Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
Тут, перапыніўшы размову, селі яны на коней, і Дон Кіхот павярнуў Расінанта, каб спачатку разагнаць яго, а затым рынуцца на свайго непрыяцеля, і гэтак жа дакладна зрабіў Рыцар Люстэркаў. Але не паспеў Дон Кіхот ад’ехаць і на дваццаць крокаў, як Рыцар
Люстэркаў, таксама на паўдарозе, спыніўся і крыкнуў яму:
— Памятайце ж, сеньёр рыцар, што па ўмове нашага паядынку пераможаны, яшчэ раз паўтараю, здаецца на міласць пераможцы!
— Я ведаю,адгукнуўся Дон Кіхот, з той, аднак жа, агаворкай, што пераможанаму не будзе прад’яўлена патрабаванняў і дадзена загадаў, якія супярэчаць рыцарскаму статуту.
— Само сабой разумеецца,— прамовіў Рыцар Люстэркаў.
Тут Дон Кіхот звярнуў увагу на незвычайны нос збраяносца і не менш за Санча яму падзівіўся, настолькі, што нават палічыў гэтага збраяносца за нейкую пачвару, за чалавека іншай пароды, якая да гэтага часу не сустракалася на зямлі. Санча, бачачы, што яго пан намерваецца ўзяць разбег, не пажадаў застацца сам-насам з насатым: ён баяўся, што калі той хоць адзін раз стукне яго сваім носам па носе, то гэтым уся іх бітва і скончыцца, бо ад сілы ўдару, а то і ад страху ён абавязкова выцягнецца,— таму якраз, ухапіўшыся за Расінантава стрэмя, рушыў услед за сваім панам; калі ж, як ён меркаваў, настаў час павярнуць назад, то сказаў:
— Зрабіце ласку, васпан мой, пакуль яшчэ з непрыяцелем не схапіліся, дапамажыце мне ўзлезці на гэты дуб,— там мне будзе больш зручна, чым на зямлі, назіраць за той гарачай схваткай, якая зараз пачнецца паміж вашай міласцю і вунь тым рыцарам.
— Па-мойму, Санча,— запярэчыў Дон Кіхот,— ты проста хочаш падняцца на падмосткі, каб глядзець на бой быкоў, знаходзячыся ў поўнай бяспецы.
— Па праўдзе сказаць,— прызнаўся Санча,— мяне ашаламіў і спалохаў вялізны нос гэтага збраяносца, і я баюся з ім заставацца.
— Hoc у яго сапраўды такі, што калі б я быў іншым чалавекам, ён бы і мяне перапалохаў,сказаў Дон Кіхот.— Ну што ж, лезь, я цябе падсаджу.
Пакуль Дон Кіхот важдаўся, дапамагаючы Санча ўзабрацца на дуб, Рыцар Люстэркаў узяў які яму хацелася разбег і, мяркуючы, што Дон Кіхот паспеў зрабіць тое ж самае і не чакаючы ні гуку трубы, ні якога-небудзь іншага знака, павярнуў свайго каня, такога ж знатнага і жвавага, як Расінант, і з усіх яго сіл, гэта значыць дробным трушком, рушыў на збліжэнне з непрыяцелем; бачачы, аднак жа, што Дон Кіхот забавіўся з падсаджваннем Санча, Рыцар Люстэркаў пацягнуў павады і на паўдарозе спыніўся, за што конь быў яму вельмі ўдзячны, бо ён ужо выдыхнуўся. Дон Кіхоту між тым падалося, быццам непрыяцель ужо на яго налятае,ён моцна ўваткнуў шпоры ў худыя бакі Расінанта, так яго гэтым расшавяліўшы, што Расінант упершыню перайшоў на буйную рысь (а то ж звычайна ён толькі бег трушком) і з небывалай шпаркасцю памчаў свайго седака прама на Рыцара Люстэркаў. Рыцар жа ў гэты час утыкаў свайму каню шпоры да самага каблука, але конь і на палец не зрушыў з таго месца, дзе яго бег быў спынены. Пры такіх вось спрыяльных абставінах і да такой ступені своечасова напаў Дон Кіхот на свайго праціўніка, які валтузіўся з канём і ці то не здолеў, ці то не паспеў узяць кап’ё наперавес. He звяртаючы ўвагі на гэтыя яго цяжкасці, Дон Кіхот без усялякай для сябе рызыкі і зусім беспакарана так хапіў Рыцара Люстэркаў, што таму воляй-няволяй давялося скаціцца па крыжы каня на зямлю, і да таго зухавата ён пры гэтым пляснуўся, што, быццам мёртвы, не мог паварушыць ні рукой, ні нагой.
