Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
Дон Кіхота насмяшыла гэта вясковая манера
хваліць, аднак жа і ён прыйшоў да заключэння, што, не лічачы яго пані Дульцынеі Табоскай, ён ніколі яшчэ не бачыў такой прыгажуні. Лёгкая бледнасць пакрывала твар цудоўнай Кітэрыі — відаць, таму, што яна, як усе нявесты, рыхтавалася да шлюбу і дрэнна спала ў гэту ноч. Шэсце накіравалася да змайстраванага непадалёку, на гэтым жа самым лужку, і ўпрыгожанага галінкамі і пакрытага дыванамі памоста, дзе павінна было праходзіць вянчанне і адкуль можна было глядзець на гульні і танцы; і толькі ўсе наблізіліся да памоста, як ззаду пачуўся гучны голас, які агучыў наступныя словы:
-	Спыніцеся, людзі паспешлівыя і неразважлівыя!
Пачуўшы гэты голас і гэтыя словы, усе павярнулі галовы і ўбачылі, што гэта да іх звярнуўся мужчына ў чорным камзоле з шаўковымі, верагодна, нашыўкамі ў выглядзе языкоў полымя. На галаве ў яго (як гэта неўзабаве заўважылі) быў жалобны вянок з галінак кіпарысу; абапіраўся ён на доўгі посах. Як толькі ён наблізіўся, усе пазналі ў ім малайца Басільё і, адчуўшы, што яго з’яўленне ў такую хвіліну прадказвае нядобрае, замёрлі ў чаканні, не разумеючы, да чаго вядуць гэтыя выкрыкі і словы.
Нарэшце, выбіўшыся з сіл і задыхаўшыся, ён спыніўся насупраць маладых, уторкнуў у зямлю посах са сталёвым наканечнікам, пабялеў, накіраваў позірк на Кітэрыю і загаварыў хрыплым і перарывістым голасам:
— Ты добра ведаеш, бессардэчная Кітэрыя, што па законах святой веры, якой мы прытрымліваемся, ты, пакуль я жывы, ні за кога выйсці замуж не маеш права. Ты ж, парушыўшы свой абавязак у адносінах да сумленнага майго намеру, хочаш аддаць сябе ў распараджэнне іншага, хоць павінна належыць мне,— у распараджэнне чалавека, які настолькі багаты, што нават шчасце, а не толькі зямныя даброты можа сабе купіць. I вось, каб шчасце яго было поўным (хоць я не думаю, каб ён яго заслужваў, але відаць, так ужо
хоча неба), я сваімі ўласнымі рукамі знішчу перашкоды, якія замінаюць яго шчасцю, і пайду прэч з дарогі. Добрага здароўя на многія гады багатаму Камача з бяздушнай Кітэрыяй, і няхай памрэ бядняк Басільё, якога ўвагнала ў магілу беднасць, што падрэзала крылы яго шчасцю.
3 гэтымі словамі Басільё ўхапіўся за ўторкнуты ў зямлю посах, пасля чаго ніжняя яго частка засталася ў зямлі, і тут выявілася, што гэта ножны, а ў ножнах схавана кароткая шпага; уторкнуўшы ж у зямлю адзін канец шпагі, які ўяўляў сабою яе ручку, Басільё з шалёнай імклівасцю і непахіснай рашучасцю кінуўся на вастрыё. Праз імгненне скрываўленае сталёвае лязо ўвайшло ў яго да палавіны і працяла наскрозь, і няшчасны, праколаты ўласнай сваёй зброяй, абліваючыся крывёю распасцёрся на зямлі.
Ліхая доля Басільё і жахлівы выпадак, што здарыўся з ім, кранулі сэрцы яго сяброў, і яны адразу паспяшаліся яму на дапамогу; Дон Кіхот, пакінуўшы Расінанта, таксама кінуўся да яго, падняў юнака на рукі і пераканаўся, што ён ледзь дыхае. Хацелі былі выцягнуць шпагу, аднак жа свяшчэннік, які тут прысутнічаў, сказаў, каб да споведзі не даставалі, інакш, маўляў, калі выцягнуць шпагу, Басільё адразу ж сканае. Між тым Басільё пачаў падаваць прыметы жыцця і прамовіў жаласным і слабым голасам:
-	Калі б ты пажадала, бессардэчная Кітэрыя, у смяротны мой час аддаць мне сваю руку ў знак згоды стаць маёю жонкаю, я памёр бы з думкаю аб тым, што безразважнасць мая мае апраўданне, бо дзякуючы ёй я дасягнуў шчасця быць тваім.
На гэта свяшчэннік сказаў Басільё, што ён павінен думаць аб выратаванні душы і горача маліць бога дараваць яму яго грахі і адчайны крок. Басільё, са свайго боку, аб’явіў, што ён ні за што не будзе спавядацца, пакуль Кітэрыя не аддасць яму сваёй рукі, бо толькі гэта радасць умацуе, маўляў, волю яго і дасць яму сілы для споведзі.
