• Газеты, часопісы і г.д.
  • Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Чарадзейнае слова

    Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 463с.
    Мінск 2022
    82.02 МБ
    — Мы — рамонкі, — адказала адна кветка. — Ветрык нас прынёс сюды ў гэтую пустыню, калі мы яшчэ насеннем былі. Мы прараслі, а цяпер во — даводзіцца паміраць.
    — Чаму?
    — Дожджыку няма, зямля сухая, а мы піць хочам...
    — Піць. Піць... — танюсенькімі галасочкамі падхапілі астатнія рамонкі.
    — He трэба плакаць, бо вы растаць можаце...
    — Піць, піць...
    — Ну, брацікі мае, ну, не плачце, калі ласка, бо і я заплачу, а мне нельга, — пачаў суцяшаць Пухнацік. — Скажыце, дзе той дожджык, — я яго знайду.
    — Дожджык бывае, калі воблачкі плачуць, — адказалі рамонкі і зноў журботна і жаласліва схіліліся над парэпанай ад спякоты зямлёй
    сваімі белымі пялёсткамі. I Пухнацік заплакаў. Так шкада яму стала белых рамонкаў, што ён забыўся пра папярэджанне дзядулі Тумана. Паліліся з яго кропелькі чыстай вадзіцы, кропелькі дажджу... Напіліся рамонкі ўдосталь, павесялелі, расправілі свае пялёсткі.
    А Пухнацік? He, ён не знік. Ён ператварыўся ў лёгкую белую смугу над рамонкамі і ў кропелькі празрыстай расы, што нават у самую спёку блішчаць на пялёстках кветак...
    Той, хто робіць добрае — ніколі не знікае.
    Зорачка
    Алена Масла
    Далёка-далёка ў касмічнай прасторы жыла Зорачка. Была яна такой маленькай, што нават зямляне не маглі разгледзець яе ў свае магутныя тэлескопы. I таму, напэўна, Зорачка сумавала.
    — Ах, — думала яна, — шчаслівыя мае сястрыцы. Іх бачаць з далёкіх планет — і яны бачаць далёкія планеты. А я... Што з таго, што я кожны дзень расчэсваю свае залатыя валасы і абнаўляю зіхоткую сукенку? Нікому не патрэбна мая прыгажосць. Сястрыцы кажуць, што я шчаслівая — мне Фея падаравала самае доўгае жыццё. Але навошта яно мне? Каму я патрэбна?.. A яшчэ сястрыцы кажуць, што людзі, якія жывуць на планеце Зямля, захапляюцца хараством зорнага неба. А я нават нікога не парадавала... — ціха ўздыхала Зорачка.
    I вось аднойчы, калі яна так разважала, нехта гукнуў яе. Зорачка азірнулася на голас і ажно заскакала ад радасці, убачыўшы сваю старэйшую сястру.
    Прывітаўшыся з госцяй і распытаўшы, як жывуць іх сваячкі, Зорачка папрасіла:
    — Сястрыца! Ты так многа ўсяго бачыла, раскажы мне што-небудзь.
    — О, я нават не ведаю, з чаго пачаць сваё апавяданне. Памятаеш, я і раней расказвала табе пра Зямлю. Яна мне падабаецца найбольш. Там жывуць вельмі цікавыя істоты — людзі, якія кажуць: «Падае зорка — чакай шчасця...» Ой, — спахапілася раптам яна, — я ж галоўнае забылася! Глядзі не згары ад радасці. Старэйшая Зорка даручыла мне перадаць, што тваё месцазнаходжанне змяняецца: з гэтай пары ты будзеш жыць разам з намі!
    — Вось дык сюрпрыз! — і Зорачка стрымгалоў кінулася ўслед за сястрой, хутчэй заспяшалася на новае месца.
    Спыніўшыся, усклікнула ад здзіўлення:
    — Якая тут прыгажосць! Куды ні глянь, зоркі карагоды водзяць! А вось гэты блакітны шар і ёсць Зямля? Ой, здаецца, я ўжо бачу людзей!..
    Захопленая, зачараваная, Зорачка гатова была закрычаць на ўсё неба: «Я шчаслівая, шчаслівая! Я буду доўга жыць!..»
    Праходзілі дні за днямі. He шкадуючы свайго святла, Зорачка разгаралася ўсё ярчэй і ярчэй. Найпрыгажэйшым яе ззянне станавілася
    тады, калі з дому на планеце Зямля выходзіла дзяўчынка. Задумлівая, з блакітнымі стужкамі ў косах, яна гадзінамі глядзела на зорнае неба. I Зорачка цягнула да яе свае цудоўныя рукіпромні. Нібы адчуўшы іх дотык, дзяўчынка радасна ўсміхалася.
