• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Чарадзейнае слова

    Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 463с.
    Мінск 2022
    82.02 МБ
    — Лепш пачакаем, — Максімка, седзячы на лаве, боўтаў нагамі. — А то пойдзем, а ён нас дагоніць. Тады крыўдна будзе. Ішлі, ішлі, і ўсё дарэмна...
    Тата не стаў пярэчыць. Сядзяць, чакаюць. I размаўляць быццам няма пра што. Усё ж тата не вытрымаў, першы ўзняўся з лавы:
    — Аўтобуса, відаць, сёння не будзе. Але ж ты лянуешся ісці да дзядулі з бабуляй, то заставайся дома, а я пайду адзін. Добра?
    — He, хадзем, тата, разам, — пагадзіўся хлопчык і хуценька ўскочыў з лавы: ён ужо засумаваў па бабулі з дзядулем.
    Сын і бацька, узяўшыся за рукі, крочылі па дарозе, а яна шэрай стужкай бегла і бегла наперад. Свяціла сонейка, твары абвяваў свежы ветрык, а ў небе пырхаў жаўрук і, здавалася, радуючыся людзям, пасылаў ім з неба сваю песню.
    — Гэта ён нас хваліць, што пешшу ідзём, — заўважыў тата.
    Максімка памахаў жаўруку і гучна сказаў:
    — Дзякуй табе, птушачка!
    Прайшлі яшчэ трохі полем, і дарога нырнула ў лес. Тата запаволіў хаду, паглядзеў на сына:
    — Чуеш? Гэта дзяцел тукае: тук-тук-тук! A чаму ён так тукае, ведаеш?
    Максімка паціснуў плячыма:
    — Забаўляецца, мусіць?
    — He, сынку: гэта ён корм сабе і сваім дзеткам здабывае. Пад карой у старых дрэў шмат розных казюрак жыве, вось ён і дастае іх. Працавітая птушка дзяцел. Ён не толькі корм здабывае — і лес ратуе ад розных караедаў.
    Перад крынічкай спыніліся, напіліся халоднай, як лёд, вады. Крышачку адпачылі і пайшлі далей.
    — А вунь, бачыш, ямы, — паказаў тата на акопы, што зараслі ўжо густым кустоўем. — Іх нашы салдаты ў вайну капалі, калі займалі тут абарону, каб вораг не прайшоў у нашу вёску.
    — I не пусцілі? — зацікавіўся Максімка.
    — I не пусцілі, — упэўнена сказаў тата. — Бачыш, наша вёска жыве... А маглі б і спаліць яе немцы. Тады і мы не жылі б тут. Трэба дзякуй сказаць салдатам.
    Хлопчык ледзь чутна прашаптаў:
    — Дзякуй... — і падаў тату руку: з ім нястрашна.
    А потым закукавала зязюля: «Ку-ку! Ку-ку! Ку-ку!» Тата папрасіў Максімку, каб той лічыў, колькі разоў пракукуе птушка. Максімка лічыў, лічыў... і збіўся.
    — Ну, і колькі ж? — спытаў тата.
    Хлопчык развёў рукамі, а потым знайшоўся:
    — Багата разоў!
    Тата ўсміхнуўся:
    — Значыць, у нас з табой наперадзе яшчэ ўсё жыццё. Калі зязюля накукавала нам шмат гадоў.
    Амаль каля самай дарогі яны ўбачылі сунічную палянку. Ягад было столькі, што яны і самі наеліся, і для бабулі з дзядулем назбіралі.
    Перад самай вёскай Максімку з татам дагнаў аўтобус. Шафёр прытармазіў, вызірнуў з акенца і кіўнуў галавой: «Залазьце, пешаходы!»
    — Дзякуй, мы ўжо прыйшлі, — адказаў яму тата.
    — Матор закапрызіў, — быццам апраўдваўся шафёр перад хлопчыкам і ягоным татам. — Давялося падлячыць яго. Спазняцца больш не будзем.
    I націснуў на газ. Але Максімка зусім не шкадаваў, што пешшу прыйшоў да бабулі з дзядулем. Якая, аказваецца, цікавая гэтая дарога!
    ЭаЗру бучыся змалку
    Добрае сэрца
    Гэоргій Марчук
    Здарылася бяда. Маленькае варанятка ўпершыню ўскараскалася на край гнязда, але нечакана наляцеў парывісты вецер, і птушаня не ўтрымалася, звалілася ўніз. Падаючы, пабіла лапку і параніла крыльца. Перапалохаўшыся, забылася нават паклікаць на дапамогу сваю маму-варону, якая шукала корм побач, у двары дзевяціпавярховага дома. Кульгаючы на правую лапку, варанятка схавалася ў траве. I тут заўважыла, што з дзіцячага садка да яго кіруецца чорна-белы кот. Варанятка скеміла: трэба ўцякаць ад гэтага ліха. Дрыжучы ад страху, зашылася ў густы куст і вырашыла чакаць сваю маму.
