Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
ка — з невялікае страусавае яйка; пастава старога, яго хада, важнасць і незвычайная велічнасць — усё гэта, разам узятае, здзівіла і ўразіла мяне. Ён наблізіўся і перш за ўсё абняў мяне, а затым ужо прамовіў: “Шмат гадоў, доблесны рыцар Дон Кіхот Ламанчскі, мы чакаем цябе ў зачараваным гэтым бязлюддзі, каб ты расказаў свету, што трымае і хавае ў сабе глыбокая пячора, якую называюць пячораю Мантэсінаса, куды ты забраўся, здзейсніўшы такім чынам наканаваны табе подзвіг, на які толькі ты з неадольнаю тваёю адвагаю і дзівоснаю стойкасцю і мог асмеліцца. Ідзі ж следам за мной, шаноўны сеньёр, я хачу паказаць табе цуды, якія схаваны ў празрыстым гэтым замку, а я — яго галоўны захавальнік, бо я і ёсць Мантэсінас, імем якога названа гэта пячора. Сярод іншых шматлікіх славутасцей і цудаў, якія мне паказаў Мантэсінас, я ўбачыў трох сялянак: яны скакалі і гарэзнічалі, як козачкі, і як толькі я на іх зірнуў, то адразу ж пазнаў у адной з іх непараўнальную Дульцынею Табоскую, a ў дзвюх іншых — тых самых сялянак, што ехалі разам з ёю і якіх мы сустрэлі паблізу Табоса. Я спытаў Мантэсінаса, ці ведае ён іх; ён адказаў, што не, але што, на яго думку, гэта нейкія зачараваныя знатныя сеньёры, якія зусім нядаўна паявіліся на гэтым лузе, і што гэта, нібы, не павінна мяне здзіўляць, бо ў гэтых краях знаходзяцца многія іншыя сеньёры як часоў мінулых, так і часоў цяперашніх, і сеньёрам гэтым чараўнікі надалі разнастайныя і незвычайныя абліччы; сярод гэтых жанчын ён, Мантэсінас, пазнаў каралеву Джынеўру і прыдворную яе даму Кінтаньёну, тую самую, чыё віно піў Ланцэлот,
што з Брытаніі прыехаў.
Санча слухаў гэты аповед, і яму здавалася, што ён зараз звар’яцее ці лопне ад смеху; хто-хто, а ўжо ён якраз ведаў сапраўдную падаплёку несапраўднай зачараванасці Дульцынеі; сам жа ён быў і чараўніком і
адказным сведкам, а таму цяпер у яго не засталося рашуча ніякіх сумненняў наконт таго, што яго пан канчаткова з’ехаў з глузду і страціў розум, і звярнуўся да яго Санча з такімі словамі:
— Пры неспрыяльных умовах і зусім ужо не ў пару і ў злашчасны дзень спусціліся вы, дарагі мой гаспадар, у падземнае царства, і не ў добры час сустрэліся вы з сеньёрам Мантэсінасам, які так вас абдурыў. Сядзелі б вы, ваша міласць, тут, наверсе, не страчвалі розуму, які вам падараваны богам, усіх павучалі б і штохвілінна давалі парады, а цяпер вось і вярзеце лухту несусветную.
— Я цябе добра ведаю, Санча,сказаў Дон Кіхот,— а таму не звяртаю ўвагі на твае словы.
— А я — на словы вашай міласці,адрэзаў Санча,— хоць бы вы мяне скалечылі, хоць бы вы мяне прыкончылі за тыя словы, якія я вам ужо сказаў і якія маю намер сказаць, калі толькі з вашых слоў не будзе вынікаць, што вы выправіліся і ўзяліся за розум. Але пакуль яшчэ мы з вамі не пасварыліся, скажыце, калі ласка, ваша міласць: як, па якіх прыметах пазналі вы нашу гаспадыню? Ці была ў вас з ёю размова, і аб чым вы яе распытвалі, і што яна вам адказвала?
