Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых

Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых

Выдавец: Галіяфы
Памер: 246с.
Мінск 2018
73.63 МБ
ХРАПТОВІЧАЎ-
ХРОНІКІ сям’

Міхаіл Апалінар’евіч Буценеў
ХРОНІКІ СЯМ’І
ХРАПТОВІЧАЎ-БУЦЕНЕВЫХ
Мінск “Галіяфы” 2018
УДК 94(476+438)
ББК 63.3(4Бем)
Б90
Куратар праекта Юрый Меляшкевіч Пераклад з рускай Вікі Трэнас
Выдадзена пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь
Буценеў, М. А.
Б90 Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых / Міхаіл Апалінар’евіч Буценеў; пер. з рус. Вікі Трэнас. Мінск: Галіяфы, 2018. 246 с.
ISBN 978-985-7140-86-2.
Міхаіл Апалінар’евіч Буценеў нарадзіўся ў 1919 годзе ў Ялце, куды бацькі яго з’ехалі з Масквы пасля рэвалюцыі. Яму не было года, калі яго сям’я з’ехала ў Аўстрыю праз Канстанцінопаль; пазней яны пераехалі ў Францыю, дзе сабраліся многія члены іх вялікай сям’і. У 1934 годзе ўсе перабраліся ў Польшчу, дзе захаваўся фамільны маёнтак Шчорсы на мяжы з Савецкім Саюзам. У Варшаве М. А. Буценеў атрымаў атэстат сталасці. Буценевы пражылі ў Польшчы да 1939 года, пакуль вайна іх усіх не раскідала. М. А. Буценеў апынуўся ў Германіі, дзе вучыўся міжнароднай эканоміцы, і ў рэшце рэшт у 1944 годзе пераехаў у Францыю. У Парыжы працаваў у Міжнароднай арганізацыі дапамогі эмігрантам, якая і перавезла яго разам з жонкай і дзецьмі ў Амерыку, у Нью-Ёрк. Спачатку ён нядоўга працаваў на фабрыцы, аднак затым уладкаваўся ў банк, дзе спецыялізаваўся на міжнароднай эканоміцы і вандраваў па ўсёй Еўропе, Афрыцы і Блізкім Усходзе (ён размаўляў на шасці мовах). Памёр Міхаіл Апалінар’евіч у 1992 годзе.
УДК 94(476+438)
ББК 63.3(4Бел)
ISBN 978-985-7140-86-2
© Буценеў М. А„ 2002
© “Паломннк”, Масква, Расія, 2002
© Афармленне. ПВУП “Галіяфы”, 2018
Прадмова
У 1989 годзе мой муж Міхаіл Буценеў пачаў пісаць кнігу пра сваю сям’ю, бо хацеў, каб ягоныя дзеці і ўнукі ведалі свае карані. Ён заўсёды лічыў, што вельмі важна ведаць пра ўсіх членаў сям’і, як жывых, так і памерлых. Да таго ж, ён з вялікай павагай і захапленнем ставіўся да многіх сваіх сваякоў і продкаў, і не столькі за іх дасягненні, колькі за моц характару, або перакананні, або шчодрасць, або веру, і падобнае.
Жывучы ў Амерыцы, мой муж мусіў вырашыць, на якой мове пісаць — на рускай або на англійскай. Разумеючы, што ягоныя сваякі і ўнукі наўрад ці змогуць прачытаць рускі тэкст, ён вырашыў пісаць па-англійску. Мой муж уклаў вельмі шмат працы ў гэтую кнігу, імкнуўся прадставіць па магчымасці поўную, дакладную і жывую карціну, як з гістарычнай, так і з асабістага пункту гледжання. Ён скарыстоўваў летапісныя нататкі розных членаў сям’і, што захаваліся ў пажаўцелых альбомах і сшытках; ён чытаў кнігі пра сувязі Польшчы і Літвы1, Полынчы і Расіі, займаўся ў польскай бібліятэцы ў Парыжы, расшукваў фотаздымкі.
Як толькі накапілася дастаткова матэрыялу, мой муж распачаў напісанне кнігі. Гэты занятак цалкам яго захапіў, ён пісаў штодня, спяшаўся завяршыць яе як мага хутчэй.
Асабліва складанае пытанне паўстала перад маім мужам, калі надышоў час апісваць яго ўласнае жыццё. На якім моманце варта спыніцца? У рэшце рэшт ён вырашыў апісаць гісторыю сям’і Буценевых да канца Другой сусветнай вайны, калі ўсе чле-
ны яе ўз’ядналіся зноў пасля цяжкіх выпрабаванняў, якія выпалі на долю некаторых з іх падчас гэтай вайны.
Калі мой муж завяршыў кнігу, асобныя члены нашай сям’і і сябры сталі запэўніваць яго, што шкада было б абмежаваць кола чытачоў толькі яго дзецьмі і ўнукамі. У выніку ён вырашыў выдаць пэўную колькасць экзэмпляраў кнігі і падарыў іх многім блізкім яму людзям.
