Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— Я не памятаю такога пункта, Санча,— сказаў Дон Кіхот,— але калі нават гэта і так, усё ж я хачу, каб ты замоўк і паехаў услед за мной: музыка, якую мы ўчора вечарам слухалі, зноў весяліць даліны, і, зразумела, вяселле будзе адсвяткавана халаднаватай раніцай, а не ў спякотлівы поўдзень.
Санча выканаў распараджэнне свайго пана, і як толькі ён асядлаў Расінанта і шэрага, то абодва селі вярхамі і павольным крокам уехалі пад навес. Першае, што ўбачыў Санча,— гэта цэлы бычок, насаджаны на ражон з суцэльнага вяза і які смажыўся на агні, дзе гарэла шмат дроў, шэсць жа катлоў, што стаялі вакол агню, формаю сваёю не нагадвалі звычайныя катлы, хутчэй гэта былі бочкі, здольныя ўмясціць кучы мяса: яны так непрыкметна ўбіралі ў сябе і паглыналі авечыя тушы, быццам гэта былі не авечыя тушы, а галубы; ужо аблупленых зайцоў і абскубеных курэй, што віселі на дрэвах і чакалі свайго пахавання ў катлах, нельга было злічыць; вельмі многа бітай птушкі і разнастайнай дзічыны было развешана на дрэвах, каб правяліць яе. Санча налічыў звыш шасцідзесяці бурдзюкоў ёмістасцю болып за дзве аробы кожны і, як высветлілася пасля, з віном лепшых гатункаў; беласнежны хлеб быў звалены ў кучы, як звычайна звальваюць зерне на гумне; сыры, складзеныя, як цэгла, утваралі цэлую сцяну; два вялікія чаны з алеем служылі для выпякання вырабаў з цеста; падпечанае цеста выцягвалі вялізнымі лапатамі і кідалі ў чан з мёдам, які стаяў тут жа. Повараў і паварых было болып за пяцьдзесят, і ўсе яны, як на падбор, былі акуратнымі, кемлівымі і задаволенымі. У прасторным чэраве бычка было зашыта дванаццаць маленькіх маладзенькіх парасят, ад чаго мяса яго павінна было стаць яшчэ болып смачным і больш прыемным. У вялікай скрыні знаходзіліся вострыя прыправы ўсіх гатункаў: відаць было, што іх куплялі не фунтамі, а цэлымі аробамі. Адным словам, вясельны пачастунак быў чыста вясковы, але затое такі багаты, што яго хапіла б на цэлае войска.
Санча Панса ўсё гэта разглядваў, усё гэта сузіраў і ўсім гэтым любаваўся. Спачатку яго паланілі і спакусілі катлы, з якіх ён з найвялікаю ахвотаю наліў бы сабе чыгунок. Затым бурдзюкі паланілі яго сэрца і, нарэшце, вырабы з цеста, што пякліся, зусім неспадзявана, не на патэльнях, а ў пузатых чанах. Цярпець далей і рабіць інакш было вышэй за яго сілы, a таму ён наблізіўся да аднаго са старанных повараў і на мове галоднага, хоць і зусім пачцівага чалавека папрасіў дазволу абмакнуць у адзін з катлоў лустку хлеба. Повар жа яму на гэта сказаў:
— На сягоння, браток, дзякуючы багачу Камача голад атрымаў адстаўку. Злазь з асла, пашукай чарпак, вылаві адну-дзве курачкі, ды і еж сабе на здароўе.
— Я нідзе не бачу чарпака,— аб’явіў Санча.
— Пачакай,— сказаў повар.— Гора мне з табой! Які ты, відаць, зломак і няўмека!
3 апошнім словам ён схапіў каструлю, акунуў яе ў бочку, вылавіў тры курыцы і дзве гусі і сказаў Санча:
— Еж, прыяцель, падмацуйся пакуль да абеду гэтымі пеначкамі.
Мне няма куды іх палажыць,— запярэчыў Санча.
— Дык вазьмі з сабой і каструльку,— сказаў noBap,— багацце і шчасце Камача кампенсуюць любыя страты.
Пакуль Санча вёў гэту размову, Дон Кіхот назіраў за тым, як пад шацёр уязджалі дванаццаць сялян, усе як адзін у яркіх святочных строях, вярхом на цудоўных кабылах, якія цешылі вока багатай сваёй збруяй з мноствам званочкаў на нагрудніках. Стройны гэты атрад некалькі разоў з вясёлым шумам і гамам прагарцаваў па лужку.
— Няхай жывуць Камача і Кітэрыя! — выгуквалі сяляне.— Ён такі ж багаты, наколькі яна прыгожая, a яна прыгажэйшая за ўсіх на свеце!
