Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых

Хронікі сям’і Храптовічаў-Буценевых

Выдавец: Галіяфы
Памер: 246с.
Мінск 2018
73.63 МБ
Пасля некалькіх тыдняў пастаяннага адступлення, ускладненага частымі і заўсёды яраснымі сутычкамі, дзве рускія арміі ў рэшце рэшт уз’ядналіся пад Смаленскам 22 ліпеня 1812 г. і сталі рыхтавацца да першай вялікай бітвы.
Увесь гэты час Апалінарый, які выконваў абавязкі грамадзянскага аташэ, ехаў за штабам генерала Баграціёна. Як чалавек грамадзянскі ён слаба разумеў, што адбываецца вакол яго. Аднак цяпер ён павінен быў насіць форму і скакаць на кані. Акрамя таго, у якасці дзяншчыка да яго быў прыстаўлены вялікасны стары яіцкі казак. He раз цягам адступлення арміі Апалінарый адбіваўся ад асноўнай групы войскаў і, калі б не адданасць, вытрымка і бясстрашнасць яго казака, мог бы апынуцца ў руках французаў.
Апалінарый прызнаецца ў сваіх успамінах, што па першым часе ён вельмі мала разумеў у вайсковай стратэгіі перамяшчэнняў войскаў і бітваў, якія ён непасрэдна, на блізкай адлегласці назіраў. Але ён малюе жывую карціну таго ўсеагульнага самаадрачэння і адважнай рашучасці як у арміі, так і сярод грамадзянскага насельніцтва, усіх тых, хто гатовы быў ахвяраваць сабой дзеля абароны святой зямлі рускай.
Ён распавядае, як цяжка было рускім зразумець неабходнасць пачатковага адступлення арміі, у іх вачах не апраўданага. Назіраліся паўсюднае расчараванне і нараканне, і ўсё болыіі і больш была чуваць горкая крытыка ў адрас вярхоўнага галоўнакамандуючага маршала Барклая дэ Толі, які распрацаваў гэтую стратэгію. Аднак менавіта гэтая стратэгія забяспечыла ў рэшце рэшт перамогу Расіі: а) выбар месцаў галоўных бітваў павялічыў страты ворага; б) адступленне паспрыяла захаванню арміі ад поўнага знішчэння пераўзыходзячымі сіламі ворага, адначасова завабіла яго аслабелую армію ўглыб краіны ўсё далей ад шляхоў забеспячэння. Фактычна да снежня таго ж года, праз шэсць месяцаў пасля пачатку кампаніі, адзінымі французскімі салдатамі, якія засталіся на рускай зямлі, былі 200 тысяч палонных. Прыблізна столькі ж змерзлі ці былі забітыя.
Пасля дзесяці дзён перагрупіроўкі і адпачынку ў Смаленску рыхтавалася першая вялікая бітва кампаніі. Першы эшалон абароны гэтага старога горада, размешчанага на пагорку і акружанага старажытнымі сценамі і вежамі, складалі атрады 2-й арміі генерала Баграціёна. Маршал Барклай размясціўся з 1-й арміяй ззаду горада на Маскоўскай дарозе з мэтай забяспечыць падмацаванні і апярэдзіць магчымыя спробы ворага акружыць горад.
Апалінарый быў пры Стаўцы генерала Баграціёна, размешчанай на пагорку непасрэдна пад гарадскімі сценамі. Гэты пагорак выходзіў на Днепр і рачную лагчыну. Менавіта ў тым месцы на світанні 4-га жніўня французы пачалі наступленне на рускія пазіцыі. Апалінарый разам з вышэйшымі афіцэрамі знаходзіўся ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад поля бітвы. Упершыню ў жыцці ён з вялікім хваляваннем і без падзорнай трубы назіраў, як разгортваецца перад яго вачыма грандыёзнае змаганне. На першы погляд гэта быў цудоўны від, ад якога перахоплівала дых: варожая пяхота маршавала стройнымі калонамі пад барабанны
бой. Яе прыкрывала з флангаў кавалерыя і лёгкая “лятучая” артылерыя2. Але хутка па горадзе ўдарылі першыя гарматныя стрэлы і пяхота завязала перастрэлку з рускімі войскамі, што знаходзіліся наўпрост у лагчыне і за гарадскімі сценамі. Бітва хутка разгортвалася, і яе інтэнсіўнасць узрастала. Густы дым ад страляніны ў лагчыне, а таксама ад пажараў, распачатых у горадзе, засланяў неба і толькі ўзмацняў жнівеньскую спёку над распасцертым полем бою. Паспяховыя і ярасныя асобныя контратакі рускай пяхоты і кавалерыі, здавалася, толькі на час запавольвалі прасоўванне ворага, якое сілкавалася новымі папаўненнямі. Аднак у рэшце рэшт да чатырох гадзінаў дня рускія паспяхова адбілі некалькі буйных наступаў на горад. Варожыя войскі адступілі, і стала відавочна, што бітва завершаная, магчыма адно да наступнага дня.
