Дон Кіхот  Мігель дэ Сервантэс

Дон Кіхот

Мігель дэ Сервантэс
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 622с.
Мінск 1999
213.04 МБ
— Як гэта — іншы? — ускрыкнуў рыцар.— Клянуся небам, якое раскінулася над намі, што я схапіўся з Дон Кіхотам, адолеў яго і вымусіў здацца. Гэта чалавек высокага росту, падгалісты і сухарлявы, тварам хударлявы, валасы ў яго з сівізною, нос арліны, з ледзь прыкметнай гарбінкай, вусы вялікія, чорныя, уніз апушчаныя. Ваюе ён пад іменем Рыцара Журботнага Вобраза, а ў збраяносцах у яго знаходзіцца нейкі хлебароб Санча Панса, ездзіць і гарцуе ён на кані, якога называе Расінантам, і, нарэшце, валадаркаю яго з’яўляецца нейкая Дульцынея Табоская, якую раней называлі Альдонсаю Ларэнса, падобна да таго, як маю валадарку завуць на самай справе Касільдаю і родам яна з Андалусіі, а я яе на гэтай падставе называю Касільдэяй Вандальскаю. Калі ж усіх гэтых прыкмет недастаткова, каб вы пераканаліся ў маёй праўдзівасці, то пры мне мой меч, а ён і сам недавер прымусіць паверыць.
— Супакойцеся, сеньёр рыцар, і выслухайце мяне,— сказаў Дон Кіхот.— Вы павінны ведаць, што гэты Дон Кіхот, аб якім вы гаворыце,мой самы лепшы сябар, і ў нас з ім такое цеснае сяброўства, што мы як бы складаем адно цэлае, прыкметы ж, якія вы мне паведамілі, такія дакладныя і бясспрэчныя, што я не магу не прызнаць, што вы перамаглі іменна яго. 3 іншага боку, мой уласны зрок і адчуванне даказваюць мне ўсю немагчымасць таго, што гэта быў ён, калі толькі хтосьці са шматлікіх варожых яму чараўнікоў (дакладней за ўсё, хто пастаянна яго даймае) не прыняў
яго аблічча і не даў сябе адолець, каб пазбавіць яго славы, якую ён высокімі сваімі рыцарскімі подзвігамі ва ўсіх вядомых нам краінах заслужыў і здабыў. I для большай пераканаўчасці я хачу яшчэ давесці да вашага ведама, што згаданыя чараўнікі, яго нядобразычліўцы, дні два таму назад ператварылі цудоўную Дульцынею Табоскую ў простую і грубую сялянку, і, трэба лічыць, гэтак жа яны змянілі выгляд і самога Дон Кіхота. Калі ж усяго гэтага недастаткова, каб вы ўпэўніліся ў правільнасці слоў маіх, то перад вамі сам Дон Кіхот, які сваю праўду будзе адстойваць са зброяй у руках, ці то на кані, ці то злезшы з каня, ці то як вам захочацца.
Сказаўшы гэта, ён устаў і ў чаканні, што зробіць другі рыцар, узяўся за меч, а той не менш спакойна звярнуўся да яго з такімі словамі:
Спраўны плацельшчык залогу не баіцца. Каму аднойчы, сеньёр Дон Кіхот, удалося перамагчы вас ператворанага, той мае падставу спадзявацца адолець вас сапраўднага. Аднак жа рыцарам не да твару здзяйсняць ратныя подзвігі ўпоцемку, мы не разбойнікі і ліхадзеі, пачакаем да раніцы, і няхай будзе сонца сведкам нашых спраў. Умовай жа нашага паядынку я стаўлю наступнае: пераможаны здаецца на літасць пераможцы, і той вольны зрабіць з ім што захоча, з тым, аднак жа, каб загады яго не былі для пераможанага зневажальнымі.
— Такая ўмова і пагадненне мяне цалкам задавальняюць,— аб’явіў Дон Кіхот.
Затым абодва рыцары накіраваліся да сваіх збраяносцаў і ўбачылі, што яны пахрапваюць у тых самых позах, у якіх іх заспеў сон. Рыцары іх разбудзілі і загадалі рыхтаваць коней, бо на світанні паміж імі, маўляў, павінна адбыцца кровапралітнае, непараўнанае і бяспрыкладнае адзінаборства. Санча пры гэтым паведамленні абамлеў і збянтэжыўся, бо ад збраяносца другога рыцара ён шмат наслухаўся аб адвазе ры-
цара і цяпер баяўся за жыццё свайго пана. Як бы там ні было, збраяносцы, ні слова не кажучы, накіраваліся да свайго табуна,— трэба зазначыць, што ўсе тры кані і асёл паспелі абнюхаць адзін аднаго і не расставаліся.