    Але аднойчы вечарам дзяўчынка не выйшла. He было яе на другі і на трэці дзень. Зорачка кідала заклапочаныя позіркі на Зямлю. I, зазірнуўшы праз акно ў пакой дома, дзе жыла яе маленькая сяброўка, убачыла яе. Толькі што гэта з ёй? Гэта была яна — і не яна...
    Задумлівы позірк хаваўся пад цяжкімі павекамі, змучаны тварык пасталеў і асунуўся — дзяўчынка цяжка захварэла.
    У адно імгненне Зорачка зразумела ўсё. Век людзей жахліва кароткі. I дзяўчынка можа раней адмеранага — і так кароткага — чалавечага веку пайсці з Зямлі. А яна па-ранейшаму будзе гарэць на небе?
    «Ты з нас самая шчаслівая: табе Фея падаравала самае доўгае жыццё...» — прамільгнула ў свядомасці. — Людзі кажуць: падае зорка — чакай шчасця...»
    — Дзяўчынка, я табе падарую сваё жыццё, табе... — I Зорачка залатой слязінкай скацілася з неба.
    А потым доўга-доўга на планеце Зямля выходзіла з дому дзяўчынка і махала рукой Зорачцы, якая для яе так і засталася жывой.
    Аленчыны канькі
    Ядвіга Бяганская
    На школьным двары залілі вялікі каток, і цяпер з самага ранку тут стаіць вясёлы гоман і смех.
    Аленка з зайздрасцю назірае, як спрытна коўзаюцца аднакласнікі, якія фігуры выкручваюць на лёдзе. «Былі б у мяне канькі, я таксама не горш коўзалася б»,— думае яна. Але канькоў у Аленкі няма. Ды і спадзявацца пакуль што не прыходзіцца: трэба справіць паліто старэйшай сястры, падрамантаваць кватэру...
    — Чаму ты прыйшла на каток без канькоў? — цікавіцца Юрка.
    Дзяўчынка не адказвае. Навошта?
    — Хадзем, Аленка, я дам свае, — кажа, спыняючыся каля іх, Ганя.
    — А я цябе навучу коўзацца, — дадае Янка.
    Аленка з удзячнасцю глядзіць на сяброў, і на яе твары ўспыхвае ўсмешка.
    Яны падыходзяць да лаўкі. Ганя скідвае свае чаравікі з канькамі і, усунуўшы ногі ў Аленчыны боцікі, дапамагае ёй абуцца.
    — Я ж коўзацца зусім не ўмею, — збянтэжана кажа Аленка, трымаючыся за Янкаву руку.
    — Навучышся, гэта проста, — падбадзёрвае Янка і, сціснуўшы мацней Аленчыну руку, падае каманду:
    — Правай-левай! Правай-левай!
    Зрабіўшы некалькі кругоў, Янка раптам выпускае яе руку:
    — Ну а цяпер сама. Ды ты не бойся, не бойся!
    — Ой! — палохаецца Аленка. Правая яе нага ўцякае ўперад, а левая чамусьці адстае, і дзяўчынка, узмахнуўшы рукамі, падае.
    — He бойся, яшчэ крыху павучымся, — смяецца Янка, і яны зноў коўзаюцца разам.
    — Ну як, падабаецца? — пытае Ганя, калі Аленка з Янкам спыняюцца.
    — Вельмі, — усміхаецца Аленка і пачынае расшнуроўваць чаравікі.
    — Папрасі, каб і табе маці купіла канькі, — кажа сяброўцы Ганя. — Будзем разам коўзацца.
    — Хіба пазней, — уздыхае Аленка і расказвае Гані пра свае хатнія клопаты.
    — Ну, то прыходзь заўтра. Будзем на маіх па чарзе коўзацца.
    Цяпер Аленка штовечар прыходзіць на каток. Ганя, угледзеўшы яе здалёк, спяшаецца насустрач. А з ёю Марынка, і Зося, і Верачка. Яны нават спаборнічаюць: хто першы ўгледзіць Аленку, той першы і канькі свае ёй аддае.
    Пажар
    (Урывак з аповесці «Расці, Ганька»)
    Алена Васілевіч
    Сёння велікоднае свята. Маня, прыбраная, сядзіць пад клёнам і чакае, пакуль выйдуць з хаты Ганька, Анюта і Грыша. I вось яны выходзяць. Маня падбягае да іх. У яе ёсць план: ісці
    ўсім гуртам на Палянку, раскласці там вогнішча і частавацца. Цудоўна! Як гэта ім дагэтуль не прыйшла ў галаву такая бліскучая думка?..
