Чарадзейнае слова Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе

Чарадзейнае слова

Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 3 класе
Выдавец: Беларусь
Памер: 463с.
Мінск 2022
82.02 МБ
Толькі высунуўся за парог — кот мой тут як тут. Пазірае ў вочы і хвастом махае. Дакарае, відаць, за ўцёкі.
— I чаго ты хочаш? — пытаю. — Булкі ў мяне няма, скварку з сабой не браў — у сталовай паабедаю. Ідзі сваёй дарогай, а я сваёй.
Глянуў на гадзіннік — пара.
— Ну, будзь здароў, — кажу.
На злёце мне грамату ўручылі, каштоўны падарунак.
— Жадаем, — кажуць, — яшчэ сто гадоў жыць і маладзець.
— Рад бы, — гавару, — спадарочкі. Ды ці не смерць па пятах за мной ходзіць?
Ну, і расказаў пра таго ката. Усе ў рогат:
— Жартаўнік, дзед.
— Ага, — кажу, — жартаўнік. А вы ў акно паглядзіце. Можа, кот той і зараз сядзіць, чакае.
Усе да акна тут.
— I праўда, — кажуць, — сядзіць...
Бачу, прыціхлі, не да смеху. Тут мне аграном шклянку вады паднёс... Здзіўлена так на мяне глянуў:
— Ты не піў, дзядуля, валяр’янкі?
Я, вядома, пакрыўдзіўся:
— Сэрца ў мяне, малады чалавек, як гадзіннік...
— А на ток не заходзіў, дзе корань сушыцца?
— Быў, вядома. Недагледзь — мігам корань перасушаць ці сырым упакуюць.
Усе абступілі нас, слухаюць: цікава, куды гэта аграном хіліць.
— Пакажыце, дзеду, боты, — просіць.
Чаму не паказаць. Глянуў ён ды як зарагоча.
— Пылок валяр’янавы прыстаў, — кажа, — добра, што за вамі адзін кот увязаўся, а не дзесяць.
Тут і палеглі ўсе ад смеху... Кот валяр’янку ўчуў, таму і хадзіў па пятах. Надта ўжо любяць яе каты. I як гэта я, стары дурань, сам не здагадаўся? Вось як, убрыкні вас качкі, бывае.
Жаласлівая прынцэса
Пятро Васючэнка
У Краіне-Дзе-Ніколі-Не-Плачуць жыла-была прынцэса Людвіка Жаласлівая. У гэтай краіне працавалі і зараблялі грошы сур’ёзныя людзі, якія не мелі часу не толькі на тое, каб плакаць, але і смяяцца. Прынцэса ж была несур’ёзная, бо шкадавала ўсіх бедных.
Аднойчы прынцэса гуляла па садзе са сваёй фрэйлінай.
— Навошта вы мяне ў лужыну штурхаеце? — сярдзіта казала фрэйліна.
— Прабачце, але вы маглі наступіць вунь на тую зялёненькую жабку.
— Які жах! — сказала фрэйліна і страціла прытомнасць.
Фрэйліна часта губляла прытомнасць, усе да гэтага прывыклі. Таму прынцэса не спалохалася і нават паспела вызваліць з павуціння мушкузелянушку.
Мушка ўмела гаварыць.
— Дзякуй табе, прынцэса, што выратавала мяне з лапаў гэтага кашлатага павука. За гэта я скажу табе, дзе тваё шчасце. Яго прынясе табе чалавек, у якога на пальцы будзе зялёны пярсцёнак.
— Дзякуй! — сказала прынцэса. — Я і так шчаслівая. У нашай краіне ўсе шчаслівыя. Такі ў нас закон.
— 3 кім гэта вы размаўляеце, ваша высокасць? — запыталася фрэйліна, якая да гэтага часу ўжо апрытомнела. — 3 павуком?
— He, з мушкай, — адказала Прынцэса, якая не ўмела хлусіць.
— Які жах! — прамовіла фрэйліна і зноў страціла прытомнасць. А пасля таго, як ачуняла, пайшла дакладваць каралю Генрыху XI Сур’ёзнаму пра паводзіны дачкі.
«Як гэта несур’ёзна, — падумаў кароль, выслухаўшы аповед фрэйліны. — Жабкі гэтыя, жучкі, чарвячкі... Нашаму бізнесу такая жаласлівасць толькі на шкоду. Трэба дачку хутчэй замуж аддаць, каб стала сур’ёзнай».
Назаўтра перад каралеўскім палацам стаяў натоўп жаніхоў — каралёў ды прынцаў, шыкоўна прыбраных.