Як убачыў Санча, што рыцар зваліўся, дык тут жа спусціўся з дуба і вельмі жвава накіраваўся да свайго пана; той жа, злезшы з каня, паспяшаўся да Рыцара Люстэркаў і, развязаўшы яму стужкі ад шлема, каб упэўніцца, жывы ён ці мёртвы, і каб яму лягчэй было дыхаць у выпадку, калі жывы, убачыў... Але як сказаць, каго ён убачыў, не здзівіўшы, не ўразіўшы і не
жахнуўшы чатачоў? Ён убачыў твар, выгляд, рысы, вобраз і аблічча самога бакалаўра Самсона Караскі, і як толькі ўбачыў, то залямантаваў гучным голасам:
Сюды, Санча! Зараз ты павінен будзеш убачыць тое, чаму ты не павінен верыць! Спяшайся ж, сын мой, і пераканайся, на што здольна чараўніцтва і на што здольны ведзьмары і чараўнікі!
Санча наблізіўся і, убачыўшы твар бакалаўра Караскі, пачаў старанна хрысціцца і не менш старанна звяртацца да бога. Увесь гэты час пацярпелы рыцар не падаваў прымет жыцця, а таму Санча сказаў Дон Кіхоту:
— Я лічу, васпан мой, вашай міласці на ўсякі выпадак варта было б усунуць меч у пашчу вось гэтага, які прыкінуўся бакалаўрам Самсонам Караскам: магчыма, вы такім чынам прыкончыце аднаго з варожых вам чараўнікоў.
— Ты маеш рацыю,— заўважыў Дон Кіхот,— бо чым менш ворагаў, тым лепш.
І ён ужо выняў меч, каб выканаць параду і навучанне Санча, але тут да яго падскочыў збраяносец Рыцара Люстэркаў, ужо без гэтага брыдкага носа, і гучна ўсклікнуў:
— Падумайце, сеньёр Дон Кіхот, што вы робіце! Бо каля вашых ног бакалаўр Самсон Караска, ваш сябар, а я — яго збраяносец.
Санча ж, бачачы, што ён не такая пачвара, як раней, спытаў:
— А дзе ж нос?
На што той адказаў:
— Ён у мяне тут, у кішэні.
3 гэтымі словамі ён засунуў руку ў правую кішэню і выцягнуў падробны, з лакіраванага кардону, нос вышэйапісанага ўзору. Санча доўга прыглядаўся да збраяносца і нарэшце гучна і са здзіўленнем усклікнуў:
— Прасвятая багародзіца, выратуй нас! Ды гэта ж Таме Сесьяль, сусед мой і кум!
— А хто ж яшчэ! — падхапіў ужо бязносы збраяносец.— Так, я Таме Сесьяль, дружа мой і кум Санча Панса, і я табе потым раскажу пра вашы паскудствы, хітрыкі і каверзы, з-за якіх я тут апынуўся. А зараз прасі і малі свайго пана, каб ён не чапаў, не крыўдзіў і не забіваў Рыцара Люстэркаў, які ляжыць каля яго ног, бо, безумоўна, гэта адважны і легкадумны бакалаўр Самсон Караска, наш аднавясковец.
Тым часам Рыцар Люстэркаў апрытомнеў. Тады Дон Кіхот прыставіў да яго твару вастрыё вынятага мяча і сказаў:
Смерць вам рыцар, калі вы не прызнаеце, што непараўнальная Дульцынея Табоская вышэйшая па прыгажосці за вашу Касільдэю Вандальскую, а акрамя таго, вы павінны мне паабяцаць (калі толькі пасля гэтай сутычкі і падзення вы застанецеся жывы), што паедзеце ў горад Табоса, з’явіцеся да Дульцынеі і скажаце, што вы ад мяне, а ўжо што яна з вамі зробіць, на тое яе поўная воля; калі ж яна поўную волю прадаставіць вам, то вам усё ж давядзецца мяне адшукаць (знойдзеце вы мяне па слядах маіх спраў, якія прывядуць вас да месца майго знаходжання) і паведаміць, аб чым вы з ёю размаўлялі. Такія мае ўмовы, і яны адпавядаюць нашай умове перад бітваю і не супярэчаць статуту вандроўнага рыцарства.
— Прызнаю,— сказаў скінуты рыцар,— што ўзлахмачаныя, хоць і чыстыя валасы Касільдэі не вартыя парваных і брудных чаравікаў сеньёры Дульцынеі Табоскай і абяцаю з’ездзіць да яе, вярнуцца ад яе да вас і зрабіць самую поўную і падрабязную справаздачу, якую толькі вы ад мяне запатрабуеце.
