• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Чарадзейнае слова

    Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 463с.
    Мінск 2022
    82.02 МБ
    He магу я з дзеткамі забаўляцца
    I вадой з бутэлечкі аблівацца. Прырасла я ножкаю да зямлі, Можа б ты, Мікітка, мяне паліў...
    Пабег Мікітка дадому, набраў поўную бутэльку вады і назад у двор. Нахіліўся да кветачкі і пачаў струменьчыкам ліць ваду пад яе ножку.
    Кветачка прагна піла. Мікітка ліў, ліў, а яна ўсё ніяк не магла здаволіцца. Хутка бутэлька была пустая, і Мікітка пабег дадому, каб набраць яшчэ вады.
    А калі з поўнаю бутэлькаю вярнуўся назад, то ўбачыў цуд. Сцяблінка выпрасталася, лісточкі падняліся ўгору, а вясёленькая кветка глядзела на Мікітку і ўсміхалася. Так, так. Усміхалася!
    А тут мама з работы ідзе, прысела каля Мікіткі паглядзець — на што ён дзівіцца. Мікітка ў яе пытаецца:
    — Мама, а хіба кветачка жывая?
    — Канечне, жывая, — адказала мама.
    Каштанчык
    Галіна Пшонік
    Увосень на сумнай пустцы побач са школай дзеці пасадзілі каштаны. Саджанцы маладыя і тонкія, таму ўсю зіму дзеці перажывалі, ці не змерзнуць яны, ці прымуцца. I ўявіце сабе: вясной на ўсіх шасці дрэўцах з’явіліся вялікія, радасна-зялёныя лісточкі. Усе каштаны прыняліся! Пустка, дакладней, былая пустка стала вельмі ўтульным і вясёлым месцейкам.
    Але праз некалькі дзён у вясёлым месцейку адбылося зусім невясёлае здарэнне. Нехта бяздушны, або бяздумны, або злы адламаў у самага крайняга дрэўца галінку. Астатнія каштаны абурана шапацелі сваімі ўзорыстымі лісточкамі і гучна спачувалі параненаму дрэўцу. А паранены
    каштан зусім не хацеў выглядаць бездапаможным і жаласным. Ён хацеў быць прыгожым, моцным і шчаслівым. Нават без адной галіны.
    I вось адной светлай майскай раніцай пяць каштанаў заўважылі на шостым, з адламанай галінкай, дрэўцы асляпляльна-прыгожую бела-ружовую кветку. Велічна і пяшчотна пазірала яна на іх амаль з самай вершаліны дрэўца. I хоць ні ў аднаго з пяці каштанаў такога дзівоснага ўпрыгажэння яшчэ не было, кожны з іх шчыра радаваўся за сябра. Усе, хто праходзіў побач, захапляліся цудоўнай кветкай і мужным дрэўцам. Прызнацца, каштану з адламанай галінкай гэта было надзвычай прыемна.
    Але паступова бела-ружовыя танюткія пялёсткі, якія рабілі кветку такой асляплялына-прыгожай, пачалі асыпацца, а потым і ўвогуле на іх месцы з’явіліся тры маленькія зялёныя шарыкі, спрэс у калючых іголках. Каштан спачатку засмуціўся. Аднак шарыкі былі такімі забаўнымі і смешнымі, што ўрэшце ён палюбіў іх.
    Зноў надышла восень. Вецер усё часцей завітваў да дрэўцаў і аднойчы так расхістаў калючыя шарыкі, што яны адзін за адным адарваліся ад галінкі і ўпалі на зямлю. А самы вялікі з іх нават раскалоўся на дзве палавінкі. 3 іх выкаціўся вільготны карычневы каштанчык і адразу злавіў прамень ласкавага восеньскага сонейка.
    — Які бліскучы, які цудоўны! — усклікнула дрэўца з адламанай галінкай.
    I палюбіла яго гэтак жа моцна, як бела-ружовую кветку і зялёныя шарыкі. Каштанчык бестурботна ляжаў у сакавітай траве і грэўся на ласкавым сонейку.
    У гэты час па дарожцы ішоў хлопчык. Менавіта ішоў, а не бег, як усе іншыя хлопчыкі, таму і паспеў заўважыць у траве бліскучы каштанчык. Падняў яго, задуменна разгледзеў і паклаў ў кішэню.
    — Адчуваю, мой каштанчык трапіў у добрыя рукі, — супакоена зашапацела пажоўклай лістотай дрэўца.
    Хлопчык дайшоў да бліжэйшай лавачкі, сеў на яе і цяжка ўздыхнуў.
    — Хлопчык, ты сумны? — спытаў каштанчык.
    — Я зусім сумны, — адказаў хлопчык.
    — Чаму ж ты зусім сумны? — занепакоіўся каштанчык.
