Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

Чарадзейнае слова

Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе
Выдавец: Беларусь
Памер: 463с.
Мінск 2022
82.02 МБ
Усе ў доме спалі. Мышка збегала на кухню і ў лазенку, адвярнула краны і, паназіраўшы, як вада запаўняе ванну і мыйку, пайшла спаць.
Прачнулася Пік-Пік ад холаду. Расплюшчыла вочы і ўбачыла над сабой столь, якая чамусьці хісталася. Цукерачная каробка-ложак пагойдвалася пасярод пакоя на хвалях!
— Гвалт! — прашаптала мышка, бо голас у яе знік з перапуду.
На шчасце, прачнуўся Тата і захацеў надзець пантофлі, якія даўно сплылі ў другі кут пакоя. Яго ногі апусціліся ў халодную ваду... Ад Татавага ўскрыку прачнуліся ўсе — і Мама, і Веранічка, і кошка Пепіта. Веранічка засмяялася і пачала бегаць па вадзе і ганяць з кута ў кут пантофлі, як маленькія караблі. Мама пабегла перакрываць краны, а Тата стаяў босымі нагамі ў вадзе і шаптаў:
— Гэта канец свету! Вялікі патоп!
Між тым Мама перакрыла краны і сабрала анучай з падлогі ваду. Пантофлі і мышчын ложак перасталі пагойдвацца на хвалях, але кватэра не была больш такой чыстай і прыгожай: з мышчынай норкі вымылася столькі смецця, што яно забрудзіла ўсю кватэру.
Мама пачала высвятляць, хто адкрыў краны, і мышка схавалася ў норку. Там было мокра, але незвычайна чыста.
Як Тата стаў супермэнам
Аднойчы, калі ўсе ў кватэры паснулі, пабегла мышка Пік-Пік на кухню чым-небудзь падсілкавацца. Ну гаспадары, ну галота! Hi цукерачак, ні торцікаў, ні печыва не пакінулі на стале для беднай мышкі! Толькі... два пернічкі, палова шакаладкі, жменька разынак, чатыры арэшкі, адзін яблычак... Хіба гэта можа выратаваць ад галоднай смерці? Ды яшчэ ёсць вялікі гаршчок на пліце... Пахне з-пад накрыўкі, праўда, смачна. Здаецца, грэчневай кашай з малаком. Ну, не з
голаду ж паміраць... I мышка ўскараскалася на пліту, адкінула накрыўку і скокнула ўніз. Каша сапраўды аказалася смачная. I мышка выела ўсё да донца. А вылезці — як? Гэта спецыялына, мусіць, робяць такія вялікія гаршкі — каб сумленных мышак лавіць. Вакол — чыгунныя гладкія сценкі... Цёмна... Страшна зрабілася Пік-Пік, і яна закрычала:
— Ратуйце!
Мышчын голас гучаў з пустога гаршка так гучна і страшна, што ўсе прачнуліся — Мама, Тата, Веранічка, Пепіта.
— Што гэта? Хто крычыць? — пыталіся яны адно ў аднаго, а мышка ўсё благала:
— Лю-у-дзі! Сю-у-ды!
Людзі і котка згрувасціліся перад дзвярыма на кухню.
— Там іншапланецяне, — упэўнена прашаптаў Тата. — Я даўно заўважыў, што яны нам знакі пакідаюць — на вазонах кветкі ламаюць.
— He, там Баба Юга! — сказала Веранічка. Нікога страшнейшага яна пакуль не ведала.
— А мне здаецца, гэта рабаўнік. Ён лез да нас праз фортку і зашчаміўся. Па тэлевізары нядаўна пра такое распавядалі, — запярэчыла Мама.
— Глупства! Я здагадваюся, хто гэта, — прамуркатала Пепіта і слізганула на кухню.
Пепіта адразу зразумела, адкуль страшны голас. Яна скочыла на пліту, зірнула ў гаршчок.
— Так я і думала! Прывітанне, шкодніца! Ну добра, зараз дапамагу...
Пепіта паспрабавала дастаць Пік-Пік, але, на жаль, толькі папхнула гаршчок і той са страшэнным грукатам упаў на падлогу, пакаціўся...
Па той бок дзвярэй кухні пачуліся крыкі.
— Як ты мог адпусціць туды бедную Пепіту? — дакарала Тату угневаная Мама. — Ты ж мужчына! Ратуй нас!
Тата сціснуў сківіцы, пабег у калідор, узяў малаток і — на кухню... У цемры спатыкнуўся аб гаршчок і з усяе сілы стукнуў па ім малатком. Бедная аглушаная Пік-Пік выскачыла са сваёй чыгуннай турмы і слізганула ў норку. Стала ціха. Мама асцярожна зайшла на кухню і запаліла святло.