Па дарозе збраяносец рыцара-песнапеўца сказаў Санча:
-	Ведайце ж, што ў андалузскіх задзірак такі звычай: калі трапіў у сведкі, то не сядзі склаўшы рукі, пакуль б’юцца спрачальнікі. Цяпер, значыць, вы папярэджаны, што калі гаспадары нашы б’юцца, то і нам патрэбна біцца так, каб шматкі ляцелі.
-	Няхай сабе, сеньёры збраяносцы, прытрымліваюцца гэтага звычаю і выконваюць яго падбухторшчыкі і забіякі, а каб збраяносцы вандроўных рыцараў — гэта ўжо дудкі,— запярэчыў Санча,— Я, у крайнім выпадку, не чуў ад майго пана аб такім звычаі, а ён усе правілы вандроўнага рыцарства ведае. І няхай нават гэта праўда і на самай справе існуе такое правіла, каб збраяносцы біліся, калі б’юцца іх паны, я ўсё роўна не буду яго выконваць, а лепш заплачу пеню, якая накладаецца на такіх ціхамірных збраяносцаў, як я. Гэта мне, напэўна, абыдзецца танней за корпію на лячэнне галавы,— я ж перакананы, што ў бойцы мне яе абавязкова рассякуць напалам. I яшчэ таму не магу біцца, што ў мяне няма мяча, ды я яго і ў рукі ж зроду не браў.
—	Гэта ўладзіць лёгка,прамовіў другі збраяносец.— У мяне з сабой два аднолькавыя палатняныя мяшкі; вы возьмеце адзін, я — другі, і мы на роўных умовах пачнем лупцаваць адзін аднаго мяшкамі.
-	Гэта калі ласка,— сказаў Санча,— такая бойка нас не параніць, а пыл павыбівае.
—	He, так не пойдзе,запярэчыў другі збраяносец.— Каб вецер не знёс мяшкі, трэба пакласці ў іх па паўтузіна прыгожанькіх гладзенькіх галышоў, па вазе аднолькавых, вось мы і пачнем перыць адзін аднаго без асаблівай шкоды і ўрону для абодвух.
— Ах ты, каб яго нячыстая ўзяла! — усклікнуў Санча.— Што і казаць, добрыя сабаліныя футры і баваўняныя валокны жадае ён пакласці ў мяшкі, каб не рассячы адзін аднаму чэрап і каб з нашых касцей не атрымалася кашы! Ды хоць бы вы, васпан мой, шаўкоўнічнымі коканамі іх набілі, усё роўна, ведайце, я не буду біцца! Няхай б’юцца нашы паны, каб іх бог забраў, а мы будзем жыць-пажываць ды вінцо папіваць. Час жа і так пастараецца нас замарыць, а нам самім не варта клапаціцца, каб век наш скончыўся да пары да тэрміну: выспеем, тады і павалімся.
І ўсё ж нам хоць з паўгадзіны, а давядзецца пабіцца,запярэчыў другі збраяносец.
— Не,адрэзаў Санча,— я не такі грубіян і не такі няўдзячны, каб распачынаць хоць бы лёгкую сварку з чалавекам, з якім мы разам елі і пілі. Тым больш, ён мяне нічым не ўгнявіў і не ўзлаваў, дык якога ж чорта я ні з таго ні з сяго палезу ў бойку?
Я і гэта бяруся ўладзіць,— сказаў другі збраяносец,— і вось якім чынам: перад пачаткам сутычкі я вельмі спакойна падыду да вашай міласці і дам дзветры аплявухі, так што вы паваліцеся, і гэтым я разбуджу ў душы вашай гнеў, нават калі вы больш санлівы, чым сурок.
Супраць гэтай выхадкі ў мяне знойдзецца ніколькі не горшая,— аб’явіў Санча: — Я схаплю дубіну і, перш чым ваша міласць пачне будзіць мой гнеў, так усыплю ваш, што прачнецца ён хіба на тым свеце. А на тым свеце, напэўна, ведаюць, што наступаць сабе на нагу я нікому не дазволю. I ўсім нам патрэбна трымаць вуха востра, а галоўнае — не будзіць чужога гневу, няхай ён спіць, бо чужая душа цёмны лес: пойдзеш па шэрсць — аж, глядзіш, самога пастрыглі; ды ж і гасподзь благаславіў мір, а сваркі пракляў. І сапраўды: зацкаваны, загнаны, прыціснуты да сцяны кот ператвараецца ў ільва, ну а я ж чалавек, дык я бог ведае ў каго магу ператварыцца, а таму я вас, сеньёр збраяносец, папярэджваю: за ўсю шкоду і ўрон ад нашай бойкі адказваеце вы, і ніхто іншы.