Сын яго стрыечнага брата Уладзімір Сяргеевіч Трубяцкой высакародна прапанаваў перакласці кнігу на рускую мову. Разумеючы, што гэта дазволіць і нашым расійскім сваякам прачытаць кнігу, мой муж з удзячнасцю і радасцю пагадзіўся на гэты праект. Як і варта было чакаць, пераклад кнігі адняў шмат часу ў вельмі занятага чалавека, і ён выканаў гэтую задачу дакладна і з любоўю. Мне вельмі шкада, што мой муж так ніколі і не пабачыў гэты цудоўны пераклад яго кнігі на рускую мову (ён памёр у 1992 годзе).
Я насмелілася адрэдагаваць рускі пераклад, імкнучыся да таго, каб тэкст захаваў словы і звароты майго мужа, гук ягонай мовы, хаця гэта і можа падацца некалькі старамодным у сучаснай Расіі. На жаль, з-за тэхнічных перашкодаў і затрымак рускі пераклад кнігі выходзіць толькі ў 2002 годзе! Я з радасцю дзялюся гэтай кнігай з членамі нашай сям’і ў Расіі і з усімі, хто захоча бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй адной рускай сям’і.
* * *
Мой муж і я (Вера Сяргееўна Трубяцкая) ажаніліся ў 1948 годзе, у нас чацвёра дзяцей, усе яны цяпер жывуць у ЗША: Аляксей (хірург), Таццяна (педагог, працуе адміністратарам у школе), Марыя (выкладчык замежнай мовы, цяпер працуе адміністратарам у школе) і Пётр (доктар філасофіі, прафесар у Свята-Уладзімірскай духоўнай акадэміі). У нас шасцёра цудоўных унукаў. Усе яны ведаюць пра свае рускія карані, амаль усе наведвалі Расію. Некаторыя прачыталі ўжо гэтую кнігу (па-англійску), іншыя ж яшчэ занадта малыя...
Вера Буценева
Выданне кнігі на беларускай мове сталася магчымым дзякуючы
падтрымцы Пасольства Рэспублікі Полыйча ў Рэспубліцы Беларусь, згодзе і падтрымцы чальцоў сям'і Храптовічаў-Буценевых: Веры Буценевай, Аляксея Буценева, Таццяны Буценевай, Марыі Буценевай, Пятра Буценева, Яўгенія Сакалова, а таксама пры ўдзеле
Грамадскай арганізацыі "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры"
і Цэнтра Экумена (Наталля Васілевіч)
Глава I
РОД БУЦЕНЕВЫХ
Частка першая
Любоў усё ахінае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць. Дасягайце любові.
(1 Кар. 13:7, 14:1)
Прозвішча БУЦЕНЕЎ паходзіць ад слова “буцень”, што на стараславянскай мове азначае “дзікая пятрушка”. Гісторык Весялоўскі знайшоў запісы, якія адносіліся да 1400 г., пра Буценя Гаўрылавіча Канстанцінава з Пераяслаўля. Ён указвае, што з канца XV ст. нашчадкі Буценя Гаўрылавіча сталі вядомыя як Буценевы.
Пазней, у XVIII стагоддзі, прозвішча стала пісацца лацінскім шрыфтам з двума f на канцы па правілах правапісу французскай мовы — самай распаўсюджанай замежнай мовы ў Расіі тых дзён.
У генеалогіі, апублікаванай у 1803 г., князь Лабанаў-Растоўскі пералічае тры лініі Буценевых: адну з Тульскай губерні, другую з Цвярской губерні, а трэцюю — з Наўгародскай. Усе тры лініі мелі адно і тое ж паходжанне. У маёй хроніцы я буду закранаць толькі нашую лінію (“тульскую”). Дзве астатнія вымерлі ў XIX стагоддзі.
У XVII стагоддзі існавала яшчэ некалькі Буценевых, чые імёны не адносяцца да ніводнай з трох вышэй пералічаных ліній. Тым не менш я хачу іх прыгадаць, бо, верагодна, і яны маглі належаць да нашага роду:
Міхалец Мяшкоў, сын Буценеў, і Сцепанко Фёдараў, сын Буценеў, — абодва былі залічаныя ў 1500 г. у “Тысячную кні-
гу”. Гэтая кніга пералічае імёны шляхцічаў, якім былі дадзеныя маёнткі паблізу Масквы, дзе яны былі абавязаныя жыць і быць гатовымі ў выпадку неабходнасці да абароны сталіцы.
Міхаіл Дзмітрыевіч (“Міхайла”, “Міцько”), сын Буценеў (магчыма, гэта той самы Міхалец, узгаданы вышэй), быў забіты пры аблозе Казані ў 1502 г.
Манах Сергій (яго імя ў пострыгу невядомае) Фёдаравіч Буценеў “Маскоўскі некропаль” за 1907 год лічыць яго магілу, пад 1558 годам, у Троіца-Сергіевай Лаўры ў Загорску каля Масквы. (Мая дачка Таня ў 1983 г. спрабавала адшукаць гэтую магілу ў Загорску, аднак у яе не атрымалася знайсці ніякіх запісаў або інфармацыі на гэтую тэму. Я вельмі спадзяюся, што гэтая першая няўдалая спроба не ўтрымае членаў нашай сям’і ад далейшых пошукаў у будучыні).
