Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых
Выдавец: Галіяфы
Памер: 246с.
Мінск 2018
Фішэр таксама значна павялічыў пагалоўе свінняў на ферме і палепшыў іх пароду. Пазней ён пабудаваў вялікую капцільню, і хутка прыгатаваныя ў Шчорсах вяндліна і польская паляндвіца разам з іншымі гатункамі польскай каўбасой і паляўнічымі кілбаскамі распаўсюдзіліся па наваколлі. У мяне да сяе пары цякуць слінкі пры ўспаміне пра смак і пах гэтай вяндліны!
Капцільня ўяўляла сабой вялікую крутлую двухпавярховую вежу, пабудаваную з каменя, накрытую востраканцовым
канічным дахам з прадушынамі. Унутры яе цягнуліся трывалыя драўляныя бэлькі з крукамі, на якіх былі падвешаныя шынкі, вяндліны і каўбасы. Сакрэт атрымання такіх высакаякасных вэнджаных прадуктаў быў заключаны ў спосабе капчэння. Для атрымання ўнікальнага водару выкарыстоўваліся галіны і шчэпкі адмысловых парод дрэў, у асноўным ядлоўца, якія павольна распальвалі дзеля атрымання лепшага смаку.
Фішэр таксама асушыў лагчыны. Гэта быў манументальны праект, паколькі гліняныя трубы неабходна было спачатку вырабіць, а затым пракласці пад зямлёй. Асушэнне дала магчымасць значна павялічыць ураджайнасць. Як ужо згадвалася, у парку, за шчорсаўскім палацам, знаходзілася вялікая прыгожая сажалка, праз якую працякаў невялікі ручай. Па традыцыі ў ёй пастаянна жыла пара белых лебедзяў. Нават тут Фішэр пабачыў магчымасць аб’яднаць прыемнае з карысным. Да гэтай сажалкі ён дадаў чатыры іншых, аддзеленых адна ад адной шэрагамі іваў. Сістэма шлюзаў была пабудаваная такім чынам, каб узровень вады можна было лёгка рэгуляваць у кожным з вадаёмаў або нават проста асушыць пры жаданні. У гэтых сажалках Фішэр стаў разводзіць карпаў, і хутка ў Шчорсах стала выдатная рыбная гаспадарка. Адзін раз на год, увесну або ўвосень, да сажалкі прыязджалі пакупнікі х коннымі павозкамі, сажалку асушалі, і выдатных, вялікіх карпаў са здзіўленымі круглымі вачыма падымалі з глеістага дна ў плеценых кашах, узважвалі і выпускалі ва ўсталяваныя на вазах бочкі з вадой.
Самай вялікай крыніцай прыбытку быў лес. Пры Фішэры быў уведзены строгі парадак вырубкі і пасадак. Лес быў размеркаваны на 90 дзялянак, з якіх дазвалялася высякаць толькі адну цягам года, з правядзеннем абавязковай праграмы лесапасадак. Лесапавал адбываўся ў асноўным узімку. Гіганцкія прамыя сасновыя ствалы адцягваліся коньмі па замерзлым насце. Некаторыя з іх звальваліся на беразе Нёмана з тым, каб звязаць іх у плыты і летам перагнаць уніз па цячэнні да балтыйскага порта. Іншыя адпраўлялі на нашую вялікую лесапільню, якая таксама мясцілася на рацэ, каб лягчэй было пераплаўляць гатовыя піламатэрыялы.
Вялікі вінакурны завод быў пабудаваны ў Адампалі, адной са шчорсаўскіх фермаў.
Гэта ўсяго толькі невялікі пералік новаўвядзенняў і паляпшэнняў, праведзеных Фішэрам у Шчорсах, пра які я чуў ад свайго бацькі. Насамрэч іх было нашмат болей, і Фішэр працягваў гэтую працу з энергіяй і энтузіязмам таксама і ў іншых маёнтках: у Купіцку, у маленькім Востраве, у Вішневе і, пасля адстаўкі Петражыцкага, у Бешанковічах.
Да самай сваёй адстаўкі ў сямідзесяцігадовым узросце ў 1899 г. Фішэр праслужыў верай і праўдай тром уладальнікам гэтых маёнткаў Міхаілу Ірынеевічу, яго пляменніку Міхаілу Апалінар’евічу і яго малодшаму брату, майму дзеду Канстанціну Апалінар’евічу. Усе трое ставіліся да Фішэра з адкрытымі захапленнем і павагай. Усе яны любілі яго і адчувалі бязмежную ўдзячнасць за ўсё, зробленае ім. Таму пасля сыходу Фішэра мой дзед паставіў яго бронзавы бюст у шчорсаўскім парку з надпісам, які выказваў усе пачуцці сям’і (гэты бюст знік падчас Другой сусветнай вайны).