—	Добра,— прамовіў другі збраяносец.— Пераначуем, болей пачуем.
Між тым на дрэвах ужо зашчабяталі хары птушачак вясёлкавага апярэння; у сваіх шматгалосых і вясёлых песнях яны праслаўлялі і віталі халаднаватую раніцу, якая ўжо прыгожа заружавелася на ўсходзе, і пачынала абтрасаць са сваіх валасоў безліч вільготных перлаў, і абмытыя прыемнай гэтаю вільгаццю травы былі нібы пакрыты і абсыпаны самым найтонкім белым бісерам;вербы пахлі салодкай маннай, смяяліся крыніцы, журчалі ручаі, радаваліся дубравы, і ў самы дарагі свой убор прыбраліся на досвітку лугі. Калі ж развіднела і можна было бачыць і адрозніваць прадметы, то першым прадметам, які ўбачыў Санча Панса, быў нос збраяносца Рыцара Люстэркаў, такі вялікі, на ўсё збраяносцава цела. Сапраўды, нос быў неверагоднай велічыні, з гарбінкай на сярэдзіне, усеяны бародаўкамі, ліловы, як баклажан, і звісаў ніжэй рота на цэлых два пальцы, і яго велічыня, колер, бародаўкі і крывізна да таго збрыдзілі збраяносца, што Санча, убачыўшы вышэй апісаны нос, заматляў рукамі і нагамі, як дзіця, з якім здарыўся радзімец, і даў сабе слова атрымаць лепш дзве сотні аплявух, чым будзіць гнеў у такога страшыдла, а потым з ім біцца. Тым часам Дон Кіхот акінуў позіркам свайго праціўніка, але той ужо надзеў шлем і апусціў забрала, так што твару яго нельга было разгледзець; Дон Кіхот, аднак жа, заўважыў, што гэта чалавек каржакаваты і не вельмі высокага росту. На даспехі ён надзеў камзол, сатканы нібы з нітак самага чыстага золата і суцэльна ўсыпаны зіхатлівымі люстэркамі ў выглядзе малюсенькіх месяцаў, што надавала яго ўбору незвычайную пышнасць і хараство; на шлеме развявалася мноства зялёных, жоўтых і белых пёраў; яго кап’ё, прыстаўленае да дрэва, было велізарнае і тоўстае, з жалезным наканечнікам велічынёю каля пядзі.
Дон Кіхот усё гэта заўважыў і разглядзеў і з усяго ўбачанага і заўважанага зрабіў вывад, што згаданы
рыцар, напэўна, добры асілак; аднак гэта не нагнала на яго жаху, як на Санча Пансу,— ён звярнуўся да Рыцара Люстэркаў з вытрыманай і смелай прамовай:
—	Калі баявы запал не ўзяў верх над вашай, сеньёр рыцар, пачцівасцю, то я звяртаюся да яе і прашу вас падняць крыху забрала, каб я пераканаўся, што мужнасць твару вашага адпавядае мужнасці вашага целаскладу.
—	Ці выйдзеце вы, сеньёр рыцар, з гэтага выпрабавання пераможцам, ці будзеце пераможаны,запярэчыў Рыцар Люстэркаў,— у вас яшчэ будзе час мяне разглядзець, а зараз я не магу выканаць вашага жадання толькі таму, што, думаецца мне, я вельмі пакрыўджу цудоўную Касільдэю Вандальскую, калі буду траціць час на тое, каб падымаць забрала, між тым як мне патрэбна вымусіць вас прызнацца ў тым, чаго, як вам вядома, я дамагаюся.
— Як бы там ні было,— запярэчыў Дон Кіхот,— пакуль мы будзем садзіцца на коней, вы паспееце мне сказаць, ці сапраўды я той самы Дон Кіхот, якога вы быццам бы перамаглі.
— На гэты ваш запыт адкйзваем,— прамовіў Рыцар Люстэркаў,— што вы як дзве кроплі вады падобны на пераможанага мною рыцара, але вы ж самі кажаце, што чараўнікі строяць яму падкопы, а таму я не адважваюся сцвярджаць станоўча, ці з’яўляецеся вы гэтай падследнай асобай, ці не.
— Цяпер для мяне зусім зразумела, што вы памыляецеся,— заўважыў Дон Кіхот,— аднак жа, каб вы разупэўніліся цалкам, няхай пададуць нам коней,— з дапамогай госпада бога, маёй пані і ўласнай маёй рукі я ўбачу ваш твар хутчэй, чым калі б вы пачалі падымаць забрала, вы ж убачыце, што я той пераможаны Дон Кіхот, за якога вы мяне прымаеце.