    Два хлапчукі, якія кідаліся камячкамі зямлі, заўважылі варанятка. Адшукалі дубчыкі і пачалі праганяць птушаня з куста. Але яно трымалася мужна і не пакінула свайго часовага сховішча. Хлапчукам надакучыла палохаць варанятка, і яны ўцяклі. Тут яго і знайшла маці-варона. Пакарміла, строга загадала не вылазіць з куста, a сама села на дрэва і ўсю ноч не заплюшчыла вачэй, пільнуючы варанятка.
    Раніцай нейкі дзядзька вывеў на прагулку свайго сабаку. Сабака гойсаў па пляцоўцы без павадка і на ўсіх брахаў. Варанятка стаілася, але гаспадар сабакі заўважыў яго, пачаў цкаваць: «Хапай яго, Пірат! Кусай!» Да сына адразу ж прыляцела маці-варона. Яна бараніла яго з апошніх сіл. У доме насупраць каля акна сядзела бабулька, да слёз перажывала за варанятка і яго маці-варону. Але дапамагчы не магла: яна была вельмі старэнькая і ўжо не выходзіла на вуліцу. Бабулька слабенькай рукой стукала па шыбе алоўкам, спадзеючыся хоць так суняць раз’юшанага сабаку. Тады варанятка вырашыла само дапамагчы маці. Выбралася з куста, узмахнула крыльцамі і — дзіва! — узляцела на самую нізкую галінку бярозы. Імгненна побач з ім апынулася і стомленая маці-варона. Злы сабака ўжо не мог да іх дацягнуцца, a толькі хрыпла, з пенай на іклах, брахаў унізе. Варанятка моцна трымалася лапкамі за галінку.
    — Патрывай яшчэ, сынок, — прасіла маці. — Набярэшся сілы, і мы ўзляцім вышэй...
    Другую ноч варанятка спала ўжо побач з мамай, тулячыся да яе цёплага крыла. Раніцай з дома насупраць выбег хлопчык. Убачыў іх, пачаў цэліць з рагаткі. Маці-варона гучна каркала, нібы сарамаціла хлопчыка. Але ён не зважаў на яе крык, выбіраў для рагаткі буйнейшыя каменьчыкі. Адзін каменьчык балюча даў па лапцы, і варанятка рызыкнула ўзляцець. Ура-а! Атрымалася! Вецер падхапіў яго, і яны разам з мамай
    узляцелі высока-высока, на самы дах дома. Варанятка села на краёчак і глянула ўніз. Адсюль, зверху, дзядзькі і цёткі, сабака, хлопчык з рагаткай здаваліся ўжо не такімі вялікімі і страшнымі.
    Да іх падляцеў дзядуля — стары аднавокі крумкач. Ён прынёс у дзюбе камень і сказаў варанятку:
    — Вазьмі камень і кінь на сваіх крыўдзіцеляў. Яны некалі мне, малому, вока выбілі. I цябе ледзьве не загубілі.
    Варанятка ўзяло камень у дзюбу і наважылася кінуць. Потым паглядзела на маці. Тая маўчала. Тады варанятка адклала камень убок і сказала:
    — He, не магу кінуць. Мне іх шкада. Яны не ўмеюць лятаць, як мы,
    — Яны злосныя і жорсткія, — даводзіў дзядуля-крумкач.
    — Можа, зробяцца дабрэйшымі, — адказала варанятка. — Няхай жывуць!
    Маці абняла варанятка крылом і ласкава сказала:
    — Ты будзеш шчаслівым, сынок, таму што ў цябе добрае сэрца.
    Выратаванне ластаўкі
    (Урывак з аповесці «Арцёмкавы канікулы») Зіновій Прыгодзіч
    Была нядзеля. На дачы ў гэты дзень нічога не рабілі: бабуля не палола грады, дзядуля не браўся за свае інструменты. Арцёмку ж сядзець
    і нічым не займацца сумна. Таму ён падышоў да дзядулі і прапанаваў з’ездзіць паназіраць за ластаўкамі-беражанкамі. Дзед ахвотна падтрымаў унука. Яны асядлалі веласіпеды і пакацілі. Джэк, як заўсёды, дробненька перабіраючы лапкамі, бег наперадзе.
    Пад’язджаючы да азярца, Арцёмка і дзядуля яшчэ здалёк убачылі, што там адбывалася нешта незвычайнае. Вялікая чарада ластавак кружыла на адным месцы і шумна, трывожна крычала.
    — Што гэта з імі? — запытальна паглядзеў на дзядулю Арцёмка.
    — А хто яго ведае... Вось зараз пад’едзем бліжэй — убачым.
    Аказалася, птушкі кружылі не над вадаёмам, а над вялікай чорнай лужынай смалы.
    — Дзядуля, дзядуля! — усхваляваны Арцёмка паказаў рукою на лужыну. — Там ластаўка!..