    — Хутка ў нашым класе вялікае восеньскае свята. Усе будуць спяваць, танцаваць, расказваць вершы. А я вельмі дрэнна спяваю, ніколечкі не ўмею танцаваць і ў мяне не атрымліваецца расказваць вершы, — прызнаўся хлопчык. — I зноў мая мама засмуціцца і будзе шкадаваць мяне.
    — Тады прыдумай і распавядзі на свяце казку! — прапанаваў каштанчык.
    — Але казак у нас яшчэ ніхто ніколі не распавядаў, — засумняваўся хлопчык.
    — Вось ты і будзеш першы! — не здаваўся каштанчык. — Я нават ведаю якую.
    Пэўна, і вы, сябры, здагадаліся, пра што будзе тая казка. Ну, вядома ж, пра дрэўца з адламанай галінкай.
    Хлопчык радасна сціснуў у руцэ каштанчык і шпарка пабег дамоў — запісваць казку.
    Дабрадзей для ўсіх дзяцей.
    Юні-Юні клапоціцца пра здароўе
    Уладзімір Ліпскі
    Летам, здаецца, спяваюць усе: птушкі і пчолы, дрэвы і травы, сонца і кветкі. Якое наўкол хараство!
    Такой парой Вася Вясёлкін заўсёды збірае сваіх сяброў у дачным пасёлку Зялёная Гара. Адтуль амаль кожны дзень яны вандруюць па наваколлі, адпачываюць і робяць для сябе адкрыцці.
    Тым днём у дарогу з юнымі краязнаўцамі адправіўся і Юні-Юні. 3 чыстага неба шчодра ліліся сонечныя промні. Нават гуллівы ветрык прылёг на лугавінах, каб пагрэцца і паслухаць спевы лета.
    Спявалі і дзеці. Запяваламі ў іх былі Вася Вясёлкін і Юні-Юні. А хлопчык Толік весяліў усіх сваёй дудачкай:
    Слухаць дудку прыляталі Матылёчкі і жучкі.
    А мы песню ім спявалі
    Пад бярозай ля ракі...
    Першы прыпынак вандроўнікі-краязнаўцы зрабілі каля невялікага азярца, зарослага чаротам, асакой, раскай. На мелкаводдзі Надзейка агледзела цэлую «хмарку» жабіных дзяцей — апалонікаў. Дзеці прыгаршчамі выцягвалі іх з вады і кідалі ў пустое вядзерца.
    I раптам з вадзяной травы пачуўся хрыплы голас:
    — К-ква-к-ква, што р-робіце?.. Э-эх, ква-ква — дзятва!..
    Перакладчыкам жабінай мовы выступіў ЮніЮні:
    — Ведайце, сябры, гаспадыня азярца Зялёная Жаба нагадвае вам, што яе дзеці маюць права на жыццё і ахову здароўя.
    — Праўда, давайце не чапаць жабіных дзетак, — пагадзіўся Вася Вясёлкін. — Яны вырастуць і будуць карыснымі для прыроды, праспяваюць для нас сваю песню-квакалку.
    Хлопчыкі і дзяўчынкі выпусцілі ў ваду чорных апалонікаў. А яны, у знак падзякі, павілялі ім доўгімі хвосцікамі.
    У Зялёнай Дуброве вандроўнікаў чакаў сюрпрыз. Яны знайшлі сярод кустоў птушаня. Яно хавалася ў траве. А калі дзеці прыкмецілі яго і пачалі лавіць, то шэры пухнацік нават паспрабаваў уцекчы. Бег, куляўся, узлятаў. Толік дагнаў птушаня. Яно затрымцела ў яго руках. Калі ўсе падбеглі да лаўца, то згледзелі, што ў птушаняці паскубенае і падзюбанае правае крыльца.
    — Нейкі злыдзень пасягнуў на здароўе і жыццё гэтага птушынага дзіцяткі, — з сумам зазначыў Юні-Юні. — Птушачцы трэба тэрмінова дапамагчы.
    — Мо хуткую машыну з Мінска выклічам? — прапанаваў Дзяніс.
    — Ты што, хуткая ратуе толькі людзей, — патлумачыў Вася Вясёлкін. — Давайце самі станем медыкамі-выратавальнікамі для параненага.
    У дарожнай аптэчцы вандроўнікі знайшлі вату, бінт, ёд, пластыр. Пачалі прыгадваць: каму, хто і як лячыў ранкі. Вася Вясёлкін узяўся лекаваць птушаня. Прамыў акрываўленае крыльца, працёр яго ваткай, апрацаваў ранкі ёдам. Увесь гэты час птушаня сядзела, заплюшчыўшы вочкі.
    — О, яно пазірае на нас! — радасна ўсклікнуў Толік.
    — Будзе жыць! — запэўніў Вася Вясёлкін.
    — Павінна жыць, бо мы змагаліся за гэта, абаранілі яго права быць здаровым і мець медыцынскае абслугоўванне, — падсумаваў Юні-Юні і скіраваў свае ласкавыя, гаючыя промнікі на параненую птушачку.
