Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

Чарадзейнае слова

Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе
Выдавец: Беларусь
Памер: 463с.
Мінск 2022
82.02 МБ
Сустракаючыся, людзі ўсміхаліся адзін аднаму — такое было ў іх прывітанне.
Пра тое, што на свеце ёсць горад, у якім усе людзі шчаслівыя, даведаўся злы чараўнік. Той самы, які ніколі не спяваў, не любіў музыкі і не ўсміхаўся. Ён рабіў толькі чорныя справы: хлусіў, прыдумваў плёткі, лаяўся.
— Я не ведаю, чаму тыя людзі шчаслівыя,— сказаў сам сабе чараўнік.— Яны шчаслівыя таму, што ўмеюць усміхацца. Вось палячу я ў той горад, адбяру іхнія ўсмешкі і стану адзін шчаслівы.
Сеў ён на свой дыван-самалёт і паляцеў. Ляцеў ноччу, бо ўсе злыя чараўнікі лётаюць толькі ноччу, калі добрыя людзі спяць і бачаць харошыя сны.
Унізе паказаліся блакітныя дахі, і злы чараўнік здагадаўся, што гэта і ёсць той самы казачны горад.
Пачало світаць. 3-за мора выкаціўся залаты шар сонца. Цёплыя хвалі лашчылі бераг, усыпаны гладкімі каменьчыкамі. 3 комінаў цягнуўся лёгкі дымок.
Седзячы за комінам, злы чараўнік чакаў, пакуль хто-небудзь з’явіцца на вуліцы.
Нарэшце ён убачыў першага жыхара казачнага горада. Той ішоў і ўсміхаўся сонцу, якое шчодра грэла зямлю, птушкам, якія весела спявалі на дрэве, і зялёным лісточкам, што трымцелі ад лёгкага ветрыку.
Чараўнік вылецеў з-за коміна і апынуўся перад чалавекам.
— Аддай усмешку! — крыкнуў ён страшным голасам, ад якога пасыпалася лісце з дрэў і перасталі спяваць птушкі.
Усмешка адразу знікла з твару чалавека — як яе возьмеш? Тады чараўнік падбег да другога чалавека і гукнуў:
— Аддай усмешку!
Але зноў адабраць не змог. Яна таксама знікла.
Чараўнік паспрабаваў украсці ўсмешку, забраць яе непрыкметна, каб ніхто не бачыў. I з гэтага нічога не выйшла...
— Куплю ўсмешку,— вырашыў нарэшце чараўнік.
Але ўсе, каму ён гаварыў пра гэта, толькі паціскалі плячамі.
Чараўнік заплакаў ад крыўды. Злыя слёзы градам пакаціліся па яго зморшчаных шчоках.
Адзін добры чалавек пашкадаваў чараўніка і пасадзіў яго на лаўку ля блакітнага фантана, выцер ягоны твар ад слёз і спытаў:
— Чаго ты плачаш, добры чалавек?
Ніхто ніколі не звяртаўся да чараўніка з такімі словамі, і ён заплакаў яшчэ гарчэй.
— He магу больш так жыць,— усхліпваючы, прагаварыў чараўнік,— ніхто мяне не любіць, няма ў мяне сяброў... Я хачу ўсміхацца, як усе, але не магу здабыць сабе ўсмешку.
— Усмешку не купіш і не ўкрадзеш,— сказаў жыхар казачнага горада.— Яе дораць за добрыя справы. Успомні, ці зрабіў ты сёння што добрае. У полі працаваў?
— He,— адказаў чараўнік.
— Дом будаваў?
— He.
— Хлеб пёк? Адзежу шыў? Можа, дзяцей добраму вучыў?
— He, не, не,— і чараўнік нізка апусціў галаву.
Чалавек уздыхнуў:
— Дрэнныя твае справы. Але ты можаш памагчы сабе сам. Рабі дабро.
I жыхар казачнага горада пайшоў на працу.
А чараўнік сядзеў і ўсхліпваў, бо не ведаў, як яно робіцца, тое дабро.
Маленькая дзяўчынка бегла ў садзік, спатыкнулася аб каменьчык і ўпала. Чараўнік падхапіўся, падняў дзяўчынку і стаў дзьмуць на яе пабітае каленца, каб не балела.
Дзяўчынка, якая толькі што хацела заплакаць, раптам усміхнулася чараўніку так прыветна, што і яго губы таксама расцягнуліся ва ўсмешцы. Першы раз у жыцці!
Яму стала так лёгка, так весела, што ён пацалаваў дзяўчынку ў абедзве шчакі, сеў на свой дыван-самалёт і паляцеў рабіць добрыя справы. Цяпер ён, напэўна, стаў шчаслівым, добрым чараўніком і сам дорыць людзям усмешкі.