Такім чынам, перад Першай сусветнай вайной сям’і належалі тры галоўныя маёнткі:
Шчорсы Вішнеў Бешанковічы Усяго
10 780 дзесяцінаў
19 220 дзесяцінаў
22 000 дзесяцінаў
52 000 дзесяцінаў
У XVII стагоддзі два радавых маёнткі Храптовічаў былі ўключаныя Каралеўствам Польскім у спіс уладанняў, што належалі закону маярату. Згодна з гэтым законам, усе пералічаныя маёнткі маглі быць успадчыненыя толькі старэйшым мужчынам у родзе. Акрамя таго, польскі закон забараняў прадаваць, дарыць або дзяліць гэтыя ўладанні. Гэты закон пра маярат быў знішчаны ў Польшчы пасля Першай сусветнай вайны.
Глава III
РОД БУЦЕНЕВЫХ
Частка другая
Цяпер вернемся да Апалінарыя Пятровіча Буценева. Як ужо было сказана ў першай главе, яго першая жонка, Варвара Шэвіч, памерла ў 1828 годзе, пакінуўшы яго з двума дзецьмі Іванам і Аляксандрай. У ліпені 1834 года ў Бешанковічах адбылося яго вяселле з графіняй Марыяй Ірынееўнай Храптовіч, пасля чаго ён адразу з’ехаў з жонкай і дзецьмі ў Канстанцінопаль, куды ён быў прызначаны паслом Расіі ў Атаманскай імперыі.
Гэтае стамляльнае падарожжа доўжылася два з паловай месяцы спачатку ў карэце праз усю Расію па няроўных, мокрых і гразкіх дарогах, затым на ветразевым караблі праз бурлівае мора. Пасольская рэзідэнцыя Апалінарыя, утульная сядзіба ў Буюкдэры, падалася ім адразу раем на зямлі. Яна знаходзілася ў дзесяці кіламетрах на паўночны ўсход ад Канстанцінопаля. Сядзіба была акружана цудоўным паркам, поўным кветак і квітнелага кустоўя, і выходзіла наўпрост на бераг Басфора. Цяністыя шаты соснаў абаранялі яе ад спякотнага паўднёвага сонца. Алея з велічных кіпарысаў агінала фантан і вяла прама да прыстані. Ля прыстані была прышвартаваная руская трохмачтавая ветразевая яхта з капітанам, двума афіцэрамі і некалькімі матросамі, заўсёды гатовая да паслугаў пасла. Тут жа, у Буюкдэры, на год пазней, у 1835 г., у іх нарадзілася дачка Марыя. Для дзіцяці яны нанялі грэцкую няню. Гэтая няня пачала называць дзяўчынку Какона, што на паўночна-грэцкім дыялекце азначае “дарагая”. Хутка гэтая мянушка стала хатнім іменем дзяўчынкі. Усе свая-
кі і сябры Марыі называлі яе Каконай да канца яе дзён. Адным з супрацоўнікаў Апалінарыя ў рускім пасольстве ў Канстанцінопалі быў малады князь Грыгорый Грыгор’евіч Гагарын. Ён быў таленавітым мастаком, і яго руцэ належаць некалькі цудоўных алоўкавых малюнкаў сям’і Буценевых, да якіх ён быў вельмі прывязаны. Два такія малюнкі шчасліва перажылі рэвалюцыю і разрабаванне буценеўскага дома ў Маскве і цяпер знахлдзяцца ў майго сына Аляксея. Ён атрымаў іх у падарунак у Маскве, калі быў там у 1982 г. маладым хірургам па праграме навуковага абмену ЗША СССР. Відаць, гэтыя малюнкі былі знойдзеныя сярод іншых папер у нашым доме ў Маскве на Паварской вуліцы. На адным з іх выяўленая няня-грэчанка ў нацыянальным касцюме, якая трымае на руках маленькую Какону, другі выяўляе Какону на руках яе маці і няню на заднім плане. У далейшым князь Грыгорый Гагарын стаў даволі вядомы як добры мастак.
Цягам наступнага года рэзідэнцыя рускага пасла ў Буюкдэры стала цэнтрам жыцця мясцовай дыпламатычнай супольнасці, як турэцкіх афіцыйных асобаў, так і рускіх і замежных гасцей у Турцыі. Душой гэтай супольнасці былі, канечне, Апалінарый і Марыя, якія любілі ў сябе прымаць, заўсёды вылучаліся гасціннасцю, і наведнікі пачуваліся ў іх, як дома.
Да таго часу Апалінарый ужо быў дасведчаным дыпламатам, мудрым, з элеганцкімі манерамі, выдатнай памяццю і цудоўным пачуццём гумару. Цяпер у яго з’явіліся яшчэ і глыбокае веданне і разуменне Атаманскай імперыі як з палітычнага, так і з чалавечага пункту гледжання. Гэтыя яго вартасці рабілі размову з ім даволі прыемнай, цікавай і ўзбагачальнай. Да яго меркавання заўсёды прыслухоўваліся, і парады яго цаніліся вельмі высока.
Марыя ж успадчыніла вясёлы характар сваёй маці Караліны, жыццярадаснасць і чароўнасць, якія напаўнялі атмасферу іх дома. Мой дзед казаў пра яе (сваю маці) як пра вельмі імпульсіўнага, жарснага і вялікадушнага чалавека.