Дон Кіхот, пачуўшы словы параненага, гучна аб’явіў, што просьба яго цалкам законная і разумная і да таго ж лёгка выканальная і што калі сеньёр Камача возьме шлюб з сеньёрай Кітэрыяй як з удавой доблеснага Басільё, то ён будзе карыстацца такой жа павагай, як калі б прынялі яе з рук бацькі:
—	Зараз патрабуецца толькі сказаць “так”, і вымавіць гэта слова нявесту ні да чаго не абавязвае, таму што для жаніха шлюбным ложкам з’явіцца магіла.
Камача ўсё гэта чуў, і ўсё гэта настолькі здзіўляла і бянтэжыла, што ён не ведаў, як быць і што адказваць; аднак жа сябры Басільё так настойліва дамагаліся яго згоды на тое, каб Кітэрыя аддала смяротна параненаму руку, а інакш, маўляў, Басільё няўцешным адыдзе на той свет, загубіць сваю душу, што ўрэшце ўгаварылі, а больш дакладна, прымусілі яго аб’віць, што калі Кітэрыя згодна, то ён, са свайго боку, супраць не будзе, бо ажыццяўленне яго жаданняў будзе адкладзена толькі на імгненне.
Тут усе падбеглі да Кітэрыі і — хто просьбамі, хто слязамі, хто важкімі довадамі — паспрабавалі пераканаць яе аддаць руку беднаму Басільё; яна ж здавалася больш бяздушнай за сам мурмур і больш нерухомай за статую і, як відаць, не ведала, што гаварыць, ды і не магла і не хацела адказваць, і так бы і не адказала, калі б свяшчэннік ёй не сказаў, што патрэбна вырашаць, бо ў Басільё душа ўжо расстаецца з целам, і што няпэўнасці гэтай пара палажыць канец. Тады цудоўная Кітэрыя, ні слова не кажучы, разгубленая, на выгляд сумная і ахопленая раскаяннем, накіравалася да Басільё, а той, ужо закаціўшы вочы, дыхаў перарывіста часта, шаптаў ледзь чутна імя Кітэрыі і, па ўсіх прыкметах, збіраўся памерці як язычнік, а не як хрысціянін. Кітэрыя наблізілася да яго, апусцілася на калені і без слоў, знакамі, папрасіла яго працягнуць ёй руку. Басільё расплюшчыў вочы і, гледзячы ёй у твар, прамовіў:
-	О Кітэрыя, ты прыйшла даказаць, якая ты спа-
гадлівая, у той міг, калі спагада твая з’явіцца для мяне нажом, які спыняе маё жыццё, бо я не ў сілах адчуць асалоды шчасця ад думкі, што я твой абраннік, як не ў сілах я спыніць мае пакуты, бо злавесны цень смерці паспешна засцілае мне вочы. Аб адным я малю цябе, о фатальная зорка мая: калі ты просіш у мяне маю руку і жадаеш аддаць мне сваю, то няхай гэта будзе не па міласці і не для таго, каб зноў падмануць мяне,не, прызнай і аб’яві, што ты добраахвотна працягваеш мне яе, як законнаму свайму мужу, бо нядобра ў такую хвіліну мяне падманваць і прыкідвацца перада мной, між тым як я заўсёды быў з табою праўдзівы да канца.
Вымаўляючы гэтыя словы, ён неаднаразова страчваў прытомнасць, і прысутныя кожны раз непакоіліся, што яшчэ адна такая непрытомнасць — і ён аддасць богу душу. Кітэрыя, уся ўвасобленая сціпласць і сарамлівасць, улажыла правую руку ў руку Басільё і сказала:
— Ніякая сіла ў свеце не магла б зламаць маю волю. Такім чынам, я добраахвотна аддаю табе руку ў знак згоды стаць законнай тваёю жонкаю і прымаю тваю, калі толькі ты мне яе аддаеш па ўласным жаданні і розум твой не страчаны праз тое няшчасце, якое церпіш з-за паспешнага свайго рашэння.
—	Я аддаю табе сваю руку,— адказаў Басільё,— не будучы ні разгубленым, ні звар’яцелым, але ў тым цвярозым розуме, якім неба пажадала надзяліць мяне, і вось такім я аддаюся і давяраюся табе як твой муж.
—	А я — як твая жонка,— падхапіла Кітэрыя,— усё роўна, ці пражывеш ты шмат гадоў, ці цябе з маіх абдымкаў перанясуць у магілу.
—	Для цяжкапараненага гэты хлопец надта шмат размаўляе,— заўважыў тут Санча Панса.— Скажыце яму, каб ён спыніў прызнанні ў каханні, няхай лепш аб душы падумае: мне здаецца, што яна ў яго не жадае расставацца з целам, а ўсё круціцца на языку.
