Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

Чарадзейнае слова

Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

6+
Выдавец: Беларусь
Памер: 463с.
Мінск 2022
82.02 МБ
Вось табе і зімовы лес. Вось табе і Шышкін... Безумоўна, лепш за ўсё было б узяць новы аркуш і, як кажа наш пастаўнік малявання, памяняць тэму...
Скончыўшы з сырам, задаволеная сваім малюнкам, сястра звярнула нарэшце ўвагу і на маю работу.
— Што гэта ў цябе — адны пні? — Вочы ў Наткі шырока расплюшчыліся, губы ад здзіўлення выцягнуліся... I раптам яна як пакоціцца ад смеху на канапу:
— Ой, памру! Ой, памру!
— I нічога смешнага няма, — пакрыўдзіўся я, прыкрываючы свае пянькі чыстым аркушам паперы. — Вельмі ўжо твая варона...
— Ведаеш... Ведаеш, як трэба назваць тваю карціну? — ледзь прамовіла скрозь смех Натка.
— Ну, як? — я не чакаў ад яе нічога добрага.
Натка зноў пакацілася на канапу.
— Плакала... Плакала Саша... як лес высякалі...
Дзіўна, але я таксама не пакрыўдзіўся на сястру. Як і яна, я таксама запляскаў у далоні і ў дадатак перакруціўся яшчэ на адной назе.
— Натка — ты геній!..
I тут жа зрабіў подпіс пад сваёй карцінай: «Плакала Саша, як лес высякалі...»
* * *
Назаўтра мы сустрэлі сваю маму з работы яшчэ на парозе. Мы тут жа ўзялі ў яе з рук цяжкую сумку. (Мы стрымаліся! Мы не спыталі яе на гэты раз: «А што ты прынесла нам?..») Мы дапамаглі ёй распрануцца і ўрачыста, пад рукі, павялі яе ў пакой: там, на самым відным месцы, віселі нашы малюнкі — Натчын голуб, або «Вароне дзесьці бог паслаў кавалак сыру», і мой зімовы лес, або «Плакала Саша, як лес высякалі...»
— Ого! — ад прыемнага здзіўлення мама спынілася за некалькі крокаў ад нашых малюнкаў. — Ого! — паўтарыла яна. — Дык я трапіла на вернісаж!
Мы ніколі не чулі гэтага слова: вернісаж. I не ведалі, што яно азначае.
— Віншую цябе са святам, мамачка, — не вельмі ўпэўнена прамовіла Натка.
— I я віншую цябе... — гэтак жа няўпэўнена ўслед за сястрой паўтарыў і я.
— Дзякуй, дзякуй, мае залатыя мастакі! — пацалавала па чарзе Натку і мяне мама. — Ну, і калі ў нас сёння вернісаж!.. Дык на вернісажы звычайна мастакам гавораць прыемныя словы, хваляць іх... Вось і я...
Мама хуценька адвярнулася да свае цяжкое сумкі, дастала адтуль дзве каробкі цукерак і дала іх нам — Натцы і мне.
Вось што, аказваецца, азначала гэта дзіўнае слова — вернісаж. Нам з сястрой яно спадабалася.
Незвычайны дыктант
Васіль Ткачоў
Алесь дрэнна піша дыктанты: памылка на памылцы. Каб хлопчык трохі падцягнуўся, настаўніца параіла пісаць дыктанты дома.
Вечарам Алесь прынёс тату падручнік і сказаў:
— Дыктуй, тата. Буду вучыцца пісаць без памылак.
Тата ахвотна дыктуе. Алесь старанна піша. I так некалькі дзён запар. Потым тата адклаў падручнік убок.
— Садзіся, сынок, пішы, — сказаў ён. — Сёння буду дыктаваць на памяць.
Алесь выводзіць сказ за сказам: «На двары адліга. Радасна свеціць сонейка. На вуліцы лужыны. Я не магу прайсці міма. Абавязкова ўлезу ў ваду...»
Алесь глянуў на тату:
— Ты пра каго так?
— Пішы, сынок, пішы.
Алесь працягвае пісаць: «Прыйдзеш дадому ўвесь брудны, мокры — вось маці і работа. A яна хацела адпачыць...»
— Дрэнны дыктант ты, тата, прыдумаў, — пачырванеў да вушэй Алесь.
— Нічога я не прыдумаў, — сказаў тата.
Вечарам, зрабіўшы ўрокі, Алесь вырашыў, што заўтра ён напіша зусім іншы дыктант.