Паслухаўшы іх, Дон Кіхот падумаў:
“Можна сказаць з упэўненасцю, што яны ніколі не бачылі маёй Дульцынеі Табоскай, таму што калі б яе бачылі, то збавілі б тон у пахвале гэтай самай Кітэрыі”.
Неўзабаве з розных бакоў пачалі збірацца пад шацёр удзельнікі розных танцаў, і, між іншым, дваццаць чатыры выканаўцы танца з мячамі, усе маладзец да малайца, у адзенні з тонкага беласнежнага палатна, у галаўных уборах з добрага рознакаляровага шоўку. Адзін з коннікаў спытаў кіраўніка танцораў, зухаватага хлопца, ці не параніўся хто-небудзь з іх.
—	Слава богу, да гэтага часу ніхто не параніўся, усе мы жывыя-здаровыя.
І тут, уцягваючы за сабою сваіх таварышаў і вытвараючы розныя каленцы, ён пачаў да таго спрытна кружыцца, што хоць Дон Кіхоту не раз даводзілася бачыць такія танцы, аднак жа гэты спадабаўся яму больш за ўсіх.
Спадабаўся яму і танец вельмі прыгожых дзяўчат, такіх юных на выгляд, што кожнай з іх можна было даць сама меней чатырнаццаць год, а сама болей васемнаццаць; прыбраліся яны ў сукенкі з зялёнага сукна; валасы ў вянках з язміну, ружаў, амаранту і бружмелю, такія залацістыя, што маглі сапернічаць з сонечнымі промнямі, у адных былі заплецены ў косы, у другіх распушчаны. Кіраўнікамі іх былі масціты стары і паважаная матрона, не па гадах, аднак жа гнуткія і рухавыя. Танцавалі яны пад валынку, як лепшыя ў свеце танцоўшчыцы, і ногі іх былі настолькі ж быстрыя, наколькі сціплым быў выраз іх твараў.
Тут Санча Панса звярнуўся да Дон Кіхота з такімі словамі:
—	Хто як, а я за Камача.
—	Адным словам,— зазначыў Дон Кіхот,— зараз відаць, Санча, што ты мужык, ды яшчэ з тых, якія падлізваюцца да моцных.
—	He ведаю, да каго я падлізваюся,запярэчыў Санча,— ведаю толькі, што з катлоў Басільё ніколі мне
не зняць такіх прыгожых пенак, якія я зняў з катлоў Камача.
Тут ён паказаў Дон Кіхоту каструлю з гусямі і курамі, выцягнуў адну курыцу, з вялікай асалодай і ахвотай пачаўшы ўмінаць яе, прамовіў:
— Ану яго к усім чарцям, гэтага Басільё, і з усімі яго здольнасцямі! Колькі маеш, столькі ты і каштуеш, і столькі каштуеш, колькі маеш. Мая нябожчыца бабуля часта гаварыла, што ўсе людзі дзеляцца на багатых і бедных, і яна сама аддавала перавагу багатым, а ў наш час, васпан мой Дон Кіхот, багацеям куды больш прывольна жывецца, чым грамацеям. Асёл, накрыты золатам, лепшы за асядланага каня. Вось чаму я яшчэ раз паўтараю, што стаю за Камача, з яго катлоў можна зняць нямала пенак, гэта значыць гусей, курэй, зайцоў і трусоў, а ў катлах Басільё дно відаць, а на дне калі што і ёсць, дык хіба адна жыжка.
— Ты скончыў сваю прамову, Санча? — спытаў Дон Кіхот.
— Павінен буду скончыць,— адказаў Санча,— бо вашай міласці, як відаць, яна не па душы, а калі б не гэта, я б яшчэ дні тры салаўём разліваўся.
— Дай бог, Санча, каб ты знямеў, пакуль я яшчэ жывы,— сказаў Дон Кіхот.
— Справы нашы такія,— зазначыў Санча,— што я яшчэ пры жыцці вашай міласці дастануся чарвякам на корм і тады, ужо дакладна, зусім знямею і не вымаўлю ніводнага слова да самага канца свету ці сама меней да страшнага суда.
— Калі б нават усё гэта так і адбылося,— запярэчыў Дон Кіхот,— усё роўна тваё маўчанне, Санча, не параўнялася б з тым, што ты ўжо нагаварыў, гаворыш цяпер і яшчэ нагаворыш у сваім жыцці. Прытым куды больш натуральна дапусціць, што я памру раней за цябе, вось чаму я не змагу разлічваць, што ты пры мне знямееш хоць бы на той час, калі ты п’еш ці спіш, а пра большае я ўжо і не мару.