Прынцэса мусіла размаўляць з імі пра кошты на рынку і курс валюты. Але яна не марнавала часу і паспела перавязаць лапку параненаму вераб’ю. Гэта заўважылі жаніхі і пачалі паміж сабою перашэптвацца:
— Жаласлівая! На паляванне з ёю не паедзеш. Ваяваць забароніць. He патрэбная нам такая жонка!
I жаніхі памалу пачалі разыходзіцца. Толькі адзін застаўся, зусім не падобны да іншых. Усяго хараства ў яго было — добрыя і крыху сумныя вочы і маленькія вусікі. За тое жаніхі зласліва празвалі яго каралём Вусенем.
— Выходзь за мяне замуж, прынцэса, — сказаў ён. — Мне цябе шкада.
— Вось як? — здзівілася прынцэса. — Гэта ж я вас павінна шкадаваць, бо я — жаласлівая.
— Пойдзем у маю краіну, Людвіка, — сказаў кароль Вусень, — і я навучу цябе смяяцца і плакаць.
3 гэтымі словамі кароль Вусень працягнуў прынцэсе руку, і яна пабачыла на ягоным пальцы зялёненькі пярсцёнак.
«А мне ён і без пярсцёнка спадабаўся, — падумала прынцэса. — У яго добрыя вочы».
— Ну і выбрала! — здзівіўся кароль Генрых XI Сур’ёзны. — Па-мойму, гэта несур’ёзна. Але гэта твой выбар.
I Жаласлівая Прынцэса пайшла следам за каралём Вусенем у ягоную далёкую краіну.
— Чаму вы такі сумны, ваша вялікасць? — спытала яна.
— Млосна мне без слёз і смеху. Але ты не палохайся, што б ні здарылася, — адказваў кароль Вусень.
Падвечар каралю зрабілася зусім блага, і яны мусілі спыніцца ў прыдарожнай карчме.
Уначы ў хворага караля пачаліся сутаргі. Ногі і рукі здранцвелі і сталі нерухомыя. Цела пакрылася шорсткім панцырам. Але на застылым, бы маска, твары ззялі добрыя, крыху сумныя вочы.
Нікога ў жыцці Жаласлівая Прынцэса не шкадавала так моцна. Слёзы закапалі з яе вачэй. Дзве пякучыя слязіны ўпалі на панцыр, і той раскалоўся, бы шкарлупіна яйка. Кароль падняўся з ложка, памаладзелы, бадзёры, прыгожы. Цяпер яго можна было называць не кароль Вусень, а кароль Матыль, бо за плячыма ў яго пералівалася перламутрам пара яркіх крылаў.
«А мне ён і раней падабаўся не менш», — падумала Жаласлівая Прынцэса.
— У маёй краіне ўсе лятаюць. I кузуркі, і чарвячкі, і людзі, — сказаў кароль Матыль. — Ты таксама станеш там крылатай.
— А мой тата? Мы запросім яго да сябе? — спытала Жаласлівая Прынцэса.
— Абавязкова! — паабяцаў кароль. — Толькі спачатку навучым яго таму, што ўмеем самі.
...Я чуў, што днямі кароль Генрых XI атрымаў ліст ад дачкі з Краіны-Дзе-Смяюцца-І-Плачуць. Казалі, што, прачытаўшы той ліст, кароль павёў сябе зусім несур’ёзна: рагатаў і плакаў, як дзіця.
Стойкі алавяны салдацік
(Пераклад Валянціна Лукшы)
Ханс Хрысціян Андэрсэн
Жылі-былі дваццаць пяць алавяных салдацікаў. Усе яны былі сынамі адной маці — старой алавянай лыжкі, — і, значыць, даводзіліся адзін аднаму роднымі братамі. Былі яны прыгажуны пісаныя: стрэльба на плячы, галава прама, чырвоны з сінім мундзір — ну прыгажосць што за салдаты!
«Алавяныя салдацікі!» — вось першае, што пачулі браты, калі адчынілася каробка, у якой яны ляжалі. Гэта крыкнуў маленькі хлопчык і запляскаў у далоні. Салдацікаў яму падарылі ў дзень яго нараджэння. Ён адразу ж пачаў расстаўляць іх на стале. Алавяныя салдацікі былі падобныя адзін на аднаго як дзве кроплі вады, і толькі адзін адрозніваўся ад сваіх братоў: у яго была адна нага. Яго адлівалі апошнім, і волава на яго не хапіла. Хаця ён і на адной назе стаяў гэтак жа цвёрда, як іншыя на дзвюх. I ён якраз і вызначыўся.