Такім чынам, Басільё і Кітэрыя ўзялі адно аднаго
за рукі, а свяшчэннік, расхваляваны да слёз, благаславіў іх і пачаў маліцца аб супакаенні душы маладога, малады ж, як толькі атрымаў благаславенне, з нечаканай лёгкасцю ўскочыў і з незвычайнай жвавасцю выцягнуў шпагу, ножнамі для якой было яго ўласнае цела. Усе прысутныя здзівіліся з гэтага, а некаторыя, якія вылучаліся не столькі кемлівасцю, колькі прастадушнасцю, пачалі гучна крычаць:
Цуд! Цуд!
Аднак жа Басільё аб’явіў:
— He “цуд, цуд”, а хітрасць, хітрасць!
Свяшчэннік, разгублены і збіты з панталыку, кінуўся да яго і, памацаўшы абедзвюма рукамі, выявіў, што лязо прайшло не праз мякаць і рэбры, а праз жалезную трубачку, у гэтым месцы па-майстэрску прыладжаную і напоўненую крывёю, якая, як пасля высветлілася, не гусцела, таму што была адмыслова зроблена.
Урэшце свяшчэннік, Камача і амаль усе прысутныя здагадаліся, што іх абдурылі і пакінулі з носам. Нявесту жарт гэты, як відаць, не засмуціў,наадварот, пачуўшы размовы, што шлюб яе адбыўся падманным шляхам і таму не можа лічыцца сапраўдным, яна аб’явіла, што не бярэ свайго слова назад, з чаго ўсе зрабілі вывад, што Кітэрыя і Басільё самі ўсё гэта задумалі і былі адно з адным у змове; Камача ж і яго сведкі раззлаваліся і, вырашыўшы прымяніць зброю, каб адпомсціць саперніку, вынялі шпагі і рынуліся на Басільё, аднак у тое ж імгненне на абарону Басільё было вынята амаль столькі ж шпаг, і сам Дон Кіхот, вярхом на кані, з кап’ём у руках і як мага лепш загарадзіўшыся шчытом, пралажыў сабе дарогу і выехаў наперад. Санча, якога такія нядобрыя справы ніколі не радавалі і не цікавілі, схаваўся за катламі, з якіх ён толькі што зняў смачныя пенкі, бо ён быў упэўнены, што гэта месца святое і павінна выклікаць да сябе глыбокую павагу. Дон Кіхот між тым гучным голасам загаварыў:
— Спыніцеся, сеньёры, спыніцеся: ніхто не мае права помсціць за крыўды, якія чыніць нам каханне, і прыміце да развагі, што каханне і вайна — гэта адно і тое ж. Гэтак жа як на вайне прымяняць хітрасць і пасткі, каб адолець ворага,— справа зусім дазволеная і звычайная, так і ў схватках і спаборніцтвах любоўных дапускаецца прымяняць хітрыкі і падвохі для дасягнення жаданай мэты, калі толькі яны не зневажаюць і не ганьбяць каханага чалавека. Кітэрыя была наканавана Басільё, а Басільё Кітэрыі: такім было справядлівае і спрыяльнае рашэнне нябёсаў. Камача багаты, і тое, што яму спадабаецца, ён можа купіць дзе, калі і як яму захочацца. У Басільё ж, як кажуць, адна-адзіная авечка, і ніхто не мае ўлады адняць яе ў яго, якім бы магутным ён ні быў, бо што бог спалучаў, таго чалавек няхай не разлучае, а хто паспрабуе гэта зрабіць, таму спачатку трэба зведаць вастрыё майго кап’я.
І тут ён з такой сілай і спрытнасцю пачаў размахваць сваім невялікім кап’ём, што нагнаў жаху на ўсіх, хто яго не ведаў. І так глыбока запала ў душу Камача знявага, якую выказала да яго Кітэрыя, што ён імгненна выкінуў яе з сэрца, і таму ўгаворы свяшчэнніка, чалавека разважлівага і вельмі прыстойнага, мелі поспех і падзейнічалі на Камача і яго прыхільнікаў такім чынам, што яны ўціхамірыліся і супакоіліся, у знак чаго паўкладвалі шпагі ў ножны, а багач Камача, каб паказаць, што ён не злуецца на жарт і не надае яму значэння, надумаўся прадоўжыць весялосць, як калі б гэта на самай справе было б яго вяселле; аднак жа Басільё, яго нявеста і ўсе іх прыхільнікі не пажадалі прысутнічаць на гэтым свяце і накіраваліся ў вёску, дзе жыў Басільё, бо і ў беднякоў, калі толькі яны людзі дабрадзейныя і разважлівыя, знаходзяцца сябры, якія іх суправаджаюць, паважаюць і абараняюць гэтак жа, як у багацеяў заўсёды знаходзяцца падлізы і прыхвасні.