Добрае слова
Алесь Пальчэўскі
У трамвай праз пярэднія дзверы ўваходзіў старэнькі дзядок. Хлопчык убачыў, як цяжка падымацца старому чалавеку з нізкай прыступкі. Ён усхапіўся з лаўкі і падаў руку.
Дзядуля падзякаваў.
— Сядайце, калі ласка, на маё месца, — паказаў хлопчык на лаўку.
— Сядзі-сядзі. Мне недалёка ехаць.
Хлопчык быў настойлівы:
— Ну я вас прашу, дзядуля, сядайце.
Прыйшлося паслухацца. Дзядуля сеў, прыхіліў хлопчыка да сябе і спытаў:
— Як жа цябе зваць?
— Юра.
— Харошае імя, — пахваліў дзядуля.
— Я ў той дзень нарадзіўся, як Юрый Гагарын паляцеў у космас.
— Вунь што. Тады яно двойчы харошае... У якім жа ты класе, хлапчына, вучышся? — зірнуў дзядуля на Юраў партфель.
— У трэцім.
— Малайчына. Старайся, старайся. Я ў твае гады і аднаго класа не скончыў. Толькі і ўмею распісацца. Ды і то навучыўся, калі мне было дваццаць гадоў.
— Дык вы і казак гэтых не чыталі? — Юра дастаў кніжку з партфеля.
— He. Казкі расказвала мне маці.
— Ой, дзядуля, колькі цікавага вы не ведаеце! — пашкадаваў хлопчык. — Каб жылі блізка ад нас, я і вам чытаў бы... Таму і маме я кожны вечар чытаю.
Дзядуля ўздыхнуў: у яго свае такія ўнукі ёсць, могуць пачытаць, ды не вельмі дружаць яны з кнігай. Ён паглядзеў у акно і сказаў:
— Ну, мне пара выходзіць. Ты куды — у школу ці са школы едзеш?
— У школу, на другую змену. Мы пераехалі ў новы раён, а трэці клас я канчаю там, дзе жылі раней.
— Настаўнік ці настаўніца вучыць цябе?
— Настаўніца.
— Сядай на маё месца, — устаў дзядуля, — і перадай настаўніцы дзякуй. Скажы — ад дзядулі Сцяпана Міхайлавіча.
— Вы ведаеце нашу Вольгу Пятроўну?! — здзівіўся Юра і сеў на лаўку.
— He. Але ты перадай ад мяне дзякуй, прашу цябе! — ужо з прыступкі гукнуў дзядуля.
«А за што перадаць дзякуй незнаёмай настаўніцы? — паціснуў плячамі Юра. — Прывітанне — і тое знаёмым толькі перадаюць, а тут — дзякуй...»
Настаўніца ўвайшла ў клас, і Юра перадаў ёй дзядулеву падзяку. Вольга Пятроўна распытала, дзе і калі гэта было, трошкі захвалявалася і падзякавала вучню за прынесенае добрае слова.
А за што ўсё ж дзякаваў дзядуля настаўніцы? Можа, ты ведаеш?
Адведалі
Мікола Янчанка
Любяць хлопцы дзядзьку Васіля. За тое, што заўсёды вітаецца і размаўляе з імі, як з дарослымі, што справамі іх цікавіцца. I хлопцы рады сустрэчы з дзядзькам. Хоць той спачатку і пакепліваў з іх. Сустрэў аднойчы Янку з Антосем і ну іх дакараць:
— Вы навошта ў майго верабейкі пёрка вырвалі?
— Гэта не мы, — пачаў апраўдвацца Янка.
— Чэснае піянерскае! — пакляўся Антось, хоць хадзіў яшчэ ў дзіцячы садок і, вядома, не насіў піянерскага гальштука.
— Як не вы? — усміхнуўся дзядзька. — Хто бегае хутчэй за ўсіх хлапчукоў нашага двара? Значыць, і майго верабейку вы дагналі і пёрка ў яго вырвалі.
I сапраўды, бегаюць яны хутчэй за ўсіх. Таму ціхі Янка хацеў нават папрасіць прабачэння і паабяцаць дзядзьку Васілю не вырываць пёрак у яго вераб’ёў. Ды Антось выручыў:
— Як жа мы дагонім таго вераб’я? У нас жа крыльцаў няма!
— Няўжо няма? — усумніўся дзядзька.
— Няма! — узрадаваўся Янка. — Во, рукі ў нас!
— Тады не вы, — згадзіўся дзядзька Васіль. — Даруйце! Даруйце, хлопцы.
Вось якія размовы былі!
Цяпер дзядзька Васіль з іх не смяецца. A сустрэўшы, вітаецца і пытае з усмешкай:
— Ну як жыццё маладое?
— Нішто сабе, — апускае галаву Янка.
— Добрае! — весела адказвае бойкі Антось.
А нядаўна дзядзька Васіль нават папрасіў хлопцаў дапамагчы яму:
— Я без вас, як без рук, хлопцы. Дрэўцы не магу пасадзіць.