Нашая лінія Буценевых належыць да стаўбавой шляхты Тульскай губерні, дзе ў Бялеўскім павеце ім належаў невялікі маёнтак Абінь. Гэты маёнтак быў дараваны царом Васілём Шуйскім (1608—1610 гг.) Раману Буценеву за яго адзнаку пры абароне Масквы ад палякаў. Гэта ўсё, што мы ведаем пра Рамана Буценева — першага ў нашай лініі. Вельмі мала вядома і пра тры пакаленні яго нашчадкаў.
Сямён Васільевіч (1715-1808, пятае калена) нарадзіўся ў гады кіравання Пятра Вялікага (1682-1725). Ён удзельнічаў у вайне супраць туркаў пры імператарцы Ганне Іаанаўне (17301740), пасля чаго ўступіў у знакаміты Праабражэнскі полк. Праабражэнскі і Сямёнаўскі палкі незадоўга да гэтага былі заснаваныя Пятром Вялікім. Для таго, каб патрапіць у гэтыя часці, неабходна было не толькі падыходзіць па фізічных дадзеных (быць высокім і моцным), але таксама быць добра адукаваным і мець высокія маральныя якасці, бо меркавалася, што салдаты гэтых палкоў павінны былі быць узорам і для рускага войска, і для грамадзянскага насельніцтва. Яны мусілі быць “піянерамі цывілізацыі” ў Расіі. У 1752 годзе Сямён Васільевіч выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім маёнтку Абіне. У апошнія гады свайго жыцця ён быў абсалютна сляпы, але яго ўнук Апалірый (мой прадзед) заўсёды з любоўю прыгадваў яго як чалавека, які да канца сваіх дзён захаваў здзіўляльную яснасць і свежасць розуму. У дзяцінстве Апалінарый вельмі любіў слухаць, калі дзя-
дуля распавядаў яму захапляльныя гісторыі пра свае вайсковыя кампаніі. Сямён Васільевіч спачыў у Абіне ў 1808 годзе ваўзросце 93 гадоў.
Пётр Сямёнавіч, ягоны сын, нарадзіўся ў Абіне ў 1751 годзе і памёр там жа ў 1817. Так жа, як і ягоны бацька, ён паступіў у Праабражэнскі полк, а пасля выхаду ў адстаўку служыў на розных грамадзянскіх пасадах у Тульскай і Калужскай губернях. Прыблізна ў 1785 годзе ён ажаніўся з Аляксандрай Васільеўнай Спафар’евай (1762—1834), дачкой ваенна-марскога афіцэра Васіля Спафар’ева, ад якога яна ўспадчыніла невялікі маёнтак Грыдзенкі, размешчаны ў Медынскім павеце Калужскай губерні.
У сувязі з гэтым мне хацелася б распавесці зусім незвычайную гісторыю, звязаную з іменем аднаго з продкаў Аляксандры Васільеўны, які быў першым прадстаўніком гэтай сям’і, які ўсталяваўся ў Расіі і набыў маёнтак Грыдзенкі. Яго звалі Мікалай Спафара Мілеску, і ён быў адметным чалавекам у Малдавіі. На Русі ён з’явіўся ў час кіравання цара Аляксея Міхайлавіча (1645-1676), бацькі Пятра Вялікага, і хутка набыў вядомасць пад іменем Мікалая Спафар’ева.
Мікалай, выхадзец з вядомай малдаўскай сям’і, нарадзіўся каля 1630 года. Атрымаўшы адукацыю спачатку ў Канстанцінопалі, пасля ў Італіі, ён быў даволі адукаваным чалавекам і буйным навукоўцам свайго часу. Да таго ж ён быў высокаадораным чалавекам і цудоўным лінгвістам. Акрамя малдаўскай, мовы сваёй маці, ён выдатна валодаў грэцкай, лацінскай, французскай і нямецкай мовамі. Пасля таго, як ягоная адукацыя была скончаная, ён вярнуўся ў малдавію, дзе заняў важную пасаду пры двары малдаўскага гаспадара. (Слова “спатар” азначае памалдаўску “мечаносец”, аднак мы не ведаем, ці было гэтае прозвішча дадзенае Мікалаю асабіста ці першапачаткова было ягонай часткай). У час аднаго з мясцовых палітычных паўстанняў ён быў схоплены супернікамі яго партыі, якія адрэазлі яму нос, апасля кінулі яго ў турму. (Мне страшна ўявіць, што яны зрабілі з кіроўным гаспадаром). У хуткім часе Мікалаю ўдалося збегчы з турмы і перабрацца ў Нямеччыну. Там ён знайшоў хірурга, які ўрабіў яму штучны нос (у сярэдзіне XVII стагоддзя!) Ён правёў некалькі гадоў пры брандэнбургскім двары, пасля чаго пераехаў у Швецыю. У Стакгольме ён напісаў і апублікаваў некалькі наву-