— 3 чыстым сумленнем скажу вам, сеньёр,— аб’явіў Санча,— на кірпатую спадзявацца не даводзіцца, гэта значыць, вядома, на смерць: для яе што жаўтаротае птушаня, што сівабароды стары — усё адно, а ад нашага свяшчэнніка я чуў, што яна гэтак жа часта зазірае ў высокія каралеўскія вежы, як і ва ўбогія бядняцкія хаціны. Гэта пані больш любіць паказваць сваю сілу, чым сарамлівасць. Яна ніколькі не пераборлівая: усё есць, нічым не грэбуе і набівае торбу людзьмі ўсіх узростаў і званняў. Яна не з тых жней, якія любяць падрамаць апоўдні: яна ў любы час жне, і прытым любую траву — і зялёную і сухую і, мусіць, не разжоўвае, а проста так жарэ і глытае што ні трапіла, бо яна галодная, як сабака, і ніколі не наядаецца ўволю, і хоць у яе жывата няма, а ўсё ж такі можна падумаць, што ў яе вадзянка, таму яна з такой прагнасцю выцэджвае жыццё з усіх, хто жыве на свеце, нібы гэта карэц халоднай вады.
— Спыніся, Санча,— перапыніў яго тут Дон Кіхот.Трымайся на гэтай вышыні і не падай. Прызнайся, тое, што ты па-вясковаму проста сказаў аб смерці, мог бы сказаць лепшы прапаведнік. Кажу табе, Санча: калі б да тваіх добрых схільнасцей дадаць вастрыню розуму, то табе заставалася б толькі ўзяць кафедру падпаху і пайсці захапляць свет сваім майстэрствам.
— Жыві праўдзіва — вось самая лепшая пропаведзь, а іншага багаслоўя я не ведаю,— аб’явіў Санча.
Ніякага іншага багаслоўя табе і не патрэбна,— зазначыў Дон Кіхот.— Але толькі вось чаго я не магу зразумець і ўцяміць: калі пачатак мудрасці — страх божы, то адкуль жа ў цябе такія веды, калі ты любой яшчаркі баішся больш, чым госпада бога?
Разважайце, сеньёр, аб справах вашага рыцарства і не бярыцеся разважаць аб чужой палахлівасці і чужой храбрасці,адрэзаў Санча,— наконт страху божага я каго хочаце за пояс заткну. Затым дазвольце мне, ваша міласць, паласавацца гэтымі самымі пеначкамі, а ўсё астатняе — пустаслоўе, за якое з нас на тым свеце спытаюць.
І, сказаўшы гэта, ён з такою самаахвярнаю адвагаю рынуўся на прыступ каструлі, што, гледзячы на яго, загарэўся адвагай і Дон Кіхот і, без сумнення, падтрымаў бы яго, але гэтаму перашкодзілі пэўныя акалічнасці, аб якіх давядзецца расказаць далей.
Р а з д з е л XIX,
у якім працягваецца вяселле Камача і адбываюцца іншыя цікавыя падзеі
У той час як Дон Кіхот і Санча вялі паміж сабою размову, прыведзеную ў папярэднім раздзеле, пачуліся гучныя галасы і вялікі шум; паднялі ж гэты шум і крык сяляне, што прыехалі сюды на кабылах: цяпер яны на ўсю моц імчаліся насустрач маладым, якія з натоўпам музыкантаў і забаўнікаў набліжаліся ў суправаджэнні свяшчэнніка, сваякоў і найболып важных жыхароў навакольных вёсак, і ўсе ўдзельнікі шэсця былі ў святочных уборах. Як толькі Санча ўбачыў нявесту, то ўсклікнуў:
— Пацвердзіць бог, адзета яна не па-вясковаму, a як сталічная модніца! Праўду кажу, на ёй не патэны*, а, калі толькі вочы мае мяне не падманваюць, дарагія каралы і не таннае зялёнае сукно, а самы лепшы аксаміт! А белая аблямоўка, думаеце, з простага палатна? Але ж не — далібог, з атласу! А пярсцёнкі, скажаце, гагатавыя? Дзе там, прападзі я пропадам, калі гэта не залатыя пярсцёнкі, ды яшчэ якія залатыя якраз з жамчужынамі, белымі, быццам сыракваша? Кожная такая жамчужына даражэйшая за вока! А валасы ж, госпадзі. Калі толькі яны не накладныя, то я такіх доўгіх і такіх залацістых зроду не бачыў. Ану ж, паспрабуйце, адшукаць загану ў стройным яе стане! Ды гэта ж як дзве кроплі вады, пальма, у якой галіны ўсыпаны фінікамі, а на фінікі падобныя ўсе гэтыя фінціфлюшкі, што ў валасах у яе і на шыі.