— Добра, — кажа Антось, — выручым.
I пайшлі, выручылі. Янка дрэўцы прытрымліваў, пакуль дзядзька Васіль прысыпаў каменьчыкі зямлёю. Антось ваду маленькім вядзерцам насіў ды паліваў саджанцы.
I на забавы таксама запрашае хлопцаў дзядзька. У мінулую суботу сонечны дзянёк выдаўся.
— Гайда на рэчку! — кажа дзядзька. — На сонцы пазагараем. А мо і пакупаемся.
— Гайда! — узрадаваліся хлопцы. I пайшлі побач з дзядзькам.
Ішлі, бы вялікія. Як і ён, рукамі размахвалі. Пад крок яго падладжваліся. Прыйшлі да ракі. На сугрэве зацішнае месца выбралі. Скінулі кашулі і загараць пачалі. Пазагаралі — і да рэчкі. Але дзядзька спыніў іх:
— Відаць, купацца яшчэ ранавата. Я, як старэйшы, паспрабую.
I паспрабаваў. Толькі адразу ж з вады выскачыў:
— Халодная! — сказаў ён. — Але праз тыдзень можна будзе і купацца.
Праз тыдзень яны з самай раніцы стаялі ля чацвёртага пад’езда. Дзядзьку Васіля чакалі. Каб наконт прагулкі дамовіцца. Але хутка даведаліся, што дзядзька Васіль хворы.
— Напэўна, той раз прастудзіўся, — здагадаўся Янка.
— Праз нас цяпер чалавек пакутуе, — падтрымаў яго Антось і нечакана прапанаваў: — Зойдзем!
Зайшлі. Ляжыць дзядзька Васіль. Але, убачыўшы хлопцаў, павесялеў:
— Як жыццё маладое?
— Добра! — усклікнулі хлопцы.
— А я от злёг, — паскардзіўся дзядзька. — У горле дзярэ, і кашаль забівае.
Затым ён з цікавасцю слухаў навіны двара і дзіцячага садзіка, пахваліў свісткі, якія хлопцам куплялі.
— Пасвішчыце, мне не шкада, — прапанаваў Антось.
— Лепей вы, хлопцы. А то я закашляюся, — сказаў дзядзька.
Хлопцы і ну старацца. Так засвісталі, што цётка Аліна з кухні прыбегла:
— Што за гармідар?!
— Ніякага гармідару, — супакоіў яе дзядзька. — Проста сябры адведаць мяне прыйшлі.
— Гэта добра! — сказала цётка Апіна. — Бач, і табе лепей стала.
А дзядзьку Васілю сапраўды лепей стала. Ён ад душы засмяяўся, скінуў коўдру і прысеў на
ложку. Затым пайшоў на кухню і прынёс хлопцам па цукерцы. На развітанне ж паабяцаў у наступную нядзелю пакатаць іх на лодцы.
— Куды гэта вы збеглі? — накінулася на хлопцаў маці Антося.
— Дзядзьку Васіля адведалі! — у адзін голас адказалі хлопцы і як доказ цукеркі паказалі. — Во!
Ліпка
Пятро Рунец
Дзед Даніла разам з унукам Валерыкам гулялі ў садзе. Хоць дзень быў і спякотны, але тут панаваў прыемны халадок. Пахла садавінай і травамі. У густой засені ціха шчабяталі птушкі. Ідучы ўслед за дзедам, Валерык уважліва прыглядаўся да дрэў, на якіх віселі падобныя на зялёныя званочкі грушы. Яблыкі-наліванкі, слівы.
У канцы саду, на ўзмежку, расла маладая купчастая ліпка. Валерык раптам спыніўся і, паказваючы на яе, сказаў:
— Дзед, бачыш, ліпка! Давай ссячом...
Дзед здзіўлена глянуў на ўнука.
— А навошта яе ссякаць? Яна ж, здаецца, нікому не замінае.
— А што з ліпкі за карысць? На ёй жа нічога не расце, — растлумачыў Валерык.— Hi яблыкі, ні грушы, ні слівы...
— Гэта праўда, што на ёй нічога не расце, — згадзіўся дед. I, крыху падумаўшы, дадаў: — Калі так, то бяжы ў хату і прынясі сякеру.
Валерык памчаўся з саду. Толькі бялявая галава замільгала ў густым зялёным бульбоўніку. Неўзабаве ён вярнуўся.
— На, дзед, секані пад самы корань, — сказаў хлопчык, падаючы вострую сякеру.
— Спачатку, Валерык, давай крыху пасядзім і адпачнём. А то я нахадзіўся, ногі забалелі. A ссячы ліпку мы паспеем. Яна ж без ног нікуды ад нас не ўцячэ. Толькі дзе ж нам сесці? — спытаў дзед, пазіраючы на ўнука.