— Што... што тут рабілася?
— Ды так, — сціпла сказаў Тата. — Былі рабаўнікі, толькі нейкія слабыя. Стукнуў аднаго малатком, дык і збеглі.
Мама застагнала, паклала таблетку пад язык і пакіравалася ў ложак. А на кухню насмелілася зайсці Веранічка.
— Тата, прызнайся, што тут было насамрэч?
— Ды так, — сціпла сказаў Тата. — Баба Юга швэндалася. Стукнуў яе малатком па касцяной назе, яна і ўцякла.
Веранічка з захапленнем паглядзела на Тату і пайшла спаць. А Пепіта, якая сядзела ўвесь гэты час на пліце, фыркнула і шматзначна прамовіла:
— Ну, я дык ведаю, што было на самай справе...
— Так, табе я магу сказаць праўду, — прашаптаў Тата. — Гэта былі іншапланецяне. Каб не стукнуў я малатком па іх лётаючай талерцы, невядома, чым бы гэта скончылася...
Пепіта аж мову страціла ад здзіўлення. Тата паклаў малаток на месца і таксама пайшоў спаць.
А Пік-Пік мармытала абурана ў сваёй норцы:
— Гэта неадменна штукарствы амерыканскага гангстэра Мікі Маўса... Вось помслівы які... He хоча змірыцца, што я яго разлюбіла.
Мышка Пік-Пік робіць сабе макіяж
Аднойчы днём прыснілася мышцы Пік-Пік каўбаса. I так захацелася мышцы яе з’есці, што і сон прапаў. Пік-Пік думала: «Котцы Пепіце далі цэлую палку каўбасы за прыгажосць. А я — самая прыгожая мышка ў свеце! Чаму ж ніхто не прапануе каўбасу мне? Што ж зрабіць, каб на мяне звярнулі ўвагу?»
I ўспомніла мышка, як Вераніччына Мама робіць макіяж — фарбуе павекі рознакаляровымі парашкамі, якія называюцца «цені», зачарняе вейкі тушшу, пудрыцца, намазвае вусны памадай, а пасля Тата ёй кажа: «Якая ж ты ў мяне прыгожая!»
«Трэба зрабіць макіяж!» — вырашыла мышка.
Залезла мышка на пісьмовы стол, зняла з паліцы скрынку з Мамінай касметыкай і села перад люстэркам.
Больш за ўсё мышцы спадабалася памада ў прыгожым залатым футаральчыку. Пафарбавала
мышка памадай hoc. Ах, як прыгожа! Нафарбавала яшчэ вушы і хвосцік. Пасля Пік-Пік зачарпнула лапкай туш і нафарбавала вусы. «TaTara мала», — падумала мышка і абвяла вочкі чорнымі кругамі.
Што б яшчэ памазаць? Адкрыла мышка ПікПік каробку з Мамінымі ценямі. Там было многа-многа рознакаляровых квадрацікаў.
«Ну, не буду ж я па адной фарбе важдацца!» — вырашыла мышка, лягла проста на цені і некалькі разоў па іх пакачалася.
Скурка ў Пік-Пік зрабілася стракатая, рознакаляровая, як вясёлка. Знайшла мышка яшчэ футаральчык з блішчынкамі, адкрыла яго і ўсе блішчынкі на сябе высыпала!
У давяршэнне Пік-Пік зачарпнула пудры і напудрыла шчокі і лоб.
«Вось цяпер ва ўсім свеце няма нікога прыгажэйшага за мяне!» — падумала мышка і важна пайшла, задзёршы носік, паказацца ўсім.
У зале сядзеў Тата і чытаў газету. Раптам нехта перад ім сказаў: «Пі-пі!» Тата падняў вочы і ўбачыў, што на яго ідзе стракатая, бліскучая істота з чырвонымі вушкамі, чорнымі вусамі, белымі плямамі на шчоках і доўгім чырвоным хвастом!
«Гэта іншапланецянін! — падумаў Тата. — Зраблю выгляд, што мяне няма, a то ён забярэ мяне ў лётаючую талерку!»
I Тата падціснуў ногі і схаваўся пад газету.
«Што гэта з Вераніччыным Татам?» — здзівілася мышка Пік-Пік і пашыбавала на кухню. А там
сядзелі Мама, Веранічка і Пепіта і пілі цёплае малако.
I вось зайшло на кухню стракатае, бліскучае страшыдла з чырвонымі вушамі і чорнымі вусамі. Мама вырашыла ратаваць сям’ю і лінула на страшыдла сваё малако. А з другога боку на страшыдла абрынулася малако з кубачкаў Веранічкі і Пепіты. На падлозе ўтварылася вялікая белая лужына з рознакаляровымі разводамі. A ў лужыне сядзела разгубленая шэрая мышка.