Мёртвая ціша спусцілася на лагчыну, запоўненую кінутымі гарматамі, коньмі, што паміралі, і жахлівай колькасцю памерлых і параненых людзей, якіх хутка падбіралі і перавозілі ў горад. Генерал Баграціён са сваім штабам верхам уехалі ў Смаленск павіншаваць яго абаронцаў і падбадзёрыць параненых.
Горад быў даволі моцна пашкоджаны артылерыйскім вагнём і ўзніклымі ад яго пажарамі. Некаторыя вуліцы, што служылі зборнымі пунктамі, былі цалкам пакрытыя целамі параненых і паміраючых, як ваенных, так і грамадзянскіх. Іншыя вуліцы былі адведзеныя толькі для трупаў. Напаўразбураны сабор быў напоўнены людзьмі, якія гучна маліліся. Жанчыны з дзецьмі, старыя, прыгнечаныя нядаўняй бітвай, блукалі па вуліцах, спрабуючы знайсці зніклых родных і блізкіх. Бачачы генерала Баграціёна, многія кідаліся перад ім на калені і дзякавалі за ўратаванне іх горада ад ворага.
Для таго, каб адбіць новыя магчымыя атакі на горад на наступны дзень, Баграціён вырашыў, што гераічныя абаронцы павінны быць замененыя на новыя, свежыя часці яго арміі. Гэтым часцям было дадзенае заданне затрымаць ворага як мага даўжэй, а затым адступіць праз Смаленск, і, далучыўшыся да сваёй 2-й арміі, рухацца далей да Масквы і дагнаць 1-ю армію. Пасля патрэбна было абраць належнае месца для генеральнай бітвы, якую рускія войскі, ужо аб’яднаўшыся, маглі даць Напалеону.
Апалінарый знаходзіўся пры штабе 2-й арміі, які адступіў і хутка аб’яднаўся з камандаваннем 1-й арміі. Да гэтага часу стала вядома, што галоўнакамандуючым рускіх сілаў прызначаны фельдмаршал Кутузаў, які толькі-толькі пераможна завяршыў турэцкую кампанію.
Цягам некалькіх наступных дзён было абранае месца для настолькі знакамітага пасля бою: поле каля вёскі Барадзіно. Рускія войскі пачалі падрыхтоўку да бітвы з падвойным энтузіязмам, падмацаваным усведамленнем таго, што арміяй цяпер камандуе іх улюбёны военачальнік.
Тым часам Апалінарый захварэў і быў адпраўлены разам з астатнімі хворымі і параненымі ў Мажайск маленькі гарадок, размешчаны ў васямнаццаці кіламетрах ад Барадзіна і нядаўна пакінуты яго насельнікамі. Тут яго размясцілі ў невялікім чыстым доме, што быў падрыхтаваны для князя Баграціёна. Менавіта адсюль зранку 7-га верасня ён пачуў здалёк гарматную кананаду, якую прыняў спачатку за грымоты. Грымоты паступова зліліся ў адзін няспынны гул. Апалінарый хваляваўся, бо з поля бітвы вось ужо некалькі гадзінаў не было вестак. Відавочна, яму было б лягчэй знаходзіцца бліжэй да справы, побач са сваімі сябрамі. Ён прадчуваў: гэтая бітва стане самай вялікай і крывавай у вайне, і для рускіх гэта апошняя магчымасць абараніць Маскву; разумеў ён і тое, што як вынік усяго папярэдне сказанага супраціўленне ворагу, які ўдвая пераўзыходзіў рускіх па колькасці, будзе яшчэ больш ярасным, чым раней.
Да захаду сонца былі атрыманыя першыя навіны з Барадзіна: вораг адступіў з поля бітвы з вялікімі стратамі. Аднак страты рускай арміі былі настолькі цяжкія, што Кутузаў замест таго, каб аднавіць бой на наступны дзень, прыняў рашэнне адступіць да Масквы. Акрамя таго, Апалінарый пачуў сумную навіну пра генерала Баграціёна, якому параніла нагу французскае ядро. Хірургі настойвалі на ампутацыі, але генерал, нягледзячы на нечалавечы боль, заявіў, што хутчэй памрэ, чым стане аднаногім салдатам. Пазней, увечары таго ж дня, да дома, дзе знаходзіўся Апалінарый, пад’ехала каляска з параненым генералам. Пры Баграціёне былі хірург, урач і начальнік штаба, а таксама яго стары дзяншчык. У Мажайску яны зрабілі толькі кароткі прыпынак на шляху ў Маскву. Апалінарый чуў, аднак,
стогны смелага генерала: яго жахлівы боль павялічваўся ад трасяніны на няроўнай дарозе. (У тыя часы не існавала болесуцішальных сродкаў!)