    Грышка, як адзіны мужчына тут, клопат пра вогнішча бярэ на сябе, і таму ён бяжыць па запалкі. Ганька, Анютка і Маня наладжваюць частаванне. Збегаць кожнай дадому і схапіць у кішэню па кавалку пірага і яшчэ чаго-небудзь, скажам, каўбасы ці вяндліны, ці якіх смачных салодкіх аладак — на гэта таксама многа часу не патрабуецца. Праз гадзіну на Палянцы ўжо крык, смех. Ганька, Анютка і Маня цягаюць сухое ламачча. Грышка раскладвае вогнішча.
    Агонь хітруе. Ён адразу ўступае ў дзіцячую гульню. Спачатку ён нібыта ўпарціцца. Лізне вузенькім гарачым язычком сухую галінку, глытне паветра і раптам зноў нібыта захліпнецца. Дзеці зноў яму сушняку, і ён зноў павесялее.
    I толькі калі надакучыць яму гульня ў хованкі, ён раптам як ірване ўгору, як ахопіць усю кучу сушняку! Як затрашчыць, як сыпане з гарачага свайго мяшка іскрамі! Доўгі салапаты язык ледзь не хапаецца зялёных яловых галін. Кругом на вярсту гарачыня. Весела.
    А дзеці ўсё падкідаюць то сушняку, то дроў! Каб полымя не толькі да ніжніх галін, але і да самай яловай вяршыні дастала...
    А самі тым часам частуюцца, скачуць вакол вогнішча, пераскокваюць цераз маленькія агеньчыкі, што адскочылі ад свайго вялізнага таты. Тым часам гэта вясёлая гульня не такая ўжо
    бяскрыўдная. Ганька прапаліла ў дзвюх мясцінах світку. У Грышкі штаны ўжо таксама ў дзірках. У цудоўнай чырвонай Анютчынай хустцы падкурэлі махры. Толькі асцярожная Маня ўбераглася. Яна не скача цераз агонь. Яна толькі ўсё падкідвае ламачча ў вогнішча... А агонь разышоўся ўжо не на жарт. Ён ужо захапіў у свой палон усе ніжнія галіны і па сухой кары, па ствале, як вавёрка, скача ўсё вышэй. Дзеці бачаць, што агонь пакідае жарты. I яны топчуць яго нагамі, прыбіваюць мокрымі лапамі. (Добра, што непадалёку глыбокая лужына.) Але дзе там! Агонь ужо ні на што не зважае. Абхапіў яліну з усіх бакоў і як страсяне, страсяне яе ўсю! I яліна шугае на ветры, як чырвоны сцяг.
    — Давайце ваду хутчэй насіць!
    — Залівайце агонь!
    Але колькі ты наносіш тае вады прыгаршчамі ці няхай сабе і Грышкаваю шапкаю...
    — Што нам рабіць?..
    — Вось цяпер нам будзе...
    — Давайце зваць дарослых...
    Але ў вёсцы дарослыя самі ўжо ўбачылі.
    — Нехта лес падпаліў! Палянка гарыць!
    — Хутчэй трэба пажарную выклікаць!..
    I вось нехта памчаўся выклікаць пажарную. Вось ужо з рыдлёўкамі, з вёдрамі, з сякерамі кінуліся па дарозе, цераз мосцік, на Палянку людзі.
    А полымя шугае ўжо не з аднае яліны. Агонь заваяваў увесь край лесу, агонь наступае цэлай
    сцяной. Яму смешныя гэтыя вёдры вады, што носяць з рэчкі і льюць, льюць на яго людзі.
    Палянку ратуе ўся вёска. Агонь шалее. Кідаецца з краю на край, нібыта дражніцца. Але людзі не адступаюць, не здаюцца... Дзесьці праз гадзіну прыязджае пажарная каманда. Дзве вялізныя жалезныя бочкі з доўгімі «кішкамі».
    Бойка з лясным пажарам канчаецца на захадзе сонца. Нехта ўспамінае, нарэшце, пра віноўнікаў пажару.
    — А дзе ж яны самі, гэтыя вужы печаныя?
    Некаму прыходзіць думка пакараць «вужоў» так, каб дзясятаму заказалі... Каб на ўсё жыццё запомнілі, як жартаваць з агнём.
    А «вужоў» тых — злачынцаў — і шукаць не трэба. Яны вяртаюцца ў вёску ў гэтым жа самым натоўпе. Ідуць разам з усімі — замурзаныя, задымленыя.
    Яны не адступіліся ад свае віны. He схаваліся ад страху. Яны таксама тушылі пажар...
    Але ўцеха малая, асабліва як аглянешся на чорнае пажарышча.
    Усмешка
    Галіна Васілеўская
    У даўнія-даўнія часы на беразе сіняга мора стаяў блакітны казачны горад. Жылі ў ім шчаслівыя людзі. Удзень яны працавалі і спявалі песні, бо праца прыносіла ім радасць. A ўвечары з іхніх дамоў лілася музыка.