Мама
Лідзія Арабей
Паўлік жыў у дзіцячым доме. А дзіцячы дом — гэта такі дом, дзе жывуць дзеці, якія не маюць ні мамы, ні таты. Чаму ў Паўліка не было ні мамы, ні таты, ён не ведаў. Яму здавалася, што ён нарадзіўся і жыў у дзіцячым доме ўсё сваё жыццё. Паўліку тут было някепска. Меў шмат сяброў, у сталоўцы смачна кармілі, выдавалі новыя кашулькі, куртачкі, чаравікі. Але нечага яму не хапала. He хапала, мусіць, таго таемнага, невядомага, што называлася словам «мама». Некаторыя дзеці называлі мамаю выхавацельніцу Людмілу Іванаўну. Калі яна з’яўлялася сярод іх, кожны хацеў дакрануцца да яе рукі. I Паўлік не раз спрабаваў падлашчыцца да Людмілы Іванаўны, але не мог праціснуцца, так шчыльна абступалі яе дзеці. Праўда, ён ведаў, што Людміла Іванаўна несапраўдная мама: не можа быць адна мама на ўсіх дзяцей, у кожнага хлопчыка і дзяўчынкі павінна быць свая мама.
Аднойчы ён падышоў да Каці, у якой нядаўна яшчэ была мама, і спытаў:
— А хто гэта — мама? Якая яна?
Каця схіліла на бок галоўку, задумалася. Пакруціла далонькаю.
— Мама... Ну, гэта самая прыгожая... I самая добрая... Яна ўсіх любіць...
— А дзе мая мама? — спытаў Паўлік.
Каця зноў задумалася.
— Хто ж ведае... Можа, ходзіць дзе па вуліцы...
На тым размова і скончылася. А Паўлік задумаўся: «Калі мая мама недзе ходзіць па вуліцы, то, пэўна, яе можна знайсці?» I аднаго дня, калі ўсе дзеці пайшлі ў двор гуляць, знайшоў шчыліну ў агароджы і пралез на вуліцу.
Па вуліцы ішло шмат людзей — цёці, дзядзі. Паўлік хацеў знайсці сярод цёцяў самую прыгожую, але ўсе яны так хутка прабягалі, што ён не паспяваў разгледзець. Непадалёку быў сквер. На лавачках сядзелі людзі. Там было куды спакайней, чым на вуліцы, і Паўлік збочыў у сквер.
Тут таксама хадзілі, сядзелі на лавачках цёці. У скверы іх лягчэй было разгледзець. На адной лавачцы сядзела цёця і вязала нешта пруткамі. На каленях у яе ляжаў вялікі клубок сініх нітак. Цёця здалася Паўліку прыгожаю. Ён нясмела падышоў да яе і спытаў:
— Цёця, можа, вы мая мама?
Цёця перастала варушыць пруткамі і здзіўлена паглядзела на Паўліка:
— А ты што, згубіў сваю маму?
— He, я не губляў яе. У мяне зусім няма мамы.
— Сіротка, значыць, — сказала цёця. — Але ты, хлопчык, памыліўся. Я не твая мама, — і зноў пачала варушыць пруткамі.
А Паўлік падумаў, што не такая ўжо гэтая цёця і прыгожая. Ён і праўда памыліўся. I пайшоў далей па алейцы. Мінуў некалькі лавачак, на якіх сядзелі цёці з дзецьмі, але ніводная з іх не здалася яму такою, каб аказацца яго мамаю.
Каля адной лавачкі Паўлік зноў запыніўся. Тут сядзелі цёця з дзядзем. Цёця абдымала дзядзю за шыю. Значыцца, яна яго любіць. А Каця сказала, што мама добрая, што яна ўсіх любіць. I была гэтая цёця прыгожая. Паўлік пастаяў крыху ўбаку, потым адважыўся і нясмела падышоў.
— Цёця, вы мая мама? — спытаў ён.
Цёця спалохана зірнула на яго:
— Гэта ты ў мяне пытаешся, хлопчык?
— У вас, — ветліва адказаў Паўлік.
— Ты што! Якая я табе мама, — цёця, здаецца, нават зазлавала. — Пойдзем, — сказала яна дзядзю.
Калі цёця паднялася, то аказалася такой высокаю, што Паўлік зразумеў — такая не магла быць яго мамаю. Ён засумаваў. Аказваецца, не так проста знайсці маму. Можа, яна ходзіць не там, дзе ён шукае? Хлопчык цяжка ўздыхнуў. Ён ужо не спадзяваўся на ўдачу. Ішоў па алейцы, не вельмі і прыглядаючыся да цёцяў. Але адна
зноў кінулася яму ў вочы. На лавачцы сядзела цёця ў белым капялюшыку і чытала кнігу. Паўлік аглядзеў яе з аднаго боку, з другога некалькі хвілін, падышоў да яе.
— Цёця, — нясмела загаварыў ён, — можа, вы мая мама?
Цёця апусціла кнігу, глянула на Паўліка.
— А як цябе зваць? — спытала яна.