На наступны дзень на досвітку Апалінарый пабачыў бясконцую чараду конных вазоў і калёсаў, што праязджалі праз Мажайск у бок Масквы. Яны былі напоўненыя параненымі і тымі, хто памірае: сапраўды душараздзіральнае відовішча. Ён бачыў групу маладых афіцэраў, якіх вялі палявыя хірургі ў напрамку да дома, дзе ён знаходзіўся. Адзін з афіцэраў ішоў без старонняй дапамогі, і толькі на твары яго адбіваўся той боль і той стан, у якім ён знаходзіўся. Рука афіцэра бездапаможна матлялася ніжэй за плячо. Яго пасадзілі на лаву, дзе ён дачэкваўся на ўрачоў. Апошнія хутка распакоўвалі інструменты, адзін выгляд якіх выклікаў у Апалінарыя жах. Ён паспешліва рэціраваўся перад пачаткам ампутацыі.
Ледзь трымаючыся на нагах, ён брыў ад воза да воза, расшукваючы сваіх знаёмых, як раптам пачуў, што нехта кліча яго па імені. Гэта быў адзін з яго паплечнікаў па стаўцы Баграціёна, сур’ёзна паранены. Ён сказаў Апалінарыю, што амаль усе яго сябры са штаба або забітыя, або параненыя, і накіраваў да вазоў, дзе ён мог знайсці кагосьці з іх. Той страшны дзень прынёс найвялікшае ў жыцці Апалінарыя ўзрушэнне.
У Маскве, дзе ён апынуўся праз некалькі дзён, яго ўразіў жудасны выгляд вялікага горада, пакінутага амаль усімі яго насельнікамі. Па галоўных вуліцах адступалі войскі, аднак бакавымі завулкамі Апалінарыю ўдалося пратачыцца да дома, дзе ў сям’і сяброў яго бацькоў жыла ягоная сястра.
Та ён знайшоў толькі старога слуту, які паведаміў, што ўсе з’ехалі некалькі дзён таму. Пасля ён знайшоў дом, дзе старэйшыя афіцэры 2-й арміі сабраліся каля свайго паміраючага камандзіра генерала Баграціёна. Тут ён даведаўся пра рашэнне адступіць за Маскву і здаць старажытны горад ворагу, каб пазбегнуць яшчэ адной бітвы. Паведамлялі, што генерал-губернатар выслаў усе дзяржаўныя архівы і казну ў бяспечнае месца на ўсходзе ад Масквы, а ўсяму астатняму несельніцтву загадаў пакінуць горад. Апалінарыю таксама было сказана, што найлепей для яго ў сапраўдны час вярнуцца ў Міністэрства замежных спраў у Пецярбург. Ён атрымаў усе адпаведныя дакументы.
Уначы 12-га верасня, яшчэ працягваючы пакутаваць на ліхаманку, ён пакінуў Маскву ў напаўразбітым возе, адзіным, які ўдалося знайсці, і прыбыў у Санкт-Пецярбург 17-га верасня. Яго ад’езд адбыўся літаральна за некалькі дзён да таго, як французы ўвайшлі ў Маскву 14 верасня, і цягам некалькіх наступных дзён старажытны горад запалаў, ахоплены пажарамі. Усе пажары хутка зліліся ў адзін гіганцкі, за тыя нямногія дні ён знішчыў амаль тры чвэрці маскоўскіх пабудоў. Але гэты пажар таксама адзначыў канец прасоўвання Напалеона ў Расію. У сапраўднасці, гэта з’явілася пачаткам канца Напалеона. Яго аслабленая і стомленая армія засталася без прыпасаў, замену якіх французы спадзяваліся знайсці ў сталіцы. Напалеон лічыў, што пасля ўзяцця Масквы цар неадкладна дашле да яго дэлегацыю для мірных перамоваў, аднак гэтага не здарылася. Прайшло ўсяго некалькі тыдняў, і французы, адчуваючы пакуты голаду і ўзмацненне восеньскіх халадоў, пачалі сваё павольнае і цяжкое адступленне. Іх шлях пралягаў цяпер па тых жа, спустошаных імі ж абласцях Расіі. Захрасаючы спачатку ў глыбокім брудзе, а пасля ў глыбокім снезе, яны жорстка пакутавалі ад маразоў, ледзяных вятроў і завірухаў. Рускае войска ішло за імі след у след, здзяйсняючы напады, нечаканыя вылазкі, захопліваючы палонных. Гэта была самая буйная параза ў гісторыі французскай арміі. Напрыканцы снежня апошнія няшчасныя рэшткі разбітага французскага войска пакінулі рускую зямлю. Праз год імперетар Аляксандр пераможна ўвайшоў у Парыж на чале рускіх войскаў ды іх еўрапейскіх саюзнікаў. Праз некалькі месяцаў Напалеон быў сасланы на выспу Эльба.