Пазнаў я яе вось па якой прымеце,зазначыў Дон Кіхот: — на ёй была тая ж самая сукенка, як у той дзень, калі ты мне яе паказаў. Я быў загаварыў з ёю, але яна не адказала мне ні слова, павярнулася спінай і так пусцілася, што яе і страла б не дагнала. Я хацеў кінуцца за ёю і, вядома, кінуўся б, але Мантэсінаспараіў мне не абцяжарваць сябе, бо гэта, маўляў, усё роўна дарэмна, ды і потым, мне пара ўжо было вылазіць з пячоры. Яшчэ Мантэсінас сказаў, што праз некаторы час ён мне паведаміць, што мне патрэбна зрабіць, каб расчараваць усіх, хто тут знаходзіцца. Калі Мантэсінас вёў са мной гэту размову, да мяне незаўважна наблізілася адна з дзвюх спадарожніц злашчаснай Дульцынеі і з поўнымі слёз вачамі, ціхім, перарывістым ад хвалявання голасам прамовіла: “Пані
мая Дульцынея Табоская цалуе вашай міласці рукі і настойліва просіць яе паведаміць, ці здаровы ён паранейшаму. А паколькі яна мае вялікую патрэбу, то звяртаецца да вашай міласці яшчэ з адною вельмі пакорнаю просьбаю: ці не зробіце вы ласку пазычыць ёй пад залог гэтай яшчэ зусім новенькай спадніцы, што ў мяне ў руках, шэсць або колькі можна рэалаў,— яна дае слова гонару, што вельмі хутка вам іх верне”. Просьба гэта здзівіла мяне і азадачыла, і, звярнуўшыся да сеньёра Мантэсінаса, я ў яго запытаўся: “Сеньёр Мантэсінас, хіба зачараваныя знатныя асобы церпяць нястачу?” Ён жа мне на гэта адказаў: “Паверце, ваша міласць, сеньёр Дон Кіхот Ламанчскі, тое, што мы называем нястачай, сустракаецца паўсюль, на ўсё абсалютна распаўсюджваецца, усіх закранае і не шкадуе нават зачараваных, і калі сеньёра Дульцынея Табоская просіць у вас пазычыць шэсць рэалаў і прапаноўвае, наколькі я разумею, нядрэнны заклад, то ў вас няма падстаў ёй адмовіць: без сумнення, яна знаходзіцца ў вельмі абмежаваных умовах”.— “Закладу я не вазьму,сказаў я,але і патрэбнай сумы даць не магу, таму што ў мяне ў самога ўсяго толькі чатыры рэалы”. Я працягнуў гэтыя грошы сяброўцы Дульцынеі (тыя самыя грошы, якія ты, Санча, гэтымі днямі выдаў мне для раздачы жабракам, калі такія сустрэнуцца нам на дарозе) і сказаў: “Перадайце, мая мілая, пані вашай, што яе цяжкасці крояць мне душу і што я хацеў бы стаць Фугерам*, каб з гэтага цяжкага становішча яе вывесці. Паведаміць ёй таксама, што, паколькі я пазбаўлены магчымасці любавацца чароўным яе выглядам і атрымліваць асалоду ад яе дасціпных выказванняў, я не магу і не павінен добра адчуваць сябе і што я пакорна прашу яе міласць, ці не зробіць яна ласку пабачыцца і паразмаўляць з адданым сваім слугою і засмучаным рыцарам. І яшчэ скажыце ёй наступнае: аднаго разу да яе дойдзе вестка, што я даў абяцанне і клятву па прыкладзе маркіза Мантуанскага, які, знайшоўшы ў гарах паміраючага пляменніка
свайго Балдуіна, пакляўся адпомсціць за яго, а пакуль, маўляў, не адпомсціць, абыходзіцца ў час трапезы без абруса і яшчэ шмат розных дробязей ён да гэтага дадаў. Гэтак жа якраз і я паклянуся ніколі не адпачываць і аб’язджаць увесь свет да таго часу, пакуль не вызвалю ад чараў сеньёру Дульцынею Табоскую”.— “Вы яшчэ і не тое абавязаны зрабіць маёй пані,”сказала мне на гэта дзяўчына. Затым яна схапіла чатыры рэалы і замест паклону падскочыла на два локці ад зямлі.
Божа міласэрны! гучна закрычаў тут Санча.Дзе ж гэта бачна, каб чараўнікі і чарадзейнае вядзьмарства мелі на белым свеце такую сілу? І як гэта ім удалося ператварыць ясны розум майго пана ў ні на што не падобнае вар’яцтва? Ах, сеньёр, прашу богам, апамятайцеся, ваша міласць, паберажыце свой гонар і не верце ўсяму гэтаму глупству, ад якога вы крануліся з розуму.
— Ты так разважаеш, Санча, таму, што жадаеш мне дабра,сказаў Дон Кіхот,але паколькі ты ў жыццёвых справах не спрактыкаваны, то ўсё, што табе хоць крыху цяжка зразумець, ты лічыш неверагодным. Паўтараю, аднак жа, што з цягам часу я раскажу табе яшчэ аб сім-тым з таго, што мне давялося ўбачыць пад зямлёю, і тады ты паверыш гэтаму майму аповеду, праўдзівасць якога бясспрэчная і несумненная.
Працягваючы такую размову, яны ўбачылі, што насустрач ім хтосьці шпарка крочыць і гоніць мула, наўючанага коп’ямі і алебардамі. Параўняўшыся з імі, падарожнік пакланіўся і прайшоў далей, Дон Кіхот жа аклікнуў яго:
— Спыніцеся, добры чалавек! Вы ідзяце, патрэбна лічыць, хутчэй, чым гэтага хацелася б вашаму мулу.