    Дзеці агледзелі наўкол усе арэхавыя кусты і знайшлі на адным з іх гняздо. Туды і падсадзілі параненага пацыента.
    Тым днём сябры Васі Вясёлкіна трапілі ў сасновы лес. Знайшлі там цэлую паляну чарніц і ўдосталь наеліся сакавітых, лекавых ягад. У кожнага ад іх рот стаў чырвона-сінім, а рукі — чарнічнымі. Смяяліся адзін з аднаго, весяліліся. А гэта і ёсць прыкметы добрага здароўя.
    Пад канец лета, калі на жытнёвае поле выйшаў камбайн, зялёнагорцы з Васем Вясёлкіным кінуліся паназіраць за ўборачнай машынай. Бегалі па ржышчы, прыветна махалі рукамі механізатару. Ды раптам з высокага жыта, перад самым матавілам камбайна, сігануў Русы Зай. Доўгія вушы ляжалі на яго спіне, а лапы ледзь краналіся зямлі. Заяц, здаецца, не бег, а крывой маланкай ляцеў па полі.
    Камбайнер тармазнуў машыну, выскачыў з кабіны. Разам з дзецьмі ён знайшоў у жыце маленькае, кволае зайчаня. Яно не ўцякала: ці то вельмі напалохалася рокату і шуму, ці то не ўмела хутка бегаць. Дзядзька ўзяў за вушы русачка і перадаў Васю Вясёлкіну:
    — Прымайце знаходку. Падкарміце, падгадуйце і абавязкова выпусціце ў лес.
    Дзеці помнілі наказ Юні-Юні, што кожнае дзіця мае права на здароўе і жыццё, таму хорам адказалі:
    — Мы так і зробім, дзядзечка!
    Стракозы весела праляцелі над галовамі спагадлівых вандроўнікаў. Конікі ў травяным іржышчы пусціліся ў скокі. Сінія васількі ў жыце лагодна заківалі галоўкамі. А дзеці заспявалі новую песню:
    Сонца светлае, як мама, У высокім небе стала, Каб з шляхоў прасторных, вольных Прывітаць наш край азёрны.
    Шчасце
    Янка Маўр
    Быў адзін з тых летніх дзён, якія бываюць, мусіць, толькі на Беларусі. Сонца пячэ як мага, а гарачыні няма: лішак яе паглынаюць і рака, і ўсялякая зеляніна, што жыве навакол, дыхае, шамаціць і запаўняе не толькі прыроду, але і душу чалавека.
    Усім радасна ў такі дзень. Радасна і мне. Радасна і вунь таму хлапчуку год васьмі, што спускаецца з гары, падскокваючы на адной назе.
    Мы сустракаемся з ім на мосце. Ён прыпыняецца і глядзіць на мяне так, нібы хоча нешта сказаць. Радасць, шчасце так і пырскаюць з яго блакітных вачэй. Я лагодна ўсміхаюся яму, ківаю галавой і кажу:
    — Добра жыць на свеце, браток, га?
    Тварык хлопчыка засвяціўся яшчэ больш, але ён нічога не сказаў.
    Я паціху ішоў міма, а хлопчык, нібы той сланечнік, паварочваў следам за мной свой круглы тварык. Здавалася, што ён вось-вось нешта скажа.
    Я яго разумеў. Але ён, відаць, гэтага не ведаў, бо ўсё глядзеў мне ў вочы, нібы чагосьці чакаючы ад мяне. Ён заліваў мяне сваім шчасцем, а я ў адказ нічога не мог яму даць. Мне трэба яму нешта сказаць. Але што? Што яму сказаць, каб перадаць усю тую цеплыню, якую я ад яго адчуваю?
    — Як цябе зваць? — сказаў я нарэшце, каб толькі не маўчаць.
    Хлопчык нічога мне не адказаў. Сваім дзіцячым інстынктам ён, відаць, зразумеў, што словы гэтыя сказаны так сабе, абы сказаць. Мала таго: твар яго перастаў свяціцца, нават неяк балюча скрывіўся. А потым... потым з грудзей яго вырваўся крык!.. Два словы толькі было ў гэтым крыку:
    — Дзядзька!.. Шапка!..
    Але гэтага было досыць, каб зразумець, хоць і са спазненнем, усю тую трагедыю, якая адбылася тут, на мосце, у гэты радасны летні дзень.
    У хлопчыка на галаве была новая шапка, якую ён надзеў, відаць, першы раз. Добрая шапка, шэрая, каляная. Яна ахапіла не толькі галаву хлопчыка, але ўсё цела і душу. Гэта ж праз яе сёння такі цудоўны дзень, а я гэтага не ведаў. I сонца так шчодра свеціць толькі дзеля таго, каб усе здалёк маглі бачыць шапку, а я не заўважыў яе і зблізку. Адзін усяго толькі крок заставалася зрабіць — і ўся сустрэча пайшла б прахам. Ці магла чулая дзіцячая душа сцярпець такую несправядлівасць, такое халоднае бяздушша? I яна не сцярпела...