Засмяяліся Мама, Веранічка і Пепіта. А мышка Пік-Пік заплакала. Яна так старалася, а тут усю прыгажосць змылі!..
Усе перасталі смяяцца, і Мама дала мышцы кавалак каўбасы, каб тая не плакала. Схапіла мышка Пік-Пік каўбасу і пабегла ў норку.
А Мама, Веранічка і Пепіта пайшлі ў залу і там убачылі пад газетай Тату.
— Што ты робіш? — здзівілася Мама.
— Тс-с-с! — сказаў Тата. — За мной прылятаў іншапланецянін. Можа, ён яшчэ шукае мяне!..
Паглядзелі Мама, Веранічка і Пепіта вакол і не знайшлі ніякага іншапланецяніна. Тады Тата згадзіўся злезці з крэсла і схаваўся пад коўдру на ложку.
А мышка Пік-Пік з’ела каўбасу і заснула, думаючы: «Я ўсё-ткі самая прыгожая мышка ў свеце!»
I спала яна так моцна, што яе не разбудзіў нават роспачны крык Мамы, якая знайшла на сваім стале тое, што засталося ад яе касметыкі!
I заяц стаў зайцам...
Яраслаў Пархута
Заяц даўней быў не такі, як цяпер. Hi вачэй тых, ні ног, ні вушэй. Адна назва! Пацурбалак нейкі. I ўсякі, хто хацеў, кпіў з яго:
— Торба з мясам, а не звер!
Надакучыла Зайцу цярпець, набраўся смеласці і сказаў аднойчы:
— Пушчуся па свеце і набуду ногі хуткія, вушы чуткія, вочы відушчыя.
I пусціўся. Коціцца Заяц, коціцца, аж бачыць: Філін на суку сядзіць, вочы вылупіў, дзівуецца: што гэта за стварэнне з’явілася ў ягоным лесе? А Заяц:
— Філін-Філін, мо ёсць у цябе вочы запасныя? Прадай!
— Прадаць не прадам, а так дам,— адказаў Філін.— Бяры, калі хочаш!
Узяў Заяц у Філіна запасныя вочы і адразу павесялеў: свет перад ім адкрыўся!.. Падзякаваў і пакаціўся далей.
Коціцца, коціцца, аж бачыць: на балоцейку Кабылка пасецца, а вакол яе дзіцятка-жарабятка падбрыквае. Ногі лёгкія, імклівыя. Узрадаваўся Заяц, кажа:
— Кабылка, мо ёсць у вас ногі запасныя? Прадайце!
— Прадаць не прадам,— адказала Кабылка,— а так дам. Выбірай, якія даспадобы.
Падабраў сабе Заяц ногі па густу і не пакаціўся далей, а пабег. Бяжыць, бяжыць, аж бачыць:
стаіць пасярод дарогі Асёл, вушамі трасе. «Вось бы мне такія!» — падумаў Заяц і папрасіў:
— Паважаны Асёл! У цябе лішніх вушэй няма? Прадай, калі ласка!
— А хоць і за так бяры! — адказаў Асёл.— У мяне іх цэлая вязанка.
Выбраў Заяц вушы, бяжыць дарогаю і нарадавацца не можа: «Усё, здаецца, прыдбаў — вочы відушчыя, ногі хуткія, вушы чуткія. Ніякі драпежнік цяпер не страшны! Калі б яшчэ хвост набыць талковы — прыгажэйшага звера не знойдзеш!»
Думае гэтак Заяц, думае, бяжыць сабе памаленьку, бяжыць, аж бачыць: да хвойкі шыльда прыбіта, а на ёй напісана: «Продаж хвастоў». Заяц ледзь не падскочыў ад радасці. Маўляў, пашчасціла! Ды ніжэй на шыльдзе дробнымі літарамі было накрэмзана: «Хвасты прададзены. Пайшоў спаць. Барсук».
Засмуціўся Заяц, хацеў далей бегчы самы фасоністы хвост шукаць, але ноч на зямлю апусцілася, і ён падаўся дадому. Выбраўся на дарогу, дзе стаяў Асёл, перабег балоцейка, дзе пасвілася Кабылка, мінуў бор, дзе сядзеў Філін, і толькі апынуўся на сваёй дзялянцы,— з-за вываратня як выскачыць Воўк ды як схопіць яго ўпоперак тулава!
— Ай-я-яй! — закрычаў Заяц і стаў вырывацца.
Вырываўся, вырываўся і вырваўся. Кінуўся прэч, цераз дзесяць кустоў сігае, і адна толькі
думка ў галаве круціцца: добра, што з кароткім хвастом па лесе бег, а то б не вылузнуўся...