Я не магу спыняцца, сеньёр,запярэчыў незнаёмец,— таму што зброя, якую, як вы бачыце, я вязу, спатрэбіцца заўтра ж, і я не маю права спыняцца, a цяпер бывайце. Калі ж вы хочаце ведаць, навошта я
вязу яе, то ведайце, што я збіраюся начаваць у бліжэйшым заезным доме, так што калі вы едзеце туды ж, то мы сустрэнемся, і я вам раскажу дзівосы. А пакуль яшчэ раз бывайце здаровы.
I незнаёмец так пагнаў мула, што Дон Кіхот не паспеў нават спытаць, якія дзівосы збіраецца ён расказаць.
Ужо сцямнела, калі нашы падарожнікі дабраліся да заезнага дома, і, на радасць Санча, Дон Кіхот палічыў яго не як звычайна — за нейкі замак, а за самы сапраўдны заезны дом. Як толькі яны зайшлі ў дом, Дон Кіхот спытаў гаспадара, ці тут той чалавек, які вёз алебарды і пікі; гаспадар адказаў, што ён у стайні рассядлоўвае мула. Студэнт і Санча паставілі туды ж сваіх аслоў, а Расінанту былі адведзены лепшая кармушка і лепшае месца ў стойле.
Р а з д з е л XXII,
у якім завязваецца прыгода з асліным ровам і забаўная прыгода з нейкім раешнікам, а таксама прыводзяцца незабыўныя прадказанні малпы-прадказальніцы
Дон Кіхот, як кажуць, спаў і бачыў, ці нельга хутчэй паслухаць і даведацца пра дзівосы, аб якіх яму абяцаў расказаць чалавек, што вёз зброю. Ён пайшоў туды, куды пакіраваў гаспадар, і сапраўды там яго адшукаў і папрасіў не адкладваць, а абавязкова зараз жа расказаць аб тым, аб чым ён у яго пытаўся на дарозе. Чалавек жа яму на гэта сказаў:
Расказваць аб такіх дзівосах патрэбна седзячы і ў вольны час. Дайце мне, ваша міласць, пан шаноўны, задаць корму маёй жывёліне, а потым я вам раскажу такія рэчы, што вы здзівіцеся.
— Калі справа толькі ў гэтым, то я вам зараз дапамагу,— прамовіў Дон Кіхот.
І ён тут жа пачаў прасейваць авёс і чысціць кар-
мушку, чалавек жа, крануты такой пакорлівасцю, выказаў поўную гатоўнасць расказаць тое, аб чым яго прасілі, і, усеўшыся на лаве каля варот, побач з Дон Кіхотам, і звяртаючыся да шаноўнага сходу ў асобе студэнта, Санча Панса і гаспадара заезнага дома, пачаў свой аповед так:
— Ведайце, вашы міласці, што за чатыры з паловай мілі адсюль у адной вёсцы здарылася так, што ў рэхідора* прапаў асёл, а ўсяму віной — ашуканства хітрай дзяўчынкі, яго служанкі, але аб гэтым доўга расказваць, і што рэхідор ні рабіў, каб знайсці асла, усё было марна. Мінула каля двух тыдняў з таго часу, як прапаў асёл так, прынамсі, кажуць і расказваюць у вёсцы,— і вось аднойчы стаіць гэты рэхідор на плошчы, раптам падыходзіць да яго іншы рэхідор, яго аднавясковец, і кажа: “Рыхтуй мне, дарагі дружа, падарунак за радасную вестку: твой асёл адшукаўся”.— “Падарунак за мной, шаноўны дружа, і прытым добры, — прамовіў той,толькі спачатку скажы, дзе ж ён адшукаўся”.“Я бачыў яго сягоння раніцай у лесе, без сядла і без усякай вупражы,— сказаў іншы рэхідор,— і такі ён худы, што жаласна на яго глядзець. Хацеў быў я прыгнаць яго да цябе, ды ён так здзічэў і такі стаў палахлівы, што толькі я да яго падышоў, a ўжо ён — наўцёкі і прама ў самы гушчар. Калі хочаш, пайшлі пашукаем удвух, толькі спачатку дай мне адвесці дамоў маю асліцу — я адразу ж вярнуся”.— “Ты мне гэтым вельмі ўслужыш,— сказаў гаспадар асла,— і я пастараюся адплаціць табе той жа манетай”. Гэтак жа якраз і з такімі ж падрабязнасцямі расказваюць пра гэта здарэнне ўсе, каму яно вядома дакладна. Карацей кажучы, два рэхідоры разам накіраваліся пешшу ў лес, аднак жа ў той частцы лесу і на тым месцы, дзе яны разлічвалі знайсці асла, яго не аказалася, і хоць яны ўсё навокал абшукалі, але яго так і не было. Нарэшце, выявіўшы, што асла нідзе няма, рэхідор, які бачыў яго раніцай, сказаў таму, які пацярпеў страту: “Паслухай, дарагі дружа, я прыдумаў адну рэч, і