    Дзед прыгледзеўся — і праўда: бедная птушка завязла кіпцікамі ў смале, біла адчайна крылцамі, стараючыся вырвацца з гібельнага палону, але гэта ёй не ўдавалася.
    — Ай-яй-яй... — забедаваў дзядуля. — Трэба ластаўку тэрмінова ратаваць, інакш смала яе засмокча.
    На шчасце, паблізу ляжала шырокая дошка. Дзед Жэня падняў яе і адным канцом паклаў на смаляную лужыну, бліжэй да птушкі. Хуценька, пакуль дошку не засмактала, падышоў да ластаўкі і асцярожна, каб не пашкодзіць лапкі,
    вызваліў яе са смалы. Худзенькае цельца птушкі дробна дрыжэла ад перажытага страху.
    — He бойся, мая харошая, — гладзіў ластаўку па галоўцы расчулены Арцёмка. — Мы цябе не пакрыўдзім. He бойся...
    Ластаўка ў цёплых дзядулевых далонях паціху супакойвалася. Але ж адпускаць яе пакуль нельга: на лапках наліплі камякі смалы.
    — Арцёмка, схадзі да веласіпедаў, там на маім багажніку, у пакеце, ёсць палатняная сурвэтка. Прынясі яе хуценька сюды.
    Пачалі выціраць смалу сурвэткай. Ластаўка зноў устрывожылася, затузалася — відаць, ёй было балюча. Тады дзед Жэня і Арцёмка сталі сваім дыханнем грэць смалу, каб яна лягчэй выціралася з лапак. I гэта ім, здаецца, удалося, бо птушка зноў супакоілася.
    — Ну вось і ўсё, — з палёгкай сказаў дзядуля, прыдзірліва аглядаючы сцішаную ластаўку. — Канечне, добра было б яе лапкі прамыць яшчэ бензінам, але, думаю, рэшткі гэтай смалы не будуць перашкодай.
    Дзед Жэня выцягнуў руку перад сабою і раскрыў далонь:
    — Ну што, гаротніца, ляці!
    Ластаўка нейкае імгненне яшчэ пасядзела на далоні, нібы не верачы сваёй волі, а потым узмахнула крыламі і рэзка набрала вышыню.
    Чарада птушак, якія ўвесь гэты час устрывожана кружылі над імі, радасна кінулася следам за выратаванай ластаўкай.
    Як Агапка мальвы ўратавала
    Гэоргій Марчук
    Быў май. Дзесяцігадовая кірпатая, з доўгай густой касой дзяўчынка Агапка гасцявала ў сваіх дзядулі і бабулі. Агапкавы бацькі — смелыя і шчырыя людзі. Яны працавалі выратавалынікамі і таму накіраваліся ў далёкую краіну Грэцыю, каб гасіць лясныя пажары. Агапка любіла вёску і ёй там было цікава. А яшчэ ва ўтульным доме бабулі і дзядулі была печка, у якой бабуля рабіла смачныя бліны і варыла прасяную кашу. А яшчэ бабуля навучыла Агапку даіць казу Марфу.
    Часцяком да іх увечары прыходзіў суседскі кот Фокус, каб пачаставацца малаком. У Фокуса была гаспадыня — адзінокая старая, якая чытала газету, трымаючы ў руках вялізную лупу. Яны не мелі ні каровы, ні казы, ні качак, ні гусей. Кот меў здольнасць дэманстраваць розныя фокусы, таму і мянушку яму далі — Фокус. Скокне, здаралася, на вакно, а праз імгненне вылезе ўжо праз комін на страху. Ці вытыркне праз шчыліну ў плоце свой шыкоўны хвост і пачынае ім круціць, палохаць галубоў ды вераб’ёў. Меў Фокус адну незвычайную мару: трапіць у той горад, дзе жыве Агапка. Ён жа далей за сваю вёску нідзе не быў. Нават на другі канец адной-адзінай вуліцы не хадзіў — баяўся. Там жыў пануры і заўсёды ўсім незадаволены былы вартаўнік малочнай фермы Піліп Барабанадуля.
    У двары ягонага дома бегаў на длінным ланцугу гэткі ж злосны, як і гаспадар, сабака Пірат. Барабанадуля нават не вітаўся з Агапкавымі бабуляй і дзядулем, калі ехаў на ровары паўз іхні дом. Ён майстраваў клеткі для птушак, прылады розныя, каб лавіць мышэй ці птушак і вазіў іх на кірмаш — прадаваў. Ён быў малы, заўсёды насіў чорны капялюш. Востры нос, як у каршуна дзюба, ды густыя чорныя вусы рабілі яго яшчэ больш панурым і насцярожаным. «Мне не зманіш. Старога вераб’я на мякіне не ашукаеш. Я вас усіх добра ведаю», — заўсёды казаў ён адно і тое, калі сустракаў людзей. Ён і Пірата свайго амаль не карміў, каб той быў зусім злосны.