У 1836 г. знакаміты рускі партрэтыст Брулоў (Брюллов) жыў некаторы час у Канстанцінопалі з мэтай напсіаць некалькі відаў гэтага старажытнага горада, а таксама ландшафты Турцыі. Хутка ён стаў добрым сябрам Буценевых, у доме якіх ён праводзіў амаль увесь час. Ён напісаў партрэт Марыі Буценевай з дачкой Каконай у ложку на верандзе іх дома ў Буюкдэры. Лёс гэтай цу-
доўнай акварэлі мне не вядомы (магчыма, яна знаходзіцца ў адным з мастацкіх музеяў Расіі). Тым не менш я пачуваюся цалкам шчаслівым, бо маю вельмі добрую літаграфію гэтага партрэта. (Падобная літаграфія ёсць і ў майго сына Пятра). Партрэт свеціцца прыгажосцю і чароўнасцю Марыі. Твар яе выпраменьвае шчасце, калі яна асцярожна прытрымлівае сваё дзіця. Калі больш уважліва разгледзець гэтую літаграфію, у канцы алеі на заднім фоне можна пабачыць постаці яшчэ двух дзяцей Аляксандры ды Івана Буценевых.
Брулоў настолькі стаў часткай Буценеўскай сям’і, што браў актыўны ўдзел у аматарскіх спектаклях, якія Марыя і Апалінарый часам ладзілі ў сваім доме па вечарах. У гэтых пастаноўках Брулоў адказваў за дэкарацыі. Акторамі, акрамя Марыі, Апалінарыя і часам іх дзяцей, былі розныя сябры сям’і, у тым ліку супрацоўнікі пасольства, як, напрыклад, Грыгорый Гагарын і Уладзімір Цітоў. Гэтыя нефармальныя тэатральныя вечары мелі вялікі поспех сярод гасцей, у ліку якіх былі добрыя сябры з мясцовых дыпламатаў.
Апалінарый любіў музыку і даволі добра граў на скрыпцы. Заўсёды, калі яму ўдавалася знайсці музыкантаў, ён збіраў іх, каб выконваць камерную музыку ў сябе дома.
У 1837 г. Буценевы вельмі радаваліся візіту брата Марыі, Міхаіла Храптовіча, з яго маладой жонкай Аленай Несельродэ. Марыя вельмі любіла свайго старэйшага і адзінага брата. Яна бясконца ім захаплялася і ставілася да яго з любоўю і павагай. Часам ёй было цяжка знайсці ў сваім сэрцы месца для яго жонкі. Марыя не ўхваляла цікавасцяў Алены, яе жадання мець самы модны гардэроб, а таксама яе бурлівага грамадскага жыцця і яе павярхоўнасці. Але дзеля брата Марыі заўсёды ўдавалася трымаць свае пачуцці пад кантролем і ніколі іх не паказваць, і дзякуючы гэтаму дзве пары заставаліся добрымі сябрамі.
Пасля ад’езду Міхаіла праведаць іх прыехалі бацькі Марыі, Ірыней і Караліна, са сваёй малодшай дачкой Аленай. У Буюкдэры яны заставаліся некалькі тыдняў, цягам якіх Алена сустрэла свайго будучага мужа, Уладзіміра Цітова, які быў у той час адным з супрацоўнікаў Апалінарыя (яны ажаніліся праз два гады, у 1840 г., хутка пасля чаго Цітоў быў прызначаны генеральным консулам у Бухарэст).
У тыя дні адным з многіх абавязкаў рускага пасольства ў Канстанцінопалі была падтрымка і дапамога рускім гандлёвым суднам, якія праходзілі з Чорнага мора праз пралівы ў Міжземнае мора. Капітанам гэтых суднаў у пасольстве выдавалася папера, дзе партовыя ўлады прасілі аказваць ім усялякае садзеянне. Для караблёў, што кіраваліся ў парты Міжземнага мора, дакументы былі надрукаваныя па-італьянску (lingua franca афіцыйная мова гэтай часткі свету ў тыя дні). У 1965 г. адзін з такіх дакументаў быў знойдзены на гарышчы дома на Стэйтэн-Айлендзе (Нью-Ёрк) адной рускай дамай. Яна, пабачыўшы на дакуменце прозвішча Bouteneff, перадала яго маёй сястры Елізавеце Гагарынай, ведаючы, што яна ад нараджэння Буценева. Такім чынам я аказаўся ўладальнікам гэтага каштоўнага для нашага сямейнага архіву дакумента, падпісанага асабіста Апалінарыем 10 чэрвеня 1837 г. Я замовіў двухбаковую зашклёную рамку для таго, каб дакумент можна было чытаць з абодвух бакоў, бо на зваротцы знаходзяцца штэмпелі розных партоў, дзе карабель спыняўся. Цікава, як гэты дакумент мог патрапіць у Амерыку. Той факт, што ён апынуўся ў нашай сям’і, можна расцэньваць як цуд.