— Паўлік.
— А колькі табе гадоў?
— Пяць...
— А дзе ты жывеш?
— У дзіцячым доме...
Цёця ласкава пагладзіла яго па галаве.
— Трэба падумаць, успомніць, можа, я і праўда твая мама...
Яна ўзяла Паўліка за руку і павяла ў дзіцячы дом. Потым доўга нешта гаварыла з Людмілай Іванаўнай. А праз нейкі час прыйшла ў дзіцячы дом з дзядзем і сказала Паўліку:
— Я — твая мама, а гэта — твой тата. Збірайся, сынок, пойдзем дадому.
Так Паўлік знайшоў сваю маму. Нездарма людзі кажуць: «Хто шукае, той знаходзіць».
Хацеў маме дапамагчы
Ганад Чарказян
(Пераклад з курдскай мовы Рыаора Барадуліна)
У адной вёсачцы жыў са сваёй мамай маленькі Вослік. Меў ён танюсенькія ножкі, доўгую, худзенькую шыйку, вялікія вушы ды кароценькі
хвосцік. Увесь дзень Вослік бегаў за маці. A яна бесперапынна перавозіла нейкую паклажу. За дзень так стамлялася, што ў яе не заставалася сілы нават прылашчыць Восліка. Думаў Вослік, як дапамагчы маці. Але нічога разумнага не прыходзіла ў галаву.
— Мама, — сказаў ён аднойчы, — хачу дапамагчы табе, ды не ведаю як.
Маці паглядзела на Восліка і адказала:
— Будзь толькі здаровы, і гэта самае лепшае, што ты можаш мне зрабіць.
Але Вослік не супакоіўся. Ён хацеў дапамагчы маці, бо бачыў, як ёй цяжка. I вось ён знайшоў у двары бервяно, якое гаспадар прыхінуў да сцяны. Вослік пачаў бачком штурхаць яго да брычкі. Штурхаў штурхаў, а бервяно ўпала і балюча стукнула Восліка па спіне. Вослік паваліўся. Убачыла гэта маці, раззлавалася:
— Ну як жа ты так?
— Я хацеў дапамагчы табе, мама, — прызнаўся Вослік.
— Гэта добра. Але ж ты яшчэ маленькі і кволенькі. Расці, сілы набірайся. А пакуль я сяктак сама спраўлюся.
Колькі дзён Вослік ляжаў хворы, не ўставаў. Маці ўвесь час была занятая: вазіла то нейкія мяхі, то бідон з вадою. Але кожны раз, як толькі выпадзе вольная хвілінка, яна прыбягала да Восліка, каб прылашчыць яго.
Нарэшце Вослік ачуняў і выйшаў у двор. Была вясна, свяціла сонейка, беглі ручаінкі.
«Колькі жыву, — падумаў Вослік, — а вясны не бачыў».
— Чаму ты стаіш і нічога не робіш, Вослік? — кружляючы вакол слабенькага яшчэ Восліка, запытаўся Чмялёк.
— Я думаю, — адказаў Вослік.
— Пра што ты думаеш?
— Як дапамагчы маме.
— Гэта вельмі проста. Трэба пачынаць з маленькай справы.
Чмялёк паляцеў далей. А Вослік здзівіўся: «Гэткі малюсенькі і гэткі кемлівы. Дзіва дый годзе! А можа, ён праўду кажа?»
Радасць
Уладзімір Ліпскі
Рыгорка прагна слухае казку. Ён ловіць кожнае слова. Калі бабуля прыпыняецца, каб паправіць акуляры, Рыгорка цярэбіць яе за рукаў:
— Чытай, бабулька, хутчэй!
— Цікава? — пытае яна і перагортвае старонку.
...Цудоўную кветачку падарылі дзяўчынцы Жэні. Варта толькі адшчыкнуць пялёстак і сказаць два-тры словы, як тут жа збываецца ўсё, чаго пажадаеш.
Вось дзяўчынка на Паўночным полюсе, а праз хвіліну яна зноў дома і па яе просьбе ў хату злятаюцца цацкі з усяго свету. Жэня абрывае апошні блакітны пялёстак цудоўнай кветачкі-сяміцветачкі і загадвае, каб хворы хлопчык Віця стаў
здаровы. У тую ж хвіліну хлопчык саскоквае з лавы і пачынае гуляць з Жэняй у квача. Ён бегае так хутка, што дзяўчынка дагнаць яго не можа...
— А што далей? Чытай, бабулька, — просіць Рыгорка.
— А далей... казачцы канец, — кажа яна і загортвае кніжку.
— У-у, — незадаволена махае рукой Рыгорка. На вочы набягаюць слёзы.Так хочацца быць яму з дзяўчынкай Жэняй і хлопчыкам Віцем!