, а пачварны — прыгожым. Два дні таму назад ты сваімі вачамі бачыў прыгажосць і станістасць непараўнальнай Дульцынеі ва ўсёй яе цэласнасці і ў поўнай адпаведнасці сапраўднаму яе выгляду, я ж бачыў перад сабой нязграбную, грубую, простую сялянку з цьмянымі зрэнкамі і з дрэнным пахам з роту, і калі ганебны чараўнік адважыўся на такое гнюснае ператварэнне, то нядзіўна, што ён жа ператварыў рыцара ў Самсона Караску, а яго збраяносца у твайго
кума, каб пазбавіць мяне гонару пераможцы. Але, як бы там ні было, я суцешаны, таму што, нягледзячы на яго аблічча, перамога ўсё ж дасталася мне.
— Адзін бог ведае, дзе тут праўда,— заўважыў Санча.
А паколькі Санча ведаў, што ператварэнне Дульцынеі адбылося дзякуючы яго ўласным хітрыкам і махлярству, то ён не мог быць задаволены здагадкамі свайго пана, аднак жа пярэчыць не стаў, каб не прагаварыцца і самому не выкрыць свой падман.
Трохі счакаўшы, Санча звярнуў з дарогі, каб папрасіць малака ў пастухоў, якія даілі непадалёку авечак, а Дон Кіхот між тым падняў галаву і ўбачыў, што насустрач едзе павозка, расквечаная каралеўскімі сцяжкамі, і, вырашыўшы, што гэта, ужо дакладна, якая-небудзь новая прыгода, ён гучна пачаў крычаць Санча Пансу, каб той падаў яму шлем. Санча якраз у гэты час купляў у пастухоў тварог; настойлівы кліч пана збіў яго з панталыку, і ён не ведаў, што з гэтым тварагом рабіць і ў чым яго везці; расстацца з ім было шкада, бо грошы за яго былі ўжо заплачаны, і таму вырашыў ён сунуць яго ў шлем свайго пана. 3 гэтымі якраз слаўнымі дарамі накіраваўся ён да Дон Кіхота, каб даведацца, што яму патрэбна, а той пры яго набліжэнні прамовіў:
Дружа мой, падай мне шлем. Ці я мала разумею ў прыгодах, ці ж тое, што там віднеецца, уяўляе сабою такую прыгоду, якая павінна прымусіць мяне, і ўжо прымушае, узяцца за зброю.
Санча не паспеў выняць са шлема тварог і таму вымушаны быў падаць яго як ёсць. Дон Кіхот узяў шлем і, не звярнуўшы ўвагі, ці ёсць што ўнутры, з вялікай жвавасцю надзеў яго на галаву; таму што тварог зляжаўся і адціснуўся, то па ўсім твары і барадзе Дон Кіхота пацякла сыроватка; гэта акалічнасць нагнала жаху на Дон Кіхота, і ён сказаў Санча:
— Што б гэта азначала, Санча? He то ў мяне размякчыўся чэрап, не то растапіўся мозг, не то я ўвесь
змок ад поту? Але калі я і сапраўды ўспацеў, то, ужо вядома, не ад страху, хоць я і не сумняваюся, што прыгода, якая чакае мяне, жахлівая. Дай мне чымнебудзь абцерціся,— пот такі спорны, што я нічога не бачу.
Санча падаў яму хустку, у думках усхваляючы госпада бога за тое, што яго пан не зразумеў, у чым справа, Дон Кіхот выцерся і зняў шлем, каб паглядзець, чаму гэта стала холадна галаве, а як толькі ўбачыў унутры шлема белую кашку, то паднёс яе да носа і, панюхаўшы, сказаў:
— Клянуся жыццём сеньёры Дульцынеі Табоскай, ты, здраднік, махляр і непачцівы збраяносец, паклаў мне сюды тварог!
На гэта Санча, прыкінуўшыся зусім спакойным, адказаў так:
— Калі гэта тварог, дык дайце яго мне, ваша міласць, я яго з’ем... Ды не, няхай яго чорт з’есць,— гэта ж ён, відаць, сунуў яго ў шлем. Ды хіба я адважуся запэцкаць шлем вашай міласці? Знайшлі якога смельчака! Сумленна вам скажу, сеньёр: я сваім слабым розумам, мне богам дадзеным, цямлю так, што ў мяне таксама, пэўна, ёсць гэтыя самыя чараўнікі, і яны мяне даймаюць, таму што я ваша стварэнне і плоць ад вашай плоці, і сунулі яны туды гэту гадасць, каб вывесці вас з цярплівасці і прымусіць пералічыць мне, як гэта вамі заведзена, рэбры. Аднак жа на гэты раз яны, слова гонару, пралічыліся: я спадзяюся на цвярозы розум майго пана,— мой пан зразумее, што няма ў мяне ні тварагу, ні малака, нічога падобнага, a калі б у мяне штосьці такое і было, то я хутчэй знайшоў бы яму месца ў сваім уласным страўніку, чым у вашым шлеме.
— І сапраўды,— зазначыў Дон Кіхот.
Тут ён выцер галаву, твар і бараду, выцер шлем і надзеў яго, выцягнуўся на страмёнах і, агледзеўшы меч і ўзяўшы ў рукі кап’ё, прамовіў: што будзе, тое
будзе, у мяне хопіць мужнасці схапіцца з самім чортам.
Тым часам павозка са сцяжкамі пад’ехала бліжэй, і тут выявілася, што, апрача паганятага вярхом на адным з мулаў і яшчэ аднаго чалавека на перадку павозкі, ніхто больш яе не суправаджаў. Дон Кіхот выехаў наперад і прамовіў:
— Куды, браткі, кірунак бераце? Што гэта за павозка, што вы ў ёй везяце і што гэта за сцягі?
Паганяты ж яму на гэта адказаў так:
— Павозка мая, а вязу я клетку з двума лютымі львамі, якіх губернатар Аранскі адсылае да двара ў падарунак яго вялікасці, сцягі ж — гаспадара нашага караля ў знак таго, што вязём мы яго маёмасць.
— А ці вялікія гэтыя львы? пацікавіўся Дон Кіхот.
— Такія вялікія,— адказаў чалавек, які сядзеў на перадку,— што большых за іх ці нават такіх, як яны, яшчэ ні разу з Афрыкі ў Іспанію не прывозілі. Я львіны вартаўнік, шмат ільвоў перавёз на сваім вяку, але такіх, як гэтыя, яшчэ не даводзілася. Гэта леў і львіца; леў у пярэдняй клетцы, а львіца ў задняй, і зараз яны галодныя, бо з раніцы яшчэ нічога не елі, так што, ваша міласць, вы ўжо нас прапусціце, нам патрэбна хутчэй дабрацца да якой-небудзь вёскі і пакарміць іх.