-	Яшчэ вы павінны прызнаць і паверыць,— дадаў Дон Кіхот,— што той рыцар, якога вы адолелі, не быў і не мог быць Дон Кіхотам Ламанчскім, што гэта быў хтосьці іншы, на яго падобны. Я ж, са свайго боку,
прызнаю і веру, што хоць вы і падобны на бакалаўра Самсона Караску, аднак жа вы — не ён, а нехта іншы, на яго падобны, і што непрыяцелі мае надалі вам яго аблічча, каб я стрымаў і суцішыў парыў лютасці, якая ахапіла мяне, і каб я спакойна пажынаў плады перамогі.
-	Усё гэта я прызнаю, прымаю да ведама і ўсведамляю,адказаў выбіты з сядла рыцар.— А цяпер, зрабіце ласку, дазвольце мне ўстаць. Зрэшты, не ведаю, ці змагу: я сур’ёзна разбіўся, калі падаў.
Дон Кіхот і збраяносец Таме Сесьяль пачалі падымаць яго, а Санча вачэй не зводзіў са свайго земляка і закідваў яго пытаннямі, з адказаў на якія вынікала, што гэта і сапраўды Таме Сесьяль; аднак жа словы Дон Кіхота аб тым, што чараўнікі замянілі аблічча Рыцара Люстэркаў абліччам бакалаўра Караскі, запалі ў душу Санча, і ён не адважваўся прызнаць за ісціну тое, у чым яго пераконваў яго ж уласны зрок. Урэшце пан і яго слуга так і не пераканаліся ў адваротнасці, а Рыцар Люстэркаў і яго збраяносец, незадаволеныя і панурыя, рассталіся з Дон Кіхотам і Санча і адправіліся шукаць месца, дзе б можна было ўправіць і перавязаць рэбры рыцару, які пацярпеў. Дон Кіхот і Санча зноў рушылі ў дарогу, і тут мы іх і пакінем, каб паведаміць, хто такія Рыцар Люстэркаў і самы насаты яго збраяносец.
Р а з д з е л XV,
у якім расказваецца і паведамляецца аб тым, хто такія былі Рыцар Люстэркаў
і яго збраяносец
Дон Кіхот быў надзвычай задаволены, горды і захоплены сваёю перамогаю над такім адважным рыцарам, якім яму ўяўляўся Рыцар Люстэркаў. Паверыўшы яго сумленнаму рыцарскаму слову, ён спадзяваўся даведацца ад яго дакладна, ці зачаравана ўсё яшчэ
сеньёра Дульцынея, бо такі пераможаны рыцар, на думку Дон Кіхота, не мог не давесці да яго ведама, як ён з ёю сустракаўся, інакш гэта не быў бы рыцар. Але так думаў Дон Кіхот, ды не так думаў Рыцар Люстэркаў, бо, як ужо было сказана, усе намеры яго былі цяпер скіраваны да таго, дзе б палячыцца. Патрэбна заўважыць, што бакалаўр Самсон Караска, перш чым падштурхнуць Дон Кіхота аднавіць перапыненыя яго рыцарскія прыгоды, раіўся са свяшчэннікам і цырульнікам наконт таго, якія неабходна прыняць меры, каб Дон Кіхот ціха і спакойна сядзеў дома і каб злашчасныя пошукі прыгод болып яго не спакушалі; на гэтай нарадзе было аднадушна вырашана і, у прыватнасці, такім было меркаванне самога Караскі, што Дон Кіхота патрэбна адпусціць, бо ўтрымаць яго ўсё роўна немагчыма, а што Самсон пад выглядам вандроўнага рыцара яго дагоніць, завяжа з ім бой, зачэпка для якога заўсёды знойдзецца, і атрымае над ім перамогу (такая перамога ўяўлялася ўдзельнікамі нарады справай няцяжкай); паміж байцамі ж павінен, нібы, існаваць папярэдні ўгавор і пагадненне, па якім пераможаны абавязаны здацца на літасць пераможцы, і вось на гэтай падставе пераапрануты рыцарам бакалаўр загадвае пераможанаму Дон Кіхоту вярнуцца ў родную вёску і ў родны дом і нікуды не выязджаць на працягу двух гадоў або надалей да асобага яго распараджэння, прычым усе, хто ўдзельнічаў у нарадзе, былі цалкам упэўнены, што Дон Кіхот не праміне выканаць гэта з’яўленне, каб не ісці супраць законаў рыцарства і не парушаць іх, і, можа быць, што ў зняволенні ён, маўляў, забудзе свае дзівацтвы, ці адшукаецца які-небудзь адпаведны сродак ад яго вар’яцтва.