Хлопчык расставіў сваіх салдацікаў на стале. Там было шмат цацак, але прыгажэй за ўсіх быў
цудоўны замак з кардону: скрозь яго маленькія акенцы можна было зазірнуць усярэдзіну і ўбачыць пакоі. Перад замкам ляжала люстэрка, яно было зусім як сапраўднае возера, а вакол стаялі маленькія дрэвы. Па возеры плавалі лебедзі з воску і дзівіліся на сваё адлюстраванне. Усё гэта радавала вока. Самай чароўнай з усяго была дзяўчына, якая стаяла на парозе шырока расчыненых дзвярэй замка. Яна таксама была выразана з кардону. Спаднічка яе была з тонкага батысту. Блакітная стужка, якая спускалася ад пляча да пояса, была прымацавана ззяючай брошкай, вельмі вялікай, — яна магла б закрыць увесь твар дзяўчыны. Прыгажуня гэта была танцоўшчыца. Яна стаяла на адной назе, працягнуўшы рукі наперад, а другую нагу падняла так высока, што алавяны салдацік не адразу яе ўгледзеў і спачатку падумаў, што красуня аднаногая, як і ён сам.
«Вось бы мне такую жонку! — падумаў алавяны салдацік. — Ды толькі яна, пэўна, знатнага роду. Вунь у якім цудоўным палацы жыве. А мой дом — проста каробка, ды яшчэ набілася нас у гэтую каробку цэлых дваццаць пяць салдат. He, ёй там не месца! Але пазнаёміцца з ёй усё ж не пашкодзіць».
I салдацік стаіўся за табакеркай, якая стаяла тут жа на стале. Адсюль ён выдатна бачыў цудоўную танцоўшчыцу.
Позна ўвечары ўсіх алавяных салдацікаў, акрамя аднаногага — яго так і не маглі знайсці, —
паклалі ў каробку, усе людзі ў доме ляглі спаць. I вось, калі ўсталявалася цішыня, цацкі самі пачалі гуляць у госці, у вайну, а потым наладзілі баль. Алавяныя салдацікі грукалі ў сценкі каробкі — яны таксама хацелі выйсці і пагуляць, ды ніяк не маглі падняць крышку. Нават шчаўкунчык пачаў куляцца, а грыфель пайшоў у скокі на грыфельнай дошцы. Падняўся такі шум і тлум, што ў клетцы прачнулася канарэйка і таксама загаварыла, ды прытым яшчэ вершамі.
Толькі салдацік і танцоўшчыца не рухаліся з месца. Яна па-ранейшаму стаяла на адной ножцы, выцягнуўшы рукі наперад, а ён застыў са стрэльбай у руках, як вартавы, і не адводзіў вачэй ад прыгажуні.
Прабіла дванаццаць. I раптам — шчоўк! — раскрылася табакерка.
У гэтай табакерцы тытунь ніколі не трымалі, а сядзела ў ёй маленькае чарцяня. Яно выскачыла з табакеркі і азірнулася навокал.
— Гэй, алавяны салдацік! — крыкнула чарцяня. — Што ты заглядзеўся на скакуху! Яна надта добранькая для цябе.
Але алавяны салдацік зрабіў выгляд, што нічога не чуе.
— Вось ты як! — сказала чарцяня. — Ну, пачакай жа да раніцы!
Раніцай, калі дзеці прачнуліся, яны знайшлі аднаногага салдаціка за табакеркай і паставілі на акно.
Раптам акно расчынілася — ці мо чарцяня гэта нашкодзіла ці проста пацягнула скразняком, хто ведае? Ды толькі аднаногі наш салдацік паляцеў з трэцяга паверха ўніз галавой — ды так, што ў вушах засвістала. Хвіліна — і ён ужо стаяў на вуліцы дагары нагой, а яго стрэльба і галава ў касцы заселі паміж каменнямі брукаванкі. Хлопчык і прыслуга адразу ж выбеглі на вуліцу шукаць салдаціка, але, як ні імкнуліся, знайсці яго не маглі.
Неяк раз яны нават ледзь не наступілі на салдаціка і ўсё-ткі не заўважылі яго. Калі б салдацік крыкнуў: «Я тут!», яны, натуральна, адразу ж знайшлі б яго. Але ён лічыў непрыстойным крычаць на вуліцы — бо ён жа быў салдат і насіў мундзір.
Тут пайшоў дождж, сапраўдны лівень. Па вуліцы пацяклі ручаі.
А калі нарэшце дождж скончыўся, да таго месца, дзе паміж брукам тырчэў алавяны салдацік, прыбеглі двое хлапчукоў.
— Эге! — сказаў адзін з іх. — Глядзі! — алавяны салдацік! Давай адправім яго ў плаванне.
I яны зрабілі са старой газеты лодачку, пасадзілі ў яе алавянага салдаціка і пусцілі ў канаўку. Лодачка паплыла, а хлапчукі пабеглі побач і запляскалі ў далоні.